Арганізацыя, адказная за распрацоўку рэформы
Аб’яднаная Грамадзянская партыя, цэнтр “Еўрапейскі дыялог”.
Кароткае апісанне
- Статус і функцыі Прэзідэнта дастаткова падрабязна выкладзены ў Праекце Канстытуцыі, у главе 6, якая складаецца з 9 артыкулаў, таму адсутнічае неабходнасць дубліравання палажэнняў Канстытуцыі ў дадзеным Законе.
- Улічваючы негатыўны вопыт прэзідэнцкай улады ў Рэспубліцы Беларусь усе пытанні Прэзідэнтуры павінны быць распісаны як мага больш дэталёва, каб пазбегнуць канфлікту інтарэсаў з галінамі ўлады і, наадварот, разумнага дапаўнення іх.
- Прэзідэнт згодна з Канстытуцыяй новай Беларусі, з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, галоўнакамандуючым узброенымі сіламі (магчыма, трэба дадаць – вярхоўным галоўнакамандуючым у ваенны час), вышэйшай службовай асобай краіны.
- У адрозненне ад дзеючай Канстытуцыі Прэзідэнт не з’яўляецца гарантам Канстытуцыі, гэтая функцыя належыць Канстытуцыйнаму суду РБ.
- Прэзідэнт не мае дачынення ні да адной з галін улады, ён таксама не з’яўляецца нейкай асобнай галіной улады, разам з тым функцыянаванне Прэзідэнтуры павінна выклікаць глыбокую павагу да пасады і асобы Прэзідэнта, што падмацоўваецца адпаведнымі атрыбутамі прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і працэдурамі.
- Асноўнымі задачамі Арганічнага закона “Аб Прэзідэнце” з’яўляюцца:
– фармалізацыя паўнамоцтваў, выкладзеных у Канстытуцыі;
– забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта. Фарміраванне і дзейнасць канцылярыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі;
– бытавое ўладкаванне Прэзідэнта і яго сям’і, заработная плата Прэзідэнта;
– гарантыі і кампенсацыі дзеючаму Прэзідэнту і Прэзідэнту ў адстаўцы;
– неабходныя абмежаванні дзеянняў Прэзідэнта, якія адсутнічаюць у Канстытуцыі.
- Атрыбуты прэзідэнтуры.
Прэзідэнт і яго офіс (магчыма, “канцылярыя”), размяшчаюцца ў спецыяльна выдзеленым будынку – рэзідэнцыі Прэзідэнта. Там жа знаходзяцца і жылыя памяшканні сям’і Прэзідэнта і, пры неабходнасці, жылыя памяшканні часткі абслугоўваючага персаналу. Выкарыстанне цяперашняга “Палаца Незалежнасці” у якасці рэзідэнцыі Прэзідэнта ўяўляецца немэтазгодным. У выпадку выкарыстання ў якасці рэзідэнцыі Прэзідэнта будынка, які мае гістарычную каштоўнасць, павінен быць распрацаваны парадак доступу грамадзян Беларусі і замежных гасцей у будынак рэзідэнцыі.
Прэзідэнт мае свой штандар, апісанне і парадак выкарыстання якога павінны выкладацца ў Законе. Неабходна вызначыць іншыя сімвалы пасады кіраўніка дзяржавы (прэзідэнцкі друк, ланцуг і да т.п.).
За Прэзідэнтам замацоўваюцца транспартныя сродкі – аўтамабіль (аўтамабілі), самалёт, верталёт. Абслугоўванне транспартных сродкаў ажыццяўляюць адпаведныя ведамствы. Закон павінен вызначыць правілы карыстання транспартнымі сродкамі самім Прэзідэнтам, а таксама членамі яго сям’і.
У Законе ўстанаўліваецца заработная плата Прэзідэнта (або парадак яе вызначэння), гарантыі і кампенсацыі (у прыватнасці, абслугоўваючы персанал), неабходныя для нармальнага ажыццяўлення паўнамоцтваў. Службовы аклад Прэзідэнта, як вышэйшай службовай асобы ў краіне, павінен быць самым высокім сярод дзяржаўных служачых.
Закон устанаўлівае абавязковасць штогадовага дэкларавання Прэзідэнтам і членамі яго сям’і даходаў і маёмасці.
Закон вызначае парадак пенсіённага забеспячэння Прэзідэнта ў адстаўцы, а таксама гарантыі і кампенсацыі яму і членам яго сям’і.
За Прэзідэнтам і членамі яго сям’і замацоўваецца ахова. Пералік ахоўных асоб, парадак ажыццяўлення аховы, вызначаецца асобным законам.
- Статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта.
Прэзідэнт прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Гэта значыць, што менавіта Прэзідэнт удзельнічае ў міжнародных сустрэчах і канферэнцыях на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Прэм’ер-міністр ці Міністр замежных спраў узначальваюць дэлегацыю па даручэнні Прэзідэнта.
Закон удакладняе парадак прынясення прысягі, у прыватнасці, месца, фармат прынясення прысягі, удзельнікаў цырымоніі з улікам гістарычнай спадчыны.
Неабходна ўдакладненне ў п.2, арт. 92. Наступствы, прадугледжаныя артыкулам, наступаюць у выпадку сыходу ў адстаўку без уважлівых прычын.
Указваецца на забарону ўдзелу Прэзідэнта ў навінавых перадачах радыё і ТБ, выступаў з публічнымі каментарамі, асабліва калі паміж палітычнымі партыямі ўзнікаюць рознагалоссі. Гэты партыйна-палітычны нейтралітэт і дыстанцыяванне ад паўсядзённай партыйнай палітыкі дазваляюць прэзідэнту ўплываць на грамадскія дэбаты, выказваць крытыку і ўносіць прапановы.
Пажадана падрабязна распісаць працэдуру прадстаўлення кандыдатаў на пасады Генеральнага пракурора і Старшыні праўлення Нацыянальнага банка РБ, магчымасць (або немагчымасць) вяртання міжнародных дагавораў для паўторнага разгляду (у тым ліку тых, якія не супярэчаць Канстытуцыі на думку Канстытуцыйнага Суда).
Прэзідэнт Рэспублікі па пытаннях арганізацыі ўнутранай работы Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі і ў іншых устаноўленых прававымі актамі выпадках выдае распараджэнні.
Уручаныя Прэзідэнту Рэспублікі падарункі, атрыманыя ім у час афіцыйных візітаў у замежныя дзяржавы, а таксама падарункі, уручаныя яму прадстаўнікамі замежных дзяржаў у час іх афіцыйных візітаў у Беларусь, з’яўляюцца дзяржаўнай маёмасцю, якая захоўваецца ў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі. Гэтыя падарункі ва ўстаноўленым парадку могуць быць перададзены на захоўванне ў музеі, а падарункі, якія ўяўляюць асаблівую каштоўнасць – у Нацыянальны Банк РБ. Закон павінен вызначыць максімальны кошт падарункаў, якія могуць быць пакінуты ва ўласнасці Прэзідэнта або членаў яго сям’і.
- Офіс (Канцылярыя) Прэзідэнта
Офіс (Канцылярыя) Прэзідэнта Рэспублікі з’яўляецца дзяржаўнай установай, якая дапамагае Прэзідэнту Рэспублікі ў рэалізацыі яго функцый і ажыццяўляе фінансавае, гаспадарчае і матэрыяльнае абслугоўванне рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі.
Канцылярыя (Офіс) Прэзідэнта Рэспублікі з’яўляецца юрыдычнай асобай, якая мае разліковы рахунак у банку, пячатку з выявай дзяржаўнага герба РБ і найменнем “Канцылярыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Кіраўнік Канцылярыі ва ўстаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўнай службе парадку на конкурснай аснове прымаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі.
Палажэнне аб Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі і яе структура зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі (варыянт – законам).
Прэзідэнт РБ самастойна зацвярджае абмежаваную колькасць работнікаў канцылярыі, у тым ліку колькасць дзяржаўных служачых. Штатны расклад зацвярджаецца кіраўніком Канцылярыі.
- Савет Бяспекі
Савет Бяспекі РБ засноўваецца ўказам Прэзідэнта РБ у складзе, вызначаным Канстытуцыяй. Дадаткова ў Савет Бяспекі ўваходзяць Старшыня праўлення Нацыянальнага Банка і Генеральны пракурор краіны.
Савет Бяспекі пратакольным рашэннем можа ўключыць у свой склад на пастаяннай або часовай аснове іншых службовых асоб, неабходных для прыняцця рашэнняў па тых ці іншых праблемах.
Пасяджэнні Савета Бяспекі стэнаграфуюцца. Рашэнні прымаюцца простай большасцю членаў адкрытым галасаваннем. Пры неабходнасці па выніках абмеркавання выдаюцца ўказы, пастановы ўрада або ўносяцца законапраекты.
- Іншае
Ахова здароўя Прэзідэнта РБ. У Законе вызначаецца парадак забеспячэння здароўя, а таксама парадак нагляду за станам здароўя Прэзідэнта. За Прэзідэнтам замацоўваецца ўрач (урачы), вызваленыя ад выканання іншых абавязкаў.
У законе прадугледжваецца штогадовая абавязковая дыспансерызацыя Прэзідэнта з адкрытай публікацыяй яе вынікаў.
Парадак выканання рэпрэзентатыўных функцый паводле дыпламатычнага пратаколу жонкай (мужам) Прэзідэнта, гарантыі і кампенсацыі вызначаюцца дадзеным законам. Разглядаюцца таксама пытанні часовага вызвалення ад работы на перыяд ажыццяўлення такіх функцый і спосаб захавання заробку ў поўным аб’ёме.
Парадак часовага замяшчэння пасады Прэзідэнта. Пасада таксама замяшчаецца Старшынёй Сойму, які працягвае выкананне ўласных абавязкаў. Такое замяшчэнне праводзіцца ў перыяд хваробы або замежнай камандзіроўкі Прэзідэнта. Закон таксама вызначае функцыі, якія не можа ажыццяўляць асоба часова замяшчаемая.
Сродкі, прызначаныя для фінансавання Прэзідэнта Рэспублікі, рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі і Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі, а таксама фінансавання іншых прадугледжаных гэтым Законам расходаў устанаўліваюцца для Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі ў законе аб зацвярджэнні фінансавых паказчыкаў дзяржаўнага бюджэту на кожны год.
- Заключныя палажэнні і ўступленне ў сілу.
Пасля прыняцця Закона Адміністрацыя прэзідэнта, Упраўленне справамі ліквідуецца, па кожнай арганізацыі, падпарадкаванай дадзеным структурам, прымаецца асаблівае рашэнне. Усе супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта і падведамственных устаноў, Упраўлення справамі падлягаюць люстрацыі. Рашэнне аб люстрацыі супрацоўнікаў падведамственных Упраўленню справамі ўстаноў вырашаецца ў адпаведнасці з законам.
Супрацоўнікі вышэйзгаданых устаноў, якія прайшлі люстрацыю, звальняюцца з працы з адпавяданнем дзеючаму працоўнаму заканадаўству.
Парадак уступлення закона ў сілу вызначаецца самім законам.