КАРОТКАЕ АПІСАННЕ
Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, Канвенцыямі МАП і Канстытуцыяй краіны ўстаноўлена права грамадзян Рэспублікі Беларусь на аб’яднанне ў прафсаюзы для прадстаўніцтва і абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Рэспубліка Беларусь, з’яўляючыся членам МАП, ратыфікавала восем канвенцый МАП, спецыяльна прысвечаных правам чалавека ў галіне працоўных адносін і прызнаных асноватворнымі. У тым ліку Канвенцыя 87 “Аб свабодзе аб’яднанняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы” і Канвенцыя 98 “Аб праве на аб’яднанне ў прафсаюзы і на вядзенне калектыўных перамоў”. Аднак правапрымяняльная практыка і нарматворчая дзейнасць у краіне ўступаюць у супярэчнасць са згаданымі нормамі. На працягу доўгага перыяду Беларусь разглядаецца МАП як адна з найбольш праблемных дзяржаў у свеце з пункту гледжання захавання правоў чалавека ў галіне свабоды аб’яднання. Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (МКП) аднесла Беларусь у сваім рэйтынгу да горшых краін з пункту гледжання забеспячэння правоў працуючых да катэгорыі 5 “no guarantee of rights” (правы не гарантаваныя).
Неаднаразова накіроўваліся ў адрас беларускага ўрада патрабаванні кантрольных органаў МАП па выпраўленні становішча ў заканадаўстве і на практыцы сістэматычна ігнаруюцца, урад не прыняў практычна ніякіх канкрэтных мер па істотным прывядзенні ў дзеянне рэкамендацый, падрыхтаваных спецыяльнай Камісіяй па расследаванні, прызначанай у адпаведнасці з арт. 26 Статута МАП у 2004 г.
Улады Беларусі не толькі не прыводзяць сітуацыю з правамі чалавека ў сферы працы ў адпаведнасць з міжнароднымі працоўнымі стандартамі, але і прынялі за апошні час шэраг новых заканадаўчых норм і распачалі дзеянні, рэзка пагаршаючыя сітуацыю ў гэтым плане. Сярод найважнейшых парушэнняў у галіне свабоды аб’яднання МАП адзначае прымяненне дзяржавай экстрэмальнага гвалту пры падаўленні мірных пратэстаў і забастовак у жніўні 2020 г. пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. У наступны перыяд за ўдзел у забастоўках, мірных акцыях пратэсту многія члены і лідары дэмакратычных прафсаюзаў былі звольненыя з працы, арыштаваныя, прыцягнутыя да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.
Больш за 50 прафсаюзных лідараў і актывістаў падвергліся крымінальнаму пераследу, 30 з іх працягваюць адбываць пакаранні ў месцах пазбаўлення волі, уключаючы Аляксандра Ярашука, старшыню БКДП і члена Адміністрацыйнага савета МАП.
У ліпені 2022 г. дзейнасць Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і арганізацый, якія ўваходзяць у яго склад, была спынена рашэннямі Вярхоўнага суда на той падставе, што яна, нібыта, супярэчыла Канстытуцыі і прычыняла шкоду дзяржаве, што стала беспрэцэдэнтным выпадкам незаконнага роспуску нацыянальнага прафсаюзнага цэнтра. Многія члены і лідары дэмакратычных прафсаюзаў былі вымушаныя пакінуць краіну, каб пазбегнуць далейшых рэпрэсій.
За сістэматычныя парушэнні прынцыпаў свабоды аб’яднання і антыпрафсаюзную дыскрымінацыю Міжнародная арганізацыя працы прыняла рэзалюцыю аб ужыванні ў дачыненні да Беларусі арт.33 Статута арганізацыі. Такім чынам МАП заклікала сусветную супольнасць да перагляду адносін з беларускімі ўладамі. Падобныя меры раней прымаліся толькі па адносінах да М’янмы ў 2000 г. у сувязі з выкарыстаннем прымусовай працы зняволеных.
Генеральная канферэнцыя МАП у сваёй рэзалюцыі ад чэрвеня 2023 г., якая тычыцца мер, рэкамендаваных Адміністрацыйным саветам у адпаведнасці з арт. 33 Статута МАП адносна Беларусі, настойліва заклікала ўрад Беларусі ў тэрміновым парадку прыняць трохбаковую місію МАП з мэтай збору інфармацыі аб выкананні рэкамендацый Камісіі па расследаванні і наступных рэкамендацый наглядных органаў МАП, уключаючы наведванне незалежных прафсаюзных лідараў і актывістаў, якія знаходзяцца ў турмах або пад вартай (урад адмовіўся яе прыняць). Міжнародная канферэнцыя працы пастанавіла таксама праводзіць штогод на сваіх будучых сесіях спецыяльнае пасяджэнне Камітэта па ўжыванню норм (Камітэт Канферэнцыі) для абмеркавання ўжывання Канвенцый 87 і 98 урадам і выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні да таго часу, пакуль не будзе даказана, што ўрад Беларусі выканаў свае абавязацельствы.
Права працуючых і працадаўцаў ствараць па сваім выбары арганізацыі і ўступаць у іх з’яўляецца складовай часткай свабоднага і адкрытага грамадства. Такія арганізацыі ў многіх краінах адыгралі важную ролю ў працэсах дэмакратызацыі. У сувязі з гэтым у перспектыве неабходна радыкальная рэформа заканадаўства аб прафсаюзах у Рэспубліцы Беларусь.
ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНА РЭФОРМА
Рэформа накіравана на ліквідацыю наступстваў сацыяльна-эканамічнай палітыкі апошніх дзесяцігоддзяў, дзе сталі магчымымі дыскрымінацыйныя заканадаўчыя акты ў сферы працоўных адносін, злоўжыванні сістэмай кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, дыскрымінацыя на працоўным месцы па прыкмеце прыналежнасці да дэмакратычных прафсаюзаў, немагчымасць правядзення законнага страйку, рэпрэсіі і пераслед у дачыненні да дэмакратычных прафсаюзаў, іх лідараў і членаў, пазбаўленне працуючых краіны права на свабоднае аб’яднанне ў прафсаюзы.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Асноўнай мэтай рэформы з’яўляецца вяртанне краіны на шлях выканання міжнародных стандартаў у сферы працы, юрыдычнае замацаванне права працуючых ствараць і ўступаць у арганізацыі па ўласным выбары без папярэдняга дазволу для прадстаўніцтва і абароны сваіх працоўных правоў і інтарэсаў, выкананне прынцыпу свабоды аб’яднання ў заканадаўстве і на практыцы.
АСНОЎНЫЯ ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
- Спыненне дыскрымінацыі, гвалту і пераследу членаў незалежных прафсаюзаў, правядзенне адпаведных працэдур ліквідацыі парушэнняў іх правоў і свабод, адмена незаконных рашэнняў аб ліквідацыі БКДП і яго арганізацый-членаў.
- Спыненне практыкі фаварытызму ўбудаванай у дзяржаўную сістэму Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і яе роспуск.
- Распрацоўка ў адпаведнасці з Канстытуцыяй новай Беларусі, міжнароднымі нормамі і стандартамі, канвенцыямі і рэкамендацыямі МАП прававых норм, якія забяспечваюць рэальныя гарантыі захавання прынцыпаў свабоды аб’яднання:
- права працуючых свабодна ствараць і ўступаць у арганізацыі па ўласным выбары без папярэдняга дазволу, у тым ліку пытанне аб юрыдычным адрасе;
- забарона на ўмяшанне ў ажыццяўленне свабоды аб’яднання;
- незалежнасць прафсаюзаў;
- права працуючых на належную абарону ад дзеянняў, якія парушаюць свабоду аб’яднання.
Гарантыі для выбарных прафсаюзных актывістаў
- права на вядзенне калектыўных перамоў, у тым ліку магчымасці для прафсаюза меншасці весці калектыўныя перамовы і заключаць калектыўныя дамовы ад імя прадстаўляемых ім работнікаў;
- эфектыўная сістэма вырашэння працоўных спрэчак;
- права на забастоўку;
- перанос цяжару доказу адсутнасці антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі на наймальніка;
- права па закону і на практыцы на свабоднае правядзенне масавых мерапрыемстваў;
- права арганізацый працуючых атрымліваць і выкарыстоўваць замежную бязвыплатную дапамогу (сродкі, якія атрымліваюцца з-за мяжы);
- адказнасць у дачыненні да чыноўнікаў і наймальнікаў, уключаючы крымінальную, за акты ўмяшання ў прафсаюзную дзейнасць і інш.
- Прыняцце Закона “Аб прафсаюзах у Рэспубліцы Беларусь” у новай рэдакцыі.
КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ
У мэтах сістэмнага падыходу да ўдасканалення прававога рэгулявання дзейнасці прафсаюзаў у Рэспубліцы Беларусь з улікам канвенцый і рэкамендацый МАП у заканадаўства аб прафсаюзах варта ўнесці наступныя прававыя пазіцыі.
Агульныя палажэнні па забеспячэнні свабоды аб’яднання
Прадметам прававога рэгулявання заканадаўства аб прафсаюзах з’яўляюцца грамадскія адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з рэалізацыяй грамадзянамі Рэспублікі Беларусь устаноўленага Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, Канвенцыямі МАП і Канстытуцыяй краіны права на аб’яднанне ў прафсаюзы для прадстаўніцтва і абароны сваіх правоў і інтарэсаў, стварэннем і дзейнасцю прафсаюзаў.
У заканадаўстве аб прафсаюзах павінны быць вызначаны прававыя асновы стварэння прафсаюзаў, іх правы і гарантыі дзейнасці, рэгуляванне адносін прафсаюзаў з дзяржаўнымі органамі, працадаўцамі, іх аб’яднаннямі (саюзамі, асацыяцыямі), іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі. Гэтыя нормы павінны быць замацаваны ў базавым законе.
Прафсаюзы сваю дзейнасць ажыццяўляюць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, базавым Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Дэкрэты прэзідэнта, пастановы ўрада, іншыя заканадаўчыя і нарматыўныя прававыя акты не могуць пагаршаць прававое становішча прафсаюзаў, абмяжоўваць іх правы і гарантыі дзейнасці, прадугледжаныя базавым законам.
Нормы, якія рэгулююць дзейнасць прафсаюзаў, што ўтрымліваюцца ў міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь, якія ўступілі ў сілу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства аб прафсаюзах і падлягаюць непасрэднаму прымяненню.
Калі міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь, канвенцыямі Міжнароднай арганізацыі працы, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, устаноўлены іншыя правілы, чым прадугледжаныя базавым законам, то прымяняюцца правілы міжнародных дамоваў і пагадненняў.
Усе прафсаюзы ў Рэспубліцы Беларусь карыстаюцца роўнымі правамі.
Права грамадзян на аб’яднанне ў прафсаюзы
Грамадзяне без якіх бы то ні было адрозненняў маюць права добраахвотна ствараць па сваім выбары прафсаюзы, уступаць у іх, займацца прафсаюзнай дзейнасцю і выходзіць з прафсаюзаў.
Гэта права рэалізуецца свабодна, без папярэдняга дазволу на адзінай умове падпарадкавання статутам прафсаюзаў.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць па-за яе тэрыторыяй, могуць уваходзіць ў склад беларускіх прафсаюзаў.
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, могуць уваходзіць ў склад беларускіх прафсаюзаў.
Незалежнасць прафсаюзаў
Прафсаюзы незалежныя ў сваёй дзейнасці ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, працадаўцаў (іх аб’яднанняў) палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, ім не падсправаздачныя і непадкантрольныя.
Забараняецца ўмяшанне органаў дзяржаўнай улады і кіравання, іх службовых асоб, працадаўцаў (іх аб’яднанняў) у дзейнасць прафсаюзаў, якое можа пацягнуць за сабой абмежаванне правоў прафсаюзаў або перашкодзіць законнаму ажыццяўленню іх статутнай дзейнасці.
Забарона антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі
Прыналежнасць ці непрыналежнасць грамадзян да прафсаюзаў не цягне якіх-небудзь абмежаванняў іх працоўных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, асабістых правоў і свабод, гарантаваных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Забараняецца абумоўліваць прыём на працу, прасоўванне па працы, а таксама звальненне асобы прыналежнасцю ці непрыналежнасцю яго да якога-небудзь прафсаюза.
У выпадку разгляду ў судзе ці ў іншым кампетэнтным органе заявы работніка ці прафсаюза, які абараняе інтарэсы работніка, у сувязі з меркаванай антыпрафсаюзнай дыскрымінацыяй у сферы працоўных адносін, цяжар даказвання адсутнасці намеру на дыскрымінацыю пераносіцца на працадаўцу.
Патрабаванні мінімальнага членства
Заканадаўства можа ўстанаўліваць патрабаванні мінімальнага членства для фармальнага стварэння прафсаюзных арганізацый. Такія патрабаванні сумяшчальныя з прынцыпамі свабоды аб’яднання, калі ўстаноўлены мінімум рэальна дасягальны пры ўсіх адносячыхся да справы абставінах. Яны не павінны дзейнічаць як стрымліваючы сродак пры стварэнні арганізацый.
Прафсаюзы могуць стварацца па галіновым, прафесійным, міжпрафесійным прынцыпах.
Для стварэння і дзейнасці ў Беларусі галіновага прафесійнага саюза неабходна наяўнасць 30 заснавальнікаў (членаў прафсаюза), прафесійнага саюза – не менш за 20 чалавек, прафесійнага саюза на прадпрыемстве, ва ўстанове, арганізацыі і ў іншых месцах працы (вучобы) або тэрытарыяльнай адзінцы – не менш за 10 чалавек з ліку працуючых у дадзенай арганізацыі або якія пражываюць на дадзенай тэрыторыі.
Структура і кіраванне, статуты арганізацый працуючых
Прафсаюзы, іх аб’яднанні (асацыяцыі) самастойна распрацоўваюць і зацвярджаюць свае статуты, палажэнні аб першасных прафсаюзных арганізацыях, сваю структуру, утвараюць прафсаюзныя органы, выбіраюць сваіх лідараў і актывістаў, арганізуюць сваю дзейнасць, праводзяць сходы, канферэнцыі, з’езды і іншыя мерапрыемствы.
Незалежнасць прафсаюзных арганізацый можа быць гарантавана толькі тады, калі члены арганізацыі маюць права свабодна выбіраць сваіх прадстаўнікоў. Працадаўцы і дзяржаўныя ўлады павінны ўстрымлівацца ад якога-небудзь умяшання, якое можа прывесці да абмежавання гэтага права, асабліва ў дачыненні да правядзення выбараў у прафсаюзах, вызначэння ўмоў абрання, пераабрання прафсаюзных прадстаўнікоў або іх адклікання.
Прафсаюзы могуць ствараць на добраахвотнай аснове рэспубліканскія і іншыя аб’яднанні, федэрацыі, канфедэрацыі, прафцэнтры, асацыяцыі, якія валодаюць правамі прафсаюзаў, а таксама ўступаць у іх.
Рэспубліканскія аб’яднанні прафсаюзаў могуць ствараць у парадку, прадугледжаным статутнымі дакументамі, тэрытарыяльныя (абласныя, гарадскія, раённыя) і іншыя арганізацыйныя структуры, якія валодаюць правамі прафсаюзаў.
Прафсаюзы (іх аб’яднанні) у адпаведнасці са сваімі статутнымі мэтамі і задачамі маюць права супрацоўнічаць з прафсаюзамі іншых краін, па сваім выбары ўступаць у міжнародныя прафсаюзныя аб’яднанні і арганізацыі, заключаць з імі дамовы, пагадненні.
Статут прафсаюза можа прадугледжваць:
назву, мэты і задачы прафсаюза;
катэгорыі і прафесійныя групы аб’ядноўваемых грамадзян;
ўмовы і парадак утварэння прафсаюза, прыняцця ў члены прафсаюза і выхаду з яго, правы і абавязкі членаў прафсаюза;
арганізацыйную структуру;
статус арганізацыйных структур;
парадак утварэння і кампетэнцыю прафсаюзных органаў, тэрміны іх паўнамоцтваў;
парадак унясення дапаўненняў і змяненняў у статут, парадак выплаты ўступных і сяброўскіх складак;
крыніцы ўтварэння даходаў і іншай маёмасці, парадак кіравання маёмасцю прафсаюзаў;
месцазнаходжанне кіруючага прафсаюзнага органа;
парадак рэарганізацыі, спынення дзейнасці і ліквідацыі прафсаюза і выкарыстання яго маёмасці ў гэтых выпадках;
іншыя пытанні, якія адносяцца да дзейнасці прафсаюза.
Статут аб’яднання (асацыяцыі) прафсаюзаў павінен прадугледжваць:
назву, мэты і задачы аб’яднання (асацыяцыі) прафсаюзаў;
склад удзельнікаў;
парадак утварэння прафсаюзных органаў і іх кампетэнцыю;
месцазнаходжанне кіруючага прафсаюзнага органа;
тэрміны паўнамоцтваў прафсаюзнага органа;
крыніцы ўтварэння даходаў і іншай маёмасці, парадак кіравання маёмасцю прафсаюзаў;
парадак унясення дапаўненняў і змяненняў у статут;
парадак рэарганізацыі, спынення дзейнасці і ліквідацыі аб’яднання (асацыяцыі) прафсаюзаў і выкарыстання яго маёмасці ў гэтых выпадках;
іншыя пытанні, якія адносяцца да дзейнасці аб’яднання (асацыяцыі) прафсаюзаў.
Нарматыўныя прававыя акты не могуць утрымліваць патрабаванні, якія рэгламентуюць абавязковыя і дадатковыя пазіцыі статутаў прафсаюзаў.
Праваздольнасць прафсаюзаў. Рэгістрацыя прафсаюзных арганізацый
Праваздольнасць прафсаюза, аб’яднання (асацыяцыі) прафсаюзаў, арганізацыйнай структуры прафсаюза – першаснай прафсаюзнай арганізацыі як юрыдычнай асобы ўзнікае з моманту іх фармальнай паведамляльнай дзяржаўнай рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь, у адпаведных упраўленнях юстыцыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, раённых (гарадскіх) выканаўчых і распарадчых органах па месцы знаходжання кіруючых органаў прафсаюза, яго арганізацыйных структур.
Указаная рэгістрацыя з’яўляецца падставай для ўключэння прафсаюзаў, іх аб’яднанняў (асацыяцый), першасных прафсаюзных арганізацый у рэестр грамадскіх аб’яднанняў.
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльныя органы не маюць права кантраляваць дзейнасць прафсаюзаў, іх аб’яднанняў (асацыяцый), першасных прафсаюзных арганізацый, а таксама адмаўляць ім у рэгістрацыі.
Прафсаюзы, іх аб’яднанні (асацыяцыі), арганізацыйныя структуры прафсаюзаў першасныя прафсаюзныя арганізацыі маюць права не рэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі і яго тэрытарыяльных органах. У гэтым выпадку яны не набываюць правоў юрыдычнай асобы.
Прафсаюзы, іх аб’яднанні (асацыяцыі), арганізацыйныя структуры – першасныя прафсаюзныя арганізацыі на працягу месяца з дня іх утварэння накіроўваюць у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь або яго тэрытарыяльныя органы завераныя копіі сваіх статутаў, рашэнняў з’ездаў (канферэнцый, сходаў) аб стварэнні прафсаюзаў, іх аб’яднанняў (асацыяцый), першасных прафсаюзных арганізацый, аб зацвярджэнні сваіх статутаў, сімволікі, пералікаў удзельнікаў – адпаведных прафсаюзаў, іх аб’яднанняў (асацыяцый).
У якасці юрыдычнага адраса прафсаюзы, іх аб’яднанні (асацыяцыі), іх арганізацыйныя структуры паказваюць адрас месца знаходжання сваіх кіруючых органаў.
Арганізацыйныя структуры прафсаюзаў, іх аб’яднанняў, не надзеленыя па рашэнні кіруючых органаў статусам юрыдычнай асобы, рэгістрацыі і пастаноўцы на ўлік у рэгіструючых органах не падлягаюць.
Супярэчлівая міжнародным нормам і Грамадзянскаму кодэксу краіны пастаноўка на ўлік у рэгіструючых органах арганізацыйных структур прафсаюзаў, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, падлягае адмене. Юрыдычны адрас, які з’яўляецца ў адпаведнасці з ГК атрыбутам юрыдычнай асобы, для арганізацыйных структур прафсаюза не юрыдычных асоб, не патрабуецца. Гэтыя арганізацыйныя структуры падлягаюць пастаноўцы на ўлік у кіруючых органах прафсаюзаў, іх аб’яднанняў.
Адмова ў рэгістрацыі або ўхіленне ад яе могуць быць абскарджаны прафсаюзамі, іх аб’яднаннямі (асацыяцыямі) і першаснымі прафсаюзнымі арганізацыямі ў суд.
Прафсаюзы, іх аб’яднанні (асацыяцыі) і першасныя прафсаюзныя арганізацыі вызваляюцца ад выплаты рэгістрацыйнага збору.
Спыненне дзейнасці прафсаюза, яго арганізацыйных структур ажыццяўляецца па рашэнні яго членаў у парадку, які вызначаецца статутам дадзенага прафсаюза, а ліквідацыя прафсаюза або першаснай прафсаюзнай арганізацыі як юрыдычнай асобы – у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь.
У адпаведнасці з Канвенцыяй 87 МАП прафсаюзы не падлягаюць роспуску ў адміністрацыйным парадку.
Абзац 4 п.24 зацверджаны Пастановай Міністэрства юстыцыі №48 ад 30.08.2005 г. “Інструкцыі аб парадку афармлення і разгляду дакументаў, звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй прафесійных саюзаў, а таксама дзяржаўнай рэгістрацыяй і выключэннем з часопіса дзяржаўнай рэгістрацыі, пастаноўкай на ўлік і зняццем з уліку іх арганізацыйных структур”, які дазваляе рэгіструючым органам у выпадку, калі кіруючаму органу прафсаюза ўказвалася на парушэнні арганізацыйнай структурай прафсаюза заканадаўства Рэспублікі Беларусь і (або) статута прафсаюза і дадзеныя парушэнні прафсаюзам у месячны тэрмін не былі выпраўлены, выключаць з часопіса дзяржаўнай рэгістрацыі і здымаць з уліку арганізацыйныя структуры прафсаюзаў, падлягае неадкладнай адмене.
Гэты пункт супярэчыць арт.57 Грамадзянскага кодэкса, Рэспублікі Беларусь, паколькі дае магчымасць рэгіструючым органам пазбаўляць структуры прафсаюзаў статусу юрыдычнай асобы без працэдуры ліквідацыі і ў пазасудовым парадку.
Узаемадзеянне прафсаюзаў з органамі дзяржаўнага кіравання, працадаўцамі (іх аб’яднаннямі)
Развіццё сістэмы сацыяльнага партнёрства, формаў і метадаў узаемадзеяння прафсаюзаў (аб’яднанняў прафсаюзаў), працадаўцаў (іх аб’яднанняў) і органаў дзяржаўнага кіравання павінна з’яўляцца адной з прыярытэтных задач сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны.
Прафсаюзы маюць права ўносіць у органы дзяржаўнай улады і кіравання прапановы аб прыняцці, змяненні або адмене актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь па працоўных і сацыяльна-эканамічных пытаннях, якія павінны разглядаць у абавязковым парадку. Нарматыўныя прававыя акты, якія закранаюць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы грамадзян, прымаюцца органамі дзяржаўнага кіравання па ўзгадненні з прафсаюзамі (іх аб’яднаннямі).
Праекты лакальных нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць сацыяльна-працоўныя правы работнікаў, разглядаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, органамі кіравання прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый з удзелам адпаведных прафсаюзаў і прымаюцца па ўзгадненні з імі.
Прафсаюзы маюць права ўдзельнічаць у разглядзе органамі дзяржаўнай улады і кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама наймальнікамі (іх аб’яднаннямі), іншымі грамадскімі аб’яднаннямі сваіх прапаноў.
АСНОЎНЫЯ ПРАВЫ ПРАФСАЮЗАЎ
Абарона працоўных правоў
Прафсаюзы абараняюць працоўныя правы сваіх членаў, прымаюць удзел у распрацоўцы дзяржаўнай палітыкі занятасці, уносяць прапановы па сацыяльнай абароне асоб, вызваляемых з прадпрыемстваў, з устаноў, арганізацый, у адпаведнасці з калектыўным дагаворам (пагадненнем) і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Прафсаюзы, іх аб’яднанні (асацыяцыі), іх арганізацыйныя структуры і іх органы прадстаўляюць і абараняюць правы і інтарэсы членаў прафсаюзаў па пытаннях індывідуальных і калектыўных працоўных адносін.
Прафсаюзы абараняюць права сваіх членаў свабодна распараджацца сваімі здольнасцямі да працы, выбіраць род дзейнасці і прафесію, а таксама права на ўзнагароджанне за працу без якой бы то ні было дыскрымінацыі і не ніжэй за ўстаноўлены законам мінімальны памер аплаты працы.
Сістэмы аплаты працы, формы матэрыяльнага заахвочвання, памеры тарыфных ставак (акладаў), а таксама нормы працы ўстанаўліваюцца наймальнікамі (іх аб’яднаннямі) па ўзгадненні з адпаведнымі прафсаюзнымі органамі і замацоўваюцца ў калектыўных дагаворах, пагадненнях, працоўных дагаворах.
Прафсаюзныя прадстаўнікі маюць права беспапярова наведваць арганізацыі і рабочыя месцы, дзе працуюць члены адпаведных прафсаюзаў, для рэалізацыі статутных задач і прадастаўленых прафсаюзам правоў.
Ліквідацыя або рэарганізацыя прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, іх структурных падраздзяленняў, поўнае або частковае прыпыненне вытворчасці па ініцыятыве наймальніка, уласніка або ўпаўнаважанага ім органа кіравання, якія цягнуць за сабой скарачэнне рабочых месцаў або пагаршэнне ўмоў працы, могуць ажыццяўляцца толькі пры ўмове папярэдняга паведамлення (не пазней чым за тры месяцы) адпаведных прафсаюзаў і правядзення з імі перамоваў па захаванні правоў і інтарэсаў грамадзян.
Прыватызацыя прадпрыемстваў
Прафсаюзы маюць права ўдзельнічаць у перамовах па раздзяржаўленню і прыватызацыі прадпрыемстваў, мець сваіх прадстаўнікоў у ствараемых на прадпрыемствах камісіях па прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, уключаючы аб’екты сацыяльнага прызначэння.
Прадстаўнік прафсаюза ўваходзіць у лік прадстаўнікоў арганізацыі, якія накіроўваюцца ў адпаведны камітэт па кіраванні маёмасцю для ўдзелу ў рабоце камісіі па прыватызацыі і ажыццяўлення прафсаюзнага кантролю.
Ахова працы і навакольнага асяроддзя
Прафсаюзы маюць права ўдзельнічаць у фарміраванні дзяржаўных праграм па пытаннях аховы працы і навакольнага прыроднага асяроддзя, а таксама ў распрацоўцы нарматыўных прававых і іншых актаў, якія рэгламентуюць пытанні аховы працы, прафесійных захворванняў і экалагічнай бяспекі.
Прафсаюзы ажыццяўляюць прафсаюзны кантроль за станам аховы працы і навакольнага прыроднага асяроддзя праз свае органы, упаўнаважаных (давераных) асоб па ахове працы, а таксама ўласныя інспекцыі па ахове працы, якія дзейнічаюць на падставе палажэнняў, зацверджаных прафсаюзамі. У гэтых мэтах яны маюць права беспапярова наведваць арганізацыі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкаванасці, іх структурныя падраздзяленні, рабочыя месцы, дзе працуюць члены дадзенага прафсаюза, удзельнічаць у расследаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці (рабоце), абараняць правы і інтарэсы членаў прафсаюза па пытаннях умоў працы і бяспекі на вытворчасці (рабоце), кампенсацыі шкоды, нанесенай іх здароўю на вытворчасці (рабоце), а таксама па іншых пытаннях аховы працы і навакольнага прыроднага асяроддзя.
У выпадках выяўлення парушэнняў, якія пагражаюць жыццю і здароўю работнікаў, прафсаюзныя органы ў арганізацыі, прафсаюзныя інспектары па ахове працы маюць права запатрабаваць ад наймальніка неадкладнай ліквідацыі гэтых парушэнняў і адначасова звярнуцца ў дзяржаўную інспекцыю працы для прыняцця неадкладных мер.
Пры невыкананні патрабаванняў па ліквідацыі парушэнняў, асабліва ў выпадках з’яўлення непасрэднай пагрозы жыццю і здароўю работнікаў, прафсаюзныя органы, прафсаюзныя інспектары па ахове працы маюць права патрабаваць ад працадаўцы, органа кіравання арганізацыяй, службовай асобы прыпынення работ. Працадаўца, службовая асоба абавязаны неадкладна выканаць такое патрабаванне.
Прафсаюзы маюць права ўдзельнічаць у экспертызе бяспекі ўмоў працы на праектуемых, якія будуюцца і эксплуатаваных вытворчых аб’ектах, а таксама ў экспертызе бяспекі праектуемых і эксплуатаваных механізмаў і інструментаў.
Забараняецца падзаконнымі нарматыўнымі прававымі актамі змяняць або абмяжоўваць права прафсаюзаў у галіне аховы працы або надзяляць асобныя прафсаюзы (іх аб’яднанні) дадатковымі паўнамоцтвамі.
Права прафсаюзаў на вядзенне калектыўных перамоваў
Прафсаюзы, іх аб’яднанні (асацыяцыі), першасныя прафсаюзныя арганізацыі і іх органы маюць права на вядзенне калектыўных перамоваў, заключэнне пагадненняў і калектыўных дамоваў ад імя работнікаў.
Прафсаюзы могуць заключаць з адпаведнымі працадаўцамі, іх аб’яднаннямі, органамі дзяржаўнага кіравання пагадненні па пытаннях абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў сваіх членаў, вызначэння асноўных крытэрыяў узроўню жыцця, памераў кампенсацый у залежнасці ад росту цэн, устанаўлення пражытачнага мінімуму і своечасовага перагляду памераў пенсій, стыпендый, дапамог у залежнасці ад індэкса цэн, па кантролю за ажыццяўленнем гэтых мерапрыемстваў, а таксама па іншых пытаннях.
Прадстаўніцтва прафсаюзаў, іх аб’яднанняў (асацыяцый) на вядзенне калектыўных перамоваў, заключэнне пагадненняў ад імя работнікаў на рэспубліканскім, галіновым або тэрытарыяльным узроўнях вызначаецца з улікам статусу адпаведных прафсаюзаў (іх аб’яднанняў).
У выпадку, калі ў арганізацыі дзейнічае некалькі прафсаюзаў або арганізацыйныя структуры розных прафсаюзаў, яны маюць права на самастойнае вядзенне калектыўных перамоваў і заключэнне калектыўнага дагавора.
Па пагадненні паміж прафсаюзамі або арганізацыйнымі структурамі розных прафсаюзаў, якія дзейнічаюць у арганізацыі, можа стварацца сумесная камісія па вядзенні калектыўных перамоваў і заключэнні адзінага калектыўнага дагавора. Прадстаўніцтва ў камісіі па калектыўных перамовах, заключэнні калектыўных дамоваў вызначаецца па дамоўленасці бакоў, але не менш за 1 прадстаўніка ад кожнага прафсаюза.
Забараняецца вядзенне перамоваў і заключэнне пагадненняў і калектыўных дамоваў ад імя работнікаў асобамі, якія прадстаўляюць працадаўцу.
Працадаўцы (іх аб’яднанні), органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абавязаны весці калектыўныя перамовы з арганізацыйнымі структурамі прафсаюзаў, прафсаюзамі (іх аб’яднаннямі) па сацыяльна-працоўных пытаннях, а таксама па пытаннях заключэння калектыўных дамоваў, пагадненняў і заключаць калектыўныя дамовы, пагадненні на ўзгодненых бакамі ўмовах.
Першасныя прафсаюзныя арганізацыі, прафсаюзы, (іх аб’яднанні) маюць права ажыццяўляць прафсаюзны кантроль за выкананнем калектыўных дамоваў, пагадненняў.
У выпадку парушэння працадаўцамі, іх аб’яднаннямі, органамі выканаўчай улады і органамі мясцовага самакіравання ўмоў калектыўнай дамовы, пагаднення першасныя прафсаюзныя арганізацыі, прафсаюзы, аб’яднанні (асацыяцыі) прафсаюзаў і іх органы маюць права накіроўваць ім прадстаўленне аб ліквідацыі гэтых парушэнняў, якое разглядаецца ў тыднёвы тэрмін. У выпадку адмовы ліквідаваць гэтыя парушэнні або не дасягнення пагаднення ва ўказаны тэрмін рознагалоссі разглядаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб калектыўных працоўных спрэчках.
Права на страйк
Прафсаюзы маюць права на арганізацыю і правядзенне страйкаў у мэтах абароны прафесійных і эканамічных інтарэсаў працуючых.
Прафсаюзы самастойна вызначаюць від і працягласць страйку, у тым ліку:
- Эканамічны страйк – заснаваны на чыста эканамічных патрабаваннях з боку работнікаў да працадаўцы; часцей за ўсё прычынай такога страйку з’яўляецца нізкая зарплата, дрэнныя ўмовы працы.
- Палітычны страйк – будуецца на патрабаваннях працуючых асобна ўзятага прадпрыемства (часцей шэрагу прадпрыемстваў), якія жадаюць унесці змены ў існуючае заканадаўства, у склад урада.
- Папераджальны страйк – праца спыняецца на кароткі тэрмін (звычайна ад некалькіх гадзін да сутак), працадаўцу або ўрадавыя органы заклікаюць задаволіць патрабаванні страйкуючых у найкарацейшы тэрмін, каб пазбегнуць больш працяглых пратэстных дзеянняў.
У перыяд вядзення калектыўных перамоваў па пытаннях заключэння калектыўных дамоваў, пагадненняў прафсаюзы маюць права на абвяшчэнне і правядзенне 3-дзённага страйку без папярэдніх прымірэнчых працэдур.
- Італьянскі страйк (праца па правілах) – мае на ўвазе абсалютнае выкананне ўмоў працоўнай дамовы; работнікі дакладна выконваюць усе складзеныя інструкцыі, што ў выніку вядзе да страты прадукцыйнасці, вялікіх часавых выдаткаў на простыя, здавалася б, дзеянні, а часам і да спынення вытворчасці.
- Страйк салідарнасці – працу спыняюць з салідарнасці, каб падтрымаць работнікаў з іншага прадпрыемства (часта якія належаць да той жа галіны або адной кампаніі), якія трапілі ў цяжкую сітуацыю; пры гэтым не абавязкова, каб страйкуючыя работнікі былі незадаволеныя сваімі ўмовамі працы.
- Усеагульны страйк – спыненне працы значнай часткай працуючых у шэрагу галін прамысловасці для дасягнення эканамічных або палітычных мэтаў.
Прафсаюзы могуць мець страйкавы фонд для падтрымкі страйкуючых.
Страйкуючыя працуючыя маюць права на атрыманне дапамогі ад Міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў, замежных юрыдычных і фізічных асоб.
Парадак правядзення прымірэнчых працэдур, аб’яўлення і правядзення страйку замацоўваецца ў Працоўным кодэксе ў адпаведнасці з прынцыпамі свабоды аб’яднання.
Артыкулы 379, 388 (1), (3) і (4), 390, 392 і 393 дзеючага Працоўнага кодэкса, якія абмяжоўваюць права на страйк; а таксама артыкул 42 (7), які непасрэдна дазваляе працадаўцу звольніць або скасаваць працоўную дамову з работнікам, які адсутнічае на працы, у сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту; работнікам, які прымушае іншых работнікаў да ўдзелу ў страйку або заклікае іншых работнікаў спыніць выкананне працоўных абавязкаў без паважлівых прычын; або работнікам, які ўдзельнічае ў незаконным страйку, павінны быць адменены.
Масавыя мерапрыемствы прафсаюзаў
Прафсаюзы ў мэтах ажыццяўлення сваіх статутных задач маюць права арганізоўваць і свабодна без папярэдняга дазволу праводзіць мітынгі, сходы, пікетаванне, вулічныя шэсці, дэманстрацыі і іншыя калектыўныя дзеянні па абароне інтарэсаў сваіх членаў і іншых грамадзян.
Мясцовыя органы ўлады не маюць права забараніць прафсаюзам правядзенне масавых мерапрыемстваў.
У заканадаўстве можа быць устаноўлена абавязак прафсаюзаў аб апавяшчэнні ўладаў аб намеры правесці масавае мерапрыемства за тыдзень да прызначанага тэрміну.
Прафсаюзны кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і прафсаюзах
Прафсаюзы маюць права на ажыццяўленне прафсаюзнага кантролю за выкананнем працадаўцамі, службовымі асобамі заканадаўства аб працы і прафсаюзах, у тым ліку па пытаннях працоўнай дамовы (кантракта), працоўнага часу і часу адпачынку, аплаты працы, гарантый і кампенсацый, льгот і пераваг, а таксама па іншых сацыяльна-працоўных пытаннях і права патрабаваць ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Працадаўцы, службовыя асобы абавязаны ў тыднёвы тэрмін з моманту атрымання патрабавання аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў паведаміць прафсаюзу аб выніках яго разгляду і прынятых мерах.
Прафсаюзы ўправе па просьбе членаў прафсаюза, іншых грамадзян або па ўласнай ініцыятыве звяртацца з заявамі ў абарону іх працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў у органы па разглядзе працоўных спрэчак, суды, а таксама прадстаўляць і абараняць іх правы і законныя інтарэсы ва ўзгаданых інстанцыях.
Для ажыццяўлення прафсаюзнага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, абароны сацыяльна-працоўных і іншых грамадзянскіх правоў і прафесійных інтарэсаў сваіх членаў і іншых грамадзян прафсаюзы ўправе ствараць уласныя тэхнічныя і прававыя інспекцыі працы, юрыдычныя службы і кансультацыі, іншыя неабходныя органы, якія надзяляюцца паўнамоцтвамі, прадугледжанымі палажэннямі, зацверджанымі прафсаюзамі.
Прафсаюзы, іх інспекцыі працы пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў узаемадзейнічаюць з дзяржаўнымі органамі нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.
Прадстаўнікі прафсаюза маюць права бесперашкодна наведваць арганізацыі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкаванасці для правядзення праверак выканання заканадаўства аб працы і заканадаўства аб прафсаюзах, а таксама выканання працадаўцамі ўмоў калектыўнай дамовы, пагаднення.
Адказнасць за парушэнні правоў прафсаюзаў
Працадаўцы (іх аб’яднанні), дзяржаўныя органы, суб’екты гаспадарання, грамадскія аб’яднанні і службовыя асобы абавязаны выконваць правы прафсаюзаў.
Працадаўцы (іх аб’яднанні), дзяржаўныя органы, суб’екты гаспадарання, грамадскія аб’яднанні і службовыя асобы не маюць права перашкаджаць прадстаўнікам прафсаюзаў наведваць прадпрыемствы і арганізацыі, на якіх працуюць члены гэтых прафсаюзаў.
За парушэнне заканадаўства аб прафсаюзах службовыя асобы дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, працадаўцы, службовыя асобы іх аб’яднанняў (саюзаў, асацыяцый) нясуць дысцыплінарную, адміністрацыйную, крымінальную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Гарантыі правоў прафсаюзных работнікаў
Прафсаюзным работнікам прадастаўляюцца наступныя гарантыі:
- скасаванне працоўнай дамовы па ініцыятыве працадаўцы і кантракта з работнікамі, абранымі ў склад прафсаюзных органаў і не вызваленымі ад працы, дапускаецца толькі з пісьмовай згоды (не пазней, чым за два месяцы) прафсаюзнага органа, членам якога яны абраны;
- скасаванне па ініцыятыве працадаўцы працоўнай дамовы і кантракта з работнікамі, абранымі кіраўнікамі прафсаюзных органаў і не вызваленымі ад працы, дапускаецца толькі з папярэдняй згоды вышэйстаячага прафсаюзнага органа;
- асобам, абраным ў склад прафсаюзных органаў, прадастаўляецца пераважнае права застацца на працы пры скарачэнні колькасці або штата работнікаў пры астатніх роўных умовах;
- заключаныя з імі кантракты працадаўцы абавязаны прадаўжаць не менш, чым на тэрмін іх паўнамоцтваў у выбарным органе прафсаюза;
- работнікам, вызваленым ад працы ў выніку абрання на выбарныя пасады ў прафсаюзных органах, пасля заканчэння іх паўнамоцтваў прадастаўляецца ранейшая праца (пасада), а пры яе адсутнасці са згоды работніка – іншая раўназначная праца (пасада) на тым жа прадпрыемстве, ва ўстанове, арганізацыі;
- прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці грамадскіх інспектараў па ахове працы і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, работнікаў, упаўнаважаных прафсаюзам на ўдзел у ствараемых на прадпрыемстве, ва ўстанове, арганізацыі камісіях па калектыўных перамовах, разглядзе працоўных спрэчак, прымірэнчых камісіях, дапускаецца толькі з папярэдняй згоды прафсаюзнага органа.
Калектыўным дагаворам (пагадненнем) могуць прадугледжвацца дадатковыя гарантыі работнікам, абраным у прафсаюзныя органы.
Вызваленыя прафсаюзныя работнікі валодаюць такімі ж сацыяльнымі і працоўнымі правамі і льготамі, як і іншыя работнікі прадпрыемства, установы, арганізацыі ў адпаведнасці з калектыўным дагаворам (пагадненнем).
Права на інфармацыю
Прафсаюзы маюць права бясплатна і бесперашкодна атрымліваць ад працадаўцаў (іх аб’яднанняў), суб’ектаў гаспадарання, а таксама ад органаў дзяржаўнага кіравання інфармацыю па пытаннях, звязаных з працай і сацыяльна-эканамічным развіццём.
Прафсаюзныя органы маюць права абмяркоўваць атрыманую інфармацыю з запрашэннем прадстаўнікоў працадаўцаў, іх аб’яднанняў, органаў дзяржаўнага кіравання.
Прафсаюзы маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі
Прафсаюзы маюць права на асвятленне сваёй дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі, могуць быць заснавальнікамі сродкаў масавай інфармацыі, праводзіць сацыялагічныя даследаванні, мець навуковыя, інфармацыйныя і вучэбна-даследчыя цэнтры.
Фінансы і маёмасць прафсаюзаў
Прафсаюзы, іх аб’яднанні (асацыяцыі), першасныя прафсаюзныя арганізацыі валодаюць, карыстаюцца і распараджаюцца тым, што належыць ім на праве ўласнасці маёмасцю, у тым ліку грашовымі сродкамі, неабходнымі для выканання сваіх статутных мэт і задач, валодаюць і карыстаюцца перададзенай ім ва ўстаноўленым парадку ў іх гаспадарчае веданне іншай маёмасцю.
Гарантуюцца прызнанне, недатыкальнасць і абарона правоў уласнасці прафсаюзаў, умовы для ажыццяўлення гэтых правоў нароўні з іншымі юрыдычнымі асобамі незалежна ад формаў уласнасці ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Фінансавы кантроль за сродкамі прафсаюзаў дзяржаўнымі органамі не ажыццяўляецца, за выключэннем кантролю за выплатай падаходнага падатку на заработную плату і адлічэнняў у фонды сацыяльнай абароны і пенсійны, а таксама за сродкамі ад прадпрымальніцкай дзейнасці.
Абмежаванне незалежнай фінансавай дзейнасці прафсаюзаў не дапускаецца.
Маёмасць прафсаюзаў можа быць адчужана толькі па рашэнні суда.
Прафсаюзы не адказваюць па абавязацельствах арганізацый, органаў дзяржаўнай улады і органаў мясцовага самакіравання, якія ў сваю чаргу не адказваюць па абавязацельствах прафсаюзаў.
Крыніцы, парадак фарміравання маёмасці і выкарыстання сродкаў прафсаюзаў вызначаюцца іх статутамі, палажэннямі аб першасных прафсаюзных арганізацыях.
Прафсаюзы маюць права атрымліваць фінансавую дапамогу ад прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый іншых краін, ажыццяўляць сумесныя праекты без рэгістрацыі і папярэдняга дазволу.
Уласнасцю прафсаюзаў могуць быць зямельныя ўчасткі, будынкі, збудаванні, санаторна-курортныя, турыстычныя, спартыўныя, іншыя аздараўленчыя ўстановы, культурна-асветніцкія, навуковыя і адукацыйныя ўстановы, жыллёвы фонд, арганізацыі, у тым ліку выдавецтвы, друкарні, а таксама каштоўныя паперы і іншая маёмасць, неабходныя для забеспячэння статутнай дзейнасці прафсаюзаў.
Прафсаюзы маюць права засноўваць банкі, фонды салідарнасці, страхавыя, культурна-асветніцкія фонды, фонды навучання і падрыхтоўкі кадраў, а таксама іншыя фонды, якія адпавядаюць статутным мэтам прафсаюзаў.
Прафсаюзы маюць права ажыццяўляць на падставе заканадаўства праз заснаваныя імі арганізацыі прадпрымальніцкую дзейнасць для дасягнення мэт, прадугледжаных статутам, і адпаведную гэтым мэтам.
Працадаўца прадастаўляе прафсаюзам, якія дзейнічаюць на прадпрыемстве, ва ўстанове, арганізацыі, ва ўжытак неабходныя для іх дзейнасці абсталяванне, памяшканні, транспартныя сродкі і сродкі сувязі ў адпаведнасці з дамовай (пагадненнем).
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫЙМАЮЦЬ РАШЭННІ
Парламент, Прэзідэнт, Савет Міністраў.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Змена:
Прыняцце Закона аб прафсаюзах у Рэспубліцы Беларусь у новай рэдакцыі.
Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26.07.1999 г. № 25-З (рэд. ад 8.07.2024 г.).
Закон аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь № 25-3 (у рэд. ад 17.07.18г.)
Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”
№3 ад 25 мая 2020 г.
Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях № 365-3 (у рэд. ад 22.04.2024 г.)
Крымінальны кодэкс (са зменамі і дапаўненнямі па стане на 12.01.25 г.)
Адмена:
Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1999 г. №2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў”.
Пастанова Міністэрства юстыцыі №48 ад 30.08.2005 г. “Інструкцыя аб парадку афармлення і разгляду дакументаў, звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй прафесійных саюзаў, а таксама дзяржаўнай рэгістрацыяй і выключэннем з часопіса дзяржаўнай рэгістрацыі, пастаноўкай на ўлік і зняццем з уліку іх арганізацыйных структур”.
АРГАНІЗАЦЫЯ, АДКАЗНАЯ ЗА РАСПРАЦОЎКУ ПРАЕКТА РЭФОРМЫ:
Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў.