РэформыРЭФОРМА ОРГАНАЎ ДЗЯРЖАЎНАЙ УЛАДЫ

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/00008.png

Кароткае апісанне

Сутнасць рэформы складаецца ў забеспячэнні вяртання да асноўных палажэнняў Канстытуцыі 1994 г., якая прадугледжвала функцыянаванне органаў дзяржаўнай улады на аснове прынцыпаў падзелу ўладаў, вяршэнства закона, павагі правоў чалавека, прызнання нормаў міжнароднага права. Важна стварыць збалансаваную і ўстойлівую сістэму стрымак і проціваг, каб пазбегнуць узурпацыі ўлады і канцэнтрацыі паўнамоцтваў у руках аднаго дзяржаўнага інстытута.

ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

У краіне дзейнічае новая рэдакцыя Канстытуцыі, якая была прынята ў выніку правядзення рэферэндумаў 1995, 1996 і 2004 гг. Гэтыя рэферэндумы былі праведзены па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі з парушэннем дзеючага заканадаўства, з фальсіфікацыямі пры падліку галасоў выбаршчыкаў.

Прапанаваныя на рэферэндумах папраўкі ў Канстытуцыю 1994 г. не могуць мець юрыдычнай сілы. Утвораныя на іх аснове органы ўлады з’яўляюцца незаконнымі і падлягаюць скасаванню. Дадатковыя паўнамоцтвы Прэзідэнта, як і зняцце тэрмінаў для перавыбрання, могуць быць расцэнены як формы захопу і ўтрымання дзяржаўнай улады.

Галоўнай з праблем з’яўляецца аднаўленне дзеяння Канстытуцыі 1994 г. i стварэнне прававой асновы для дзейнасці новых органаў улады.

Аднак з часу прыняцця Канстытуцыі 1994 г. i адмены яе дзеяння пасля рэферэндуму 24 лістапада 1996 г. прайшло нямала часу. Таму спатрэбіцца ўнесці шэраг паправак у Канстытуцыю. Гэтыя папраўкі будуць тычыцца, найперш за ўсё, паўнамоцтваў вышэйшых органаў улады, у тым ліку Прэзідэнта рэспублікі.

Рэпрэсіўная палітыка судоў і іх відавочная тэндэнцыйнасць ставіць у парадак дня пытанне аб рэфармаванні дзеючай судовай сістэмы, органаў унутраных спраў, папярэдняга следства, спецслужбаў, пракуратуры.

Замест так званай “прэзідэнцкай вертыкалі” на месцах неабходна ствараць новыя органы мясцовага самакіравання і кіравання.

У мэтах узмацнення гарантый правоў грамадзян мэтазгодна прадугледзець дадатковыя сродкі іх абароны.

У адраджэнні маюць патрэбу асновы беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку нацыянальная сімволіка, беларуская мова, гісторыя і культура.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Мэтай рэформы сістэмы органаў дзяржаўнай улады з’яўляецца аднаўленне ў Беларусі законнасці, дэмакратыі і павагі да правоў чалавека.

Для дасягнення гэтай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:

– ануляваць усе змены, унесеныя ў Канстытуцыю 1994 г. па выніках рэферэндумаў 1995, 1996, 2004 гг.;

– забяспечыць абранне легітымнага заканадаўчага органа для ўнясення змяненняў у Канстытуцыю 1994 г.;

– забяспечыць прававую аснову для фармавання органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання ў адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 г.;

– скасаваць дзяржаўныя органы, якія не адпавядаюць палажэнням Канстытуцыі 1994 г.;

– вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы, а рускай мове надаць статус мовы міжнацыянальных зносін (як варыянт), вярнуць бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” ў якасці дзяржаўных сімвалаў.

КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

1. Аднаўленне народаўладдзя ў краіне.

Згодна з прэамбулай Канстытуцыя (1994 г.) прымаецца ад імя народа і для народа. Яна павінна забяспечваць грамадзянскую згоду, народаўладдзе, сцвярджаць правы і свабоды кожнага грамадзяніна.

Па Канстытуцыі народ з’яўляецца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 3). Народ мае права ажыццяўляць сваю ўладу як непасрэдна, так і праз прадстаўнічыя органы (ч. 2 арт. 3).

Тым самым, аднаўленне народам сваёй улады – гэта легальны шлях пераходу да дэмакратычнай формы кіравання. На працягу пераходнага перыяду могуць быць утвораны часовыя органы ўлады: часовы парламент, часовы ўрад, часовыя міністры, генеральны пракурор і інш.

2. Арганізацыя і правядзенне выбараў у легітымны парламент.

Згодна Канстытуцыі 1994 г., такім парламентам з’яўляецца Вярхоўны Савет.

Выбары ў Вярхоўны Савет можа прызначыць часовы прадстаўнічы орган народа. Ён жа можа сфармаваць часовы склад і Цэнтральнай выбарчай камісіі.

3. Зацвярджэнне статусу Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь як вышэйшага прадстаўнічага пастаянна дзеючага і адзінага заканадаўчага органа дзяржаўнай улады.

Прававой асновай для пераходу да дэмакратыі і законнасці ў краіне можа быць аднаўленне прыярытэтнай (пануючай) ролі парламента ў сістэме органаў дзяржаўнай улады. Ён павінен здабыць права выдаваць законы, фармаваць органы ўлады, ажыццяўляць кантроль за іх выкананнем.

4. Унясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю 1994 г.

Асноўныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю 1994 г. павінны закрануць статус Прэзідэнта. Відавочна, што многія з прэзідэнцкіх паўнамоцтваў варта скасаваць. Магчыма варта перайсці да абрання Прэзідэнта на пасяджэнні парламента. Адным з варыянтаў можа быць скасаванне пасады Прэзідэнта і ўскладанне яго асноўных паўнамоцтваў на старшыню парламента.

Скарачэнне паўнамоцтваў Прэзідэнта або скасаванне гэтай пасады павінна прывесці да пашырэння паўнамоцтваў парламента і ўрада. У новых умовах урад павінен стаць аўтарытэтным і ўплывовым органам улады. Ключавой фігурай у новым урадзе стане Прэм’ер-міністр.

5. Фармаванне новых органаў дзяржаўнай улады.

Пасля абрання легітымнага парламента – Вярхоўнага Савета – і ўнясення адпаведных змяненняў у Канстытуцыю будзе створана прававая аснова для фармавання новых органаў дзяржаўнай улады. Гаворка ідзе аб Прэзідэнце, урадзе, вышэйшых судах, кантрольных і наглядных органах, Нацыянальным банку, Цэнтрвыбаркаме, іншых органах і ўстановах.

6. Унясенне змяненняў і дапаўненняў у дзеючыя законы, прыняцце новых законаў; прызнанне часткі заканадаўства неадпаведным Канстытуцыі.

Увесь масіў заканадаўства, прыняты ў перыяд праўлення Аляксандра Лукашэнкі, павінен быць перагледжаны з пункту гледжання адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 г. Важная роля ў гэтым пытанні будзе адведзена новаму складу Канстытуцыйнага суда.

7. Скасаванне незаконных органаў і структур папярэдняй улады, заснаванне новых органаў, фармаванне органаў мясцовага самакіравання і кіравання.

Рэфармаванне дзяржаўнага апарата пацягне за сабой абнаўленне (ратацыю) кадраў. Нядаўна створаныя органы (парламент, урад, міністэрствы, ведамствы, Цэнтрвыбаркам, Нацыянальны банк і інш.) будуць фармавацца на прынцыпова іншай аснове, у тым ліку шляхам абрання або конкурснага адбору. Мясцовыя прадстаўнічыя органы будуць створаны ў выніку новых выбараў, а адпаведныя выканкамы – шляхам даверу дэпутатаў мясцовых Саветаў.

8. Правядзенне неабходных пераўтварэнняў у сферы дзейнасці органаў улады, у тым ліку судоў і іншых праваахоўных органаў.

У прыватнасці, гаворка можа ісці аб правядзенні судова-прававой рэформы, рэформы органаў мясцовага самакіравання, рэформы Узброеных сіл, люстрацыі і інш.

9. Аднаўленне нацыянальнай дзяржаўнай атрыбутыкі, дзяржаўнасці беларускай мовы.

ОРГАНЫ, ЯКIЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ

Прадстаўнічым органам беларускага народа на пэўны час можа стаць Усебеларускі з’езд (Сойм). Ён мае права ўтварыць іншыя часовыя органы і прыняць адпаведныя дакументы (рэзалюцыі).

Пасля правядзення выбараў парламент сфармуе астатнія органы ўлады.

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Канстытуцыя 1994 г.

Папраўкі ў Канстытуцыю прымаюцца парламентам або па выніках рэспубліканскага рэферэндуму. Папраўкі не павінны прынцыпова змяняць сэнс Канстытуцыі.

Дзеянне нарматыўных актаў, прынятых органамі ўлады пасля 24 лістапада 1996 г., павінна быць прыпынена, а самі акты падвергнуты прававой ацэнцы.

Адпаведныя змяненні і дапаўненні неабходна ўнесці ў наступныя законы:

“Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь” ад 21 снежня 1994 г.

“Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь” ад 21 лютага 1995 г.

“Аб Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь” ад 30 студзеня 1995 г.

“Аб судаўладкаванні ў Рэспубліцы Беларусь” ад 13 студзеня 1995 г.

“Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” ад 30 сакавіка 1994 г.

“Аб гаспадарчым судзе ў Рэспубліцы Беларусь” ад 5 чэрвеня 1991 г.

“Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь” ад 13 сакавiка 1992 г.

“Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь” ад 29 студзеня 1993 г​.

“Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” ад 20 лютага 1991 г.

“Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” ад 23 лістапада 1993 г​​.

“Аб народным галасаванні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь” ад 13 чэрвеня 1991 г.

“Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь” ад 27 кастрычніка 1989 г.

“Аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” ад 29 сакавіка 1994 г.

“Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь” ад 27 кастрычніка 1989 г.

“Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” ад 23 лістапада 1993 г.

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

editor

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі