РэформыКАНЦЭПЦЫЯ РЭФОРМЫ ГРАМАДЗЯНСКА-ПАЛІТЫЧНАГА ЎДЗЕЛУ Ў ЖЫЦЦІ КРАІНЫ

Арганізацыя, адказная за распрацоўку рэформы

Рух “За свабоду”.

 

Кароткае апісанне

Грамадзянскі ўдзел можа мець месца ў розныя перыяды выбараў і ў перыяд паміж выбарамі, падчас розных этапаў распрацоўкі палітыкі і законаў. Грамадзянскі ўдзел магчымы ў працэсах, дзе ў задачы дзяржаўных органаў уваходзіць распрацоўка і прыняцце праграмнага дакумента, стратэгіі, закона, нормы або любы працэс, у якім прымаецца рашэнне, якое ўплывае на грамадскасць або яе частку. Грамадзянскі ўдзел ідзе поплеч з прадстаўнічай дэмакратыяй, а менавіта з працэсамі, якія адбываюцца падчас свабодных і справядлівых выбараў.

Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Такім чынам, грамадзянам павінна быць дадзена права і магчымасці ўдзельнічаць у кіраванні справамі дзяржавы і фарміраванні палітыкі развіцця на мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях.

Палітыка, як дзяржаўная, так і мясцовая патрэбна для таго, каб паляпшаць якасць жыцця чальцоў грамадства. А таму ў грамадзянскай супольнасці ўсе людзі павінны мець права на палітычную пазіцыю і ўдзел у палітычным жыцці сваёй краіны. Грамадзянскі ўдзел з’яўляецца правам, а значыць ажыццяўляецца добраахвотна, ступень удзелу залежыць ад жадання, магчымасцей і патрэбаў асобна ўзятага грамадзяніна. І дзяржава павінна даць магчымасць выбару глыбіні ўцягнутасці і формы палітычнага ўдзелу, якая адпавядае патрэбам грамадзяніна. На заканадаўчым узроўні павінны быць замацаваны формы як непасрэднага (прамога), так і апасродкаванага (прадстаўнічага) удзелу, а таксама магчымасці для прафесійнага, сумяшчальнага або выпадковага ўдзелу ў жыццядзейнасці грамадства.

 

Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана рэформа

Палітычны ўдзел грамадзян – гэта дзеянні грамадзян з мэтай паўплываць на рашэнні, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі на лакальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўні, а таксама выбар прадстаўнікоў у органы ўлады. Міжнародная практыка дэманструе шырокі спектр магчымасцей грамадзянскага ўдзелу, сярод якіх выбары і рэферэндумы розных узроўняў, сходы і звароты грамадзян, грамадскія абмеркаванні, тэрытарыяльнае самакіраванне і іншыя формы. Многія з гэтых форм грамадзянскага ўдзелу знайшлі адлюстраванне ў дзейным заканадаўстве Беларусі. Аднак у большасці сваёй не прымяняюцца на практыцы, бо на заканадаўчым узроўні закладзены блакіроўкі, якія не дазваляюць рэалізаваць ініцыятыву без падтрымкі ўлады, а сама ўлада не зацікаўлена ў развіцці грамадзянскай актыўнасці і заахвочванні ініцыятывы знізу. Так, напрыклад, за гады існавання незалежнай Беларусі ў краіне не было праведзена ніводнага мясцовага рэферэндуму, грамадскія абмеркаванні маюць фармальны характар і праводзяцца для інфармавання аб загадзя прынятых рашэннях, а камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ствараюцца мясцовай уладай з лаяльных грамадзян і поўнасцю ёй падкантрольныя.

Асаблівасці выбарчай сістэмы і практыкі правядзення выбараў істотна абмяжоўваюць магчымасці прафесійнага ўдзелу, бо незалежным ад улады кандыдатам немагчыма перамагчы на выбарах і стаць дэпутатам ці мэрам горада і тым самым ператварыць сваю грамадзянскую актыўнасць у асноўную дзейнасць, г.зн. прафесійную палітычную дзейнасць. Такая сітуацыя накладвае адбітак і на цікавасць да сумяшчальніцкага ўдзелу, пры якім грамадзяне маглі б праяўляць актыўны ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі ці грамадскага аб’яднання, але пры гэтым мець іншы асноўны від дзейнасці. І тут трэба адзначыць, што за апошнія гады сектар НДА падвергся масавай ліквідацыі грамадскіх структур, а незалежныя палітычныя партыі пастаўлены на мяжу знікнення ў сувязі з прынятымі зменамі ў заканадаўства. Усё гэта вядзе да істотнага зніжэння грамадзянска-палітычнага ўдзелу, пакідаючы грамадзянам Беларусі толькі магчымасці так званага выпадковага ўдзелу праз галасаванне на “выбарах”, сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, звароты…. А ў цэлым грамадзяне адчужаныя ад палітычных працэсаў і не маюць магчымасцяў уплываць на рашэнні, якія прымаюцца, як на дзяржаўным, так і мясцовым узроўні.

