РэформыРЭФОРМА МІНІСТЭРСТВАЎ

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы:

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

 

Кароткае апісанне рэформы:

БСДП выступае за скарачэнне колькасці міністэрстваў. Аптымізацыя працы міністэрстваў і іх скарачэнне дазволіць скараціць колькасць чыноўнікаў, якія ўтрымліваюцца за кошт падаткаў беларускіх грамадзян.

БСДП выступае за ўвядзенне конкурсаў на афіцыйныя пасады, а таксама чатырохгадовы тэрмін на адной пасадзе, за прафесійную ратацыю чыноўнікаў і кантрактную сістэму для іх.

БСДП падтрымлівае падзел органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, а таксама прыняцце новага закона “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”.

 

Праблемы, на рашэнне якіх накіраваная рэформа:

Дзейная сістэма органаў кіравання ў Рэспубліцы Беларусь мае шмат’ярусны характар. Вышэйшы ўзровень складаюць органы і арганізацыі, падначаленыя, а таксама падсправаздачныя Прэзідэнту. Далей ідзе Урад, міністэрствы і ведамствы, дзяржаўныя арганізацыі (канцэрны), падначаленыя Ураду. Ніжэйшы ўзровень складаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, раённыя адміністрацыі ў г. Мінску, абласных цэнтрах, а таксама ў г. Бабруйску.

Да органаў дзяржкіравання вышэйшага ўзроўню адносяцца: Адміністрацыя Прэзідэнта; Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі; Камітэт дзяржаўнага кантролю; Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта; Служба бяспекі Прэзідэнта; Нацыянальная акадэмія навук; Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце; Нацыянальны статыстычны камітэт; Следчы камітэт; Вышэйшая атэстацыйная камісія; Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз; Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь; Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў; Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь; Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.

Статус названых органаў і арганізацый вызначаецца ў адпаведных актах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў іншых нарматыўных прававых актах.

Галоўнае месца ў дзейнай сістэме дзяржкіравання займае Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яна была створаная ў адпаведнасці з Указам ад 22 ліпеня 1994 г. № 6 “Аб утварэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Пазней яе статус быў удакладнены ва Указе ад 23 студзеня 1994 г. № 97 “Пытанні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

У цяперашні час Адміністрацыя Прэзідэнта з’яўляецца нефармальным урадам, які складаецца з мноства ўпраўленняў, аддзелаў, сектароў, канцылярый, сакратарыята, прэс-службы. У склад гэтага рэспубліканскага органа кіравання ўваходзіць кіраўнік Адміністрацыі, першы намеснік, тры намеснікі, памочнікі, галоўныя інспектары па абласцях і г. Мінску, іншыя супрацоўнікі.

Не менш шматлікім органам кіравання з’яўляецца Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яго структура, склад, арганізацыя і дзейнасць рэгулююцца прэзідэнцкімі актамі.

У задачы Кіраўніцтва справамі ўваходзіць: вырашэнне пытанняў, звязаных з матэрыяльна-тэхнічным, сацыяльна-бытавым, медычным забеспячэннем дзейнасці дзяржаўных органаў, непасрэдна падначаленых Прэзідэнту, іншых органаў і арганізацый, вызначаных Прэзідэнтам; стварэнне ўмоў для адпачынку і аздараўлення працаўнікоў дзяржаўных органаў; забеспячэнне паводле рашэння Прэзідэнта жылымі памяшканнямі працаўнікоў дзяржаўных органаў; аўтатранспартнае забеспячэнне і інш.

Шэраг дзяржаўных органаў (арганізацый), якія адносяцца да вышэйшага ўзроўню кіравання, непасрэдна не ажыццяўляе кіраўніцкіх функцый. Тым не менш, яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні дзейнасці дзяржапарата і падтрыманні яго ўстойлівасці. Напрыклад, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльныя органы ажыццяўляюць кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкананнем заканадаўства ў галіне фінансавых і падатковых адносін, за захаванасцю і выкарыстаннем дзяржаўнай маёмасці і інш.

Нацыянальная акадэмія навук як дзяржаўная навуковая арганізацыя, акрамя правядзення фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, выконвае асобныя функцыі рэспубліканскага органа кіравання. Яна падпарадкоўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і падсправаздачная Савету Рэспублікі. Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук з’яўляецца членам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе рэгуляванне дзейнасці па забеспячэнні абароны інфармацыі, якая ўтрымлівае звесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты або іншыя звесткі, якія ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Нацыянальны статыстычны камітэт як рэспубліканскі орган кіравання ажыццяўляе рэгуляванне і кіраванне ў галіне дзяржаўнай статыстыкі, а таксама каардынуе дзейнасць іншых дзяржаўных органаў і арганізацый у гэтай галіне.

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў з’яўляецца навукова-практычнай дзяржаўнай установай, якая забяспечвае падрыхтоўку праектаў заканадаўчых актаў. Ён таксама праводзіць навуковыя даследаванні ў галіне права і займаецца падрыхтоўкай навуковых працаўнікоў вышэйшай кваліфікацыі.

Да ліку органаў, падсправаздачных Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, адносяцца Генеральная пракуратура і Нацыянальны банк.

Пракуратура Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой цэнтралізаваную сістэму органаў, якія ажыццяўляюць ад імя дзяржавы нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем нарматыўных прававых актаў на тэрыторыі краіны, а таксама выконвае іншыя функцыі, усталяваныя ў заканадаўчых актах.

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь прызваны забяспечваць стабільнасць банкаўскай сістэмы, а таксама функцыянаванне плацёжнай сістэмы. Ён стварае золатавалютныя рэзервы і кіруе імі ў межах сваёй кампетэнцыі; ажыццяўляе валютнае рэгуляванне і валютны кантроль; усталёўвае правілы і парадак ажыццяўлення банкаўскіх аперацый і інш.

Іншыя вышэйшыя органы дзяржаўнай улады (Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, Цэнтральная выбарчая камісія) займаюць адасобленае месца ў сістэме ўлады і па змесце сваёй дзейнасці не з’яўляюцца органамі кіравання.

Такім чынам, дзейная сістэма дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой шмат’ярусную і разнастайную паводле сваіх функцый сістэму дзяржаўных органаў, устаноў, арганізацый, прама або ўскосна падначаленых прэзідэнту – кіраўніку дзяржавы. Шэраг з указаных суб’ектаў не ажыццяўляе непасрэдна выканаўча-распарадчых функцый і, па сутнасці, не павінен уключацца ў сістэму дзяржаўнага кіравання. Колькасць супрацоўнікаў у некаторых міністэрствах і ведамствах з’яўляецца збыткоўнай. Дзяржаўныя службоўцы займаюць свае пасады бестэрмінова, што спрыяе развіццю бюракратызму, пратэкцыянізму і карупцыі.

 

Асноўныя мэты і задачы рэформы:

Мэтамі рэформы міністэрстваў з’яўляюцца: вызваленне Урада і іншых органаў дзяржаўнага кіравання ад татальнай залежнасці ад прэзідэнта – кіраўніка дзяржавы, стварэнне больш аптымальнай структуры міністэрстваў і ведамстваў, скарачэнне колькасці кіраўнічага апарату.

Для дасягнення гэтых мэт мяркуецца вырашыць наступныя задачы:

– сфарміраваць Урад як самастойны орган дзяржаўнага кіравання, падкантрольны выключна Парламенту;

– скараціць колькасць міністэрстваў і ведамстваў як рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, больш выразна акрэсліць сферу іх паўнамоцтваў;

– скараціць колькасць дзяржаўных службоўцаў, абмежаваць тэрмін знаходжання на адной пасадзе – не больш чатырох гадоў;

– скасаваць практыку надання дзяржаўным службоўцам класаў, усталяваўшы надбаўкі за стаж дзяржаўнай службы;

– вывесці органы мясцовага кіравання з сістэмы органаў дзяржаўнага кіравання.

Новая сістэма дзяржаўнага кіравання павінна ў максімальнай ступені садзейнічаць задавальненню інтарэсаў народа, забеспячэнню і абароне правоў і свабод грамадзян. Асноўнымі крытэрыямі дзяржаўнага кіравання павінны быць эфектыўнасць, эканамічнасць і рэзультатыўнасць.

Дзяржаўныя службоўцы павінны дзейнічаць у рамках заканадаўства, паважаць гісторыка-культурныя каштоўнасці беларускага народа і садзейнічаць дасягненню высокіх сацыяльна-эканамічных вынікаў.

 

Асноўныя захады па рэалізацыі рэформы

Неабходнай умовай правядзення рэформы дзяржкіравання ў Беларусі варта прызнаць аднаўленне законнасці і дэмакратыі. Фарміраваннем Урада павінен займацца дэмакратычна абраны Парламент. Паўнамоцтвы Прэзідэнта варта істотна абмежаваць.

Першым крокам рэформы павінна стаць скасаванне ўладных структур пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Другі крок рэформы – фарміраванне Урада як самастойнага органа выканаўчай улады. З улікам досведу еўрапейскіх краін аптымальным бачыцца склад урада Беларусі ў колькасці 30-32 чалавек.

Адпаведна, давядзецца скараціць колькасць міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку шляхам іх аб’яднання і перайменавання. Прапаноўваецца наступны пералік міністэрстваў:

  • міністэрства замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі;
  • міністэрства ўнутраных спраў;
  • міністэрства ўзброеных сіл і абароны;
  • міністэрства фінансаў і інвестыцый;
  • міністэрства аховы здароўя;
  • міністэрства адукацыі і навукі;
  • міністэрства эканомікі і прадпрымальніцтва;
  • міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны;
  • міністэрства гарадской інфраструктуры і будаўніцтва;
  • міністэрства транспарту і сувязі;
  • міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі;
  • міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў;
  • міністэрства ўкаранення лічбавых тэхналогій;
  • міністэрства харчу і сельскай гаспадаркі;
  • міністэрства па справах сям’і, моладзі і сталых людзей;
  • міністэрства энергетыкі і паліва;
  • міністэрства гандлю і знешнеэканамічнага супрацоўніцтва;
  • міністэрства юстыцыі.

 

Тым самым, з дзейнага пераліку касуюцца шэсць міністэрстваў, у тым ліку: міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, міністэрства інфармацыі, міністэрства лясной гаспадаркі, міністэрства па падатках і зборах, міністэрства па надзвычайных сітуацыях, міністэрства прамысловасці. Часткова іх функцыі будуць адмененыя, часткова рэалізаваныя ў дзейнасці новых міністэрстаў або ў дзейнасці новых дзяржаўных камітэтаў.

У сістэму органаў кіравання Беларусі ўвойдуць таксама дзяржаўныя камітэты:

  • Дзяржаўны камітэт (Служба) нацыянальнай бяспекі;
  • Дзяржаўны камітэт памежнай аховы;
  • Дзяржаўны камітэт па тэлебачанні, радыёвяшчанні, выдавецкай справе і інфармацыйным тэхналогіям;
  • Дзяржаўны мытны камітэт;
  • Дзяржаўны камітэт грамадзянскай авіацыі;
  • Дзяржаўны камітэт па спорце і турызме;
  • Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт;
  • Дзяржаўны камітэт па надзвычайных сітуацыях;
  • Дзяржаўны камітэт па прыватызацыі і раздзяржаўленні;
  • Дзяржаўны камітэт па статыстыцы.

Новы Урад Беларусі будзе ўзначальваць прэм’ер-міністр або кіраўнік (канцлер). У яго можа быць два афіцыйныя намеснікі, яшчэ некалькі міністраў будуць ажыццяўляць функцыі намеснікаў па пасадзе. Кіраўнік апарату Урада можа ажыццяўляць функцыі міністра па асобых даручэннях.

Трэцім крокам рэформы павінен стаць падзел органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання. Пры гэтым варта прыняць новы закон “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”, а таксама закон “Аб муніцыпальнай службе” (“Аб службе ў мясцовых органах самакіравання Рэспублікі Беларусь”).

Чацвёртым крокам рэформы мэтазгодна зрабіць правядзенне люстрацыі дзейных дзяржаўных службоўцаў і іншых асоб, якім было даверана выкананне дзяржаўных функцый, а таксама правядзенне іх пазачарговай атэстацыі.

Пяты крок рэформы павінен быць звязаны з замяшчэннем пасад у дзяржаўным апараце, а таксама ў органах мясцовага самакіравання на падставе новага заканадаўства. Пры гэтым неабходна прадугледзець увядзенне конкурснага адбору, а таксама абмежаваць тэрмін знаходжання на пасадзе. З дзяржаўнымі службоўцамі варта заключаць кантракты на пэўны тэрмін.

 

Органы, якія прымаюць рашэнні:

Парламент.

 

Нарматыўныя акты, якія варта прыняць для рэалізацыі рэформы:

– Пастанова Парламента: “Аб рэформе дзяржаўнага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь” і “Аб складзе Урада і рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь”;

– Законы: “Аб Урадзе Рэспублікі Беларусь”; “Аб структуры і колькасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь”; “Аб люстрацыі і пазачарговай атэстацыі дзяржаўных службоўцаў”; “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”; “Аб службе ў мясцовых органах самакіравання Рэспублікі Беларусь” (“Аб муніцыпальнай службе”).

admin2

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі