Кароткае апісанне
Асноўнай праблемай у сферы дзейнасці судоў з’яўляецца тое, што суды фактычна страцілі сваю незалежнасць і самастойнасць.
Сутнасць судовай рэформы складаецца ў забеспячэнні належнай незалежнасці судоў пры разглядзе судовых спраў, павышэнні статусу судоў у сістэме органаў улады, узмацненне гарантый судовай абароны правоў і свабод грамадзян.
ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА
1. Цэнтралізацыя судоў і залежнасць ад Прэзідэнта.
Cуддзі прызначаюцца на пасаду (і вызваляюцца ад пасады) Прэзідэнтам – кіраўніком дзяржавы. Перасоўванне суддзяў па службе, прысваенне ім класаў дзяржслужачых здзяйсняецца на падставе прэзідэнцкіх указаў.
У 2013 г. гаспадарчыя суды былі ператвораны ў эканамічныя суды і ўключаны ў сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. Вярхоўны суд атрымаў паўнамоцтвы па арганізацыйным, матэрыяльна-тэхнічным і кадравым забеспячэнні дзейнасці судоў. У выніку ўзмацнілася цэнтралізацыя судоў і падвысілася роля старшыні Вярхоўнага суда.
2. Умяшальніцтва кіраўнікоў судоў у дзейнасць па ажыццяўленні правасуддзя.
Гэта выяўляецца, у прыватнасці, у тым, што судовыя працэсы па крымінальных справах сталі насіць відавочна выразны абвінаваўчы ўхіл. Суды нібы зрасліся з органамі папярэдняга следства і пракуратурай. Пры гэтым апраўдальныя прысуды сталі рэдкасцю. У Беларусі на 100 асуджаных прыпадае 2-3 апраўданых, што ў разы менш, чым у краінах Еўропы.
3. Жорсткая рэпрэсіўная палітыка судоў.
Асабліва гэта выяўляецца па справах так званай карупцыйнай скіраванасці, а таксама справах, якія звязаныя з наркотыкамі.
Суды агульнай юрысдыкцыі разглядаюць вялікую колькасць спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Да адміністрацыйнай адказнасці штогод прыцягваецца каля 350-370 тыс. чал. Прыкладна ў 80% выпадкаў накладаюцца штрафы. У 17-18% ўжываецца адміністрацыйны арышт.
4. Палітызаванасць судовых рашэнняў.
Адміністрацыйнае судаводства ў дачыненні да “палітычных спраў ажыццяўляецца тэндэнцыйна, нярэдка з выкарыстаннем фальсіфікаваных матэрыялаў. Пастанову суддзі дапускаецца абскардзіць толькі ў наглядным парадку, што ў большасці выпадкаў не дае вынікаў.
5. Нікчэмная роля Канстытуцыйнага суда.
Канстытуцыйны суд уключаны ў судовую сістэму Рэспублікі Беларусь.
Асаблівасцю статуса Канстытуцыйнага суда з’яўляецца тое, што яго новыя паўнамоцтвы былі вызначаны прэзідэнцкім дэкрэтам ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы сваім актам дапусціў парушэнне Канстытуцыі і ўварванне ў сферу судовай арганізацыі.
З ліпеня 2008 г. Канстытуцыйны суд праверыў больш за 700 законаў у парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю і, як ні дзіўна, не выявіў ні аднаго закона, які б парушаў Канстытуцыю.
Напрацягу апошніх 10 гадоў у Канстытуцыйны суд ніхто з упаўнаважаных суб’ектаў (Прэзідэнт, Урад, палаты парламента, Вярхоўны суд) не звяртаўся. Такая пасіўнасць названых суб’ектаў тлумачыцца, перш за ўсё, нежаданнем абвастраць адносіны з іншымі органамі ўлады. Акрамя таго, ствараецца ілюзія ідэальнай канстытуцыйнай законнасці ў краіне.
Канстытуцыйны суд не надзелены правам разглядаць звароты грамадзян аб парушэнні іх правоў і свабод у прынятых нарматыўных актах. Суд адхіляе такія звароты і прапануе звяртацца да “ўпаўнаважаных суб’ектаў”. Тыя, у сваю чаргу, адмаўляюцца іх накіроўваць у Канстытуцыйны суд.
6. Судовая сістэма Рэспублікі Беларусь застаецца нерэфармаванай з 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Канцэпцыя судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь, прынятая Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 23 красавiка 1992 г., у сілу шэрагу прычын (аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару) не была рэалізавана на практыцы.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Мэтай судовай рэформы з’яўляецца стварэнне новай сістэмы судоў, якая можа забяспечыць якасны і аб’ектыўны разгляд спраў, а таксама гарантаваць абарону правоў і свабод грамадзян на ўсіх стадыях судавытворчасці.
Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:
1. на базе папярэдняй судовай сістэмы стварыць новую сістэму судоў;
2. забяспечыць рэальную незалежнасць судоў і суддзяў;
3. уключыць у працэс правасуддзя грамадзян як паўнапраўных суддзяў;
4. пашырыць сферу судовага кантролю;
5. развіць спецыялізацыю суддзяў;
6. узвысіць ролю Канстытуцыйнага суда;
7. забяспечыць самакіраванне суддзяў;
8. прыняць новае заканадаўства аб судаўладкаванні і судавытворчасці;
9. ажыццявіць рэформу іншых праваахоўных органаў.
КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ
1. Стварэнне новай судовай сістэмы.
Новая судовая сістэма Рэспублікі Беларусь павінна складацца з судоў агульнай юрысдыкцыі, спецыялізаваных судоў і Канстытуцыйнага суда.
Суды агульнай юрысдыкцыі будуць уключаць у сябе: міжраённыя (акруговыя) суды; апеляцыйныя суды (абласныя (Мiнскi гарадскi) суды); Вярхоўны суд. На тэрыторыі судовай акругі могуць стварацца ўчастковыя (міравыя) суды для разгляду малазначных спраў па спрошчанай працэдуры.
Міжраённыя (акруговыя) суды будуць стварацца ў адпаведнасці з падзелам тэрыторыі краіны на судовыя акругі з прыкладна роўнай колькасцю насельніцтва. Яны павінны быць прыкладна аднолькавымі па колькасці суддзяў (акрамя буйных гарадоў, дзе колькасць суддзяў можа быць вышэй з улікам іх нагрузкі).
Міжраённыя (акруговыя) суды павінны разглядаць справы па першай інстанцыі ў складзе аднаго суддзі; трох суддзяў; аднаго суддзі і калегіі з прысяжных засядацеляў.
Апеляцыйныя суды ва ўстаноўленым парадку павінны разглядаць скаргі бакоў (пратэсты пракурора) на рашэнні, пастановы і прысуды судоў першай інстанцыі, якiя не ўступiлi ў законную сілу.
Вярхоўны суд павінен на падставе наглядных скаргаў асуджаных і іх абаронцаў правяраць законнасць раней прынятых судовых рашэнняў.
2. Забеспячэнне рэальнай незалежнасці судоў і суддзяў.
Незалежнасць судоў і суддзяў можна забяспечыць шляхам абрання суддзяў на ўсіх узроўнях.
Па Канстытуцыі 1994 г. суддзі Канстытуцыйнага суда, Вярхоўнага суда, Вышэйшага гаспадарчага суда абіраліся на свае пасады Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь (п. 7 арт. 82). Гэты парадак трэба аднавіць, абмежаваўшы тэрмін абрання пяццю гадамі з правам перавыбрання суддзяў.
Такі ж парадак варта вызначыць і ў дачыненні да суддзяў ніжэйстаячых судоў. У якасці выбарнага органа могуць выступаць прадстаўнічыя органы мясцовага самакіравання рэгіёнаў. Тэрмін абрання для суддзяў ніжэйстаячых судоў можа складаць 4 гады.
У мэтах якаснага адбору кандыдатаў на пасады суддзяў варта прадугледзець падрыхтоўку кандыдатаў, уключаючы здачу кваліфікацыйнага экзамену, стажыроўку, сумоўе і ўключэнне ў Нацыянальны рэестр кандыдатаў на пасаду суддзяў Рэспублікі Беларусь. Далей кандыдаты з названага рэестра могуць прэтэндаваць на судовыя вакансіі па рэкамендацыі Рэспубліканскай Рады суддзяў.
3. Уключэнне ў працэс правасуддзя грамадзян як паўнапраўных суддзяў.
Прадугледзець па асобных катэгорыях крымінальных спраў стварэнне судоў з удзелам прысяжных засядацеляў (суддзяў ад народа). Умовай стварэння такога суда павінна з’яўляцца непрызнанне абвінавачаным сваёй віны ў здзяйсненні злачынства. Такі суд будзе складацца з суддзі і калегіі прысяжных засядацеляў.
4. Пашырэнне сферы судовага кантролю.
Менавіта судам даручаецца функцыя вырашэння пытання аб законнасці заключэння асоб пад варту, а таксама аб працягу тэрміну ўтрымання пад вартай. Суды, як гаранты абароны правоў і свабод грамадзян, абавязаны прымаць да разгляду скаргі грамадзян на парушэнне іх правоў і свабод з боку органаў дзяржаўнага кіравання і службовых асоб. Да сферы судовага кантролю павінны датычыцца і дзеянні (рашэнні) органаў папярэдняга расследавання.
5. Паглыбленне спецыялізацыі суддзяў.
У складзе міжраённых (акруговых) судоў прапануецца ўвесці пасады суддзяў па адміністрацыйных спрэчках (справах), па справах непаўнагадовых, па працоўных і сацыяльных спрэчках, іншых катэгорыях спраў.
Аднавіць суды па гаспадарчых справах. Гаспадарчыя суды закліканы разглядаць спрэчкі суб’ектаў гаспадарання (індывідуальных прадпрымальнікаў), справы аб банкруцтве суб’ектаў гаспадарання, скаргі суб’ектаў гаспадарання (індывідуальных прадпрымальнікаў) на рашэнні (дзеянні) органаў дзяржаўнага кіравання, пазовы органаў дзяржаўнага кіравання да суб’ектаў гаспадарання ў сувязі з іх незаконнай дзейнасцю.
Сістэма гаспадарчых судоў павінна складацца з Вышэйшага гаспадарчага суда, апеляцыйных судоў, гаспадарчых судоў рэгіёнаў. Для разгляду пэўных катэгорый гаспадарчых спраў могуць стварацца спецыялізаваныя суды.
6. Узмацненне ролі Канстытуцыйнага суда.
Неабходна пашырыць яго паўнамоцтвы, а таксама павялічыць кола асоб, якія маюць права да яго звяртацца. У іх лік павінны ўваходзіць: Прэзідэнт, Старшыня Парламента, групы дэпутатаў у колькасці не менш за 30 чалавек, Урад, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд, Генеральны пракурор, Упаўнаважаны па правах чалавека, прадстаўнічыя органы рэгіёнаў, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь таксама маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд, калі іх правы і свабоды парушаюцца ў нарматыўных актах, якія былі выдадзены дзяржаўнымі органамі. Прадстаўляць інтарэсы грамадзяніна ў Канстытуцыйным судзе павінен адвакат або дыпламаваны юрыст.
7. Забеспячэнне самакіравання суддзяў.
У якасці органаў самакіравання могуць выступаць: З’езд суддзяў Рэспублікі Беларусь; Рэспубліканская Рада суддзяў; рэгіянальныя канферэнцыі суддзяў.
Пастаянна дзеючым органам судзейскага самакіравання павінна выступаць Рэспубліканская Рада суддзяў. Яе склад павінен фармавацца з’ездам суддзяў Рэспублікі Беларусь з улікам квот прадстаўніцтва.
Адной з важных функцый Рэспубліканскай Рады суддзяў павінна з’яўляцца рэкамендацыя кандыдатур на пасады суддзяў з ліку асоб, якія ўключаны ў Нацыянальны рэестр кандыдатаў на пасаду суддзі Рэспублікі Беларусь.
8. Распрацоўка новага заканадаўства аб судаўладкаванні і судавытворчасці.
Прававой базай для распрацоўкі пакета законаў можа быць Канцэпцыя судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь, прынятая легітымным парламентам.
Асновапалагаючым актам у гэтай сферы павінен стаць канстытуцыйны закон “Аб судаўладкаванні ў Рэспубліцы Беларусь. У ім павінны быць замацаваны задачы судоў, судовая сістэма, прынцыпы іх арганізацыі і дзейнасці, асновы прававога статусу суддзяў, пытанні забеспячэння дзейнасці судоў і органаў судзейскага самакіравання.
9. Рэфармаванне іншых праваахоўных органаў.
Судовая рэформа можа быць паспяховай пры ўмове мадэрнізацыі праваахоўных органаў. Гаворка ідзе аб органах дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры, дзяржаўнай службы судовых экспертыз, арганізацыях адвакатаў. У сувязі з гэтым неабходна адначасова праводзіць рэформу судоў і праваахоўных органаў.
Дарожная карта рэформы
1) Прыняцце пастановы Парламентам “Аб Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь. У ім варта пазначыць мэты і задачы рэформы, асноўныя напрамкі і крокі па яе рэалізацыі, меры па пераўтварэнні судоў і іншых праваахоўных органаў.
2) Стварэнне камісіі, адказнай за рэалізацыю судова-прававой рэформы. У яе склад павінны ўвайсці дэпутаты парламента, кіраўнікі Канстытуцыйнага, Вярхоўнага, Вышэйшага гаспадарчага судоў, кіраўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў, вядомыя навукоўцы-юрысты. Старшынёй Камісіі па пасадзе можа быць міністр юстыцыі, а яго намеснікамі – адзін з дэпутатаў і навуковец-юрыст.
3) Прыняцце Дзяржаўнай праграмы па рэфармаванні судоў і праваахоўных органаў у Рэспубліцы Беларусь. У ёй варта вызначыць пералік законаў, неабходных для рэалізацыі палажэнняў судова-прававой рэформы з указаннем адказных асоб і тэрмінаў падрыхтоўкі. Пры гэтым неабходна прадугледзець выдзяленне датацый з бюджэту. У прыватнасці, павінна аплачвацца распрацоўка праектаў законаў, іх экспертыза ў навуковых і навучальных цэнтрах, запрашэнне замежных экспертаў.
4) Распрацоўка запланаваных законапраектаў і прыняцце іх парламентам краіны.
5) Ажыццяўленне новых законаў і здзяйсненне неабходных пераўтварэнняў.
ОРГАНЫ, ЯКIЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ
Парламент.
Па Канстытуцыі 1994 г. такім парламентам з’яўляецца Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Ён павінен быць адноўлены ў ходзе папярэдніх канстытуцыйных пераўтварэнняў.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь.
Пастанова Вярхоўнага Савета і Урада Рэспублікі Беларусь “Аб зацвярджэнні персанальнага складу Камісіі па рэалізацыі Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь.
Пастанова Вярхоўнага Савета і Урада Рэспублікі Беларусь “Аб Дзяржаўнай праграме па рэфармаванні судоў і праваахоўных органаў у Рэспубліцы Беларусь”
Законы Рэспублікі Беларусь:
Аб судаўладкаванні ў Рэспубліцы Беларусь”;
Аб парадку абскарджання ў суд дзеянняў і рашэнняў, якія парушаюць правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь”;
Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай”;
Аб перападпарадкаванні Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь” (у склад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь);
Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”;
Аб судах агульнай юрысдыкцыі ў Рэспубліцы Беларусь”;
Аб судах па гаспадарчых справах у Рэспубліцы Беларусь”;
“Аб судах з удзелам прысяжных засядацеляў у Рэспубліцы Беларусь;
Аб судовых прыставах і судовых выканаўцах”;
Аб пракуратуры ў Рэспубліцы Беларусь”;
Аб адвакатуры ў Рэспубліцы Беларусь”;
Аб натарыяце ў Рэспубліцы Беларусь”;
Аб судова-экспертнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”;
Аб органах унутраных спраў у Рэспубліцы Беларусь”;
Аб Службе нацыянальнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь”.
Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).