АРГАНІЗАЦЫЯ, АДКАЗНАЯ ЗА РАСПРАЦОЎКУ ПРАЕКТУ РЭФОРМЫ:
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
КАРОТКАЕ АПІСАННЕ РЭФОРМЫ:
Беларуская эканоміка перажывае не крызіс беспрацоўя, а крызіс занятасці не там і не тымі. Тысячы людзей працягваюць працаваць у калгасах, стратных заводах, на непрадуктыўных пасадах у дзяржаўным сектары. Адначасова не хапае ІТ-спецыялістаў, лагістаў, адміністратараў, спецыялістаў па абслугоўванні складанай тэхнікі, аператараў робатызаваных вытворчасцей.
Ствараць новыя працоўныя месцы бессэнсоўна — працоўных рук і так не стае. Замест гэтага патрэбна маштабная рэалакацыя працы — пераход людзей з нізкапрадукцыйных сфер у высокаэфектыўныя і перспектыўныя.
ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНА РЭФОРМА:
Працаздольнасць грамадзян Беларусі — ключавы эканамічны рэсурс краіны, пазбаўленай багатых запасаў карысных выкапняў. Увесь нацыянальны дабрабыт, якім валодаюць беларусы, створаны іх уласнымі рукамі. Надзеі на будучыню звязаны выключна з ростам прадукцыйнасці працы.
Аднак рынак працы сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі: дэмаграфічнае старэнне, эміграцыя, структурны дысбаланс і неэфектыўнае выкарыстанне навыкаў. Гэта тармозіць рост эканомікі і зніжае эфектыўнасць сістэмы.
Звыклае патрабаванне — “стварыць новыя працоўныя месцы” — не вырашае праблему. Узровень беспрацоўя і так адзін з самых нізкіх у гісторыі. Праблема ў іншым: існуючыя працоўныя месцы не адпавядаюць патрэбам сучаснай эканомікі і не раскрываюць патэнцыял працаўнікоў.
Беларусі патрэбна рэформа рынку працы, якая дапаможа сотням тысяч людзей перайсці з састарэлых і неэфектыўных сектараў у новую эканоміку — інавацыйную, гібкую і прадукцыйную.
Дзейная мадэль “поўнай занятасці” замяніла класічную сацыяльную падтрымку — замест дапамогі па беспрацоўі людзям прапануюць фармальна ўладкавацца, нават калі іх праца не мае рэальнага сэнсу. У выніку — неэфектыўнае размеркаванне кадраў, заніжаная прадукцыйнасць, і давер грамадства да сваёй працы падае.
Паводле такой логікі чалавеку, які страціў працу, не выплачваецца дапамога па беспрацоўі, а тым, хто мае патрэбу, не аказваецца адрасная падтрымка. Замест гэтага кожнаму і кожнай прапануецца пайсці на завод і ўладкавацца туды — нават калі яго або яе праца і прафесійныя навыкі там аб’ектыўна не патрэбныя.
У выніку сфармавалася перакошаная сістэма занятасці, у якой, з аднаго боку, сапраўды атрымлівалася пазбегнуць масавага беспрацоўя, але з другога — каштоўныя працоўныя рэсурсы канцэнтраваліся з лішкам на дзяржаўных прадпрыемствах, дзе выкарыстоўваліся малаэфектыўна. У той жа час іншыя, больш прадукцыйныя сектары эканомікі знаходзіліся ў адносным кадравым дэфіцыце.
Адзін з ключавых вынікаў сістэмы поўнай занятасці — фарміраванне, укаранённае дзяржавай і засвоенае грамадствам, веры ва ўласную непатрэбнасць. Гэта ўстаноўка, глыбока ўкаранёная ў свядомасць работнікаў, вядзе да страты ініцыятывы, апатыі і, у выніку, да яшчэ больш глыбокага зніжэння прадукцыйнасці працы.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ І ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ:
З:
- Стратных заводаў і калгасаў
- Непразрыстага дзяржаўнага сектара
- Занятасці дзеля самой занятасці
У:
- Сучасную прамысловасць і робатызацыю
- ІТ і лагістыку
- Сферу паслуг, адукацыі, аховы здароўя
АСНОЎНЫЯ КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ:
- Спыненне палітыкі занятасці “любой цаной” і адмова ад прымусовай інклюзіі ў рынак працы
Доўгатэрміновая эканамічная ўстойлівасць патрабуе адмовы ад неэфектыўнай палітыкі штучнага падтрымання занятасці праз субсідыі і рэпрэсіўныя меры.
- Паступовае спыненне субсідзіравання занятасці на стратных прадпрыемствах, асабліва ў дзяржаўным сектары. Дзяржаўная падтрымка павінна быць пераарыентавана з захавання колькасці работнікаў — на стымуляванне стварэння новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў, перападрыхтоўку і падтрымку занятасці ў перспектыўных сектарах.
- Адмова ад нарматыўна-прававой базы, якая карае за беспрацоўе, у тым ліку адмену дэкрэтаў аб “сацыяльным утрыманстве” і палітыкі “аплаты па поўных тарыфах” для незанятых.
- Пераход ад кантролю за фармальнай занятасцю да падтрымкі мабільнасці і развіцця чалавечага капіталу: акцэнт у дзяржаўнай палітыцы павінен быць зроблены на навучанне, перанавучанне, падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама стварэнне ўмоў для добраахвотнага і эфектыўнага ўдзелу ў рынку працы.
- Развіццё сістэмы перакваліфікацыі і навучання на працягу жыцця
Адным з ключавых элементаў павышэння эфектыўнасці рэалакацыі працы з’яўляецца наяўнасць даступных і якасных механізмаў перакваліфікацыі і павышэння кваліфікацыі для дарослага насельніцтва. З улікам хутка зменлівай структуры эканомікі і састарэння прафесій, дзяржаве трэба:
- Стварыць нацыянальную сетку цэнтраў перакваліфікацыі і прафесійнага навучання, даступных у рэгіёнах і адаптаваных пад спецыфіку лакальных рынкаў працы. Гэтыя цэнтры павінны прапаноўваць курсы працягласцю ад 3 да 12 месяцаў, якія вядуць да практычнага авалодання новымі запатрабаванымі навыкамі.
- Фокус курсаў – на прафесіях на якія ўзрастае попыт, уключаючы:
– прыкладное і вэб-праграмаванне,
– лагістыку і кіраванне ланцужкамі паставак;
– прамысловы і графічны дызайн;
– абслугоўванне і настройку высокатэхналагічнага абсталявання (у тым ліку ў медыцыне, вытворчасці, аграсектары).
- Фінансаванне – у фармаце змешанага партнёрства:
– базавае фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту (уключаючы сродкі занятасці і адукацыю);
– гранты ад міжнародных донараў;
– удзел прыватных кампаній і галіновых асацыяцый, зацікаўленых у падрыхтоўцы кадраў пад свае патрэбы (у тым ліку ў фармаце дуальнага навучання і з наступным працаўладкаваннем).
- Гнуткасць фарматаў навучання: вочнае, анлайн, гібрыднае навучанне з модульнай структурай, што дазволіць адаптавацца пад патрэбы людзей з розным узроўнем падрыхтоўкі і занятасці.
Такая сістэма стане альтэрнатывай неэфектыўнай палітыцы размеркавання выпускнікоў, дапаможа змякчыць структурнае беспрацоўе і ўзмоцніць адаптыўнасць працоўнай сілы ва ўмовах тэхналагічных і рынкавых трансфармацый.
- Умацаванне сістэмы сацыяльнай абароны на час прафесійнага пераходу
Забеспячэнне гнуткасці рынку працы немагчымае без надзейнай сістэмы сацыяльнай падтрымкі, якая дазваляе людзям перажыць перыяды беспрацоўя, перападрыхтоўкі і змены прафесійнага шляху без рызыкі згалення і сацыяльнай маргіналізацыі. У гэтым кантэксце прапануецца:
- Павысіць памер дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню, які забяспечвае базавыя патрэбы, з арыентацыяй на не менш як 50-60 працэнтаў ад медыянай заработнай платы. Гэта дапаможа знізіць эканамічныя бар’еры да змены прафесіі, асабліва ў рэгіёнах з высокім узроўнем структурнага беспрацоўя.
- Увесці спрошчаныя ўмовы доступу да дапамогі і іншым мерам падтрымкі для ўразлівых груп:
– моладзі, у тым ліку выпускнікоў, якія не маюць працяглага працоўнага стажу;
– жанчын, асабліва з дзецьмі і якія перарывалі кар’еру;
– асоб старэйшых за 50 год, якія адчуваюць складанасці з вяртаннем у рынак працы пасля звальнення.
- Прадугледзець магчымасць атрымання дапамогі пры ўдзеле ў праграмах навучання і перанавучання, а таксама пры актыўным самастойным пошуку працы, без прымусу да грамадскіх работ і абмежавальных санкцый за “неактыўнасць”, акрамя выпадкаў наўмыснага ўхілення ад працаўладкавання.
Спрасціць працэдуры прызнання беспрацоўным і атрымання дапамогі – перайсці ад карна-бюракратычнай мадэлі да мадэлі суправаджэння: кожны беспрацоўны атрымлівае доступ да кар’ернага кансультавання, персанальнага плана дзеянняў і падтрымкі ў навучанні і працаўладкаванні.
Такая палітыка падтрымае адаптацыю работнікаў ва ўмовах эканамічных трансфармацый, знізіць рызыкі сацыяльнай ізаляцыі і ўзмоцніць мабільнасць працоўных рэсурсаў, асабліва ў перыяд пасля крызісаў і структурных зрухаў.
- Разблакаваць рынак працы
- Адмена інстытута абавязковага размеркавання выпускнікоў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія навучаліся за кошт сродкаў бюджэту. Гэты інстытут перашкаджае аптымальнаму выкарыстанню чалавечага капіталу, абмяжоўвае свабоду выбару маладых спецыялістаў і зніжае эфектыўнасць іх інтэграцыі ў найбольш прадукцыйныя сектары эканомікі.
- Знізіць долю тэрміновых працоўных дагавораў, абмежаваўшы іх прымяненне выключна выпадкамі, прадугледжанымі міжнароднай практыкай (часовыя праекты, сезонныя работы, замяшчэнне часова адсутнага работніка і інш.).
- Укараніць дыверсіфікаваную мадэль працоўных кантрактаў, якая прадугледжвае розныя формы занятасці ў залежнасці ад спецыфікі галіны, памеру бізнесу і ўзроўню кваліфікацыі работніка – уключаючы бестэрміновыя дагаворы, гнуткія формы занятасці, пагадзінную і праектную работу.
- Абнавіць працоўнае заканадаўства з акцэнтам на баланс паміж гнуткасцю для працадаўцаў і сацыяльнай абароненасцю работнікаў, забяспечыўшы стымулы для заключэння стабільных і прадказальных працоўных адносін.
- Праграма садзейнічання мабільнасці працы
Адной з галоўных прычын неэфектыўнай алакацыі працы ў Беларусі з’яўляецца нізкая прасторавая мабільнасць працоўнай сілы. Геаграфічныя, інстытуцыйныя і фінансавыя бар’еры не дазваляюць працаўнікам свабодна пераязджаць у рэгіёны з больш высокім попытам на працу і найлепшымі магчымасцямі для прафесійнага росту. Для пераадолення гэтых перашкод неабходны запуск дзяржаўнай праграмы садзейнічання працоўнай мабільнасці, якая ўключае:
- Субсідыі на пераезд і добраўпарадкаванне для работнікаў, якія змянілі рэгіён працаўладкавання. Падтрымка можа ўключаць кампенсацыю транспартных выдаткаў, першапачатковыя выдаткі на арэнду жылля і іншыя выдаткі, звязаныя з рэлакацыяй.
- Фінансаванне арэнды жылля або прадастаўленне датацый на жыллё для працоўных мігрантаў унутры краіны, асабліва ў выпадках пераезду ў малыя і сярэднія гарады, якія адчуваюць недахоп працоўнай сілы.
- Забарона на абмежавальныя формы “замацавання” работнікаў:
Выключэнне практыкі прадастаўлення завышаных пад’ёмных, прэмій або авансаў з наступным патрабаваннем іх вяртання ў выпадку звальнення да заканчэння адвольна ўстаноўленага тэрміну (напрыклад, 3-5 гадоў).
- Забарона на страту жылля пры звальненні, калі жыллё прадастаўляецца ў рамках працоўных адносін. Права на пражыванне не павінна выкарыстоўвацца як інструмент ціску або шантажу з боку працадаўцы.
Такі падыход забяспечыць рэальную свабоду выбару працоўнага месца, павысіць мабільнасць і эфектыўнасць пераразмеркавання працоўнай сілы, і знізіць рэгіянальныя дыспрапорцыі на рынку працы.
ЧАКАНЫЯ ВЫНІКІ РЭФОРМЫ:
- Рост агульнай прадукцыйнасці працы на 5–7% за 5 гадоў.
- Вызваленне 150–200 тыс. работнікаў з неэфектыўных сектараў.
- Рост занятасці ў ІТ, лагістыцы, ахове здароўя, адукацыі.
- Змяншэнне эміграцыі і стымул да вяртанне кваліфікаваных спецыялістаў.
- Фармаванне новага сацыяльнага кантракт паміж дзяржавай, бізнесам і грамадзянамі.
ЧАМУ ГЭТА МОЖНА РЭАЛІЗАВАЦЬ:
Даследаванні паказваюць: рэалокацыя працы амаль не ўносіла ўклад у рост эканомікі Беларусі. Увесь рост ішоў знутры сектараў, а не дзякуючы ператоку рэсурсаў. Патрэбна больш гібкасці. І беларусы ўжо паказалі: яны ўмеюць працаваць прадуктыўна — калі ёсць умовы.
НАША ФІЛАСОФІЯ:
Рэформа рынку працы — гэта не пра скарачэнні. Гэта пра свабоду, выбар, рост. Дзяржава павінна не ахоўваць занятасць як форму, а ствараць умовы для рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека.
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ:
- Парламент
- Савет Міністраў
- Міністэрства эканомікі
- Міністэрства працы
- Міністэрства прамысловасці