РэформыБАРАЦЬБА З КАРУПЦЫЯЙ (АНТЫКАРУПЦЫЙНАЯ ПЛАТФОРМА)

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/00012.png

Кароткае апісанне

Антыкарупцыйная платформа Рэспублікі Беларусь 2021 г. уяўляе сабой сістэмны погляд на такую сацыяльна-эканамічную і інстытуцыйную з’яву, як карупцыя. Дакумент складаецца з ацэнкі прававой базы барацьбы з карупцыяй, яе маштаба, формаў праявы і сфер распаўсюджвання. Аналіз з’явы пададзены таксама праз шэраг міжнародных індэксаў і індыкатараў.

У другой частцы падаюцца рэкамендацыі па процідзеянні карупцыі ў Беларусі, якія згрупаваны ў тры блокі: 1) дэмакратызацыя і захаванне прынцыпаў прававой дзяржавы; 2) рэфармаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання і рэгулявання; 3) месца, функцыі і задачы дзяржавы ў эканоміцы, дэкрыміналізацыя эканомікі.

Адзіным спосабам нейтралізацыі карупцыі з’яўляецца сістэмная, сінхранізаваная дзейнасць органаў дзяржкіравання, бізнесу і грамадства ў рэжыме палітычнай, грамадзянскай і эканамічнай свабоды. На пераходным этапе ад цэнтралізаванай планавай эканомікі і аўтарытарнай улады да дэмакрактыі гэты падыход гарантуе прадухіленне ператварэння Беларусі ў алігархат і схематоз, разнявольвае прыродны, чалавечы, прадпрымальніцкі капітал дзеля свабоднай і дабрабытнай краіны.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Рэформа антыкарупцыйнай палітыкі прадугледжвае павышэнне празрыстасці дзейнасці і дэкамерцыялізацыю органаў дзяржкіравання, спрашчэнне адміністрацыйных працэдур і мінімізацыю ўмяшальніцтва чыноўнікаў у эканоміку.

Асноўныя задачы:

  • Удасканаленне адкрытасці і празрыстасці фінансавай дзейнасці органаў дзяржкіравання.
  • Трансфармацыя дзяржаўнага кіравання з дапамогаю ІКТ – механізмаў і паўнавартаснае развіццё электроннага ўрада (e-government).
  • Стварэнне эфектыўнай інфраструктуры (спецпракуратура, суды і іншыя інстытуцыі) па супрацьдзеянні карупцыі (у тым ліку з запрашэннем міжнародных экспертаў і спецыялістаў).
  • Ліквідацыя дзяржаўнай манаполіі і зарэгуляванасці ў інфармацыйнай сферы, галоўным чынам у друкаваных і электронных СМІ.
  • Скарачэнне функцый дзяржапарату па ўмяшальніцтве і рэгуляванні эканамічнай дзейнасці.

КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

Аналітычнае абгрунтаванне

Дэфіцыт дэмакратыі і свабоды слова, адсутнасць падзелу ўладаў, звышцэнтралізацыя палітычнай і эканамічнай улады, адсутнасць грамадскага і парламенцкага кантролю над дзейнасцю органаў дзяржкіравання і канфлікт інтарэсаў у іх, шырокі распаўсюд манапалістычных практык (у тым ліку ў сферы інфармацыі) – усе гэтыя фактары ператварылі Беларусь у краіну з высокім узроўнем карупцыі.

Беларускія ўлады ігнаруюць асноўныя прынцыпы і рэкамендацыі па барацьбе з карупцыяй не толькі нацыянальных аналітычных арганізацый, але і міжнародных структур, такіх як Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй Савета Еўропы (GRECO), ААН, АЭСР, Сусветны банк і Transparency International.

У Дакладзе, які GRECO выпусціла ў 2019 г., было адзначана, што карупцыя ў нашай краіне носіць сістэмны характар. Асабліва пагрозлівая яна ў высокіх эшэлонах улады і ў сектары дзяржаўных прадпрыемстваў. Пры гэтым прыняцце фармальных дакументаў па процідзеянні карупцыі не памяншае маштабаў гэтай праблемы, а ўмяшальніцтва прэзідэнцкай улады ў паўнамоцтвы ўладаў заканадаўчай і судовай, пры фактычнай адсутнасці кантролю і адказнасці, з’яўляецца небяспечнай крыніцай карупцыйных практык.

Да найбольш істотных парушэнняў, якія спрыяюць росквіту карупцыі ў нашай краіне, належаць: адсутнасць незалежнасці судовай улады, пракуратуры і праваахоўчых органаў у цэлым; шырокая практыка надання імунітэту ад пераследу за парушэнні закона; абмежаванне доступу да інфармацыі аб дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання; праца органаў дзяржкіравання ў рэжыме канфлікту (сумяшчэнне функцый заканадаўцы, рэгулятара, камерсанта, фінансіста, аўдытара і кантралёра).

Таксама міжнародныя і беларускія эксперты адзначаюць такія дэфекты беларускай сістэмы, як брак незалежнасці Канстытуцыйнага суда ў плане прызначэння і звальнення суддзяў, шырокія правы Прэзідэнта пры накладанні вета ці выдачы згоды на ўзбуджэнне крымінальных спраў, у тым ліку па карупцыйных справах дзяржслужачых, наймацнейшая цэнтралізацыя ўлады, дэфармацыя інстытутаў мясцовага самакіравання, кулуарная сістэма прыняцця рашэнняў і кантролю за іх выкананнем.

Усё гэта вядзе да страты бізнесам і грамадствам даверу да дзяржаўнай палітыкі, росту грамадскай апатыі і выняткаў вядзення камерцыйнай дзейнасці.

Стан карупцыі ў Беларусі

Прадстаўнікі беларускага бізнесу і банкаўскіх колаў наўпрост кажуць, што ў падмурку дзяржаўнай эканомікі ляжыць карупцыйная складаючая. Цэлы шэраг гучных карупцыйных спраў у сферы АПК, будаўніцтва, тэлекамунікацый, ЖКГ і машынабудаўніцтва дазваляе зрабіць выснову, што карупцыя зрабілася сістэмнай з’явай у Беларусі. Пры гэтым у нашай краіне дзяржаўны сектар – гэта 75-80% кошту ўсіх рэсурсаў і актываў, бюджэт органаў дзяржаўнага кіравання складае 42-47% ВУП.

У Беларусі ўсталяваны пэўны баланс рэгіянальных, галіновых і сілавых кадравых груповак/кустоў. Шклоўскія/магілёўскія, віцебскія, брэсцкія аграрнікі, “чырвоныя дырэктары”/прамыславікі, будаўнікі, банкаўскае і сілавое лобі – усе яны ўплеценыя ў цела вертыкалі, суіснуюць у ёй, паразітуюць на ёй і пры гэтым канкуруюць за кавалкі агульнага пірага, за павелічэнне кропак уплыву на Аляксандра Лукашэнку і ягонае бліжэйшае кола.

У гэтай сістэме арышт ці вынясенне прысуду адной ці нават некалькім асобам з аднаго “кусту” пры пакіданні на волі іх непасрэднага начальніка з’яўляецца толькі імітацыяй барацьбы з карупцыяй, і гэтаму існуюць шматлікія пацвярджэнні. Напрыклад, пасля шэрагу скандалаў у Мінскім гарвыканкаме, у выніку якіх турэмныя прысуды атрымалі былы начальнік Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Сяргей Барысевіч і былы намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Дамарацкі, сам былы “мэр” Андрэй Шорац не толькі не быў прыцягнуты да адказнасці, але і атрымаў кіруючую пасаду ў адной з дзяржаўных камерцыйных структур.

Карупцыя прысутнічае і на ўзроўні мясцовых улад. У прыватнасці, у дачыненні да былога кіраўніка Браслаўскага раёна суд усталяваў такія парушэнні закона, як хабар, завалоданне маёмасцю з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, крадзёж, перавышэнне ўлады, махлярства і адмыванне грошай. Варта адзначыць, што ў карупцыйныя схемы мясцовага ўзроўню ўключаюцца таксама кіраўнікі ўзроўню нацыянальнага.

Шырокі распаўсюд карупцыйных схем у Беларусі прыводзіць да гіганцкіх страт. Па ацэнцы, якая грунтуецца на глыбокіх інтэрв’ю з бізнесменамі, аўдытарамі, фінансістамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў, пры штогадовым аб’ёме дзяржзакупак, дзяржзаказу ў 7-8 млрд долараў сума адкатаў/хабару складае ад 20 да 25%, ці 2-2,5 млрд долараў. Доступ да гэтых грошай мае вельмі вузкае кола асоб, кожная з якіх перад прызначэннем на пасаду праходзіць строгі кантроль з боку праваахоўных органаў, а таксама ўзгадняецца асабіста з Прэзідэнтам. На вяршыні гэтай карупцыйнай піраміды знаходзіцца 5-7 тыс. чалавек, ці менш за 0,1% насельніцтва Беларусі.

Істотная крыніца карупцыі – дзяржаўныя інвестыцыйныя і інавацыйныя праграмы. Дадзеная крыніца штогод накіроўвае ў прыватныя рукі, на замежныя рахункі, у валютны кэш, нерухомасць ды іншыя актывы на сумы каля 1,5-2 млрд долараў.

Аб’ём шэрай эканомікі ў Беларусі ў 2019 г. можна ацаніць у мінімум 30% ВУП, ці каля 19 млрд долараў. Сярэднегадавы аб’ём шэрай эканомікі за 2005-2019 гг. склаў 12-15 млрд долараў, а аб’ём карупцыйнай рэнты – 3-5 млрд долараў. Карупцыйная рэнта перавышае сукупныя штогадовыя выдаткі на фінансаванне аховы здароўя і адукацыю.

Ацэнка стану карупцыі ў Беларусі міжнароднымі арганізацыямі

У справаздачах міжнароднай арганізацыі Transparency International адзначаецца паляпшэнне стану ў Беларусі ў адпаведнасці з Індэксам успрыяцця карупцыі. Са 123 месца, якое Беларусь займала ў 2013 г., у 2019 г. яна ўзнялася на 66 месца, зрабіўшыся лідэрам сярод краін ЕАЭС. Тым не менш, эксперты гэтай арганізацыі ўказваюць на простую сувязь паміж абмежаваннямі свабоды слова і грамадзянскіх свабод, з аднаго боку, і дынамікай карупцыі – з іншага.

Інакш ацэньвае стан карупцыі ў Беларусі міжнародная асацыяцыя Trace International у супрацоўніцтве з амерыканскай арганізацыяй Rand Corporation. Па яе дадзеных, па ўзроўні карупцыйных рызыкаў Беларусь адкацілася з 74 месца у 2014 г. на 108 у 2019 г.

Краінай з высокімі карупцыйнымі рызыкамі застаецца Беларусь і ў адпаведнасці з Індэксам якасці дзяржаўнага кіравання, методыку ацэнкі якога распрацавалі навукоўцы з Інстытута Сусветнага банка. Гэтая методыка грунтуецца на суб’ектыўных поглядах і ацэнках грамадзян, прадпрымальнікаў, экспертаў прыватнага сектару, дзяржаўнага кіравання і недзяржаўных грамадскіх арганізацый і лічыцца адной з самых якасных і ўсеахопных.

У падмурак стратэгіі ліквідацыі карупцыі ў Беларусі павінна быць пакладзена глыбокая палітычная, інстытуцыйная і адміністрацыйна-прававая рэформа, якую варта праводзіць адначасова з рэзкім скарачэннем прысутнасці дзяржавы ў эканоміцы. Абавязковай умовай поспеху антыкарупцыйнай палітыкі з’яўляецца яе інклюзіўнасць, ажыццяўленне на прынцыпах рэальнага партнёрства дзяржавы, бізнесу і ўлады.

  1. Дэмакратызацыя, захаванне прынцыпаў прававой дзяржавы

Асноўныя моманты: канстытуцыйная рэформа, накіраваная на аднаўленне прынцыпу падзелу ўладаў, палітычнай канкурэнцыі, стрымак і праціваг, паўнавартаснага партнёрства дзяржавы і грамадзянскай супольнасці ў кіраванні краінай, пераразмеркаванне паўнамоцтваў на карысць мясцовых органаў улады; аднаўленне ўмоў для правядзення ў Беларусі свабодных дэмакратычных выбараў па стандартах АБСЕ і Савета Еўропы; аднаўленне інстытутаў, якія гарантуюць свабоду слова; ліквідацыя перашкод для паўнавартаснага функцыянавання грамадскіх арганізацый; аднаўленне незалежнай судовай сістэмы і ўтварэнне якаснай сістэмы падрыхтоўкі суддзяў; увядзенне абмежавання на тэрміны знаходжання на пасадзе Прэзідэнта адной асобы – не больш за два тэрміны, Прэм’ер-міністра – не больш за пяць гадоў, міністра – не больш за пяць гадоў; заканадаўчае забеспячэнне выбарнасці суддзяў; прыняцце Стратэгіі антыкарупцыйнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь як базавага закона аб прынцыпах, механізмах і інструментах дзейнасці органаў дзяржкіравання па процідзеянні карупцыі; утварэнне Антыкарупцыйнага суда з адмысловымі паўнамоцтвамі; дэпалітызацыя і дэідэалагізацыя праваахоўных і кантрольных органаў; аднаўленне кантролю з боку парламента і мясцовых прадстаўнічых органаў над выканаўчай уладай; ліквідацыя Камітэта дзяржкантролю і ўтварэнне Падліковай палаты, мэта якой – кантроль і аўдыт дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання; рэалізацыя ў поўным аб’ёме Канвенцыі ААН супраць карупцыі, выкананне рэкамендацый GRECO па пытаннях працідзеяння карупцыі; увядзенне інстытута амбудсмена па працідзеянні карупцыі.

  1. Рэфармаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання і рэгулявання

Асноўныя моманты: ліквідацыя практык і адмена прававых актаў, якія дыскрэдытуюць суб’ектаў недзяржаўнай формы ўласнасці, абмяжоўваюць канкурэнцыю і надаюць асобным суб’ектам гаспадарання магчымасць не выконваць фінансавыя абавязкі перад дзяржавай ці іншымі камерцыйнымі суб’ектамі; усталяванне парламенцкага і грамадскага кантролю над размеркаваннем дзяржаўных рэсурсаў; размяшчэнне ў свабодным доступе штогадовых паартыкульных справаздач аб прыбытках і выдатках структур дзяржаўнай улады; забеспячэнне поўнай празрыстасці фінансавых плыняў усіх органаў дзяржаўнага кіравання і прадпрыемстваў з доляй дзяржаўнага капіталу больш за 50%; ліквідацыя ідэалагічнай вертыкалі ўлады, аптымізацыя колькаснага складу органаў дзяржаўнага кіравання з абмежаваннем іх функцый і паўнамоцтваў; штогадовае дэклараванне ўсіх прыбыткаў і маёмасці бліжэйшых родзічаў дзяржаўных служачых, якія займаюць кіруючыя пасады ў органах дзяржаўнай улады, кантролю, а таксама прадстаўнічых і праваахоўных органах; увядзенне перыядычных праверак кіраўнікоў з органаў дзяржаўнага кіравання на дэтэктары хлусні; увядзенне забароны на сумяшчэнне адміністрацыйнай і камерцыйнай дзейнасці; ліквідацыя практыкі бясплатнага карыстання аўтамабілямі для дзяржаўных служачых і палітыкаў, пераход у рэжым набыцця транспартных паслуг органамі дзяржкіравання метадам аўтсорцінгу на карысць прыватных кампаній.

  1. Месца, функцыі і задачы дзяржавы ў эканоміцы, дэкрыміналізацыя эканомікі

Асноўныя моманты: забарона на выдзяленне непасрэднай бюджэтнай падтрымкі камерцыйным арганізацыям незалежна ад формы ўласнасці; скарачэнне спісу ліцэнзуемых відаў дзейнасці да пераліку толькі тых відаў, якія могуць уяўляць непасрэдную пагрозу жыццю і здароўю чалавека; прыватызацыя большасці сродкаў масавай інфармацыі; ліквідацыя практыкі нарміравання паступленняў у бюджэт ад штрафаў, канфіскацый і нацыяналізацыі; паўнавартаснае развіццё электроннага ўрада; зацвярджэнне парадку правядзення ўсіх аўкцыёнаў, тэндараў і таргоў з абавязковай іх трансляцыяй у прамым эфіры; уключэнне ў Крымінальны кодэкс вызначэння тэрміна “прыбытак, атрыманы злачынным шляхам”; скарачэнне лімітавай стаўкі штрафа на юрыдычных асоб з 200 базавых да 20 базавых велічынь для суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а штрафаў на грамадзян і індывідуальных прадпрымальнікаў – да ўзроўню, які не перавышае 1/3 яго сярэдняга месячнага заробку (прыбытку); падвышэнне парогавых значэнняў для прыцягнення да крымінальнай адказнасці па арт. 231 і 243 КК, выключэнне з санкцый арт. 231 і 243 пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі; выключэнне з КоАП п. 4 арт. 12.17; амністыя капіталу; амністыя асуджаных за здзяйсненне эканамічных злачынстваў; прыняцце нарматыўнага прававога акта аб абавязковай прыватызацыі стратных малых і сярэдніх дзяржаўных камерцыйных арганізацый у сферы рознічнага гандлю, лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўкі, вытворчасці гумавых і пластыкавых вырабаў, будаўнічых матэрыялаў; прыняцце заканадаўчага акта, які вызначае паняцце “рэйдэрства”, а таксама апісвае інструменты і механізмы працідзеяння яму.

ОРГАНЫ, ЯКIЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ

Прэзідэнт, Парламент, Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, Савет Міністраў.

НАЗВЫ НАРМАТЫЎНЫХ ПРАВАВЫХ АКТАЎ

Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 лiпеня 2015 г. № 305-3 “Аб барацьбе з карупцыяй”.

Закон Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 г. № 204-З “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”.

Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2014 г. № 112-З “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”.

Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2003 г. № 174-З “Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці”.

Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 лiпеня 1999 г. № 275-З.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ад 21 красавiка 2003 г. № 194-З.

Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 296-З.

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Аналітычны цэнтр “Стратэгія”, Навукова-даследчы цэнтр Мізеса, Цэнтр “Еўрапейскі дыялог”.

editor

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі