РэформыЖЫЛЛЁВАЯ РЭФОРМА

Программы государственной поддержки строительства жилья в Беларуси

Арганізацыя, адказная за распрацоўку рэформы:

Рух “За Свабоду”.

 

Кароткае апісанне

Канцэпцыя рэформы жыллёвай палітыкі арыентавана на сістэмнае і ўстойлівае развіццё жыллёвай сферы, вызначае ключавыя прыярытэты, механізмы і інструменты вырашэння актуальных праблем у галіне забеспячэння грамадзян даступным і камфортным жыллём.

Рэформа неабходна для павелічэння дабрабыту грамадзян і росту эканомікі, ухілення дысбалансаў у жыллёвай сферы, вырашэння праблем з недахопам арэнднага і сацыяльнага жылля, зносам жылога фонду і высокім коштам будаўніцтва. У жыллёвай палітыцы Беларусі неабходна засяродзіцца на павышэнні даступнасці жылля, пашырэнні практыкі арэнднага жылля і ўдасканаленні механізмаў дзяржаўнай падтрымкі. Важна забяспечыць больш адрасную дапамогу тым, хто жыве ў нястачы, развіваць індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці, і нарошчваць аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля.

 

Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана рэформа

Жыллёвая палітыка арыентавана на задавальненне патрэбаў грамадзян у жыллі, а значыць на забеспячэнне грамадзян даступным і камфортным жыллём, а таксама на павышэнне якасці жыллёвага фонду. Яна ўключае ў сябе шэраг мер, накіраваных на вырашэнне жыллёвых пытанняў, такіх як будаўніцтва новага жылля, набыццё яго на другасным рынку, наём жылых памяшканняў, а таксама аказанне дзяржаўнай падтрымкі.

Неабходна адзначыць, што адзін з паказчыкаў эфектыўнасці жыллёвай палітыкі – забяспечанасць жыллём, гэта значыць колькасць квадратных метраў агульнай плошчы на чалавека, вар’іруецца ў розных краінах. Беларусь па гэтым паказчыку (30,4 кв.м.) знаходзіцца ў сярэдзіне спісу, уступаючы многім заходнім краінам, але апярэджваючы некаторыя краіны, якія развіваюцца. Напрыклад, у ЗША гэты паказчык складае каля 71 кв. м на чалавека, у Германіі – 47,5 кв. м, у Кітаі – 43 кв. м, у Расіі каля 29,5 кв. м, у Аўсталіі – 89 кв.м.

Забяспечанасць жыллём непасрэдна звязана з аб’ёмамі будаўніцтва, якое штучна замаруджана і не паспявае за попытам. Для будаўніцтва большай колькасці жылля ў Беларусі неабходны спрыяльныя ўмовы для забудоўшчыкаў і пакупнікоў, а таксама спрашчэнне працэдур і даступнасць фінансавання. Невялікія аб’ёмы будаўніцтва новага жылля і абмежаваныя магчымасці для ўваходу на рынак будаўніцтва жылля прыватным інвестарам дазваляюць падтрымліваць высокія кошты на квадратныя метры і атрымліваць звышпрыбытак абмежаванаму колу забудоўшчыкаў. Усё гэта прыводзіць да ажыятажнага попыту на кватэры, якія выстаўляюцца на продаж ў новабудоўлях. Так як прапанова не адпавядае попыту, пасля апублікавання дэкларацый ад забудоўшчыкаў каля офісаў часта выстройваюцца жывыя чэргі з пакупнікоў, якія нясуць дзяжурства суткамі, чакаючы пачатку продажаў.

Незбалансаванасць жыллёвай палітыкі прывяла да ўтварэння чэргаў пры мясцовых выканкамах з грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта на ўліку тых, хто мае патрэбу ў Беларусі, на пачатак 2025 г. было каля 558,4 тыс. чалавек. Гэтыя людзі разлічваюць атрымаць дзяржпадтрымку пры будаўніцтве жылля ў выглядзе дзяржаўнага кошту і льготнага крэдытавання. Аднак кватэр з дзяржаўнай падтрымкай з кожным годам будуецца ўсё менш, многія сем’і, якім адрасавана такая дапамога, адмаўляюцца ад яе, бо ім не падабаюцца ўмовы. А ўмовы складаюцца ў тым, што чаргавікам прапануюць кватэры ад дзяржаўных забудоўшчыкаў па фактычна рынкавых цэнах з выдзяленнем ільготнага крэдыту на нарміруемую колькасць квадратных метраў жылля зыходзячы з нарміруемага, а не прапанаванага кошту. І аказваецца, што грамадзянін дзесяцігоддзямі стаіць у чарзе на жытло ў мясцовым выканкаме толькі для таго, каб атрымаць невялікую суму льготнага крэдыту. Пры адсутнасці фінансавых назапашванняў такая прапанова з боку дзяржавы вырашыць жыллёвую праблему аказваецца для грамадзян вялікім расчараваннем.

У цэлым, можна вылучыць наступныя групы праблем:

  • Высокі кошт жылля.

Цэны на нерухомасць у Беларусі, асабліва ў буйных гарадах, растуць хутчэй, чым даходы грамадзян, што робіць жыллё цяжкадаступным для шырокіх пластоў насельніцтва.

  • Абмежаваны доступ да льготнага крэдытавання.

Існуюць праблемы з даступнасцю льготных крэдытаў для набыцця жылля, што з’яўляецца значным бар’ерам для многіх грамадзян. Не ўсе грамадзяне могуць карыстацца льготным крэдытаваннем для набыцця жылля. Крэдытаванне пакупкі нерухомасці на агульных падставах абцяжарана неапраўдана высокімі працэнтнымі стаўкамі.

  • Недахоп арэнднага і сацыяльнага жылля.

У краіне адчуваецца дэфіцыт арэнднага і сацыяльнага жылля, асабліва ў буйных гарадах, што стварае цяжкасці для грамадзян, якія не маюць магчымасці набыць уласнае жыллё.

  • Павольнае прасоўванне чаргі на жыллё.

Чэргі на паляпшэнне жыллёвых умоў застаюцца вялікімі, асабліва для пэўных катэгорый грамадзян. Многія грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, сутыкаюцца з працяглым чаканнем атрымання дзяржаўнай падтрымкі на будаўніцтва жылля і вымушаны адмаўляцца ад яе, таму што ўмовы яе прадастаўлення пастаянна карэкціруюцца і становяцца не выгаднымі.

  • Нізкія тэмпы будаўніцтва новага жылля.

Абмежаваная прапанова жылля пры стабільным або растучым попыце непазбежна прыводзіць да павелічэння кошту квадратнага метра. Гэта робіць жыллё недаступным для значнай часткі насельніцтва, асабліва для маладых сем’яў і малазабяспечаных грамадзян.

  • Знос жыллёвага фонду.

Многія жылыя дамы, асабліва ў старых раёнах, пабудаваныя ў 1950-1970-х гг., маюць патрэбу ў рамонце і рэканструкцыі, што патрабуе значных фінансавых затрат.

  • Нераўнамернае размеркаванне жылля.

Прасочваецца дысбаланс у размеркаванні жылля паміж гарадамі і сельскай мясцовасцю, што прыводзіць да перанасялення ў гарадах і апусцення вёсак. Адток насельніцтва з малых населеных пунктаў прыводзіць да павышэння попыту на жыллё ў гарадах і апусцення вёсак.

Такім чынам, рэфармаванне неабходна для павышэння эфектыўнасці выкарыстання жыллёвага фонду, вырашэння праблемы жыллёвай забяспечанасці і паляпшэння ўмоў пражывання грамадзян.

 

Асноўныя мэты/задачы рэформы

Мэта жыллёвай палітыкі – фарміраванне паўнацэннага рынку жылля шляхам стварэння ўмоў, пры якіх грамадзяне змогуць задаволіць свае жыллёвыя патрэбнасці, зыходзячы з індывідуальных запытаў, фінансавых магчымасцей і механізмаў дзяржаўнай падтрымкі, а таксама развіццё якасці жылля і жылога асяроддзя. Жыллёвая палітыка павінна садзейнічаць развіццю канкурэнцыі на рынку жылля, забяспечваючы разнастайнасць прапаноў і павышаючы празрыстасць здзелак.

Асноўныя задачы жыллёвай палітыкі ўключаюць:

– забеспячэнне даступным і камфортным жыллём грамадзян;

– развіццё розных форм жыллёвага будаўніцтва;

– падтрымку будаўніцтва арэнднага і сацыяльнага жылля;

– развіццё дзяржаўнай сістэмы жыллёвых зберажэнняў і іпатэчнага крэдытавання;

– паляпшэнне якасці жылога асяроддзя;

– садзейнічанне сацыяльнай раўнавазе.

Акрамя таго, важная задача – павышэнне якасці і камфортнасці жылля, уключаючы яго энергаэфектыўнасць і выкарыстанне сучасных тэхналогій.

 

Крокі па рэалізацыі рэформы

Жыллёвая палітыка павінна забяспечваць наяўнасць дастатковай колькасці даступнага жылля, асабліва для сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, а таксама ўстойлівае развіццё жыллёвага сектара. Для дасягнення мэт і задач жыллёвай палітыкі аптымальным уяўляецца спалучэнне дзяржаўнага рэгулявання і рыначных механізмаў у сферы жыллёвых адносін, а таксама мэтанакіраваная падтрымка сем’яў і стымуляванне будаўніцтва жылля. Ключавымі фактарамі поспеху з’яўляюцца: значныя дзяржаўныя інвестыцыі ў будаўніцтва, падтрымка будаўніцтва сацыяльнага і арэнднага жылля, прыцягненне прыватных інвестыцый у сферу жыллёвага будаўніцтва, стымуляванне індывідуальнага будаўніцтва і набыцця ўласнага жылля. Для дасягнення поспеху жыллёвая палітыка патрабуе комплекснага падыходу, уліку інтарэсаў усіх катэгорый насельніцтва і пастаяннага ўдасканалення механізмаў рэалізацыі жыллёвых праграм.

Для эфектыўнай і паспяховай жыллёвай палітыкі неабходна:

  1. Забеспячэнне празрыстасці прыняцця рашэнняў. Празрыстасць прыняцця рашэнняў з’яўляецца крытычна важным фактарам поспеху ў жыллёвай палітыцы. Адкрытасць і даступнасць інфармацыі аб працэсе прыняцця рашэнняў, а таксама аб крытэрыях, якія выкарыстоўваюцца пры размеркаванні жылля, садзейнічаюць фарміраванню даверу да ўлады, забяспечваюць справядлівасць і эфектыўнасць жыллёвай палітыкі. У сваю чаргу, гэта садзейнічае зніжэнню сацыяльнай напружанасці і павышэнню ўзроўню задаволенасці грамадзян жыллёвымі ўмовамі.
  2. Стымуляванне жыллёвага будаўніцтва. Будаўнічая галіна – важны драйвер эканомікі. Зніжэнне аб’ёмаў будаўніцтва негатыўна ўплывае на сумежныя галіны, такія як вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, а таксама на занятасць у будаўнічай сферы. Для галіны важная празрыстасць выдзялення зямельных надзелаў пад забудову, спрашчэнне працэдуры атрымання дазволаў на будаўніцтва і падтрымка будаўнічых кампаній.
  3. Развіццё іпатэчнага крэдытавання і сістэмы жыллёва-будаўнічых зберажэнняў. Нізкія працэнтныя стаўкі па іпатэчных крэдытах і праграмы дзяржаўнай падтрымкі, такія як субсідыі і льготнае крэдытаванне, робяць жыллё больш даступным.
  4. Развіццё арэнднага жылля і жылля сацыяльнага карыстання. Стварэнне механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства для будаўніцтва і кіравання арэнднымі дамамі. Павелічэнне прапановы такога жылля можа вырашыць праблему даступнасці жылля для некаторых катэгорый грамадзян, а таксама пашырыць магчымасці для грамадзян, якія не жадаюць набываць жыллё ва ўласнасць, але маюць патрэбу ў даступным жыллі.
  5. Стымуляванне будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці. Зніжэнне аб’ёмаў будаўніцтва ў буйных гарадах і перанос акцэнту на сельскую мясцовасць можа садзейнічаць працэсу дэурбанізацыі.
  6. Развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Стымуляванне індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці, шляхам пашырэння падтрымкі грамадзян і забеспячэння неабходнай інфраструктурай.
  7. Абарона правоў дольшчыкаў: Укараненне новых механізмаў, якія забяспечваюць празрыстасць і бяспеку пры долевым будаўніцтве, уключаючы парадак фарміравання складу дольшчыкаў і выкарыстанне спецыяльных рахункаў. Як варыянт – пераход да гатовага жылля ад забудоўшчыкаў, а не ўдзел у долевым будаўніцтве, можа знізіць рызыкі, звязаныя з затрымкамі будаўніцтва і нядобрасумленнасцю забудоўшчыкаў.
  8. Улік рэальных патрэб і прагназаванне аб’ёмаў будаўніцтва. Рацыянальнае планаванне аб’ёмаў будаўніцтва з улікам фінансавых магчымасцей дзяржавы, магчымасцей прыцягнення інвестыцый і патрэбаў насельніцтва.
  9. Паляпшэнне сістэмы дзяржаўнай падтрымкі. Удасканаленне механізмаў субсідзіравання і льготнага крэдытавання, удакладненне крытэрыяў патрэбнасці ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Неабходна аптымізаваць існуючыя формы дзяржаўнай падтрымкі, такія як ільготнае крэдытаванне і субсідыі, робячы іх больш адраснымі і эфектыўнымі. Аптымізацыя сістэмы субсідзіравання і льготнага крэдытавання дасць магчымасць больш рацыянальна выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі, якія накіроўваюцца на жыллёвае будаўніцтва. Змяненне падыходаў да аказання дзяржаўнай падтрымкі дасць магчымасць ахапіць больш катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў жыллі.
  10. Забеспячэнне інфраструктурай. Забеспячэнне неабходнай інфраструктурай новых тэрыторый, выдзеленых пад жыллёвае будаўніцтва, у тым ліку дарогамі, інжынернымі сеткамі і аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры. Асабліва востра пытанне стаіць для сельскай мясцовасці.
  11. Рэнавацыя жыллёвага фонду. Распрацоўка мерапрыемстваў па рэнавацыі існуючага жыллёвага фонду, уключаючы рэканструкцыю і мадэрнізацыю.
  12. Стымуляванне інвестыцый. Распрацоўка мер па прыцягненню інвестыцый у жыллёвае будаўніцтва, уключаючы дзяржаўна-прыватнае партнёрства.

У цэлым, жыллёвая палітыка Беларусі павінна быць накіравана на забеспячэнне даступным, якасным і камфортным жыллём усіх грамадзян, з улікам іх індывідуальных запатрабаванняў і фінансавых магчымасцей.

 

Органы, якія прымаюць рашэнні

Парламент

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтвы

Мясцовыя органы ўлады.

admin2

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2024 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі