Кароткае апісанне
У Беларусі ўсе выбары, пачынаючы з 1996 г., праходзяць па сцэнары галасавання пратаколамі, а не бюлетэнямі. У выніку афіцыйныя лічбы галасавання не адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню выбаршчыкаў. Клан, які кіруе Беларуссю, прызначае дэпутатаў Саветаў і парламента, а гэтаксама і Прэзідэнта. Гэтаму спрыяе закрытасць ад грамадскасці выбаркамаў усіх узроўняў, а таксама непразрыстасць падліку галасоў. Яскравым пацверджаннем гэтага стала прэзідэнцкая кампанія 2020 г.
Толькі сумленныя і свабодныя выбары могуць даць імпульс для выхаду краіны з хранічнага крызісу ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. Прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх аб’яднанняў неаднаразова прапаноўвалі змены ў выбарчае заканадаўства, якія атрымлівалі высокую ацэнку беларускіх і міжнародных экспертаў. Аднак усе гэтыя прапановы сутыкаліся з упартым нежаданнем дзеючай улады што-небудзь мяняць у выбарчым працэсе.
Сёння на парадку дня стаяць ужо не нейкія кропкавыя змяненні, а распрацоўка якасна новага Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА
Сістэмныя недахопы выбараў у Беларусі зафіксаваны ў Выніковых справаздачах місіі БДІПЧ/АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь 2016 і 2019 гг. Яны былі выкарыстаны распрацоўшчыкамі праекта новага Выбарчага кодэкса.
Сярод іншых недахопаў варта асабліва адзначыць ключавыя пункты для забеспячэння сумленных і празрыстых выбараў:
- Незбалансаваны склад выбарчых камісій і выключны ўплыў на іх выканаўчай улады.
Выбаркамы фармуюцца з членаў аднаго працоўнага калектыву, арганізацыі або праўладных НДА. Прадстаўнікі апазіцыйных партый і грамадзянскай супольнасці звычайна не праходзяць праз гэты адбор і ў камісіі трапляюць толькі адзінкі. У выніку выбарчыя камісіі залежаць ад палітычнага кіраўніцтва і прымаюць перадузятыя рашэнні, якія ім навязвае выканаўчая ўлада.
- Непрапарцыйныя абмежаванні правоўназіральнікаў.
Гэта падрывае давер да выбараў і вынікаў галасавання. Апафеозам стала абсалютна незаконнае абмежаванне колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання падчас кампаніі 2020 г.
- Поўная закрытасць ад грамадскасці працэсу галасавання і падліку галасоў, а таксама інфармавання пра вынікі галасавання.
Гэта прыводзіць да завышэння яўкі выбаршчыкаў, а таксама да маніпуляцый з выбарчымі бюлетэнямі на карысць кандыдатаў ад улады.
Дзейнае заканадаўства не адпавядае міжнародным абавязкам Беларусі. Ніводныя выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, што перашкаджала ўсталяванню раўнапраўных палітычных і эканамічных сувязяў і, адпаведна, адмоўна ўплывала на развіццё Беларусі, і ў рэшце рэшт прывяло да палітычнага супрацьстаяння ўлады і народа ў другой палове 2020 г.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Мэтаю рэформы з’яўляецца вяртанне ў палітычнае жыццё беларусаў празрыстых і сумленных выбараў, а таксама павышэнне даверу выбарцаў да вынікаў галасавання.
Задачы:
- Стварыць умовы для дасягнення шырокага палітычнага прадстаўніцтва ў выбаркамах усіх узроўняў, у тым ліку для апазіцыйных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці (якія не фінансуюцца дзяржавай).
- Змяніць правілы праверкі сабраных подпісаў.
- Забяспечыць бесперашкодны доступ назіральнікам да ўсіх этапаў выбарчага працэсу.
- Прыняць дадатковыя засцерагальныя захады ад фальсіфікацый хатняга ды датэрміновага галасавання, а таксама для забеспячэння празрыстасці падліку галасоў і падсумоўвання вынікаў.
- Змяніць умовы агітацыйнай кампаніі ўключна з бесперашкодным правядзеннем масавых мерапрыемстваў.
КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ
- Змена парадку фармавання ЦВК.
ЦВК будзе фармавацца парламентам з ліку перш за ўсе прадстаўнікоў палітычных партый.
- Гарантаванае прыняцце ў склад выбарчых камісій членаў, вылучаных усімі кандыдатамі.
Арганізацыі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі, перш за ўсё палітычныя партыі, павінны мець гарантаванае права на ўключэнне сваіх прадстаўнікоў у камісіі ўсіх узроўняў. Гэта крок у бок прывядзення беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з існуючымі абавязацельствамі Беларусі па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі ААН супраць карупцыі.
Выбарчы кодэкс: артыкулы 33-34.
- Пашырэнне правоў назіральнікаў.
Назіральнікі павінны мець доступ да:
– выбарчых спісаў;
– дадзеных па колькасці выбаршчыкаў у выбарчых спісах;
– дадзеных па колькасці выбаршчыкаў, якія запісаліся для галасавання па месцу знаходжання;
– дадзеных па колькасці тых, хто прагаласаваў у дні правядзення датэрміновага галасавання;
– дадзеных па колькасці ўсіх, хто прагаласаваў па ўсіх відах галасавання.
Назіральнікі павінны мець магчымасць рабіць аўдыёзапіс, фота- і відэафіксацыю, назіраць за падлікам галасоў выбаршчыкаў ва ўмовах, якія забяспечваюць празрыстасць працэдуры падліку бюлетэняў, а таксама даюць магчымасць праверкі вынікаў падліку галасоў.
Выбарчы кодэкс: артыкул 10.
- Узмацненне патрабаванняў да датэрміновага галасавання.
Прычыны для датэрміновага галасавання павінны абавязкова пацвярджацца дакументальна. Для правядзення датэрміновага галасавання на тэрыторыі выбарчай акругі (або ў кожным раёне) вызначаецца толькі адзін участак для галасавання. Гэта дазволіць выключыць магчымыя злоўжыванні ды фальсіфікацыі, а таксама прымус выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання.
Выбарчы кодэкс: арт. 54.
- Рэгламентацыя патрабаванняў да хатняга галасавання.
У спісе для хатняга галасавання неабходна пазначаць афіцыйную прычыну немагчымасці для выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання. Гэта знізіць магчымасць злоўжыванняў у выглядзе штучнага падвышэння яўкі ды прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў галасаванні.
Выбарчы кодэкс: арт. 55.
- Дэманстрацыя кожнага бюлетэня членам выбаркаму і назіральнікам.
Падлік галасоў павінен ажыццяўляцца празрыста, ва ўмовах, калі ўсе члены ўчастковага выбаркаму, назіральнікі і давераныя асобы кандыдатаў могуць пацвердзіць вынік. Абавязковымі з’яўляюцца абвяшчэнне і дэманстрацыя выбару ў кожным бюлетэні ўсім прысутным, а таксама абвяшчэнне ўсіх лічбаў, якія ўносяцца ў выніковы пратакол.
Выбарчы кодэкс: арт. 56
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ
Парламент.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Выбарчы кодэкс.
Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Аб’яднаная грамадзянская партыя.