РэформыРЭФОРМА ЭНЕРГЕТЫЧНАГА СЕКТАРУ

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/00002.png

Кароткае апісанне

Актуальнасць рэфармавання Нацыянальнага энергетычнага сектару абумоўлена неабходнасцю забяспечыць энергетычную бяспеку краіны, імклівымі зменамі клімату, негатыўнымі эканамічнымі і экалагічнымі наступствамі выкарыстання традыцыйных крыніц энергіі.

Рэформа прадугледжвае рашучыя меры, накіраваныя на энергазабеспячэнне пераважна за кошт аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ), скарачэнне залежнасці Беларусі ад імпартнага газу, дэцэнтралізацыю энергазабеспячэння, а таксама намаганні, накіраваныя на поўнае выкарыстанне вялікага патэнцыялу павышэння энергаэфектыўнасці пры дапамозе найлепшых даступных тэхналогій. Прапануецца комплексны падыход, уключаючы працу з паводзіннымі ўстаноўкамі энергаспажывання. У выніку ўкаранення стратэгій і планаў змяняюцца і паводзіны людзей.

ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

Сёння вызначальным фактарам для энергетычнай сістэмы Беларусі з’яўляецца высокая залежнасць ад знешніх энергетычных рэсурсаў: амаль 90% паліва, якое выкарыстоўваецца ў энергетычным сектары, імпартуецца з Расійскай Федэрацыі. Такая высокая залежнасць становіцца прычынай шэрагу сур’ёзных праблем і робіць энергетычны сектар вельмі ўразлівым да любых зменаў на газавым рынку.

Павышэнне коштаў на імпартаваны газ з Расійскай Федэрацыі прыводзіць да павышэння ўнутраных цэн на газ і тарыфаў на электраэнергію ў Беларусі. Акрамя таго, частка абсталявання ў беларускай энергасістэме тэхналагічна састарэла і выпрацавала свой праектны рэсурс, патрабуе мадэрнізацыі або замены на сучасныя тэхналагічныя рашэнні. Таму асноўнай мэтай паэтапнага рэфармавання энергетычнага сектару Беларусі павінна стаць скарачэнне аб’ёмаў выкарыстання выкапнёвых відаў паліва і памяншэнне залежнасці ад імпартуемых рэсурсаў.

Усё больш урадаў, навукоўцаў, інстытутаў грамадзянскай супольнасці разглядаюць пераход ад існуючай энергетычнай сістэмы на аснове выкарыстання выкапнёвага і ядзернага паліва да сістэмы, заснаванай пераважна на выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ). Такі пераход стабілізуе сітуацыю з выкідамі парніковых газаў, надасць дадатковыя імпульсы эканамічнаму росту, дапаможа вырашыць лакальныя праблемы, звязаныя з забруджваннем паветра, і ў будучыні забяспечыць краіне і рэгіёнам энергетычную незалежнасць.

Апошнія гады ў сектары аднаўляльнай энергетыкі назіраецца ўстойлівае зніжэнне коштаў на сонечныя, ветравыя і іншыя тэхналогіі, таму і агульнасусветнай тэндэнцыяй з’яўляецца стабільны рост долі аднаўляльных крыніц энергіі. У лістападзе 2015 г. Беларусь далучылася да Парыжскай дамовы аб змяненні клімату (ратыфікавала яе ў верасні 2016 г.). Заяўленая ў нацыянальна вызначаных абавязацельствах краіны мэта — забяспечыць да 2030 г. скарачэнне выкідаў парніковых газаў не менш чым на 28% ад узроўню выкідаў 1990 г.

Дадзеныя абавязацельствы Беларусі абапіраюцца толькі на ўнутраны патэнцыял краіны і прымаюцца без якіх-небудзь дадатковых умоў (гэта значыць, абавязацельства не прадугледжвае выкарыстанне механізмаў міжнароднага вугляроднага рынку і прыцягненне замежных фінансавых рэсурсаў для ўкаранення найлепшых даступных тэхналогій). Такія высокія паказчыкі мэты грунтуюцца, у асноўным, на планах па ўвядзенні ў эксплуатацыю Беларускай АЭС і далейшых мерах па зніжэнні вугляродаёмістасці эканомікі, але практычна не абапіраюцца на далейшае развіццё аднаўляльных крыніц энергіі (мэта Беларусі па ўкараненні АКЭ — 8% да 2030 г. і 9% да 2035 г.).

У канцэпцыі энергетычнай бяспекі Беларусі, прынятай у канцы 2015 г., таксама пазначана, што ўзровень залежнасці ад знешніх пастаўшчыкоў застаецца крытычным, і ўстанаўліваюцца канкрэтныя мэты па зніжэнні залежнасці ад паставак з-за мяжы (да 2035 г. доля Расійскай Федэрацыі ў імпарце энергарэсурсаў павінна быць зніжана на 20%, з 90% да 70%). І ў гэтай стратэгіі ключавым момантам з’яўляецца тое, што газ будзе замяшчацца энергіяй Беларускай АЭС, паліва для якой плануецца закупляць у той жа Расійскай Федэрацыі.

Прычым гэтая залежнасць стане яшчэ мацней, таму што замяніць пастаўшчыка будзе амаль немагчыма. Усё гэта дазваляе казаць пра тое, што стратэгія беларускага ўрада не здольная забяспечыць рэальныя змены ў энергетычнай бяспецы Беларусі і, па сутнасці, захоўвае статус-кво ў залежнасці ад Расійскай Федэрацыі, замяняючы толькі віды імпартаванага паліва.

У Беларусі забяспечана магчымасць валодання аб’ектамі АКЭ для замежных інвестараў (пры гэтым дзяржава гарантуе набыццё энергіі). Аднак канчатковы спажывец мае магчымасць купляць электраэнергію толькі цэнтралізавана праз дзяржаўнага рэгулятара, не маючы магчымасці закупляць энергію, атрыманую з аднаўляльных крыніц, непасрэдна ў прыватнага вытворцы.

Адметнай асаблівасцю рэгулявання сектару аднаўляльнай энергетыкі ў Беларусі з’яўляецца выкарыстанне механізму кваціравання стварэння ўстановак, якія выкарыстоўваюць аднаўляльныя крыніцы энергіі. Ён стаў рэакцыяй на высокія тэмпы развіцця АКЭ ва ўмовах наяўнасці падвышаючых каэфіцыентаў і абавязковага выкупу дзяржавай атрыманай энергіі пры недахопе бюджэтных сродкаў, прызначаных для гэтых мэт.

У адпаведнасці з дзеючым у Беларусі механізмам колькасць інвестараў і аб’ёмы будаўніцтва новых установак абмежаваныя (акрамя ўстановак, якія выкарыстоўваюцца толькі для гаспадарчай дзейнасці, але не для продажу атрыманай энергіі), у той час як наяўнасць падвышальных каэфіцыентаў для інвестараў, якім удалося атрымаць квоту, гарантаваная на працягу 10 гадоў пасля ўводу ўстаноўкі ў эксплуатацыю.

На дадзены момант колькасць заявак на выдзяленне квотаў на будаўніцтва ўстановак, якія выкарыстоўваюць АКЭ, у разы перавышае ўстаноўленыя дзяржавай аб’ёмы. Механізм кваціравання (як і наяўнасць павышаючых каэфіцыентаў) неаднаразова падвяргаўся крытыцы ў тым ліку з боку дзяржаўных органаў у Рэспубліцы Беларусь як неэфектыўны і зводзячы тэмпы развіцця галіны да мінімуму.

У гарадскіх і ў нацыянальных стратэгічных дакументах няма выразна зафіксаваных прыярытэтаў развіцця транспартнага сектару. Пры гэтым транспартны сектар Беларусі расходуе каля 24% ад усёй энергіі, якая спажываецца ў краіне. У цэлым жа, у Беларусі ўжо прымаюцца пэўныя меры для дзяржаўнага стымулявання сектару аднаўляльнай энергіі і павышэння энергаэфектыўнасці. Але пры гэтым патэнцыял высокатэхналагічнага росту сектару сучаснай аднаўляльнай энергетыкі ў краіне застаецца вельмі вялікім, што разам з глыбінным аналізам станоўчых тэндэнцый развіцця і сусветнага вопыту ўкаранення АКЭ дазваляе казаць пра магчымасці ставіць больш амбіцыйныя мэты ўжо да 2025 г.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

  1. Паменшыць залежнасць ад імпартаваных рэсурсаў.
  2. Скараціць аб’ёмы выкарыстання выкапнёвых відаў паліва.
  3. Скараціць выкіды парніковых газаў.
  4. Максімальна выкарыстоўваць патэнцыял павышэння энергаэфектыўнасці.
  5. Знізіць рост выдаткаў на размеркаванне і транспарціроўку электрычнай энергіі і паліва і стратаў, якія пры гэтым узнікаюць.
  6. Знізіць энергаспажыванне, змяніць паводзінныя мадэлі спажывання.
  7. Забяспечыць энергетычную незалежнасць.
  8. Захаваць здароўе насельніцтва і якасць жыцця шляхам запавольвання росту забруджвання навакольнага асяроддзя.
  9. Знізіць негатыўны ўплыў транспартнага сектару на здароўе жыхароў гарадоў.
  10. Стымуляваць эканамічнае развіццё, звязанае з пашырэннем існуючых і з’яўленнем новых рынкаў і бізнес-мадэляў.
  11. Стварыць актуальныя кампетэнцыі і новыя працоўныя месцы.

КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

Рэформа прадугледжвае максімальнае выкарыстанне патэнцыялу павышэння энергаэфектыўнасці і справядлівае размеркаванне энергетычных рэсурсаў.

Пры гэтым неабходна ставіць амбіцыйныя, але рэалістычныя мэты максімальнага выкарыстання патэнцыялу павышэння энергаэфектыўнасці. Скарачэнне энергаспажывання досыць раўнамерна размяркоўваецца прамысловасцю, транспартным і бытавым/камерцыйным сектарамі.

У аснове гэтага падыходу ляжыць рацыянальнае выкарыстанне, але не поўная адмова ад выкарыстання энергіі. У яго аснове наступныя меры:

1. Паляпшэнне цеплаізаляцыі і праектавання будынкаў. Будынкі энергаэфектыўнай архітэктуры тэхналогіі “пасіўны дом” маюць практычна нулявыя выкіды вугляроду. Прычым найбольшы эфект можа быць дасягнуты не за кошт будаўніцтва новых будынкаў, а за кошт мадэрнізацыі існуючых. У гэтым напрамку ўрад павінен паскорыць тэмпы мадэрнізацыі існуючага жылога фонду. Пры гэтым такая мадэрнізацыя ўсіх будынкаў павінна быць максімальнай, улічваючы доўгі тэрмін іх эксплуатацыі.

Электрапрыборы, вытворчыя працэсы, ацяпленне і ахалоджванне вытворчых будынкаў, а таксама ўсе віды транспартных тэхналогій утрымліваюць істотны патэнцыял энергаэфектыўнасці. Новыя тэхналогіі будуць укараняцца ва ўсіх сектарах у межах звычайных тэмпаў замяшчэння.

2. Дэцэнтралізаваныя крыніцы энергіі і маштабнае выкарыстанне АКЭ. Такія крыніцы інтэграваныя ў сістэму мясцовай размеркавальнай сеткі, да якой падлучаны дамы, офісы, а таксама малыя прадпрыемствы. Мы прапануем выкарыстоўваць размеркаваную энергію – энергію, якая вырабляецца ў месцы спажывання або побач з месцам спажывання. Размеркаваная вытворчасць энергіі — гэта электрастанцыі, падлучаныя да нізкавольтных і сярэдневольтных ліній электраперадач з сярэдняй адлегласцю перадачы ад некалькіх сотняў метраў да 100 кіламетраў. Магчымыя некалькі розных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў размеркаваных электрастанцыях: сонечныя, наземныя ветравыя турбіны, рэчышчныя гідраэлектрастанцыі, біяэлектрастанцыі і геатэрмальныя электрастанцыі.

3. Выкарыстанне малых мадэляў ветравых тэхналогій у вытворчасці электраэнергіі для раёнаў, якія не падлучаны да цэнтральнай электрасеткі, пры дапамозе акумулятарных батарэй.

4. Выкарыстанне сонечнай энергіі прыватнымі хатнімі гаспадаркамі і малымі прадпрыемствамі. Істотнае скарачэнне кошту сонечных накрышных фотаэлектрычных сістэм прыводзіць да “сеткавага парытэту” практычна ва ўсіх прамыслова развітых краінах. Такім чынам, хатнія гаспадаркі і малыя прадпрыемствы змогуць вырабляць сваю ўласную сонечную электрычную энергію з такімі ж ці меншымі выдаткамі, чым тарыфы на электраэнергію, якая пастаўляецца энергасеткамі.

5. Аўтаномныя ацяпляльныя/ахаладжальныя сістэмы, падлучаныя да сістэм цэнтральнага ацяплення, выкарыстоўваюцца для цепла- або холадазабеспячэння асобнага будынка: сонечныя цеплавыя калектары, ацяпляльныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць энергію біямасы і (геатэрмальныя) цеплавыя помпы (гэта гібрыдныя прылады, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі аднаўляльнай энергіі і энергаэфектыўнасці, і цеплавыя помпы, якія ператвараюць 1 адзінку электрычнай энергіі ў 4 адзінкі цяпла).

6. Увядзенне ў эксплуатацыю біягазавых комплексаў, якія працуюць на адкідах жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, мясаперапрацоўкі, цукровых заводаў, сцёкавых вод. Падобныя комплексы дазваляюць выпрацоўваць электраэнергію з біягазу, які атрымліваецца пры закісанні арганічных адкідаў. Прычым біягазавыя ўстаноўкі не толькі вырабляюць электрычную і цеплавую энергію, але і высокаякасныя ўгнаенні, забяспечваюць утылізацыю адкідаў, скарачаюць выкіды метану ў атмасферу.

7. Укараненне інтэлектуальных (разумных – smart-grid) сістэм кіравання генерацыяй і размеркаваннем электраэнергіі. Павелічэнне долі генерыруючых магутнасцяў размеркаванай сонечнай і наземнай ветравой энергетыкі, падлучаных да размеркавальных і сярэдневольтных сетак, а таксама генерыруючых магутнасцяў ветравых і канцэнтраваных сонечных станцый, падлучаных да ліній электраперадач, патрабуе развіцця інфраструктуры як з пункту гледжання фізічнай устаноўкі, так і кіравання.

Акрамя таго, размеркаванне генерыруючых магутнасцяў паміж рознымі ўзроўнямі напружання патрабуе пашырэння электрасетак і/або магчымасцяў дыспетчарызацыі. У будучыні існуючыя газавыя трубаправоды і сховішчы могуць быць выкарыстаны для транспарціроўкі і захоўвання аднаўляльнага вадароду і/або метану.

8. Інвестыцыйныя праекты АКЭ накіраваныя на забеспячэнне больш інтэнсіўнага адкрыцця беларускага энергасектару для замежных інвестыцый.

Цеплаэнергетычныя тэхналогіі на аснове аднаўляльных крыніц энергіі з’яўляюцца вельмі рознымі – ад нізкатэхналагічных печаў для спальвання біямасы і непакрытых сонечных калектараў да высокатэхналагічных і складаных геатэрмальных і сонечных сістэм. Такім чынам, неабходны дэталёвы разлік патрэбных аб’ёмаў інвеставання для рэалізацыі мер па маштабным укараненні АКЭ.

9. Адукацыя і падрыхтоўка кадраў для аднаўляльнай энергетыкі ў сувязі са з’яўленнем новых кампетэнцый у будаўніцтве і кіраванні энергааб’ектамі на аснове АКЭ.

Устойлівасць транспартнага сектару будзе забяспечвацца пры дапамозе трох розных падыходаў:

Рацыянальнае выкарыстанне: Адмова ад выкарыстання транспарту, калі ў гэтым няма абгрунтаванай неабходнасці, з дапамогай развіцця мадэлі “кампактнага горада”.

Змена відаў транспарту: стымуляванне выкарыстання больш устойлівых відаў перамяшчэння (такіх як грамадскі транспарт, хадзьба, язда на ровары) і адмовы ад выкарыстання прыватнага аўтатранспарту.

Удасканаленне: найменш эфектыўныя віды транспарту (напрыклад, прыватныя легкавыя аўтамабілі) павінны стаць максімальна эфектыўнымі.
Стратэгічным прынцыпам канцэпцыі гарадской мабільнасці, які спрыяе ўстойлівай мабільнасці, з’яўляецца якасць гарадскога асяроддзя, уключаючы вуліцы і прасторы, якія павінны стымуляваць выбар на карысць устойлівай мабільнасці, што, у сваю чаргу, павышае якасць жыцця, робячы яго бяспечным, эканамічна эфектыўным, устойлівым і інклюзіўным.

10. Стварэнне комплексных гарадскіх і нацыянальных транспартных стратэгій, планаў мабільнасці (сёння рэалізуюцца толькі ў гарадах Полацку і Наваполацку). Гэтыя дакументы павінны ахопліваць усю транспартную праблематыку. Неабходна праводзіць мерапрыемствы па развіцці пешаходнага і роварнага руху, партатыўнага транспарту, затым грамадскага пасажырскага транспарту, затым асабістага аўтамабільнага транспарту.

11. Укараненне механізмаў кіравання транспартным попытам.

На сёння прымяняюцца толькі платныя паркоўкі ў гарадах, аднак прапануюцца для разгляду наступныя пазіцыі: стварэнне зон платнай аўтамабільнай паркоўкі ва ўсіх цэнтрах вялікіх гарадоў, увядзенне платнага ўезду ў гарады, забарона транзітнага руху праз гарады, пераўтварэнне некаторых вуліц у пешаходныя, зніжэнне абмежавання хуткасці ў гарадах да 30 і 50 км/г, увядзенне сістэмы падаткаў, якая карэктуецца.

12. Рэалізацыя горадабудаўнічых праектаў, якія зніжаюць патрэбу ў перамяшчэнні жыхароў шляхам стымулявання будаўніцтва шматфункцыянальнай забудовы, якая зніжае патрэбу ў перамяшчэнні жыхароў.

13. Укараненне механізмаў эканамічнай кампенсацыі негатыўнага экалагічнага ўздзеяння транспарту. Неабходна распрацаваць метадалогію вызначэння поўных выдаткаў грамадства на паездкі рознымі відамі транспарту. Распрацаваць і ўкараніць эканамічны механізм, які б кампенсаваў грамадству ўтоеную субсідыю на выкарыстанне транспартнага сродку і стымуляваў грамадзян выкарыстоўваць найбольш экалагічна, энергетычна і эканамічна эфектыўны від транспарту.

14. Развіццё гарадскога пасажырскага транспарту. Неабходна стымуляваць павышэнне якасці і хуткасці пасажырскага транспарту, а таксама яго электрыфікацыі. Таксама стварэнне і паэтапнае ўкараненне транспартнай сістэмы, у якой можна лёгка камбінаваць віды транспарту. Развіццё розных формаў сумеснага выкарыстання паездак на аўтамабілі, стымуляванне адмовы ад валодання аўтамабілем у выключнай уласнасці (каршэрынг, карпул).

15. Развіццё электрамабільнага транспарту. Рэалізацыя распрацаванай і зацверджанай у лістападзе 2018 г. “Праграмы развіцця зараднай інфраструктуры і электрамабільнага транспарту ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2025 гг.”. Стварэнне дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў.

16. Развіццё роварнага транспарту і байкшэрынгу. Пастаноўка амбіцыйных мэт у галіне развіцця роварнага руху і распрацоўка адпаведных праграм, стымуляванне выкарыстання ровараў, стварэнне гарадскіх пракатаў ровараў.

17. Развіццё пешаходнага руху і партатыўнага транспарту. Неабходна стымуляваць выкарыстанне скутараў, сігвеяў, хавербордаў, самакатаў і іншага партатыўнага транспарту, ствараць пешаходныя вуліцы, змяняць характар вуліц на больш спрыяльны пешаходнаму руху, змяняць адпаведныя нарматыўныя дакументы.

18. Падрыхтоўка нарматыўнай базы для распаўсюджвання тэхналогіі беспілотных аўтамабіляў.

Развіццё электрычных аўтамабіляў, павелічэнне доляў ветравой і сонечнай энергетыкі запатрабуюць выкарыстання тэхналогій акумулявання энергіі, такіх як вадарод, аднаўляльны метан і гідраакумулюючыя электрастанцыі.

19. Акумуляцыя энергіі з дапамогай батарэй, партатыўных прылад захоўвання энергіі (яны таксама ляжаць у аснове прывадных сістэм, такіх як транспартныя сродкі з гібрыдным прывадам і ўсе аўтамабілі з электрычным прывадам) павялічыць гнуткасць энергетычнай сістэмы для інтэграцыі электрасетак, забяспечыць збалансаванасць нагрузкі і надзейнага энергазабеспячэння.

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ

– Савет Міністраў.

– Міністэрства энергетыкі.

– Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі.

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

– Закон Рэспублікі Беларусь “Аб аднаўляльных крыніцах энергіі” (ад 27 снежня 2010 г. № 204-З).

– Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.05.2015 г. № 209 “Аб выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі”.

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2015 г. № 66265, якой рэгламентуецца механізм кватавання стварэння ўстановак, якія выкарыстоўваюць АКЭ.

– Пастанова Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь № 100 “Аб тарыфах на электрычную энергію, што вырабляецца з аднаўляльных крыніц энергіі” ад 30 чэрвеня 2011 г.

– Канцэпцыя энергетычнай бяспекі (пастанова Савета Міністраў ад 23.12.2015 г. № 1084).

– Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Беларусі.

– План мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення да Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб змяненні клімату (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 2016 г. № 345 у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2018 г. № 491).

– Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.12.2010 г. № 625 “Аб некаторых пытаннях скарачэння выкідаў парніковых газаў”.

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2005 г. № 1582 “Аб рэалізацыі палажэнняў Кіёцкага пратакола да Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб змяненні клімату”.

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.04.2006 г. № 485 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку вядзення Дзяржаўнага кадастру антрапагенных выкідаў з крыніц і абсорбцыі паглынальнікамі парніковых газаў”.

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.05.2006 г. № 585 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб нацыянальнай сістэме інвентарызацыі парніковых газаў”.

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25.08.2006 г. № 1077 “Аб Нацыянальным рэестры вугляродных адзінак Рэспублікі Беларусь”.

– Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2009 г. № 466 “Аб парадку прадстаўлення, разгляду і маніторынгу праектаў па добраахвотным скарачэнні выкідаў парніковых газаў”.

– Стварэнне комплексных гарадскіх і нацыянальных транспартных стратэгій, планаў мабільнасці.

– Падрыхтоўка нарматыўнай базы для распаўсюджвання тэхналогіі беспілотных аўтамабіляў.

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Беларуская партыя “Зялёныя”.

editor

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі