РэформыРЭФОРМА ПАРТЫЙНАЙ СІСТЭМЫ

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/00007.png

Кароткае апісанне

Рэформа будзе садзейнічаць павышэнню ўдзелу грамадзян у выбарах, а таксама ўплыву на выпрацоўку палітыкі на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях. Прапануюцца меры па ўмацаванні фінансавай устойлівасці палітычных партый за кошт дзяржаўнай падтрымкі. Замацоўваюцца гарантыі доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, роўныя правы на ўдзел у выбарах у органы ўлады і на рэферэндумах, спрашчаецца працэдура рэгістрацыі новых палітычных арганізацый. Пашыраюцца магчымасці ўдзелу прадстаўнікоў партый і міжпартыйных аб’яднанняў у пасяджэннях дзяржаўных органаў.

Фармуецца аснова для дэмакратычнага транзіту ўлады, у тым ліку праз размежаванне палітыкі і бізнесу. Праводзіцца дэпалітызацыя і дэілагізацыя школы, каледжаў, універсітэтаў і працоўных калектываў. Палітычныя партыі надзяляюцца правам заканадаўчай ініцыятывы, а таксама правам звароту ў Канстытуцыйны суд. Здымаюцца абмежаванні пры правядзенні масавых мерапрыемстваў і адмяняецца аплата паслуг дзяржслужбаў пры іх правядзенні.

ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

1. Празмерная забюракратызаванасць, складанасць і працаёмкасць працэдуры рэгістрацыі палітычных партый і міжпартыйных аб’яднанняў.

Для стварэння партыі патрабуецца не менш за 1000 заснавальнікаў ад большасці абласцей і г. Мінска, а таксама дэталёвыя формы ўліку асабістых дадзеных (хатні і працоўны тэлефоны). Гэта стварае магчымасці для ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё грамадзян і ціску з боку органаў улады і працадаўцаў.

2. Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні да апазіцыйных партый.

Гэта пацвярджаецца тым, што ў партый узнікаюць цяжкасці пры атрыманні юрыдычнага адрасу і пры арэндзе памяшканняў, у тым ліку для правядзення статутных з’ездаў і мерапрыемстваў, неўключэннем сябраў палітычных партый у склад выбарчых камісій.

3. Абмежаваны доступ да дзяржаўных СМІ, уключаючы тэлебачанне і радыё.

Партыі могуць трапіць на старонкі дзяржаўных газет і тэлебачання толькі падчас выбараў. Гэта прадугледжваецца бясплатнай падтрымкай дзяржавай кандыдатаў у дэпутаты парламента і прэзідэнты.

У дзяржСМІ часцяком прадастаўляецца ангажаваная і тэндэнцыйная інфармацыя, без альтарнатыўнага меркавання і каментароў з боку прадстаўнікоў партый.

4. Адсутнасць дзяржаўнага фінансавання і перашкоды з боку ўладаў па атрыманні падтрымкі з боку бізнесу і грамадзян.

З-за пагроз улад апазіцыйныя партыі практычна не атрымліваюць ахвяраванняў ад прыватных фірмаў, прадпрымальнікаў, дзяржаўных прадпрыемстваў або грамадзян.

5. Карныя нормы беларускага заканадаўства па ліквідацыі партый.

Нормы заканадаўства разлічаныя на хуткую і фармальную ліквідацыю непажаданых партый, што стварае магчымасці для адвольнай расправы з арганізацыямі.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Мэтай рэформы з’яўляецца ўмацаванне статусу палітычных партый, міжпартыйных аб’яднанняў у жыцці дзяржавы і грамадства, а таксама ўзмацненне іх ролі ў выбарных органах улады.

1. Спрашчэнне рэгістрацыі палітычных партый і пастаноўкі на ўлік іх аргструктур.

2. Забеспячэнне фінансавання парламенцкіх партый за кошт дзяржаўнага бюджэту.

3. Прадастаўленне роўнага і рэгулярнага доступу партый і міжпартыйных аб’яднанняў да дзяржаўных СМІ.

4. Абмежаванне мер па ліквідацыі партый і міжпартыйных аб’яднанняў, якія маюць адвольны ці карны характар.

5. Павышэнне ролі партый у выбарных органах за кошт увядзення прапарцыйна-мажарытарнай сістэмы выбараў у парламент і мясцовыя Саветы дэпутатаў.

6. Узмацненне ролі партый і міжпартыйных аб’яднанняў па забеспячэнні празрыстасці выбарчага працэсу.

7. Дэпалітызацыя і дэілагізацыя школ, каледжаў, універсітэтаў і працоўных калектываў.

8. Надзяленне палітычных партый правам заканадаўчай ініцыятывы і звароту ў Канстытуцыйны суд.

9. Лібералізацыя патрабаванняў да правядзення масавых мерапрыемстваў партыямі.

КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

1. Паменшыць колькасць заснавальнiкаў (членаў) палітычных партый да 500 чалавек.

Практыка стварэння і дзейнасці палітычных партый у Беларусі паказала, што 1000 заснавальнікаў – гэта занадта вялікая колькасць.

2. Абавязаць органы мясцовага кіравання і самакіравання садзейнічаць заснавальнікам у прадастаўленні памяшканняў з фонду камунальнай уласнасці па месцы правядзення ўстаноўчых з’ездаў і іншых статутных мерапрыемстваў.

3. Выкарыстоўваць кантактны тэлефон пры рэгістрацыі палітычнай партыі, міжпартыйных аб’яднанняў.

Выключыць магчымасць аказання ціску на заснавальнікаў у працэсе рэгістрацыі партыі з боку органаў улады, а таксама ўварвання ў асабістае жыццё.

4. Падзяліць працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі палітычных партый і пастаноўкі на ўлік аргструктур партыі.

Стварэнне і пастаноўка на ўлік арганізацыйных структур партыі з’яўляецца справай самой партыі. Сыходзячы з гэтага мясцовыя ўпраўленні юстыцыі абавязаны паставіць іх на ўлік пры прадастаўленнi неабходных дакументаў.

5. Забараніць стварэнне і дзейнасць палітычных партый, міжпартыйных аб’яднанняў, якiя маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу цi вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.

6. Прадугледзець магчымасць удзелу партый і міжпартыйных аб’яднанняў у арганізацыі і правядзенні рэферэндумаў як на нацыянальным, так і на мясцовым узроўнях.

7. Дапоўнiць спіс асоб, якія не могуць быць членамі палітычных партый, супрацоўнікамі Следчага камітэта.

8. Выключыць магчымасць умяшальніцтва ў справы партый і міжпартыйных аб’яднанняў з боку Прэзідэнта.

Вызначэнне назвы палітычнай партыі можа рабіць толькі рэгіструючы орган па ўзгадненні з заснавальнікамі.

9. Прадугледзець пастаяннае прамое фінансаванне палітычных партый з дзяржбюджэту.

Дзяржаве неабходна прадастаўляць бюджэтныя датацыі партыям за дзейнасць у межах заканадаўства і статутных дакументаў. Паказчыкам гэтага з’яўляецца ўдзел у выбарах.

10. Забяспечыць роўны і пастаянны доступ партый і міжпартыйных аб’яднанняў да дзяржаўных СМІ.

Неабходна скласці спіс грамадска-палітычных праграм на дзяржаўных тэле- і радыёканалах з прадастаўленнем прадстаўнікам апазіцыі ў гэтых перадачах не менш за 25% эфірнага часу.

11. Увесці адказнасць партый і міжпартыйных аб’яднанняў за сістэматычнае (а не аднаразовае) парушэнне заканадаўства на працягу пэўнага перыяду часу.

12. Замацаваць гарантаванае права партый у фармаванні выбарчых камісій з ліку сваіх прадстаўнікоў.

У складзе выбаркамаў можа быць не больш за аднаго прадстаўніка ад кожнай палітычнай партыі. Замацаваць магчымасць прысутнасці на пасяджэнні органаў, якія ўтвараюць камісіі, прадстаўнікоў партый, а таксама знаёміцца ​​з дакументамі аб вылучэнні ў выбаркамы.

13. Увесці змяшаную (прапарцыйна-мажарытарную) сістэму па выбарах у парламент з трохпрацэнтным выбарчым барерам.

Склад парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў дазволіць адэкватна адлюстроўваць палітычныя перавагі грамадства і будзе прадстаўляць інтарэсы значных груп насельніцтва.

14. Скасаваць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты і членаў выбаркамаў працоўнымі калектывамі.

15. Ліквідаваць пасады ідэолагаў у працоўных калектывах, школах, каледжах і ўніверсітэтах.

16. Надзяліць партыі правам заканадаўчай ініцыятывы і зварота ў Канстытуцыйны суд.

Пры праве заканадаўчай ініцыятывы распрацаваныя законапраекты з’яўляюцца абавязковымі для ўнясення ў парадак дня і разгляду парламентам незалежна ад таго, ці прадстаўлена партыя ў парламенце. Палітычная партыя зможа накіроўваць звароты ў Канстытуцыйны суд і па прынятых парламентам законах.

17. Увесці паведамляльны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў партыямі і адмяніць аплату паслуг міліцыі, хуткай дапамогі і камунальнай службы.

Апавяшчэнне аб мерапрыемстве, якое мае адбыцца, павінна накіроўвацца ў мясцовы выканкам не пазней чым за дзень да яго правядзення. Мясцовыя органы ўлады павінны забяспечыць бяспеку мерапрыемства, якое мае адбыцца. Паслугі міліцыі, медыкаў і камунальных службаў ужо аплачаны за кошт падаткаў грамадзян. Камерцыялізацыя гэтых пытанняў не дапускаецца.

ОРГАНЫ, ЯКIЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ

Парламент, Савет Міністраў, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 г.

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 370-З.

Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2012 г. № 428-3.

Закон Рэспублікі Беларусь ад 5 кастрычніка 1994 г. № 3266-XII “Аб палітычных партыях”.

Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. № 114-3 “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Пастанова Савета Міністраў ад 24 студзеня 2019 г. № 49 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства”.

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

editor

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі