РэформыКАНЦЭПЦЫЯ РЭФАРМАВАННЯ ПРЭЗІДЭНЦКАЙ УЛАДЫ

Арганізацыя, адказная за распрацоўку рэформы

Аб’яднаная Грамадзянская партыя.

 

Кароткае апісанне

Пасля 1994 г. падзел улады ў Беларусі на заканадаўчую, выканаўчую і судовую набыў чыста дэкаратыўны характар. Многія рысы аўтарытарнага праўлення былі закладзены яшчэ ў Канстытуцыі 1994 г. і затым замацаваны ў зменах 1996 г. З гэтага перыяду ўсе галіны ўлады падпарадкоўваюцца прэзідэнту краіны і яго адміністрацыі. Быў ліквідаваны не толькі вертыкальны падзел уладаў, але і гарызантальны – з дапамогай прэзідэнцкай вертыкалі. Вынік – паступовая ліквідацыя дэмакратычных пераўтварэнняў пачатку 90-х гг., згортванне рынкавых рэформ, пазбаўленне грамадзян Беларусі рэальнага выбарчага права. Апошнія змены ў Канстытуцыю (люты 2022 г.) яшчэ мацней зацэментавалі аўтарытарны рэжым у краіне.

Для вяртання на дэмакратычны шлях развіцця неабходны поўны дэмантаж лукашэнкаўскай сістэмы ўлады, вяртанне да рэальнай незалежнасці заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, да свабодных сумленных і дэмакратычных выбараў.

Баланс розных галін улады можа быць гарантаваны выключна ў рамках асноўнага закону, паколькі для яго рэальнага ажыццяўлення неабходна вырашыць цэлы комплекс праблем, што немагчыма зрабіць асобнымі, нават вельмі якаснымі законамі.

 

Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана рэформа

Галоўнай праблемай, на вырашэнне якой накіравана рэформа прэзідэнцкай улады, з’яўляецца вяртанне да незалежнасці розных галін улады адна ад адной, іх поўнай самастойнасці і самадастатковасці. Прэзідэнт павінен быць пазбаўлены не ўласцівых яму паўнамоцтваў. У заканадаўчай сферы – гэта пазбаўленне права выдання дэкрэтаў, якія маюць (а часам і перавышаюць) сілу закона. У судовай галіне – вызваліць суддзяў розных узроўняў ад залежнасці ад прэзідэнта. Прэзідэнт не павінен таксама кантраляваць выканаўчую ўладу, тасуючы па сваім меркаванні кіраўнікоў і чальцоў урада. Неабходна таксама вярнуць рэальнае мясцовае самакіраваньне.

Адной з галоўных складовых частак будучай палітычнай рэформы з’яўляецца ліквідацыя цяперашняй сістэмы прэзідэнцкай улады. Зрабіць гэта можна толькі шляхам прыняцця новай Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе еўрапейскія каштоўнасці, якая разглядае ўсе асноўныя правы чалавека як іманентна ўласцівыя кожнаму чалавеку ад нараджэння.

 

Мэты і задачы рэформы

  1. Змяненне ролі і функцый прэзідэнта, пазбаўленне яго неўласцівых паўнамоцтваў, у прыватнасці гаранта Канстытуцыі, адказнага за ўсё і ўся.
  2. Ператварэнне прэзідэнта краіны ў кіраўніка дзяржавы, які выконвае ў асноўным цырыманіяльныя функцыі, які з’яўляецца ў той жа час галоўным маральным аўтарытэтам і ўзорам для пераймання для грамадзян.
  3. Улічваючы, што аўтарытарны рэжым можа грунтавацца не толькі на прэзідэнце, але і на любым іншым кіраўніку выканаўчай улады, захаванне за прэзідэнтам часткі паўнамоцтваў, якія дазваляюць яму быць арбітрам у самых складаных сітуацыях.

 

Асноўныя меры па рэалізацыі рэформы

  1. Змяненне парадку абрання прэзідэнта.
  2. Стварэнне рэальнага спосабу адхілення прэзідэнта ад пасады ў выпадку працяглай непрацаздольнасці, учынення злачынства ці парушэння прысягі.
  3. Увядзенне абавязковага кантролю за станам здароўя прэзідэнта.
  4. Кардынальнае змяншэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, пазбаўленне магчымасці ўплываць на дзейнасць заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, у тым ліку прызначаць і звальняць суддзяў, прызначаць і звальняць кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады, прызначаць і звальняць прэм’ер-міністра і асобных кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў.
  5. Надзяленне паўнамоцтвамі правядзення кансультацый з кіраўнікамі фракцый Сойма па кандыдатуры прэм’ер-міністра, правам прадстаўлення такой кандыдатуры Сойма ў строга вызначаным Канстытуцыяй парадку.
  6. Надзяленне паўнамоцтвамі ў строга вызначаных Канстытуцыяй выпадках роспуску Сойма і прызначэнні новых выбараў.
  7. Абавязак перадачы каштоўных падарункаў, у тым ліку з-за мяжы, ва ўладанне дзяржавы.
  8. Даступнасць звестак аб службовым акладзе прэзідэнта, абавязковае штогадовае дэклараванне маёмасці і даходаў прэзідэнта і членаў яго сям’і.
  9. Ліквідацыя адміністрацыі прэзідэнта ў яе цяперашнім выглядзе, рэарганізацыя падведамных ёй устаноў, стварэнне кампактнай канцылярыі прэзідэнта.
  10. Ліквідацыя Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, рэарганізацыя падведамных ёй устаноў.
  11. Устанаўленне парадку стварэння і дзейнасці Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь.
  12. Заканадаўчае афармленне парадку абслугоўвання і аховы прэзідэнта і членаў яго сям’і, гарантый і кампенсацый, якія прадастаўляюцца дзейнаму прэзідэнту і прэзідэнту ў адстаўцы.

 

Органы, якія прымаюць рашэнні

Усенародны рэферэндум

Сойм Рэспублікі Беларусь

 

Нарматыўна-прававыя акты

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Арганічны Закон аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Арганічны Закон аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь

Закон Рэспублікі Беларусь аб люстрацыі

Статут Сойма Рэспублікі Беларусь.

admin2

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі