РэформыРЭФОРМА СІСТЭМЫ АДУКАЦЫІ

Арганізацыя, якая распрацоўвае рэформу:

Беларуская сацыял-лэмакратычная партыя (Грамада).

 

Кароткае апісанне рэформы:

БСДП выступае за ўвядзенне беларускай мовы як асноўнай мовы навучання ва ўсіх дзяржаўных і прыватных адукацыйных установах, стварэнне нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх дашкольных дзіцячых установах, павелічэнне колькасці гадзін для вывучэння беларускай мовы ў школах (п.10 Праграмы).

БСДП выступае за тое, каб школьная праграма адпавядала патрабаванням паступлення ў ВНУ. Адукацыйны працэс павінен пачынацца з 7 гадоў з увядзеннем нулявога класа з 6 гадоў. У школах павінна быць прафіляванне класаў, пачынаючы з сярэдніх, з’яўленне спецыялізаваных школ, стварэнне дзіцячых каналаў на беларускай і замежных мовах (п.50 Праграмы).

Новая школа павінна выхоўваць з дзяцей грамадзян, якія ведаюць свае грамадзянскія, палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы. БСДП выступае за ўвядзенне новых школьных прадметаў “Дэмакратыя”, “Мы і свет”, “Правы чалавека”. Колькасць вучняў у класах не павінна перавышаць 20 чалавек.

БСДП выступае за павышэнне заробкаў настаўнікам да ўзроўню сярэдніх заробкаў у краіне, а выкладчыкам ВНУ – у 1,5 разы ад памеру сярэдніх заробкаў. Усе педагогі павінны прайсці атэстацыю на прадмет прафесійнай прыдатнасці да далейшай працы і на валоданне беларускай і рускай мовамі.

БСДП выступае за магчымасць з’яўлення ў школах класаў на замежных мовах навучання, а таксама за камплектаванне педагагічных калектываў навучальных устаноў у адпаведнасці з прынцыпам гендэрнай роўнасці (п.50 Праграмы).

БСДП выступае за рэальную адпаведнасць адукацыйнай сістэмы Беларусі патрабаванням Балонскага працэсу, які гарантуе міжнароднае прызнанне дыпломаў, студэнцкае самакіраванне, універсітэцкую аўтаномію, магчымасць абмену студэнтамі, выкладчыкамі паміж рознымі ВНУ, а таксама абавязковыя выбары рэктараў і дэканаў (п.51 Праграмы).

БСДП выказваецца за дэпалітызацыю, дэідэалагізацыю і дэклерыкалізацыю навучальных устаноў, за вывядзенне са школ, ССНУ і ВНУ структур палітычных, ідэалагічных і рэлігійных аб’яднанняў (п.95 Праграмы).

БСДП выступае за бясплатную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах. Акрамя таго, усе школьнікі павінны забяспечвацца за кошт дзяржавы штодзённымі абедамі і штогадовым медыцынскім аглядам. З іншага боку, БСДП падтрымлівае прыватную ініцыятыву ў галіне адукацыі і лічыць, што прыватныя школы, каледжы і ўніверсітэты павінны існаваць пры ўмове адпаведнасці іх дзейнасці дзяржаўным і міжнародным стандартам у рамках Балонскага працэсу (п.96 Праграмы).

БСДП выступае за адмену платных пераздачаў, што дазволіць спыніць камерцыялізацыю адукацыйнага працэсу і ўзровень карупцыі ў гэтай галіне (п.97 Праграмы).

З улікам адзначаных палажэнняў, рэфармаванне павінна закрануць усе ўзроўні працэсу адукацыі (дашкольная, школьная, вузаўская і паслявузаўская), а таксама ўсе сферы адукацыйнага працэсу.

 

Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана рэформа

Цяперашняя сістэма адукацыі Беларусі на ўсіх узроўнях і формах паказвае заняпад і дэградацыю. Гэта выяўляецца, у прыватнасці, у тым, што школьнікі дэманструюць параўнальна нізкі ўзровень ведаў, у большасці з іх адсутнічае матывацыя да вучобы, роўна як і цікавасць да вывучэння замежных моў. Атрыманыя веды маюць фрагментарны, абстрактны характар, які не спрыяе развіццю асобы і грамадзяніна. Дзесяцібальная шкала адзнак не дазваляе дыферэнцаваць узровень падрыхтоўкі і дэвальвуе атрыманыя адзнакі.

Разнастайнасць і перапоўненасць класаў таксама не спрыяюць эфектыўнаму навучанню. Кожны з дзяцей патрабуе індывідуальнага падыходу і ўвагі. З улікам пажаданняў бацькоў мэтазгодна ствараць прыватныя школы і гімназіі, а таксама развіваць вучобу дома.

Дзеючы парадак паступлення ў ССУ і ВНУ вымушае жадаць лепшага. Школьныя адзнакі не дазваляюць аб’ектыўна меркаваць аб узроўні ведаў. Экзамены на аснове тэсціравання шмат у чым нагадваюць латарэю. Да таго ж рэпетытары дапамагаюць клапатлівым бацькам “нацягаць” іх дзяцей на атрыманне высокіх балаў. Увядзенне платы за атрыманне вышэйшай адукацыі, па сутнасці, адмяняе конкурсны адбор абітурыетаў і адкрывае дарогу для масавага залічэння ў ВНУ. Колькасць беларускіх студэнтаў у значнай ступені дапаўняецца за кошт завочнай формы навучання.

Статыстычныя дадзеныя даюць уяўленне аб колькасных і якасных характарыстыках адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Так, у 2020/2021 навучальным годзе ў Беларусі дзейнічала 3009 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 2344 сярэдніх школ, 205 гімназій і гімназій-інтэрнатаў, 25 ліцэяў і 187 устаноў спецыяльнай адукацыі. Практычна ўсе школы з’яўляюцца дзяржаўнымі. З 34 прыватных школ пасля масавых праверак у верасні 2022 г. засталося толькі 8, якія атрымалі сертыфікат гатоўнасці да новага навучальнага года і дзяржаўную акрэдытацыю.

За апошнія 20 гадоў доля дзяцей, якія навучаюцца на беларускай мове, знізілася з 23,3% да 10,2% (з 280,2 да 107,6 тыс.). Пры гэтым больш за 90% вучняў, якія навучаліся на беларускай мове, атрымлівалі адукацыю ў сельскіх школах.

У 2020/2021 навучальным годзе ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 176 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у якіх навучалася 60,8 тысячы чалавек. Асноўны кантынгент навучэнцаў (65-68%) складаюць юнакі.

Цяпер у Беларусі ёсць 50 ВНУ (42 – дзяржаўныя, 8 – прыватныя), у якіх навучаецца 254,4 тыс. студэнтаў (160,9 тыс. – на дзённай форме атрымання адукацыі, 0,9 тыс. – на вячэрняй, 92,6 тыс. – на завочнай). У сістэме вышэйшай адукацыі працавала 20 871 чалавек асноўнага (штатнага) персаналу, з якіх 1338 мелі вучоную ступень доктара навук, 8368 – кандыдата навук, 1175 – званне прафесара, 7220 – дацэнта.

Для параўнання трэба адзначыць, што ў 2012/13 навучальным годзе было 54 ВНУ, у якіх навучалася 428,4 тыс. студэнтаў. Колькасць выкладчыцкага складу складала 24 612 чалавек. Скарачэнне колькасці студэнтаў тлумачыцца шэрагам фактараў, у тым ліку дэмаграфічнай ямай, якая стала праяўляцца пасля 2010 года, змяньшеннем набору абітурыентаў па асобных спецыяльнасцях, а таксама адтокам моладзі ў краіны Еўропы.

Флагманамі беларускіх ВНУ лічацца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (звыш 20 тыс. студэнтаў і каля 800 штатных супрацоўнікаў) і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (звыш 8,5 тыс. студэнтаў).

Статус вядучай ВНУ ў галіне маюць: Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Сярод 8 прыватных ВНУ Беларусі лідзіруюць Міжнародны ўніверсітэт “МІПСА” (навучаецца прыкладна 4,5 тыс. студэнтаў) і БІП-Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій (звыш 3,5 тыс. студэнтаў). У гэтых ВНУ ёсць кваліфікаваны склад выкладчыкаў, у тым ліку дактары і кандыдаты навук. Аднак па колькасным складзе (сумарна каля 16,5 тыс. чалавек), узроўню навучання, тэхнічнаму аснашчэнню і іншым параметрам прыватныя ВНУ саступаюць дзяржаўным ВНУ. Гэта прадвызначаецца шэрагам фактараў. Па-першае, конкурсным адборам абітурыентаў як на бюджэтныя месцы, так і платную форму навучання. Па-другое, узроўнем кваліфікацыі выкладчыцкага складу. Па-трэцяе, большай прэстыжнасцю дзяржаўных ВНУ, у тым ліку лепшыя магчымасці працаўладкавання.

Варта ўлічваць, што ў беларускіх ВНУ, пачынаючы з нулявых гадоў, пачала ўводзіцца платная форма навучання не толькі ў прыватных, але і ў дзяржаўных. Прычым, яна з году ў год пашыраецца ў аб’ёме і павялічваецца ў памеры. Пры гэтым Міністэрства адукацыі сумесна з профільнымі міністэрствамі абмяжоўвае лічбы набору абітурыентаў на платнае навучанне. Цяпер кошт навучання на дзённай форме навучання за год у беларускіх ВНУ вагаецца ад 3 да 5 тысяч рублёў.

Для звестак: у ВНУ Расіі плата за вучобу прыкладна такая ж, як у Беларусі. Праўда, ёсць і дарагія ВНУ, дзе за год вучобы трэба выкласці ад 7 тысяч долараў. У Польшчы, Літве, Латвіі кошт навучання ў прыватных ВНУ ў сярэднім у 1,5-2 разы вышэйшы, чым у Беларусі. Напрыклад, год вучобы ў ЕГУ на такіх спецыяльнасцях, як: “Міжнароднае права і права Еўрапейскага Саюза”, “Медыя і камунікацыі”, “Візуальны дызайн”, складае ў эквіваленце 1,5 тыс. долараў.

Самай лёгкай і прыбытковай формай навучання ў Беларусі застаецца завочная форма, калі студэнты без адрыву ад працы два разы на год запрашаюцца на сесіі для здачы залікаў і іспытаў. Студэнты-завочнікі складаюць прыкладна трэцюю частку ад усёй колькасці студэнтаў, а ў прыватных ВНУ – больш за палову.

Практыка сведчыць, што студэнты-завочнікі маюць абмежаваныя магчымасці для вучобы і здавальняюцца мінімальнымі адзнакамі. Аднак пасля атрымання дыплома яны нярэдка займаюць адказныя пасады. Гэта асабліва праяўляецца ў сістэме судоў і праваахоўных органаў. У выніку завочная форма атрымання адукацыі дэвальвуе прафесію, спараджае некампетэнтнасць, а ў некаторых выпадках прыводзіць да беззаконня.

Навучанне ў ВНУ Беларусі праходзіць у асноўным на рускай мове. Да гэтага часу няма ніводнай ВНУ, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове.

Яшчэ адной праблемай, якая негатыўна адбіваецца на якасці адукацыі ў школах і ВНУ, з’яўляецца загружанасць настаўнікаў (выкладчыкаў) выхаваўчай працай, а таксама прапагандай дзяржаўнай палітыкі. Шмат часу настаўнікі (выкладчыкі) вымушаныя траціць на падрыхтоўку розных планаў, справаздач, метадычных і іншых матэрыялаў, правядзенне выхаваўчых і культурных мерапрыемстваў. Прычым адступленне ад лініі дзяржаўнай палітыкі цягне за сабой прыняцце мер дысцыплінарнай адказнасці, аж да скасавання кантракта.

Мэтавая падрыхтоўка выкладчыкаў у ВНУ як такая не вядзецца. Выкладчыкамі становяцца, як правіла, учорашнія студэнты, магістранты, аспіранты, а таксама адстаўнікі (ваенныя, міліцыянеры). Правядзенне конкурсаў на заняцце пасад ПВС (прафесарска-выкладчыцкі склад) носіць фармальны характар.

З 90-х гг. мінулага стагоддзя шэраг беларускіх ВНУ, у тым ліку БДУ, пачалі ўводзіць магістратуру як дадатковую форму навучання для зацікаўленых выпускнікоў. Па выніках гэтай вучобы выпускнікі маглі здаваць кандыдацкія іспыты і абараняць магістарскія дысертацыі. Пазней магістратура як атрыбут Балонскага працэсу была ўведзена ва ўсіх ВНУ краіны. Так, колькасць магістрантаў у 2010-2021 гг. значна вырасла: паступіла ў 2020 г. – 8 984 чал.; выпушчана – 7 089. У 2021 г. у магістратуру прынята 9,1 тыс. чалавек, дыплом магістра атрымалі 6,2 тыс. чалавек.

У якасці вучоных ступеняў у Беларусі застаюцца кандыдат і доктар навук. Падрыхтоўка і абарона кандыдацкіх дысертацый у шматлікіх выпадках становіцца праблемай. Па-першае, знаходзіцца не так шмат энтузіястаў, якія за невялікую стыпендыю (аспірантура) або без адрыву ад працы (саіскальніцтва) на працягу некалькіх гадоў пішуць дысертацыі. Па-другое, выйсці на абарону можна толькі пры падтрымцы ўплывовых навуковых кіраўнікоў (яны ж, як правіла, члены Саветаў па абароне дысертацый). З абаронай доктарскай дысертацыі справа нашмат складаней. Далёка не усім саіскальнікам удаецца паспяхова абараніць дысертацыі.

У Беларусі ўсе ВНУ (дзяржаўныя і прыватныя) знаходзяцца пад жорсткім кантролем органаў дзяржаўнага кіравання. Такі кантроль ахоплівае ўсе сферы арганізацыі і дзейнасці ВНУ, у тым ліку: квоты на залічэнне абітурыентаў, распрацоўка навучальных праграм і розных планаў/справаздач, правядзенне праверак і акрэдытацый. Рэктары дзяржаўных ВНУ прызначаюцца ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а рэктары прыватных ВНУ праходзяць узгадненне з Міністэрствам адукацыі і Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дэканы факультэтаў і іншыя кіраўнікі структурных падраздзяленняў ВНУ прызначаюцца, а таксама вызваляюцца ад пасады рэктарам. Загадчыкі кафедры могуць прызначацца або праходзяць праз працэдуру конкурснага адбору тэрмінам на тры гады.

Самакіраванне ВНУ як такое адсутнічае, хоць частка студэнтаў залічваецца ў склад Саветаў ВНУ і ўтварае розныя фэйкавыя органы самакіравання.

Акадэмічная мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў знаходзіцца практычна на нулявым узроўні. Выезды на стажыроўкі ў замежныя ВНУ здзяйсняюцца рэдка і, у асноўным, па асабістай ініцыятыве выкладчыкаў. З веданнем замежных моў справа ідзе дрэнна як на ўзроўні выкладчыкаў, так і студэнтаў.

Грантавая падтрымка ажыццяўляецца выбарачна ў адносінах да дзяржаўных ВНУ. Прыватныя ВНУ пазбаўлены якой-небудзь дзяржаўнай дапамогі і знаходзяцца ў прыніжаным становішчы ў параўнанні з дзяржаўнымі. На працягу апошніх 20 гадоў з больш як 20 прыватных ВНУ ў Беларусі засталося ўсяго 8.

Як вядома, далучэнне Рэспублікі Беларусь да Балонскага працэсу ў маі 2015 г. не мела поспеху. У адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага працэсу меркавалася перайсці на чатырохгадовае навучанне на першай ступені вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят) і адзін-два гады – на другой ступені (магістратура). Мэтай увядзення еўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі з’яўлялася прызнанне беларускіх дыпломаў у краінах Еўропы і запрашэнне на вучобу ў Рэспубліку Беларусь замежных студэнтаў.

На практыцы гэта абярнулася тым, што вялікая колькасць беларускіх студэнтаў выязджалі ў Еўропу для працягу вучобы і там заставаліся. Да таго ж у беларускіх ВНУ не ўяўлялася магчымым забяспечыць акадэмічныя свабоды і самакіраванне, якія дапускаліся паводле стандартаў Балонскага працэсу.

У чэрвені 2022 г. Рэспубліка Беларусь следам за Расіяй заявіла аб спыненні свайго ўдзелу ў Балонскім працэсе.

 

Прававое рэгуляванне працэсу адукацыі

Асноўным прававым актам, які рэгулюе працэс адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца Кодэкс аб адукацыі ад 13 студзеня 2011 г., прыняты ў новай рэдакцыі ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 студзеня 2022 г. №154-З (Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі) // Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 31.01.2022, 2/2874).

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі ўключае ў сябе 297 артыкулаў, якія падзяляюцца на 17 раздзелаў і 64 главы. У вялізным масіве палажэнняў Кодэкса (звыш 300 старонак) дэталёва прапісаны ўсе аспекты адукацыйнага працэсу. Спынімся на некаторых з іх.

У адпаведнасці з главой 3 Кодэкса сістэма адукацыі складаецца з асноўнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі. Дапускаецца таксама атрыманне адукацыі на аснове дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій.

Згодна з арт.11 Кодэкса, асноўная адукацыя ўключае ў сябе наступныя ўзроўні: дашкольную адукацыю, агульную сярэднюю адукацыю, прафесійна-тэхнічную адукацыю, сярэднюю спецыяльную адукацыю, вышэйшую адукацыю, навукова-арыентаваную адукацыю.

Дадатковая адукацыя падзяляецца на наступныя віды: дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі; дадатковую адукацыю адораных дзяцей і моладзі; дадатковую адукацыю дарослых.

Спецыяльная адукацыя датычыцца асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця праз рэалізацыю адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўнях дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.

У адпаведнасці з арт.16 Кодэкса адукацыя можа быць атрымана ў вочнай (дзённай, вячэрняй), завочнай, дыстанцыйных формах атрымання адукацыі і ў форме саіскальніцтва. Пры гэтым ёсць агаворка, што пералік спецыяльнасцей, па якіх не дапускаецца атрыманне адукацыі ў вячэрняй, завочнай, дыстанцыйнай формах атрымання адукацыі, вызначаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Варта адзначыць, што глава 3 “Сістэма адукацыі” завяршаецца ідэалагічна арыентаваным артыкулам 17 “Выхаванне ў сістэме адукацыі”. У ёй прапісаны мэты і задачы выхавання навучэнцаў, а таксама асноўныя патрабаванні да выхавання і асноўныя складальнікі выхавання. Так, у ліку задач выхавання прыярытэтным з’яўляецца “…фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі”. У якасці асноўнага складальніка выхавання называецца “…ідэалагічнае выхаванне, накіраванае на фарміраванне ў навучэнцаў ведаў асноў дзяржаўнай ідэалогіі… ” (5.1).

Выхаваўчая работа прызнаецца абавязкам усіх педагагічных работнікаў, у тым ліку прафесарска-выкладчыцкага складу (ч.6 арт.17).

Згодна з арт.18 Кодэкса, установы адукацыі могуць быць дзяржаўнымі і прыватнымі. Пры гэтым установы адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў па спецыяльнасцях для воінскіх фарміраванняў і ваенізаваных арганізацый, мытных органаў, грамадзянскай авіяцыі, спецыялізаваных ліцэяў і інш., могуць быць толькі дзяржаўнымі.

У Кодэксе зазначаецца, што ўстановы адукацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі, Палажэннем аб адпаведным тыпе і (або) выглядзе ўстановы адукацыі, іншымі актамі заканадаўства, статутам установы адукацыі (ч.11 арт.18).

Установы адукацыі абавязаны ва ўстаноўленым парадку праходзіць дзяржаўную акрэдытацыю на прадмет устанаўлення адпаведнасці адукацыйнай дзейнасці заканадаўству аб адукацыі, а зместу і якасці адукацыі – патрабаванням адукацыйных стандартаў, вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм (арт.28).

У Кодэксе прапісаны правы і абавязкі навучэнцаў, меры сацыяльнай абароны, карыстанне падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі, забеспячэнне харчаваннем, аховы жыцця і здароўя (гл.5). Акрамя таго, рэгулюецца статус педагагічных работнікаў, узнікненне, змяненне і спыненне адукацыйных адносін. Таксама вызначаюцца патрабаванні да адукацыйнага працэсу, прымяненне мер дысцыплінарнай адказнасці.

У асобных раздзелах Кодэкса замацоўваюцца асаблівасці кожнага ўзроўню (віду) адукацыі (агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых, спецыяльнай адукацыі).

У Кодэксе прадугледжваецца магчымасць фінансавання дзяржаўных устаноў адукацыі, якія паказалі падчас эксперыментаў сваю эфектыўнасць. Акрамя таго, для ўпарадкавання работы прыватных устаноў адукацыі дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі дапускаецца фінансаванне часткі расходаў такіх устаноў за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў (арт.129).

Згодна з арт.147 Кодэкса, тэрмін атрымання агульнай сярэдняй адукацыі складае 11 гадоў (у вячэрніх класах у сярэдняй школе – 12 гадоў). Тэрмін атрымання агульнай вышэйшай адукацыі пры дзённай форме навучання ўстаноўлены 4 – 4,5 года (форма бакалаўрыяту з прысваеннем кваліфікацыі і ступені “бакалаўр”). Тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі пры вячэрняй, завочнай і дыстанцыйнай формах можа быць павялічаны ў адносінах да дзённай формы не больш як на адзін год. Для атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі патрабуецца дадаткова вучыцца яшчэ 1,5 – 2 гады (магістратура, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў для навукова-інавацыйнай сферы і сістэмы адукацыі з прысваеннем ступені “магістр”).

Па найбольш складаных спецыяльнасцях (напрыклад, падрыхтоўка ўрачоў, спецыялістаў па ядзернай энергетыцы) прадугледжваецца адукацыйная праграма з тэрмінам навучання 5 – 6 гадоў (арт. 202).

У Кодэксе атрымалі дэталёвае рэгуляванне пытанні, звязаныя з дысцыплінарнай адказнасцю навучэнцаў, пачынаючы з 14 гадоў. Так, меры дысцыплінарнага спагнання (заўвага, вымова, адлічэнне) могуць накладацца за: спазненні або няяўкі без уважлівых прычын на вучэбныя заняткі; парушэнні дысцыпліны; невыканання без уважлівых прычын патрабавання педагагічнага работніка; абразы ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу; пашкоджання капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), абсталявання або іншай маёмасці ўстановы адукацыі і інш. (арт. 118).

Варта таксама адзначыць, што ў Кодэксе замацоўваецца магчымасць кампенсацыі сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага ў выпадках, калі ён не прыбыў па месцы размеркавання, працаўладкавання ў лік броні, пераразмеркавання, накіраваныя, перанакіраваныя на працу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, спецыяліста (працоўнага) з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, рабочага (служачага) з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін абавязковай працы (арт .78).

Тым самым, змены і дапаўненні ў Кодэкс аб адукацыі ў пэўнай меры дыферэнцыравалі і ўдасканалілі адукацыйны працэс. У той самы час сістэма адукацыі захавала сваю аснову, структуру і прынцыпы. Навучэнцы, пачынаючы з дашкольнай адукацыі, трапляюць пад уздзеянне ідэалагічнага выхавання, якое становіцца інструментам дзяржаўнай палітыкі. Пытанне аб мове навучання пераводзіцца ў разрад другарадных са спасылкай на права выбару мовы навучання і выхавання. Абавязковы характар набывае толькі пытанне аб вывучэнні замежных моў, якое вырашаецца “…з улікам запатрабаванняў дзяржавы і магчымасцяў установы адукацыі” (арт.82).

У няроўным становішчы знаходзяцца дзяржаўныя і прыватныя ўстановы адукацыі. Гэта праяўляецца, у прыватнасці, у адборы абітурыентаў, дзяржаўным фінансаванні, мэтавым размеркаванні выпускнікоў.

У адукацыйным працэсе захоўваецца завочная форма навучання, якая не забяспечвае якаснай падрыхтоўкі выпускнікоў ВНУ і прыводзіць да дэвальвацыі вышэйшай адукацыі за кошт вялікай колькасці студэнтаў-завочнікаў.

Кодэкс не змяшчае палажэнняў адносна спагнання платы за вучобу ў дзяржаўных установах адукацыі, якая атрымала шырокае распаўсюджванне. У той жа час дапускаецца аплата за прапушчаныя заняткі і пераздачу залікаў і экзаменаў, што прыводзіць да камерцыяналізацыі дзяржаўнай адукацыі.

Правілы прыёму асоб для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўстанаўліваюцца ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2022 г. нумар 23 (Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 31.01.2022, 1/20138).

У адпаведнасці з Указам, пачынаючы з уступнай кампаніі 2023 г., у 11-ым класе ўвядуць цэнтралізаваныя іспыты (ЦЭ). Сертыфікаты ЦЭ стануць падставай для паступлення ў ВНУ. Гэта дазволіць выпускнікам школ выбіраць ВНУ з улікам сваіх жаданняў і вынікаў ЦЭ. У той жа час цэнтралізаванае тэсціраванне захаваецца, але яно не будзе ўсёабдымным. Прадугледжваецца, што пашырыцца сфера прымянення мэтавай падрыхтоўкі для арганізацый, размешчаных у малых населеных пунктах і на забруджаных тэрыторыях. Акрамя таго, будзе пашыраны пералік асоб, якія маюць ільготы пры паступленні ў ВНУ. У прыватнасці, ільготамі змогуць скарыстацца пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд і асобныя ўдзельнікі заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды.

Многія пытанні, якія датычацца працэсу навучання, рэгулююцца ў пастановах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Так, на працягу 2022 г. Міністэрствам было выдадзена больш за 400 пастаноў.

Тым самым, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь здзяйсняе жорсткі кантроль над дзейнасцю ўсіх устаноў адукацыі. Пры гэтым ніводнае значнае пытанне ў сферы адукацыі не вырашаецца без удзелу работнікаў Міністэрства.

 

Асноўныя мэты і задачы рэформы:

Мэтамі рэформы ў сферы адукацыі з’яўляецца павышэнне якасці навучання на ўсіх узроўнях, перавод навучання пераважна на беларускую мову і прызнанне еўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі разам з акадэмічнымі свабодамі і самакіраваннем ВНУ.

Для дасягнення гэтых мэтаў мяркуецца вырашыць наступныя задачы:

– павысіць узровень кампетэнтнасці педагагічных работнікаў шляхам навучання сучасным методыкам выкладання, а таксама шляхам павелічэння заработных плат;

– правесці дэпалітызацыю, дэідэалагізацыю і дэклерыкалізацыю ўстаноў адукацыі шляхам вывядзення са школ, ССНУ і ВНУ структур палітычных, ідэалагічных і рэлігійных аб’яднанняў;

– увесці беларускую мову ў якасці асноўнай мовы навучання ва ўсіх адукацыйных установах, стварыць вядучы нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання;

– павысіць матывацыю навучэнцаў да паспяховай вучобы, у тым ліку шляхам ільготнага залічэння ў ССНУ і ВНУ;

– аднавіць членства Рэспублікі Беларусь у Балонскім працэсе, забяспечыць прызнанне еўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі.

 

Асноўныя меры па рэалізацыі рэформы

Вышэйназваныя мэты і задачы прапануецца ажыццявіць шляхам прыняцця наступных мер:

– павысіць заробкі настаўнікам да ўзроўню сярэдніх заробкаў у краіне, а выкладчыкам ВНУ – у 1,5 раза ад памеру сярэдніх заробкаў. Усе педагогі павінны прайсці атэстацыю на прадмет прафесійнай прыдатнасці і на валоданне беларускай і рускай мовамі;

– увесці беларускую мову ва ўсіх адукацыйных установах, уключаючы дашкольныя дзіцячыя ўстановы; арганізаваць курсы для педагагічных работнікаў па вывучэнні беларускай мовы з выстаўленнем адпаведных адзнак, увесці даплаты за высокі ўзровень валодання беларускай мовай;

– пераўтварыць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у вядучы нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання; садзейнічаць стварэнню ССНУ і ВНУ з пераважным выкарыстаннем беларускай мовы;

– развіваць спецыялізаваныя школы, у тым ліку з паглыбленым вывучэннем замежных моў, забяспечыць адпаведнасць школьнай праграмы патрабаванням паступлення ў ВНУ;

– дазволіць стварэнне прыватных дашкольных дзіцячых устаноў, прыватных школ, гімназій, ССНУ, ВНУ на платнай аснове;

– забараніць у школах, ССНУ і ВНУ распаўсюджанне дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама дзейнасць структур палітычных і рэлігійных аб’яднанняў;

– забараніць у дзяржаўных навучальных установах спагнанне платы за вучобу, у тым ліку за адпрацоўкі прапушчаных заняткаў і пераздачы залікаў і экзаменаў;

– скараціць наборы на завочную форму атрымання вышэйшай адукацыі, якая не стварае умоў для якаснага навучання і не забяспечвае кампетэнтнасць выпускнікоў ВНУ; павялічыць аб’ём вучэбнай нагрузкі на гэтай форме навучання;

– пашырыць сетку ўстаноў адукацыі для дарослых (пенсіянераў).

Неабходнай умовай павышэння ўзроўню адукацыі трэба прызнаць аднаўленне членства Рэспублікі Беларусь у Балонскім працэсе. Гэта азначае ўваходжанне ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Вынікам удзелу Беларусі ў Балонскім працэсе можа стаць прызнанне дыпломаў беларускіх ВНУ з правам выпускнікоў на працаўладкаванне ва ўсіх краінах Еўропы.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што еўрапейская сістэма еўрапейскай адукацыі заснавана на дэмакратычных прынцыпах навучання і высокай самастойнасці студэнтаў. Яна прадугледжвае індывідуальны стыль навучання шляхам назапашвання заліковых адзінак, вывучэнне моў еўрапейскіх краін, высокую мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў, развіццё самакіравання ВНУ.

Высокія патрабаванні прад’яўляюцца да выкладчыцкага складу. Яны павінны ўвесь час павышаць сваю кваліфікацыю, ведаць замежныя мовы, стажыравацца ў еўрапейскіх ВНУ, займацца навуковай творчасцю. Кіраўнічы склад ВНУ павінен перыядычна праходзіць атэстацыю шляхам выбараў, у якіх удзельнічаюць не толькі выкладчыкі, але і студэнты.

Відавочна, што рэалізацыя прынцыпаў Балонскага працэсу можа прывесці да шырокага адтоку з Беларусі студэнтаў і выкладчыкаў. З гэтым давядзецца лічыцца і прымаць меры да больш хуткага павышэння ўзроўню жыцця беларусаў, уступлення краіны ў міждзяржаўныя еўрапейскія аб’яднанні (Рада Еўропы, Еўрапейскі Саюз і інш.). Перамены да лепшага будуць садзейнічаць вяртанню беларусаў на Радзіму.

Рэформа адукацыі павінна пацягнуць за сабой вызваленне ўстаноў адукацыі ад жорсткага кантролю з боку Міністэрства адукацыі і яе тэрытарыяльных органаў. На практыцы ключавымі момантамі ў адносінах Міністэрства адукацыі і ВНУ з’яўляецца атрыманне ліцэнзіі на аказанне адукацыйных паслуг па пэўных спецыяльнасцях і праходжанне акрэдытацыі на прадмет устанаўлення адпаведнасці адукацыйнай дзейнасці заканадаўству аб адукацыі, а зместу і якасці адукацыі, якая прадастаўляецца патрабаванням адукацыйных стандартаў.

У сувязі з гэтым неабходна перадаць дадзеную функцыю Рэспубліканскаму цэнтру экспертызы якасці адукацыі (скар. – РЦЭЯА). Гэты цэнтр можа быць створаны ў якасці дзяржаўнай установы пры Урадзе Рэспублікі Беларусь. У якасці ўпаўнаважаных экспертаў могуць выступаць аўтарытэтныя выкладчыкі ВНУ з перыядычным абнаўленнем складу.

Простым і эфектыўным спосабам павышэння якасці вышэйшай адукацыі можа стаць павелічэнне тэрміну навучання на дзённай форме на адзін год – да пяці гадоў, а на вячэрняй і завочнай формах – да шасці гадоў. Гэта дазволіць удзяліць больш увагі профільным дысцыплінам, праходжанню практыкі, падрыхтоўцы дыплома.

Магістратура павінна стаць паглыбленай формай вышэйшай адукацыі. Тэрмін вучобы ў магістратуры можа быць 1,5 гады для вочнай формы навучання і 2 гады – для завочнай. Заняткі ў магістратуры павінны весціся пераважна на беларускай мове. Дадатковы час трэба вылучыць для вывучэння замежных моў.

З мэтай стымулявання таленавітай моладзі да далейшай вучобы прапануецца павысіць значнасць дыплома магістра. У прыватнасці, трэба ўстанавіць даплату за вучоную ступень магістра, дазволіць допуск да выкладчыцкай работы, а таксама да залічэння ў аспірантуру пры наяўнасці вучонай ступені магістра.

Аспірантура (у вочнай і завочнай форме навучання) мусіць стаць школай падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. Здача кандыдацкіх іспытаў павінна забяспечваць высокі ўзровень тэарэтычных і практычных ведаў, а вынікі даследавання павінны ўносіць пэўны ўнёсак у развіццё айчыннай навукі.

Абарона дысертацый на саісканне вучонай ступені кандыдата навук павінна праходзіць у спецыялізаваных саветах, у якіх могуць прымаць удзел як беларускія, так і замежныя вучоныя па профілю дысертацыі. Абарона можа праходзіць як на беларускай, так і замежных мовах.

У перспектыве прапануецца пераўтварыць кандыдацкія дысертацыі ў доктарскія пры павышэнні патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да зместу навуковай працы і яе апрабацыі. Пры наяўнасці дастатковага педагагічнага стажу доктар навук можа атрымаць вучонае званне прафесара.

Важным напрамкам рэформы адукацыі можа стаць пашырэнне сеткі ўстаноў адукацыі для дарослых (пенсіянераў). З улікам еўрапейскага вопыту прапануецца адкрыць універсітэты “трэцяга пакалення” ва ўсіх абласных цэнтрах і гарадах з колькасцю звыш 50 тыс. чалавек, а ў далейшай – у іншых населеных пунктах. Умовай для стварэння такіх універсітэтаў павінна быць наяўнасць інтарэсаў дарослых (пенсіянераў) да атрымання ведаў па пэўных спецыяльнасцях і збору дастатковай колькасці подпісаў у падтрымку ініцыятывы.

Універсітэты “трэцяга пакалення” павінны мець адпаведныя навучальныя праграмы, кваліфікаваны калектыў педагагічных работнікаў, план вучобы як мінімум на 3-4 гады з выдачай адпаведнага дыплома. У рамках такіх універсітэтаў могуць стварацца розныя клубы па інтарэсах (творчыя майстэрні).

Мясцовыя органы самакіравання павінны аказваць садзейнічанне ў развіцці такіх устаноў адукацыі, выдзяляць (будаваць) адпаведныя будынкі (памяшканні), ажыццяўляць падбор педагагічных кадраў, выдзяляць адпаведныя датацыі.

 

Дарожная мапа рэформы адукацыі:

 

Падрыхтовчы этап (на працягу одного – двух год)

– прыняццё Парламентам пастаноў “Аб рэформе сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” і “Аб складзе Дзяржаўнай камісіі па рэформе сістэмы адукацыі і далучэнні Рэспублікі Беларусь да еўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі”;

– стварэнне Балонскага грамадскага камітэта пры Дзяржаўнай камісіі па рэформе сістэмы адукацыі і далучэнні Рэспублікі Беларусь да еўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі;

– падрыхтоўка і прыняцце Парламентам Дзяржаўнай праграмы ў сфэры адукацыі Рэспублікі Беларусь;

– стварэнне працоўнай групы па падрыхтовцы законаў “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”; “Аб асаблівасцях атрымання вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, аб магістратуры і аспірантуры”; “Аб аднаўленні членства Рэспублікі Беларусь у Балонскім працэсе і рэалізацыі яго стандартаў”;

– прыняццё пастаноў Урада, накіраваных на рэалізацыю мэт і задач рэформы, у тым ліку Дзяржаўнай праграмы пераходу устаноў адукацыі на беларускую мову навучання;

– падача заявы на ўключэнне Рэспублікі Беларусь у Балонскі працес;

–  арганізацыя курсаў для педагагічных работнікаў па вывучэнні беларускай мовы з выстаўленнем адпаведных адзнак;

–  правядзенне атэстацыі педагагічных супрацоўнікаў на прадмет прафесійнай прыдатнасці і на валоданне беларускай і рускай мовамі; увядзенне даплаты за высокі ўзровень валодання беларускай мовай;

– стварэнне спецыялізаваных школ, у тым ліку з паглыбленым вывучэннем замежных моў;

– стварэнне прыватных дашкольных дзіцячых устаноў, прыватных школ, гімназій, ССНУ, ВНУ на платнай аснове;

– забарона ў школах, ССНУ і ВНУ дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама дзейнасці структур палітычных, ідэалагічных і рэлігійных аб’яднанняў;

– забарона ў дзяржаўных навучальных установах платы за вучобу, у тым ліку за адпрацоўкі прапушчаных заняткаў і пераздачы залікаў і экзаменаў;

– скарачэнне набораў на завочную форму навучання.

 

Асноўны этап (на працягу двух-трох год)

– реалізацыя прававых актаў і дзяржаўных праграм у сфэры адукацыі;

– перавод усіх устаноў адукацыі на беларускую мову навучання;

–  павышэнне заробкаў настаўнікаў да ўзроўню сярэдніх заробкаў у краіне, а выкладчыкаў ВНУ – 1,5 сярэдніх заробкі ў краіне;

– повышэнне надбавак за наяўнасць у педагагічных супрацоўнікаў магістарскіх, кандыдацкіх і доктарскіх навуковых ступеняў;

– павелічэнне тэрміну навучання у ВНУ на дзённай форме да пяці гадоў, на вячэрняй і завочнай формах – да шасці гадоў;

– стварэнне Рэспубліканскага цэнтру экспертызы якасці адукацыі (скар. – РЦЭА) пры Урадзе Рэспублікі Беларусь;

– пераўтваренне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта у вядучы нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання; садзейнічанне стварэнню ССНУ і ВНУ з пераважным выкарыстаннем беларускай мовы;

– пераўтварэнне ВАК Рэспублікі Беларусь у самастойную ўстанову пры Міністэрстве адукацыі праз абранне складу Камісіі на сходах вучоных;

– фармаванне сеткі спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый з запрашэннем у іх склад замежных вучоных, а таксама прадстаўленне саіскальнікам магчымасці абароны дысертацый у замежных саветах;

– перавод вышэйшай сістэмы адукацыі на прынцыпы Балонскага працэсу, у тым ліку забеспячэнне акадэмічнай самастойнасці ВНУ, выбараў рэктараў, дэканаў і кіраўнікоў кафедр, стварэнне акадэмічнага самакіравання;

– пашырэнне сеткі ўстаноў адукацыі для дарослых (пенсіянераў); адкрыццё  ўніверсітэтаў “трэцяга пакалення” ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах.

 

Органы, якія прымаюць рашэнні:

– Парламент;

– Балонскі грамадскі камітэт, у склад якога могуць увайсці аўтарытэтныя грамадзяне краіны, зацікаўленыя ў рэформе адукацыі і ўваходжанні Беларусі ў еўрапейскую сістэму вышэйшай адукацыі.

 

Нарматыўныя акты, якія трэба прыняць для рэалізацыі рэформы:

– пастановы Парламента: “Аб рэформе сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” і “Аб складзе Дзяржаўнай камісіі па рэформе сістэмы адукацыі і далучэнні Рэспублікі Беларусь да еўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі”;

– законы Рэспублікі Беларусь: “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”; “Аб асаблівасцях атрымання вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, аб магістратуры і аспірантуры”; “Аб аднаўленні членства Рэспублікі Беларусь у Балонскім працэсе і рэалізацыі яго стандартаў”;

– пастановы Урада, накіраваныя на рэалізацыю мэт і задач рэформы.

admin2

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2022 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі