РэформыРЭФОРМА СІСТЭМЫ ПРАЦОЎНЫХ І ЗВЯЗАНЫХ З IМI АДНОСIН

Кароткае апісанне

Асноўнай праблемай у сферы працоўных адносін з’яўляецца беспрэцэдэнтны ўзровень дзяржаўнага ўмяшальніцта (у прыватнасці Прэзідэнта краіны праз выданне Дэкрэтаў №№ 3, 5, 29 і інш.) у сферу рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін, кантрактная сістэма найму, жорсткасць нормаў працоўнага заканадаўства. Немагчымасць правядзення законнай забастоўкі зніжае здольнасці работнікаў да абароны сваіх правоў і інтарэсаў, пазбаўляе іх магчымасці свабоднага аб’яднання ў прафсаюзы.

Незалежныя прафсаюзы падтрымліваюць сфармуляваную Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) Канцэпцыю годнай працы, дзе годная праца выступае ў якасці стрыжня сацыяльнага, эканамічнага і экалагічнага развіцця, грае галоўную ролю  тў справе забеспячэння  сацыяльнай справядлівасці, абароненасці работнікаў, недапушчэння іх эксплуатацыі, прызнанне каштоўнасці наёмнай працы і яе непасрэднага выканаўцу – чалавека.

ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

Рэформа накіраваная на ліквідацыю наступстваў сацыяльна-эканамічнай палітыкі апошніх дзесяцігоддзяў, дзе сталі магчымымі дыскрымінацыйныя заканадаўчыя акты ў сферы працоўных адносін, пазбаўленне працоўных правоў на абарону сваіх інтарэсаў, а таксама празмерны ўплыў дзяржавы на ўзровень заработнай платы і абмежаванне яе росту, злоўжыванне сістэмай кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, дыскрымінацыя на працоўным месцы па пытанні прыналежнасці да прафсаюзаў, пазбаўленне гарантаваных раней дзяржавай сацыяльных выплат і льгот.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Асноўнай мэтай рэформы з’яўляецца вяртанне краіны на шлях выканання міжнародных стандартаў у сферы працы. Правядзенне палітыкі недыскрымінацыі па прыкметах прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай, палітычнай, гендарнай групы.

КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

  1. Стварэнне працоўных месцаў.

У мэтах фармавання структурна развітай, канкурэнтаздольнай эканомікі неабходна распрацаваць нацыянальную праграму па стварэнні якасных працоўных месцаў для задавальнення запытаў на працу ўсяго працаздольнага насельніцтва і запатрабаванасці моладзі на рынку працы.

  1. Вытворчасць працы.

Забяспечыць, паводле рэкамендацый МАП, “сумленны” шлях павышэння прадукцыйнасці працы, пры якім яна расце за кошт паляпшэння ўмоў працы, мадэрнізацыі сродкаў вытворчасці і праграмы прафесійнай падрыхтоўкі работнікаў, паляпшэння вытворчага асяроддзя і поўнага захавання працоўных правоў, выключаючы “несумленны” шлях, які прадугледжвае эксплуатацыю рабочай сілы.

  1. Гарантыі працоўных правоў работнікаў.

Правядзенне комплекснага ўдасканалення заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы з захаваннем наступных прынцыпаў:

– прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права ў адносінах да нацыянальнага заканадаўства, канстытуцыйнасці і законнасці;

– прынцыпу вяршэнства нормаў Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да супярэчных яму нормаў іншых заканадаўчых актаў у частцы рэгулявання працоўных і звязаных з iмi адносiн;

– абароны правоў і свабод, законных інтарэсаў грамадзян;

– сацыяльнай справядлівасці;

– уліку меркавання сацыяльных партнёраў на стадыях распрацоўкі і абмеркавання праектаў законаў у сацыяльна-працоўнай сферы.

  1. Гендарная роўнасць.

У мэтах дасягнення гендарнай роўнасці ў сацыяльна-працоўных адносінах абавязаць наймальнікаў (службовыя асобы арганізацыі незалежна ад яе статусу і формы ўласнасці або фізічныя асобы, якія валодаюць правам прыёму на працу):

– забяспечваць роўныя магчымасці, ужываць раўнацэнныя крытэрыі адбору для жанчын і мужчын пры найме на працу і роўны доступ жанчын і мужчын да вакантных працоўных месцаў;

– за раўнацэнную працу выплачваць жанчынам і мужчынам роўную заработную плату, уключаючы ўсе дадатковыя выплаты;

– забяспечваць роўныя магчымасці для павышэння кваліфікацыі, набыцця практычнага працоўнага вопыту, ажыццяўлення перападрыхтоўкі, прасоўвання па службе;

– прадпрымаць меры, якія забяспечваюць неўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё і павагу асабістай годнасці работнікаў абодвух полаў, а таксама якія выключаюць сэксуальныя дамаганні;

– у выпадку масавага звальнення работнікаў улічваць суадносіны колькасці жанчын і мужчын у дадзенай арганізацыі, не дапускаючы дыскрымінацыі аднаго з полаў;

– забяспечваць жанчынам і мужчынам роўныя ўмовы і магчымасці па сумяшчэнні прафесійных і сямейных абавязкаў.

  1. Годная зарплата – асноўны індыкатар годнай працы.

Прыняць меры для ліквідацыі супярэчнасцяў у сферы заработнай платы, якія выяўляюцца ў рэзкай дыферэнцыяцыі заработнай платы і вельмі недастатковым узроўні сярэдняй заработнай платы, што адказвае паняццю справядлівага размеркавання вынікаў працы.

Забяспечыць паэтапнае ўстанаўленне на прадпрыемствах прамысловасці пагадзіннай формы аплаты працы і выключэнне здзельнай формы аплаты працы.

  1. Ахова працы.

Аналіз умоў працы і прафесійных захворванняў сведчыць, што практычна ва ўсіх галінах эканомікі адзначаецца неадпаведнасць працоўных месцаў санітарна-гігіенічным патрабаванням і захоўваюцца неспрыяльныя ўмовы працы, што цягне за сабой пагаршэнне стану здароўя працуючых, выяўленне новых выпадкаў прафесійных захворванняў на вытворчасці і страту працаздольнасці. Неабходна правядзенне комплекснай гігіенічнай ацэнкі ўмоў працы на ўсіх прадпрыемствах і прыняцце адпаведных мер па прывядзенні ўмоў працы да гігіенічных нарматываў.

  1. Сацыяльная абарона беспрацоўных.

У Рэспубліцы Беларусь павінна быць распрацавана перспектыўная сістэма поўнай і прадуктыўнай занятасці, сацыяльнай абароны беспрацоўных на аснове прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права.

У мэтах сацыяльнай абароны беспрацоўных грамадзян, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, неабходна:

– падвысіць мінімальны памер дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту на душу насельніцтва за кошт сродкаў дзяржбюджэту без павелічэння падатковай нагрузкі на работнікаў і арганізацыі;

– максімальны памер дапамогі па беспрацоўі грамадзянам усталёўваць у працэнтных адносінах да сярэдняга заробку, вылічанаму за тры апошнія месяцы па апошнім месцы працы,  не ніжэй за 50 адсоткаў страчанага заробку;

– выплачваць дапамогі па беспрацоўі грамадзянам, звольненым па любых падставах;

– выплачваць дапамогі па беспрацоўі часткова беспрацоўным грамадзянам, занятым няпоўны працоўны час;

– грамадзянам, звольненым па заканчэнні тэрмінаў кантрактаў, у сувязі з нязгодай са зменай істотных умоў працы, выплачваць сто адстоткаў дапамогi па беспрацоўі.

  1. Сацыяльныя гарантыі. Пенсійнае забеспячэнне.

Прыняць меры, накіраваныя на забеспячэнне суадносін індывідуальнай пенсіі па ўзросце і заработнай платы работнікаў да ўзроўню не менш за 50%, але не ніжэй мінімальнага пражытковага бюджэту (МПБ), а для працуючых у шкодных і небяспечных умовах працы – не ніжэй за 60-70%.

Прыняць меры з тым, каб знізіць да 10 гадоў страхавы стаж, які дае права на прызначэнне працоўнай пенсіі.

Аднавіць перыяды, выключаныя са страхавога стажу (перыяд знаходжання ў адпачынку па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў, перыяд догляду інваліда I групы або дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, падчас атрымання прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі, перыяды атрымання дапамогі па беспрацоўі).

Адмяніць нарматыўныя абмежаванні памераў прызначаных пенсій і ўраўняльныя пенсійныя выплаты.

  1. Сацыяльнае партнёрства.

Правесці згодна рэкамендацыі камісіі па расследаванні МАП усебаковы агляд калектыўных працоўных адносін з мэтай забеспячэння  дакладнага размежавання паміж роляй урада і ролямі сацыяльных партнёраў і аказання садзейнічання развіццю цалкам незалежных арганізацый працоўных.

ОРГАНЫ, ЯКIЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ

Прэзідэнт, Парламент, Савет Міністраў. 

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Змена:

Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26.07.1999 г. № 296-З (рэд. ад 18.07.2019 г.)

Адмена:

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны”.

Дэкрэт Прэзідэнта № 5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”.

Дэкрэт № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.

Палажэнне аб парадку аднясення тэрыторый да тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, зацв. пастановай Саўміна ад 22.02.2018 г. № 142.

Прагнозныя паказчыкі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва і іх паквартальныя значэнні на 2018 г., зацв. пастановай Саўміна ад 26.02.2018 г. № 154.

Палажэнне аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, фармавання і вядзення базы дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, уключаючы ўзаемадзеянне ў гэтых мэтах дзяржаўных органаў і арганізацый, зацв. пастановай Саўміна ад 31.03.2018 г. № 239.

Прыкладнае палажэнне аб пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, зацв. пастановай Саўміна ад 31.03.2018 г. № 240.

Пералік паслуг, якія прадастаўляюцца працаздольным грамадзянам, незанятым у эканоміцы, па цэнах (тарыфах), што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне, а таксама ўмовы іх прадастаўлення, зацв. пастановай Саўміна ад 24.04.2018 г. № 314.

Змены ў парадак разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі, зацв. пастановай Саўміна ад 24.04.2018 г. № 315.

Пункты 1 і 2 Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.07.2014 г. № 744 “Аб аплаце працы работнікаў”.

Указ № 137 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння ”.

Закон “Аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні”.

Дэкрэт Прэзідэнта № 2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, грамадскіх арганізацый і прафесійных саюзаў”.

Пастанова Міністэрства юстыцыі № 48 ад 30.08.2005 г.

Ратыфікацыя:

Канвенцыя № 102 МАП “Аб мінімальных нормах сацыяльнага забеспячэння”.

Канвенцыя № 131 МАП “Аб устанаўленні мінімальнай заработнай платы з асаблівым улікам краін, якія развіваюцца”.

Канвенцыя № 158 МАП “Аб спыненні працоўных адносін па ініцыятыве працадаўцы”.

 

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі