Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы:
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Кароткае апісанне рэформы
Мадэрновая беларуская нацыя стала фармавацца даволі позна ¬ў адрозненне ад іншых еўрапейскіх нацый, толькі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Значны штуршок у гэтым накірунку зрабіў першы і адзіны перапіс насельніцтва ў Расійскай імперыі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, якая і стала афармляцца ў будучую дзяржаву ў выніку гэтага перапісу.
Перапіс праводзіў Цэнтральны статыстычны камітэт Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі ў 1897 г. Перапісваліся асобна мужчынскае і жаночае насельніцтва, вызначалася колькасць пісьменных і непісьменных. Упершыню ўводзіўся такі тэрмін, як “свой родной язык”. Першымі ў моўным спіску былі “языкі” – “Великорусский”, “Малорусский” і “Белорусский”. Таксама запытвалі і “вероисповедание” кожнага чалавека.
У якасці прыклада разгледзім Віленскую губерню, дзе жылі людзі самых розных этнасаў і рэлігій, тым больш што частка губерні разам з Вільняй былі перададзены Сталіным у 1939–1940 гг. Літве. Гэта Віленскі, Свянцянскі і Троцкі паветы. У 1897 г. на тэрыторыі губерні жыло 1 591 207 чалавек. З іх назвалі сваёй роднай мовай беларускую 891 903 асобы, што складае 56,05 % ад усяго насельніцтва губерні. Праваслаўнымі былі 41,2 %, а католікамі – 58,4%. Вядома, што частка праваслаўных беларусаў маглі запісацца ў вялікарусы, а католікі – у палякі.
Такім чынам, ужо ў канцы ХІХ ст. галоўнай прыкметай існавання беларускай нацыі стала не рэлігія, а мова. Пасля таго, як у 1921 г. частка беларусаў канчаткова трапіла ў БССР і СССР, дзе ішло змаганне з рэлігіяй, фактар мовы становіцца галоўным да сённяшняга дня. Пасля таго, як СССР пасля 1944–1950-х гг. канчаткова вызначыўся з межамі БССР, перадаўшы пры гэтым ПНР частку этнічнай беларускай тэрыторыі (дзе адразу ж пачалася паланізацыя беларусаў), на тэрыторыі БССР праводзілася татальная русіфікацыя, асабліва пасля 1959 і да 1990 г. Тым не менш, у 1990 г. Вярхоўны Савет БССР абвесціў на сваёй тэрыторыі дзяржаўнай мовай беларускую, што было замацавана спачатку адпаведным законам, а потым у незалежнай Беларусі першай Канстытуцыяй 15 сакавіка 1994 г.
Праблемы, на рашэнне якіх накіравана рэформа
Сутнасць моўнай рэформы – захаванне беларускай мовы як галоўнай прыкметы існавання ў Еўропе і свеце мадэрновай беларускай нацыі.
Самая галоўная праблема для грамадзян Беларусі – гэта спыненне прасоўвання на нашай тэрыторыі ідэалогіі т.зв. «русского мира», ідэалогіі кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, якое ставіць на мэту аднаўленне (і тэрытарыяльнае, і ідэалагічнае) Расійскай імперыі ў межах 1904 г. (да пачатку руска-японскай вайны). Галоўная задача расійскіх ідэолагаў – гэта поўная асіміляцыя беларусаў і ўкраінцаў і стварэнне “триединого”, “великорусского” народа, як гэта было ў ХІХ ст.
Паколькі Беларусь стала адной з самых урбанізаваных краін Еўропы, пашырэнне і ўмацаванне беларускай мовы павінна ахапіць у першую чаргу сталіцу і вялікія гарады (дзе жыве больш за 100 тыс. чалавек). Беларуская мова як адзіная дзяржаўная мова на працягу некалькіх гадоў павінна стаць мовай дзяржаўнага апарату, судоў, пракуратуры, войска, спецслужбаў, адукацыі, устаноў культуры і СМІ.
Фармаванне нацыянальнай эліты павінна грунтавацца на беларускім патрыятызме, заснаваным на грунтоўным веданні не толькі беларускай мовы, але і гісторыі, культуры, народных традыцый.
Пачатак, ажыццяўленне і заканчэнне моўнай рэформы разлічана на 10-12 гадоў і ахоплівае ўсіх грамадзян Беларусі без выключэння.
Асноўныя мэты і задачы рэформы
1) Вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы
2) Распрацоўка графіку вяртання беларускай мовы ва ўсе сферы грамадскага жыцця краіны
3) Складанне картатэкі беларускамоўных спецыялістаў у Беларусі і за яе межамі
4) Стварэнне абавязковых курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных катэгорый дзяржаўных службоўцаў
5) Стварэнне курсаў для будучых выхавацеляў, выкладчыкаў і іншых спецыялістаў ў сферы дашкольнай, школьнай і вышэйшай адукацыі (яны пачынаюць дзейнічаць адначасова з пачаткам рэформы).
6) Стварэнне аўтарскіх калектываў для напісання вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў з мэтай распрацоўкі і вывучэння прафесійнай беларускай лексікі.
7) Рэформа дзяржаўных СМІ з мэтай выпрацоўкі ў грамадзян краіны гонару і жадання захаваць праз беларускую мову гісторыю, культуру і традыцыі беларусаў, а таксама нацыянальных мяньшыняў, што здаўна жывуць на Беларусі.
8) Стварэнне шэрагу дзяржаўных выдавецтваў з мэтай перакладу на беларускую мову шэдэўраў сусветнай літаратуры, а таксама перакладу твораў беларускіх пісьменнікаў на самыя значныя і найбольш пашыраныя мовы свету.
Крокі па рэалізацыі рэформы
1) Падрыхтоўчы перыяд (на працягу першага году пасля абвяшчэння беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне). У адпаведнасці з апошнім перапісам насельніцтва 56 % усіх дзіцячых садкоў, школ і ВНУ краіны з новага навучальнага году (з першага верасня) пераходзяць на беларускую мову. Усе спецыялісты ў гэтых установах атрымліваюць даплату ў памеры да 30 % ад памеру іх акладу.
На працягу года ўсё справаводства ў нашай краіне пераводзіцца на дзяржаўную беларускую мову.
Грамадзяне, якія не паспелі добра авалодаць дзяржаўнай мовай (на працягу трох гадоў) маюць права карыстацца ў стасунках з дзяржаўнымі ўстановамі рускай мовай у выпадку звароту імі ў пэўныя інстанцыі. Але ўсе адказы яны атрымліваюць толькі на дзяржаўнай мове.
2) Асноўны перыяд. Дзейнічае на працягу трох гадоў з моманту абвяшчэння беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Уся сістэма адукацыі ў краіне, за выключэннем прадугледжанымі законамі, працуе на дзяржаўнай мове. Асноўныя дзяржаўныя СМІ таксама працуюць на дзяржаўнай мове.
3) Выдаткі на развіццё культуры ў краіне кожны год складаюць не менш за 2,5 % ад аб’ёму гадавога бюджэту.
Органы, якія прымаюць рашэнні
1) Парламент, які ўносіць адпаведныя змены ў Канстытуцыю і дзеючыя законы.
2) Урад краіны, які прымае падзаконныя акты і пастановы.
3) Органы мясцовага самакіравання.
4) Судовыя ўстановы розных узроўняў.
5) Кіруючыя органы грамадскіх арганізацый, якія працуюць з мэтай пашырэння і вывучэння беларускай мовы ў краіне і за яе межамі.
Нарматыўныя прававыя акты
1) Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь
2) Кодэкс аб культуры
3) Кодэкс аб адукацыі
4) Закон аб СМІ
5) Закон аб дзейнасці грамадскіх арганізацый
6) Закон аб рэлігійных арганізацыях
7) Закон аб выдавецкай дзейнасці
8) Закон аб геаграфічных назвах у Рэспубліцы Беларусь
9) Закон аб рэкламе
10) Закон аб выкарыстанні беларускай лацінкі.