Асноўныя мэты/задачы рэформы

Галоўная мэта рэформы ў галіне грамадзянскага і палітычнага ўдзелу грамадзян – дасягненне эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж грамадзянскай супольнасцю і дзяржаўнымі структурамі праз укараненне ў практыку дэмакратычных механізмаў прыняцця рашэнняў і ўцягванне грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў на лакальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях.

Задачы рэформы:

– стварэнне спрыяльнага асяроддзя для грамадзянскага ўдзелу;

– стварэнне ўмоў для развіцця грамадзянскай супольнасці;

– садзейнічанне развіццю ўнутранага дыялогу і станаўленню партнёрскіх адносін паміж дзяржаўнымі органамі і ўстановамі і грамадствам;

– прадастаўленне магчымасці выбару формы праяўлення грамадзянска-палітычнага ўдзелу зыходзячы з жадання, магчымасцей і патрэбаў грамадзян;

– садзейнічанне фарміраванню паўнавартаснага здаровага і развітога грамадства, у якім грамадзяне зацікаўлены і актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці краіны.

 

Крокі па рэалізацыі рэформы

  1. Забеспячэнне агульных умоў для свабоднага і бяспечнага грамадзянскага ўдзелу:
  2. Вяртанне ў палітычнае жыццё празрыстых і сумленных выбараў, а таксама забеспячэнне даверу выбаршчыкаў да вынікаў галасавання. Сумленныя і свабодныя выбары, на якіх адбываецца рэальная барацьба за галасы выбаршчыкаў, надаюць імпульс і актывізуюць грамадзянскі ўдзел, бо адкрываюць магчымасці для прафесійнай дзейнасці.
  3. Свабода сходаў, аб’яднанняў, выказвання меркавання. Агульныя ўмовы развіцця грамадзянскай супольнасці і ўдзелу лічацца спрыяльнымі, калі навакольнае асяроддзе (законы і практыка) паважае фундаментальныя правы на свабоду аб’яднання, свабоду мірных сходаў, свабоду самавыяўлення і абарону праваабаронцаў.
  4. Забеспячэнне доступу да інфармацыі. Права на доступ да адпаведнай інфармацыі, якая знаходзіцца ў руках у дзяржаўных органаў і ўстаноў, асабліва для тых, хто дзейнічае ў грамадскіх інтарэсах, з’яўляецца неабходнай умовай для эфектыўнага ўдзелу. Па сваёй уласнай ініцыятыве і там, дзе гэта мэтазгодна, дзяржорган павінен забяспечыць атрыманне грамадскасцю своечасовай і дакладнай інфармацыі, зрабіць афіцыйны ведамасны дакумент даступным грамадскасці ў інтарэсах прасоўвання празрыстасці і эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання і заахвочваць інфармаваны ўдзел грамадскасці ў пытаннях, якія ўяўляюць агульную цікавасць.
  5. Заканадаўчае замацаванне магчымых форм грамадзянскага ўдзелу і заахвочванне супрацоўніцтва дзяржаўных органаў і ўстаноў з грамадзянамі па іх практычнай рэалізацыі.

Формы грамадзянска-палітычнага ўдзелу павінны быць адлюстраваны ў заканадаўстве такім чынам, каб даваць грамадзянам рэальныя механізмы ўплыву на прыняцце рашэнняў і быць даступнымі для рэалізацыі простымі грамадзянамі.

Такімі формамі павінны быць:

  1. Выбары органаў улады, у тым ліку мясцовага самакіравання. Пры гэтым грамадзяне могуць скарыстацца як актыўным правам выбару – выбіраць, так і пасіўным – быць абраным. Акрамя таго выбарчая кампанія, заснаваная на дэмакратычных прынцыпах, адкрывае шырокія магчымасці для ўдзелу і праяўлення актыўнасці грамадзян: вылучэнне ў члены камісій, назіранне, удзел у камандах кандыдатаў, агітацыя і інш.
  2. Адкліканне дэпутата. Працэдура, да якой выбаршчыкі могуць звярнуцца ў выпадку, калі дэпутат не апраўдаў даверу або здзейсніў дзеянні, якія яго дыскрэдытуюць як дэпутата.
  3. Рэферэндум. Як рэспубліканскія, так і мясцовыя рэферэндумы павінны стаць інструментам пошуку згоды ў грамадстве і прыняцця рашэнняў большасцю зацікаўленых грамадзян па найбольш вострых і спрэчных пытаннях.
  4. Рэспубліканскія і мясцовыя сходы. Сходы адыгрываюць важную ролю ў мабілізацыі насельніцтва і ў выражэнні незадаволенасці і чаканняў, садзейнічаюць святкаванню падзей і ўплываюць на палітыку.
  5. Тэрытарыяльныя органы мясцовага самакіравання. Ствараюцца грамадзянамі на добраахвотнай аснове на мясцовых сходах па месцы жыхарства на частцы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў мэтах вырашэння пытанняў мясцовага значэння. Могуць быць калегіяльнымі і аднаасобнымі.
  6. Самаабкладанне грамадзян. Адлічэнні сродкаў самаабкладання з’яўляюцца добраахвотнымі. Збор сродкаў ажыццяўляецца на фінансаванне (кампенсацыю) расходаў мясцовага бюджэту на мэты, вызначаныя мясцовым сходам або тэрытарыяльным органам грамадскага самакіравання.
  7. Складанне бюджэту метадам удзелу. Гэта спецыяльны працэс, з дапамогай якога грамадзяне канкрэтнага горада могуць удзельнічаць у размеркаванні дзяржаўных сродкаў. Пры гэтым мясцовыя ўлады выдзяляюць частку сродкаў з бюджэту горада на ажыццяўленне бюджэтавання метадам удзелу, а гараджане падаюць свае ўласныя ідэі праектаў для рэалізацыі ў горадзе, якія затым разглядаюцца і ўхваляюцца мясцовымі ўладамі. Канчатковыя варыянты праектаў адбіраюцца галасаваннем грамадзян і ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з папярэдне распрацаванай дарожнай картай/графікам.
  8. Ініцыятывы грамадзян:

– аб унясенні ў заканадаўчы орган праекта закона;

– аб унясенні на разгляд мясцовага Савета дэпутатаў праекта рашэння;

– аб ініцыяванні сустрэчы з дэпутатам і патрабаванні справаздачы перад выбаршчыкамі.

  1. Звароты грамадзян. Спосаб камунікацыі паміж грамадзянамі і структурамі, адказнымі за прыняцце рашэнняў па ўзнятых у зваротах пытаннях.
  2. Грамадскія абмеркаванні (слуханні). Такая форма ўцягвання грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў, выяўлення меркаванняў і іх наступнага ўліку павінна стаць звычайнай практыкай у дзейнасці дзяржаўных органаў і ўстаноў.
  3. Апытанні грамадскай думкі. Матывацыя да ўдзелу ў грамадскіх слуханнях у грамадзян можа быць не высокай, таму для большага ахопу аўдыторыі ці зрэзу рэпрэзентатыўнай выбаркі з мэтай выяўлення грамадскай думкі і яе наступнага ўліку пры прыняцці рашэнняў павінны праводзіцца апытанні грамадзян.
  4. Прамыя трансляцыі пасяджэнняў палат Парламента і Саветаў дэпутатаў. Для гэтага не абавязкова выдзяляць час на дзяржаўных тэлеканалах. Трансляцыі могуць весціся з выкарыстаннем сучасных інструментаў, а архівы захоўвацца на інфармацыйных рэсурсах адпаведных органаў улады.
  5. Электронны ўдзел. Электронны ўдзел становіцца стандартам для ўдасканалення практыкі дэмакратыі і грамадзянскага ўдзелу. Гэтыя інструменты, уключаючы цэнтральныя электронныя парталы, вэб-платформы для кансультацый, інструменты для анлайн петыцый і таму падобнае могуць унесці ўклад у празрыстасць, справаздачнасць і павысіць здольнасць інстытутаў рэагаваць, а таксама заахвочваць далучэнне. Для таго, каб аптымізаваць эфект ад гэтых інструментаў, неабходна інтэграваць іх у працэс прыняцця рашэнняў на ўсіх этапах і ўсімі ўдзельнікамі працэсу – уладамі і канчатковымі бенефіцыярамі.

 

Законы, у якія неабходна ўнесці змены

  1. Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь
  2. Закон “Аб палітычных партыях”
  3. Закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”
  4. Закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”
  5. Закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”

admin2

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі