РэформыРЭФОРМА СФЕРЫ ЎДЗЕЛУ ГРАМАДЗЯН У КІРАВАННІ СПРАВАМІ ГРАМАДСТВА І ДЗЯРЖАВЫ

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

 

Кароткае апісанне

У нашай краіне многія правы і свабоды грамадзян абвяшчаюцца, але не забяспечваюцца. Гэта адносіцца і да права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў. Пры гэтым непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы павінен забяспечвацца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі (арт. 37 Канстытуцыі 1994 г.).

У новай рэдакцыі Канстытуцыі арт. 37 быў дапоўнены часткай трэцяй наступнага зместу: “У парадку, устаноўленым заканадаўствам, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах”.

У гэтай папраўцы адзначаецца, што дапускаецца магчымасць абмеркавання пытанняў на рэспубліканскіх і мясцовых сходах “… у парадку, устаноўленым заканадаўствам”.

Што тычыцца рэспубліканскіх сходаў, то практыка іх правядзення была апрабавана 19-20 кастрычніка 1996 г. Тады напярэдадні рэспубліканскага рэферэндуму па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі быў скліканы Усебеларускі народны сход, у якім прыняла ўдзел 4740 дэлегатаў. На ім, акрамя сцвярджэння праграмы “першай пяцігодкі”, была ўхвалена ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю 1994 г. Гэта паспрыяла прыняццю новай рэдакцыі Канстытуцыі, якая дала Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь новы пяцігадовы тэрмін без усялякіх выбараў.

Пазней парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых сходаў быў рэгламентаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” ад 12 ліпеня 2000 г. Так, у адпаведнасці з арт. 3 Закона рэспубліканскія і мясцовыя сходы склікаюцца “… для абмеркавання пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця рэспубліканскага і мясцовага значэння”.

Згодна з Законам, рэспубліканскія сходы могуць склікацца выключна Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і толькі “… для абмеркавання важнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця”. Прэзідэнт у сваім указе вызначае нормы прадстаўніцтва і парадак выбрання ўдзельнікаў сходу, а таксама склад аргкамітэта (арт. 10 Закона).

Мясцовыя сходы могуць праводзіцца на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі або яе часткі (тэрыторыі мікрараёнаў, кварталаў, вуліц, двароў, аграгарадкоў, пасёлкаў, вёсак і інш.) і абавязкова ў памяшканнях.

Згодна з арт. 15 Закона, ініцыятарамі мясцовага сходу могуць быць наступныя суб’екты: 1) не менш за 10% грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у мясцовых сходах і пражываюць на пэўнай тэрыторыі; 2) органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання; 3) мясцовыя Саветы дэпутатаў; 4) мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

У выпадку, калі ініцыятарам мясцовага сходу з’яўляюцца грамадзяне, ініцыятыўная група на працягу трох месяцаў да меркаванай даты яго правядзення збірае подпісы ў падтрымку прапановы аб правядзенні мясцовага сходу і афармляе іх у выглядзе падпісных лістоў. Да афармлення гэтых лістоў прад’яўляецца шэраг патрабаванняў.

Рашэнне аб правядзенні мясцовага сходу павінна быць ўзгоднена з мясцовым выканаўчым органам (адміністрацыяй раёна) за 15 каляндарных дзён да меркаванай даты. Пры гэтым у мясцовых органаў улады маецца шмат падстаў для адмовы ў правядзенні такога сходу, напрыклад, у сувязі з тым, што памяшканне не адпавядае санітарным, тэхнічным, супрацьпажарным патрабаванням.

У Законе таксама прад’яўляецца шэраг патрабаванняў да афармлення рашэння мясцовага сходу (арт. 23). І ўсе гэтыя перашкоды ладзяцца для таго, каб рашэнне сходу накіраваць у дзяржаўны орган або іншую арганізацыю, да кампетэнцыі якіх адносіцца вырашэнне пытання, якое абмяркоўвалася на гэтым сходзе.

Зразумелая справа, што такая грувасткая і фармалізаваная працэдура правядзення сходаў не падыходзіць для аператыўнага абмеркавання актуальных пытанняў, якія датычацца пытанняў забудовы тэрыторый, вырубкі дрэваў, забруджвання вадаёмаў. На практыцы ініцыятарамі пастаноўкі такіх пытанняў часцей за ўсё выступае грамадскасць у выглядзе групы грамадзян, якія маюць агульны інтарэс.

Грамадзяне могуць мець таксама зацікаўленасць у адносінах да праектаў нарматыўных актаў, якія непасрэдна закранаюць іх правы ў розных сферах дзейнасці. Яны як паўнапраўныя суб’екты праваадносін могуць выказваць свае меркаванні і прапановы па вырашэнні тых ці іншых пытанняў.

Акрамя таго, варта прадугледзець магчымасць ініцыявання грамадзянамі пытанняў, якія выклікаюць у іх заклапочанасць на мясцовым узроўні. Па іх могуць праводзіцца грамадскія слуханні з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады. Рашэнні, прынятыя па выніках грамадскіх слуханняў, павінны ў абавязковым парадку разглядацца органамі мясцовага кіравання і (або) самакіравання і ўлічвацца ў іх планах (дзеяннях).

 

Праблемы, на рашэнне якіх накіравана рэформа

Ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы ўлады грамадзяне краіны фактычна пазбаўлены права ўдзельнічаць у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, абмеркаванні праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння. Ім наогул забаранілі правядзенне сходаў для абмеркавання пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця, расцэньваючы гэта як несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

Дзеючая ўлада прапаноўвае для волевыяўлення грамадзян толькі тыя формы, якія могуць быць выкарыстаны ў яе інтарэсах, а менавіта: падкантрольныя ёй рэферэндумы, выбары і сходы сваіх прыхільнікаў.

Зразумелая справа, што прыняцце палітычных рашэнняў у адпаведнасці з прынцыпам дэмакратыі патрабуе, каб усе паўнапраўныя грамадзяне мелі роўныя і эфектыўныя магчымасці для выказвання сваіх поглядаў, у тым ліку шляхам удзелу ў галасаванні па важных пытаннях дзяржаўнага жыцця і мясцовых праблем.

У сувязі з гэтым неабходна стварыць такія ўмовы, пры якіх грамадзяне маглі б свабодна рэалізаваць сваё права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных і грамадскіх спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў (арт. 37 Канстытуцыі).

На практыцы “голас” грамадскасці пры абмеркаванні праектаў дзяржаўных рашэнняў амаль не чутны. І гэта нягледзячы на тое, што ў дзеючым заканадаўстве маецца шэраг палажэнняў, якія дапускаюць грамадскія абмеркавання. Напрыклад, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 1 чэрвеня 2011 г. зацвердзіў сваёй пастановай Палажэнне аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай і будаўнічай дзейнасці. Яно некалькі разоў змянялася і дапаўнялася, у тым ліку ў красавіку 2019 г.

Фармальна дадзеная пастанова Урада накіравана “… на забеспячэнне права фізічных асоб на спрыяльнае асяроддзе пражывання, а таксама на ўцягванне фізічных і юрыдычных асоб у працэс развіцця тэрыторый пры ажыццяўленні архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці”. У якасці формаў грамадскага абмеркавання замацоўваюцца: інфармаванне фізічных і юрыдычных асоб, праца камісіі па грамадскім абмеркаванні.

Інфармацыя аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў павінна размяшчацца на сайце мясцовага выканкама ў сетцы Інтэрнэт, інфармацыйных стэндах, на дошках аб’яў, у СМІ не пазней чым за 10 каляндарных дзён да іх пачатку. На арганізатара абмеркавання ўскладаецца абавязак у 15-дзённы тэрмін пасля яго завяршэння забяспечыць размяшчэнне інфармацыі аб выніках на сайце мясцовага выканкама, інфармацыйных стэндах, а таксама ў СМІ.

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Палажэння грамадскаму абмеркаванню падлягаюць: 1) горадабудаўнічыя праекты агульнага карыстання; 2) горадабудаўнічыя праекты спецыяльнага карыстання; 3) горадабудаўнічыя праекты дэталёвага планавання, якія распрацоўваюцца на тэрыторыі свабоднай ад забудовы, і (або) на тэрыторыі з забудовай, якая падлягае зносу; 4) архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі аб’ектаў будаўніцтва; 5) горадабудаўнічыя праекты дэталёвага планавання частак населеных пунктаў, якія распрацоўваюцца на тэрыторыі існуючых мікрараёнаў і кварталаў жылой забудовы, якія падлягаюць рэканструкцыі.

Аднак грамадскасць часта знаходзіцца ў недасведчанасці адносна праектаў новых аб’ектаў у гарадах ці дазнаецца пра іх, калі пачынаюць узводзіць падмурак чарговых хмарачосаў у густанаселеных раёнах. Тое ж датычыцца і ўзвядзення прамысловых аб’ектаў, аб будаўніцтве якіх мясцовыя жыхары дазнаюцца ў самы апошні момант. Вельмі часта адбываецца ўтойванне інфармацыі аб шкодных наступствах функцыянавання гэтых прадпрыемстваў.

У новай рэдакцыі Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, прынятай Законам ад 17 ліпеня 2018 г., маецца арт. 7 “Публічнае абмеркаванне праектаў нарматыўных прававых актаў”. У адпаведнасці з ім праекты актаў могуць быць вынесены на публічнае (грамадскае або прафесійнае) абмеркаванне ў сетцы Інтэрнэт на сайце “Прававы форум Беларусі”, а таксама шляхам парламенцкіх слуханняў, у сродках масавай інфармацыі або іншымі спосабамі, што не супярэчаць заканадаўству.

Такое абмеркаванне можа праводзіцца па ініцыятыве Прэзідэнта, іншага суб’екта права заканадаўчай ініцыятывы, нарматворчага органа альбо дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе падрыхтоўку нарматыўнага прававога акта (арганізатара).

У той жа час у Законе прадугледжваецца шэраг абмежаванняў на публічнае абмеркаванне праектаў нарматыўных актаў. Яны, у прыватнасці, распаўсюджваюцца на праекты міжнародных дагавораў, на сферу забеспячэння абароны і нацыянальнай бяспекі, на адносіны ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, экспартнага кантролю, ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці.

У апошнія гады публічныя (грамадскія) абмеркаванні праектаў нарматыўных прававых актаў сталі прымяняцца шырэй. Аднак на практыцы адсутнічае механізм зваротнай сувязі з грамадзянамі, якія прадставілі свае меркаванні. Па выніках абмеркавання публікуецца толькі абагульненая інфармацыя.

Яшчэ адзін “мінус” цяперашняй практыкі грамадскага абмеркавання складаецца ў тым, што пасля працэдуры абмеркавання ў праект нарматыўнага акту ўносяцца змены і дапаўненні па меркаванні распрацоўшчыкаў. Напрыклад, з 12 ліпеня па 2 жніўня 2019 г. Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь было арганізавана публічнае абмеркаванне па праекце Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў”. У снежні 2019 г. праект Закона быў унесены ў Парламент, аднак у ім утрымліваліся нормы, якія не разглядаліся ў межах грамадскага абмеркавання, у прыватнасці: забарона на размяшчэнне юрыдычнага адрасу грамадскіх аб’яднанняў у жылых дамах, адказнасць грамадскага аб’яднання па абавязацельствах сваіх арганізацыйных структур. Такое становішча спраў робіць механізм публічных абмеркаванняў не эфектыўным, паколькі грамадзяне пазбаўленыя магчымасці ўдзельнічаць у абмеркаванні ўсіх яго палажэнняў.

Варта прызнаць, што на рэгіянальным узроўні грамадзяне таксама адлучаны ад удзелу ў абмеркаванні актуальных пытанняў мясцовага жыцця. Іх меркаваннем ніхто не цікавіцца, у тым ліку пры адвядзенні зямель для дзяржаўных патрэб, пры будаўніцтве прамысловых і іншых аб’ектаў. Пры гэтым мясцовыя жыхары пазбаўленыя магчымасці праводзіць сходы па сваёй ініцыятыве.

У дзеючым заканадаўстве, па сутнасці, адсутнічаюць эфектыўныя сродкі абароны грамадскіх інтарэсаў.

Названыя фактары не дазваляюць грамадзянам краіны і грамадскасці ў поўнай меры рэалізоўваць сваё права на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў, а таксама на ўдзел у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

 

Асноўныя мэты і задачы рэформы

Мэтай рэформы з’яўляецца максімальнае пашырэнне сферы ўдзелу грамадзян, палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў у абмеркаванні праектаў дзяржаўных рашэнняў, а таксама пытанняў мясцовага значэння.

 

Для дасягнення гэтай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:

– прыняць спецыяльны закон, у якім прапісаць формы і парадак рэалізацыі права грамадзян на ўдзел у абмеркаванні ўсіх значных пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця;

– адмяніць неабгрунтаваныя абмежаванні гэтага канстытуцыйнага права грамадзян у дзеючым заканадаўстве (напрыклад, Закон “Аб масавых мерапрыемствах” ад 30 снежня 1997 г., акты мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія ўстанаўліваюць парадак правядзення масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі гарадоў і раёнаў);

– павысіць ролю палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў у правядзенні грамадскіх абмеркаванняў праектаў дзяржаўных рашэнняў, а таксама любых значных пытанняў на мясцовым узроўні;

– развіваць ініцыятыву грамадзян у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця;

– забяспечыць доступ грамадскасці (іх прадстаўнікоў) да сродкаў масавай інфармацыі, уласнікам якіх з’яўляюцца рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады.

 

Асноўныя меры па рэалізацыі рэформы

У мэтах правядзення рэформы прапануецца:

1) замацаваць на заканадаўчым узроўні абавязковасць грамадскіх абмеркаванняў найбольш важных праектаў дзяржаўных рашэнняў.

У прыватнасці, у такім парадку павінны падлягаць абмеркаванню:

– праекты нарматыўных прававых актаў, якія ўстанаўліваюць крымінальную і адміністрацыйную адказнасць;

– праекты нарматыўных прававых актаў, якія прадугледжваюць новыя падаткі і зборы;

– праекты нарматыўных прававых актаў, якія змяняюць устаноўлены ў заканадаўстве адміністрацыйна-тэрытарыяльны лад;

– праекты рашэнняў, звязаныя з адводам зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб;

– праекты рашэнняў у сферы архітэктуры, горадабудаўніцтва і будаўніцтва;

– праекты рашэнняў у сферы навакольнага асяроддзя (экалагічнай бяспекі).

На Парламент, Урад, міністэрствы і дзяржаўныя камітэты варта ўскласці абавязак публікаваць праекты названых рашэнняў на адмысловым сайце для наступнага абмеркавання.

Органы мясцовага кіравання і самакіравання абавязаны самастойна або па заяве (патрабаванні) паўнамоцных суб’ектаў прадстаўляць праекты падрыхтаваных імі рашэнняў для грамадскага абмеркавання.

2) дапусціць у якасці ініцыятараў грамадскіх абмеркаванняў наступных суб’ектаў:

– дзяржаўныя органы, органы мясцовага самакіравання, іншыя суб’екты, якім даручана распрацоўка праектаў рашэнняў (макетаў, эскізаў);

– палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку;

– ініцыятыўныя групы грамадзян: у колькасці не менш за 50 чалавек – у адносінах да праектаў рашэнняў, якія прымаюцца на рэспубліканскім узроўні; у колькасці не менш за 10 чалавек – у адносінах да праектаў рашэнняў, якія прымаюцца на рэгіянальным узроўні;

– дэпутаты Парламента, а таксама дэпутаты мясцовага прадстаўнічага органа ў колькасці, устаноўленым у адпаведным Рэгламенце.

3) забяспечыць максімальна шырокае абмеркаванне праектаў дзяржаўных рашэнняў, а таксама рашэнняў, якія прымаюцца на мясцовым узроўні.

У гэтых мэтах грамадскае абмеркаванне можа ажыццяўляцца ў наступных формах:

– размяшчэнне на сайце дзяржаўнага органа, органа мясцовага кіравання і самакіравання праекта нарматыўнага прававога акта, яго абгрунтавання і каментароў;

– размяшчэнне на сайце дзяржаўнага органа, органа мясцовага кіравання і самакіравання праектнай дакументацыі ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці;

– правядзенне экспазіцыі (выставы) праекта і пры неабходнасці прэзентацыі праекта;

– у іншых даступных формах, якія дазваляюць грамадскасці скласці цэльнае ўяўленне аб праектах рашэнняў, падрыхтаваных для прыняцця.

Дадатковай формай грамадскага абмеркавання можа быць абмеркаванне праектаў рашэнняў на адкрытых пасяджэннях дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

4) пастаянна пашыраць сферу грамадскіх абмеркаванняў.

Па ініцыятыве ўпаўнаважаных суб’ектаў могуць праводзіцца абмеркаванні іншых праектаў рашэнняў дзяржаўных органаў i службовых асоб, калі аб такіх праектах стала вядома грамадскасці. Ва ўсялякім разе, абмеркаванне можа праводзіцца, калі названыя праекты закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асоб і ўстанаўліваюць новыя падыходы да прававога рэгулявання пэўнай сферы грамадскіх адносін.

5) развіваць практыку грамадскіх абмеркаванняў на мясцовым узроўні.

Менавіта на мясцовым узроўні часцей за ўсё ўзнікаюць праблемы паміж уладай і мясцовай супольнасцю. Тут недастаткова абмежавацца абмеркаваннем праектаў рашэнняў, што прымаюцца органамі мясцовай улады. Грамадзяне павінны мець магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні і вырашэнні любых пытанняў, якія прадстаўляюць грамадскі інтарэс.

6) ўрэгуляваць парадак удзелу грамадзян у вырашэнні мясцовых пытанняў.

У законе варта ўстанавіць, што грамадскія абмеркаванні могуць праводзіцца па ўсіх пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў мясцовага кіравання і самакіравання, акрамя выпадкаў, калі гаворка ідзе аб пытаннях, якія тычацца размеркавання сродкаў мясцовага бюджэту і забеспячэння грамадскага парадку.

Ініцыятарамі грамадскіх слуханняў могуць выступаць групы мясцовых жыхароў (напрыклад, у колькасці не менш за 5% спісачнай колькасці жыхароў, якія зарэгістраваны або маюць ўласнасць на адпаведнай адміністрацыйнай тэрыторыі).

Ініцыятыва па грамадскіх абмеркаваннях павінна рэгістравацца ў мясцовым Савеце дэпутатаў шляхам падачы заявы, у якой указваецца праблема, якая падлягае абмеркаванню, абгрунтаванне неабходнасці яе абмеркавання, асоба або асобы, упаўнаважаныя прадстаўляць ініцыятыву, іх кантакты.

Заява аб ініцыятыве павінна быць разгледжана і завяршыцца прыняццем рашэння: альбо аб прызначэнні грамадскіх слуханняў, або аб адмове ў правядзенні слуханняў (такое рашэнне можа быць абскарджана ў вышэйстаячы Савет ці ў суд).

У выпадку прызначэння грамадскіх слуханняў ініцыятары маюць права абвясціць мясцовую супольнасць аб парадку слуханняў, месцы і часе іх правядзення. Пры гэтым яўка прадстаўнікоў мясцовых органаў кіравання і самакіравання з’яўляецца абавязковай.

Сход лічыцца правамоцным, калі ў ім прынялі ўдзел не менш за палову грамадзян, якія падпісалі заяву. Па прапанове ініцыятараў выбіраецца старшыня і сакратар пасяджэння. Па выніках слуханняў прымаецца рашэнне.

Фармулёўка рашэння павінна быць выразна прапісана ў пратаколе і пастаўлена на галасаванне ўдзельнікаў грамадскіх слуханняў. Вынікі галасавання адлюстроўваюцца ў пратаколе і засведчваюцца подпісамі старшыні і сакратара.

Органы мясцовага кіравання і (або) самакіравання абавязаныя абмеркаваць рашэнне, прынятае па выніках грамадскіх абмеркаванняў на бліжэйшым пасяджэнні, і ўлічыць яго ў сваіх планах (дзеяннях). Аб рашэннях (планах), прынятых органамі мясцовага кіравання і (або) самакіравання па выніках грамадскіх слуханняў, апавяшчаюцца ініцыятары.

7) прадугледзець максімальныя гарантыі забеспячэння права грамадзян на грамадскія абмеркаванні (грамадскія слуханні).

Сярод такіх гарантый:

– абскарджанне ў парадку падпарадкаванасці (першая стадыя);

– судовае абскарджанне (другая стадыя);

– права на зварот у парламент і орган мясцовага самакіравання;

– права на ініцыяванне рэферэндуму (рэспубліканскага або мясцовага).

Яшчэ адной гарантыяй права грамадзян на грамадскія абмеркаванні (грамадскія слуханні) можа стаць прыняцце мясцовымі прадстаўнічымі органамі Палажэнняў аб грамадскіх абмеркаваннях (грамадскіх слуханнях) па пытаннях мясцовага жыцця.

 

Органы, якія прымаюць рашэнні:

Парламент, Савет Міністраў, мясцовыя Саветы дэпутатаў.

 

Нарматыўны-прававыя акты

– Закон Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх абмеркаваннях праектаў рашэнняў, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі, а таксама органамі мясцовага кіравання і самакіравання”.

– Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. №108-З “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”;

– Закон Рэспублікі Беларусь ад 5 кастрычніка 1994 г. № 3266-XII “Аб палітычных партыях”;

– Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. №114-З “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь”;

– рашэнне мясцовых Саветаў дэпутатаў – Палажэнне аб грамадскіх абмеркаваннях (грамадскіх слуханнях) па пытаннях мясцовага жыцця.

admin2

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі