РэформыРЭФАРМАВАННЕ СЕКТАРУ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЯСПЕКІ

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/06/00005.png

Кароткае апісанне

Сітуацыя як унутры краіны, так і вакол яе, нясе вялікія пагрозы для нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Асноўныя з іх — агрэсіўная знешняя палітыка Крамля, удзел Беларусі ў інтэграцыйных аб’яднаннях пад эгідай Расійскай Федэрацыі, дамінаванне расійскіх медыя ў інфармацыйнай прасторы і недастаткова высокі ўзровень нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Асноўнымі напрамкамі рэфармавання існуючай дзяржаўнай палітыкі будуць: забеспячэнне дэмакратычнага ладу кіравання і вяршэнства закона; выхад з інтэграцыйных структур, дзе дамінуе Расійская Федэрацыя; захаванне і развіццё нацыянальнай культурнай спадчыны, беларускай мовы; забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту за кошт вызвалення і развіцця прыватнага бізнесу; забеспячэнне высокага ўзроўню і якасці жыцця беларусаў.

У выніку рэфармавання істотна паменшацца цяперашняя ўразлівасць краіны ад знешняга ўмяшальніцтва і залежнасць ад Расійскай Федэрацыі, грамадства будзе скансалідаванае і падрыхтаванае да абароны дзяржаўнага ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.

ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

1. Агрэсіўная знешняя палітыка Крамля.

Для рэалізацыі сваіх рэвізіянісцкіх, імперскіх планаў Крэмль актыўна выкарыстоўвае:

– эканамічны і энергетычны шантаж;

– інфармацыйны ціск;

– распаўсюд фэйкавых навін і дэзынфармацыю;

– апрацоўку эліт;

– фальсіфікацыю гісторыі з мэтай маніпуляцыі грамадскай свядомасцю;

– штучнае правакаванне і распальванне ўнутраных канфліктаў.

Крэмль выкарыстоўвае канцэпцыю “рускага міру” для атрымання кантролю над Беларуссю. Абгрунтаваннем для гэтага часта з’яўляецца цяперашняя расійскамоўная большасць беларусаў і шырокая прысутнасць рускай праваслаўнай царквы.

Крэмль у сваёй працы актыўна выкарыстоўвае метады “мяккай сілы” праз НДА, фабрыкі думкі, СМІ, блогераў, сацыяльныя сеткі, абмены ды стажыроўкі ў Расійскую Федэрацыю.

2. Адсутнасць дэмакратыі, свабоды слова, свабоды сходаў ды іншых базавых свабод.

Грамадзянская супольнасць і палітычная апазіцыя сутыкаюцца з жорсткімі абмежаваннямі сваёй дзейнасці і пераследам. У краіне больш за два дзесяцігоддзі няма свабодных і сумленных выбараў.

Незалежныя СМІ і блогеры — пад татальным жорсткім ціскам.

3. Невысокі ўзровень нацыянальнай свядомасці і дамінаванне рускай мовы.

Няздольнасць і нежаданне дзяржаўных ідэолагаў і дзяржСМІ канкураваць з прапагандай расійскіх медыя: расійскае тэлебачанне і радыё фактычна дамінуюць у медыйным полі Беларусі. Незалежныя СМІ знаходзяцца пад жорсткім ціскам.

4. Праблемны стан беларускай эканомікі.

Беларуская эканоміка сутыкаецца са значным зносам асноўных фондаў ды тэхналагічным адставаннем не толькі ад сусветных лідараў, але і ад суседзяў – краін ЕС. Выспявае праблема сыходу з краіны ІТ-кампаній ды іншага прыватнага бізнесу.

5. Сяброўства Беларусі ў інтэграцыйных наднацыянальных утварэннях, дзе дамінуе Расійская Федэрацыя — Саюзнай дзяржаве, АДКБ, ЕўрАзЭС, СНД.

У складзе АДКБ беларусам пагражае ўцягванне ва ўзброеныя канфлікты ў Сярэдняй Азіі, а таксама па ўсім свеце. Праз удзел у АДКБ існуе пагроза выкарыстання азіяцкіх або расійскіх войскаў на нашай тэрыторыі. Прыналежнасць да АДКБ таксама замінае мадэрнізацыі войска.

6. Змена прыярытэтаў і акцэнтаў у знешняй палітыцы Еўрапейскага саюза.
ЕС сутыкаецца з нечуванымі міграцыйнымі выклікамі і наступствамі Брэкзіта.

Многія краіны ЕС шукаюць кампрамісаў з Крамлём. ЗША не з’яўляюцца рэальным гарантам незалежнасці Беларусі, нягледзячы на актывізацыю двухбаковых стасункаў і цвёрдую прыхільнасць Вашынгтона да незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Асноўнай мэтай рэфармавання сектару нацыянальнай бяспекі з’яўляецца неадкладная мабілізацыя і кансалідацыя грамадства з мэтай абароны незалежнасці і суверэнітэту.

Задачы:
– умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, падвышэнне патрыятызму ды пачуцця нацыянальнай годнасці;

  • аб’яднанне грамадства на аснове дэмакратычных каштоўнасцяў і ідэі пабудовы вольнай незалежнай Беларусі;
  • змяншэнне ўплыву Крамля на Беларусь, які цяпер рэалізуецца праз інфармацыйныя, эканамічныя, інтэграцыйныя і гуманітарныя чыннікі;

– выхад Беларусі з постсавецкіх інтэграцыйных аб’яднанняў з дамінаваннем Расійскай Федэрацыі;

– інтэграцыя ў заходнія палітычныя, эканамічныя і вайсковыя структуры (ЕС, НАТА).

КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ КАНЦЭПЦЫІ

Першачарговыя захады (да 2021 г.):

1. У палітычнай сферы:

– выхад з “Саюзнай дзяржавы”, Еўразійскага эканамічнага саюза ды іншых інтэграцыйных утварэнняў, дзе дамінуе Расійская Федэрацыя;

– забарона прарасійскіх арганізацый, дзейнасць якіх супярэчыць нацыянальным інтарэсам, а таксама расійскіх фондаў ды арганізацый, што фінансуюць такія структуры;

– увядзенне крымінальнай адказнасці за публічныя выказванні, што аспрэчваюць існаванне асобнай беларускай нацыі і/або яе гістарычнага права на ўласную дзяржаву. Увядзенне крымінальнай адказнасці за публічныя абразы беларускай мовы;

– маніторынг сіламі грамадзянскай супольнасці дзейнасці пракрамлёўскіх ініцыятыў у Беларусі;

– ажыццяўленне памежнага і мытнага кантролю на мяжы з Расійскай Федэрацыяй.

2. Забарона на продаж расійскім кампаніям стратэгічных аб’ектаў беларускай інфраструктуры.

3. У інфармацыйнай сферы:

– вызваленне незалежных СМІ ад ціску і кантролю з боку дзяржавы, забеспячэнне свабоды СМІ і свабоды слова ў Беларусі;

– забарона трансляцыі ў Беларусі публіцыстычных грамадска-палітычных ды навінавых праграм, створаных расійскімі тэлеканаламі;

– уключэнне ў стандартны тэлевізійны пакет абавязковых агульнадаступных тэлеканалаў Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, а таксама міжнародных англамоўных тэлеканалаў;

– аднаўленне сталай дзейнасці Грамадскай каардынацыйнай Рады ў сферы масавай інфармацыі.

4. У ваеннай сферы:

– выхад з АДКБ, вяртанне поўнага кантролю Беларусі над уласнымі сістэмамі супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны;

– вывад з тэрыторыі Беларусі расійскіх ваенных аб’ектаў – вузла сувязі ў Вілейцы і радыёлакацыйнай станцыі ў Ганцавічах;

– пашырэнне патрыятычнага выхавання ў беларускім войску з пазіцыі беларусацэнтрызму;

– перавод выхаваўчай працы ў войску на беларускую мову;

– развіццё памежнай інфраструктуры на межах з краінамі ЕС, падвышэнне прапускной здольнасці памежных пераходаў.

5. У экалагічнай сферы:

– забарона на будаўніцтва новых шкодных вытворчасцяў. Спыненне ўводу ў эксплуатацыю неэкалагічных прадпрыемстваў пасля незалежнага маніторынгу і экспертнага заключэння аб перавышэнні імі выкідаў у Брэсце, Магілёве і Светлагорску;

– апублічванне інфармацыі адносна будаўніцтва, бяспекі ды эксплуатацыі Астравецкай АЭС;

– правядзенне шырокай грамадскай дыскусіі адносна далейшага лёсу Астравецкай АЭС.

6. У сацыяльнай сферы:

– падвышэнне заробкаў ды паляпшэнне ўмоў працы работнікам аховы здароўя, адукацыі і культуры.

7. У культурнай сферы:

– папулярызацыя нацыянальных герояў з ухілам на XIX i XX стагоддзі;

– папулярызацыя асобы Кастуся Каліноўскага як палітычнага заснавальніка сучаснай беларускай нацыі, як сімвала змагання беларусаў за свабоду і незалежнасць і як постаці, што павінна кансалідаваць вакол сябе ўсіх адданых каштоўнасцям нацыянальнага адраджэння і незалежнасці краіны.

Сярэднетэрміновыя задачы (да 2025 г.):

1. У палітычнай сферы:

– рэформа выбарчага заканадаўства, правядзенне свабодных, сумленных і справядлівых выбараў;

– фармаванне Нацыянальнай гвардыі дзеля аховы парламента і захавання канстытуцыйнага ладу ў краіне;

– фармаванне Нацыянальнай Службы Бяспекі, падсправаздачнай парламенту;

– увядзенне прынцыпу падзелу ўлады. Забеспячэнне незалежнасці судовай і заканадаўчай улады ад выканаўчай улады;

– ажыццяўленне грамадзянскага кантролю, у першую чаргу з боку парламенту, над МУС і Узброенымі Сіламі.

2. У эканамічнай сферы:

– дыверсіфікацыя паставак энерганосбітаў, зніжэнне долі Расійскай Федэрацыі як пастаўшчыка энерганосбітаў у Беларусь да 50% ад агульнага аб’ёму імпарту энерганосбітаў;

– пашырэнне выкарыстання альтарнатыўных крыніц энергіі;

– рэалізацыя дзяржаўнай Праграмы па энергазберажэнні, зніжэнне энергаспажывання і пераход на мясцовыя віды паліва;

– будаўніцтва новага нафтаперапрацоўчага завода ў Наваполацку, арыентаванага на лёгкую нафту;

– уключэнне Беларусі ў праграмы супрацоўніцтва ў межах ініцыятывы Трохмор’я з мэтай падрыхтоўкі неабходных дакументаў, праграм і інфраструктуры для далучэння Беларусі да будучай сістэмы паставак звадкаванага газу з ЗША ва Усходнюю Еўропу;

– прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў з забаронай набыцця кампаніямі з доляй расійскага капіталу большай за 20% акцый, стварэнне ўмоў для прыцягнення замежных інвестыцый;

– будаўніцтва сучасных чыгуначных шляхоў і магістральных аўтастрад Вільня – Мінск – Кіеў, Вільня – Гродна – Брэст – Львоў, Віцебск – Полацк – Дзвінск – Рыга.

4. У інфармацыйнай сферы:

– падвышэнне ўзроўню якасці беларускіх нацыянальных тэлеканалаў, стварэнне адмысловых грамадска-палітычных і гістарычных праграм;

– рэтрансляцыя нацыянальнымі тэлеканаламі навукова-папулярных, забаўляльных і навінавых праграм краін ЕС, Вялікабрытаніі, Канады, ЗША і Аўстраліі.

5. У ваеннай сферы:

– пераход беларускай арміі на стандарты НАТА;

– падрыхтоўка ваенных кадраў з накіраваннем беларускіх ваенных у адпаведныя навучальныя ўстановы і цэнтры краін НАТА;

– перавод на беларускую мову ўсёй жыццядзейнасці беларускага войска (служба, баявая работа, тэхнічнае абслугоўванне і г. д.);

– наданне беларускім вайсковым часцям і навучальным установам імёнаў беларускіх нацыянальных герояў;

– фармаванне беларускіх узброеных сіл з чатырох інтэгральных частак:

1. ядро з прафэсіянальных ваенных, якія служаць на кантрактнай аснове;

2. грамадзяне, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу;

3. добраахвотныя тэрытарыяльныя адзінкі, сфармаваныя грамадзянамі, якія захоўваюць цывільныя заняткі, але праходзяць перыядычныя вучэнні і могуць быць хутка мабілізаваны;

4. рэзервы – усе прыдатныя да службы грамадзяне мужчынскага полу, якія прайшлі ваенную падрыхтоўку падчас тэрміновай службы.

– змена сістэмы падрыхтоўкі ваенных падчас тэрміновай службы і рэзервістаў. Фокус на патрыятычным выхаванні і набыцці неабходных навыкаў.

– змена працягласці абавязковай тэрміновай службы да шасці месяцаў;

– колькасць Узброеных Сіл без уліку рэзервістаў у межах 75–80 тыс. чалавек;

– стварэнне належнай інфраструктуры на мяжы Беларусі з Расійскай Федэрацыяй.

6. У экалагічнай сферы:

– стварэнне спрыяльных эканамічных умоў для інвеставання ў праекты атрымання энергіі з аднаўляльных крыніц ды перапрацоўкі і другаснага выкарыстання адкідаў;

– рэабілітацыя забруджаных радыяцыяй тэрыторый.

7. У сацыяльнай сферы:

– стварэнне ўмоў для вяртання беларусаў, што працуюць за мяжой, перадусім дактароў і медыцынскіх работнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў іншых прафесій;

– спрыянне вяртанню нашчадкаў нашых суайчыннікаў, што з’ехалі з Беларусі да моманту аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці, праз прыняцце закона аб карце суайчынніка – беларуса замежжа.

8. У культурнай сферы:

– вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай, гарантаванне правоў нацыянальных меншасцяў на адукацыю і ажыццяўленне культурных мерапрыемстваў на роднай мове;

– распрацоўка і ажыццяўленне адміністрацыйных і фінансавых мер стымулявання беларускамоўных СМІ, кнігавыдавецтва, культурнага жыцця. Вяртанне дзяржаўных даплат за навучанне і выхаванне на беларускай мове ў дашкольных, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах;

– правядзенне комплекснай дэкамунізацыі і дэсаветызацыі Беларусі;

– заахвочванне дзяржавай беларусізацыі рэлігійнага жыцця ўсіх хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій;

– беларусізацыя сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў і формаў;

– перагляд пытанняў, звязаных са скасаваннем дзяржаўнай рэгістрацыі ўстановам адукацыі (Дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа і інш.).

Доўгатэрміновыя мэты (да 2030 г.):

– стварэнне скразной беларускамоўнай сістэмы адукацыі ад дзіцячых садкоў да ўніверсытэтаў;

– аднаўленне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы як нацыянальнай альтарнатывы Беларускаму Экзархату РПЦ Маскоўскага патрыярхату;

– выкананне Беларуссю ўсіх крытэраў членства ў ЕС і НАТА, падача адпаведных заявак аб членстве ў гэтых структурах;

– забеспячэнне доўгатэрміновай харчовай бяспекі праз дыверсіфікацыю паставак у краіну прадуктаў, стварэнне харчовага запасу, мадэрнізацыю сельскагаспадарчай вытворчасці, развіццё фермерскіх гаспадарак;

– узмацненне супрацоўніцтва і фармаванне стратэгічнага партнёрства ў межах Балта-Чарнаморскай супольнасці, фармаванне і арганізацыйнае афармленне адпаведнага рэгіянальнага міждзяржаўнага блоку;

– рэалізацыя праграмы дыверсіфікацыі паставак энерганосбітаў з абмежаваннем долі пастаўшчыкоў любой з краін максімум 30% ад агульнага аб’ёму імпарту энерганосбітаў.

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ

Прэзідэнт, Парламент.

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Партыя БНФ.

editor

One comment

  • Гражданин

    13 чэрвеня, 2020 at 9:18 pm

    Лично я не против вступления в евросоюз, но категорически против вступления в НАТО. Если ввести диалог с НАТО, то, как я считаю, лучше всего для этого подойдет обычный “индивидуальный партнёрский план” без цели вступления в альянс. А ещё лучше объявить Беларусь полностью нейтральной страной и дружить со всеми, а не с кем-то против кого-то. А то будет, как было с Украиной.

    Reply

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі