АРГАНІЗАЦЫЯ АДКАЗНАЯ ЗА РАСПРАЦОЎКУ КАНЦЭПЦЫІ:
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
КАРОТКАЕ АПІСАННЕ
Канцэпцыя нацыянальнай палітыкі Рэспублікі Беларусь па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы распрацавана з мэтай пераасэнсавання і аднаўлення дзяржаўнай адказнасці пасля дзесяцігоддзяў замоўчвання маштабаў катастрофы, згасання навуковай і сацыяльнай дзейнасці і выключэння грамадства з працэсаў прыняцця рашэнняў.
Дакумент прапануе комплексны падыход, заснаваны на прынцыпах навуковай абгрунтаванасці, празрыстасці, сацыяльнай справядлівасці, экалагічнай бяспецы і міжнароднага супрацоўніцтва.
Канцэпцыя ўключае аналіз ключавых праблем, у тым ліку страту статусу ліквідатараў, скарачэнне навуковых даследаванняў, выкарыстанне забруджаных земляў без належнага кантролю, адсутнасць грамадскага і міжнароднага ўдзелу, а таксама замоўчванне ўплыву катастрофы на здароўе насельніцтва.
Меры, якія прапануюцца, ахопліваюць аднаўленне правоў і льгот, стварэнне сістэмы маніторынгу і навуковай экспертызы, забеспячэнне харчовай бяспекі, адраджэнне міжнародных кантактаў і фарміраванне механізмаў грамадзянскага ўдзелу.
Рэалізацыя канцэпцыі прадугледжвае карэкціроўку дзейнага заканадаўства, прыняцце новых праграм і законаў, міжведамаснае супрацоўніцтва і апору на міжнародныя стандарты. Гэта дасць магчымасць забяспечыць бяспеку, здароўе і дастойную будучыню для цяперашніх і будучых пакаленняў Беларусі.
ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНА КАНЦЭПЦЫЯ РЭФОРМЫ
З канца 90-х гг. ХХ ст. тэма Чарнобыльскай катастрофы перастала быць прыярытэтнай для дзяржавы і сістэмна ігнаравалася. Гэта пацягнула за сабой шэраг вострых праблем:
- Страта сацыяльнага статусу і скарачэнне ільгот ліквідатарам аварыі на ЧАЭС.
Пасля прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый” ліквідатары аварыі былі афіцыйна пазбаўлены статусу “ліквідатара”, атрымаўшы ўзамен статус “пацярпелых”. Гэта істотна скараціла колькасць і якасць сацыяльных гарантый: ільгот на медыцынскую дапамогу, лекі, жыллё, транспарт і камунальныя плацяжы. Апроч матэрыяльных страт, многія ліквідатары сутыкнуліся з глыбокімі маральна-псіхалагічнымі праблемамі, звязанымі са стратай павагі і грамадскага прызнання іх подзвігу, самаахвяравання.
- Істотнае скарачэнне навуковых даследаванняў наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
Пасля 2000-х гг. дзяржаўнае фінансаванне і падтрымка навуковых даследаванняў па пытаннях міграцыі радыёнуклідаў, радыёэкалогіі і медыцынскіх наступстваў аварыі былі зведзены да мінімуму. Навуковыя інстытуты, якія раней актыўна вывучалі чарнобыльскую праблематыку, істотна скарацілі сваю дзейнасць або былі перапрафіляваны. Праз гэта значна зменшылася магчымасць аб’ектыўна ацэньваць ступень пагроз і распрацоўваць навукова абгрунтаваныя меры па абароне насельніцтва і навакольнага асяроддзя.
- Выкарыстанне забруджаных радыёнуклідамі зямель для сельскай гаспадаркі пры недастатковым кантролі якасці прадукцыі.
У парушэнне міжнародных рэкамендацый і норм радыяцыйнай бяспекі на землях з высокім узроўнем радыёактыўнага забруджвання аднавілася актыўнае вядзенне сельскагаспадарчай дзейнасці. Дзяржаўныя органы кантролю за якасцю прадуктаў харчавання часта не даюць адкрытых дадзеных, выклікаючы сумненні і апасенні як сярод жыхароў Беларусі, так і міжнароднай супольнасці. Гэта ставіць пад пагрозу здароўе не толькі мясцовага насельніцтва, але і спажыўцоў па-за межамі забруджаных зон.
- Адсутнасць грамадскага кантролю і ўплыў грамадства на вырашэнне чарнобыльскіх праблем.
Сістэмная палітыка прыгнечання грамадзянскай супольнасці прывяла да закрыцця шматлікіх арганізацый, якія займаліся дапамогай пацярпелым ад катастрофы і інфармаваннем грамадства, такіх як фонд “Дзеці Чарнобыля” і дзясяткі экалагічных арганізацый. Гэта пазбавіла грамадзянаў магчымасці ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў, звязаных з пераадоленнем наступстваў аварыі, і фактычна ліквідавала механізм грамадскага кантролю за дзеяннямі ўладаў у гэтай галіне.
- Зніжэнне да мінімальнага ўзроўню міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Ізаляцыя Беларусі і палітычнае нежаданне ўлады адкрыта прызнаваць маштабы праблем знізілі міжнароднае ўзаемадзеянне да мінімальнага ўзроўню. Многія міжнародныя праграмы і ініцыятывы былі згорнуты, а дапамога, якая раней паступала ў краіну, скарацілася. Гэта абмежавала доступ да перадавых міжнародных практыкаў і дадатковых рэсурсаў, неабходных для эфектыўнага аднаўлення пацярпелых тэрыторый і насельніцтва.
- Замоўчванне інфармацыі аб рэальным уплыве наступстваў аварыі на здароўе насельніцтва.
Афіцыйныя органы не публікуюць падрабязныя дадзеныя аб стане здароўя людзей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, і аб доўгатэрміновых наступствах уздзеяння радыяцыі. Падобнае замоўчванне істотна ўскладняе магчымасць своечасовага рэагавання на медыка-санітарныя праблемы і перашкаджае распрацоўцы эфектыўных праграм медыцынскай дапамогі і прафілактыкі захворванняў, злучаных з радыяцыйным уздзеяннем.
Заключэнне:
Такім чынам, афіцыйная палітыка беларускіх уладаў цягам апошніх дзесяцігоддзяў характарызуецца сістэмным ігнараваннем і замоўчваннем праблем, звязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Змена статусу ліквідатараў, скарачэнне навуковых даследаванняў, непразрыстасць у выкарыстанні забруджаных земляў, выключэнне грамадскага ўдзелу і міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама адсутнасць адкрытай інфармацыі аб стане здароўя насельніцтва прыводзяць да шматразовага ўзмацнення негатыўных наступстваў аварыі. Для змены сітуацыі неабходна тэрмінова пераасэнсаваць дзяржаўную палітыку, пераарыентаваўшы яе на празрыстасць, навуковую аснову і міжнародныя стандарты бяспекі і ўстойлівага развіцця.
АСНОЎНАЯ МЭТА/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Мэта:
Аднаўленне дзяржаўнай палітыкі па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы на прынцыпах навуковай абгрунтаванасці, сацыяльнай справядлівасці, экалагічнай бяспекі і міжнароднага супрацоўніцтва.
Задачы:
- Правядзенне комплекснай ацэнкі постчарнобыльскай сітуацыі як асновы для рэформ.
– Актуалізацыя дадзеных аб забруджванні, здароўі насельніцтва, заканадаўстве і сацыяльна-эканамічным становішчы.
- Аднаўленне статусу ліквідатараў і вяртанне сацыяльных гарантый пацярпеламу насельніцтву.
– Заканадаўчае прызнанне статусу, пашырэнне і аўтаматызацыя льгот.
- Адраджэнне навуковых даследаванняў і экспертызы ў сферы радыёэкалогіі і медыцыны.
– Падтрымка даследчых цэнтраў, адкрытасць навуковых дадзеных, міжнароднае супрацоўніцтва.
- Забеспячэнне экалагічнай і харчовай бяспекі на забруджаных тэрыторыях.
– Кантроль за землекарыстаннем і прадукцыяй.
- Фарміраванне сістэмы грамадскага ўдзелу і грамадзянскага кантролю ў сферы пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
– Падтрымка недзяржаўных арганізацый, стварэнне кансультатыўных рад, адукацыйныя праграмы. Павышэнне ўзроўню экалагічнай граматнасці і ўцягванне мясцовых супольнасцей у працэсы ўстойлівага развіцця.
- Аднаўленне міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскай праблематыцы.
– Уключэнне Беларусі ў міжнародныя праграмы і механізмы маніторынгу.
НЕАБХОДНЫЯ МЕРЫ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ КАНЦЭПЦЫІ
- Комплексная ацэнка стану постчарнобыльскага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь
Рэалізацыя рэформ павінна пачынацца з глыбокай і аб’ектыўнай дыягностыкі бягучай сітуацыі, якая доўгія гады заставалася закрытай і скажонай. Для гэтага неабходна:
Правесці ўсебаковы аналіз радыёактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя – глебы, вады, паветра, лясоў і сельгасугоддзяў – з прыцягненнем навуковых лабараторый і міжнародных экспертаў (МАГАТЭ, СААЗ, профільныя навуковыя інстытуты Беларусі).
Ініцыяваць эпідэміялагічнае абследаванне насельніцтва, якое пражывае на забруджаных тэрыторыях, з фокусам на анкалагічныя, імунныя, эндакрынныя і спадчынныя захворванні.
Ацаніць дэмаграфічную сітуацыю і ўзровень жыцця ў пацярпелых рэгіёнах, у тым ліку ўзровень смяротнасці, нараджальнасці, міграцыі, інвалідызацыі.
Правесці аўдыт дзейнага заканадаўства і дзяржаўнай палітыкі, рэалізаванай з 1991 г.: якія меры былі прыняты, якія адменены, якія мелі эфект, а якія сталі прычынай пагаршэння наступстваў.
Забяспечыць адкрытасць і празрыстасць вынікаў ацэнкі для грамадзянскай супольнасці, спецыялістаў, СМІ і міжнародных партнёраў. Гэта стане асновай для даверу і далейшых крокаў па рэфармаванні палітыкі.
- Заканадаўчае і сацыяльнае аднаўленне статусу ліквідатараў і пацярпелых
Многія ліквідатары аварыі на ЧАЭС у Беларусі пазбаўлены заслужанага прызнання і значнай часткі ільгот. Гэта не толькі пытанне сацыяльнай несправядлівасці, але і разбурэнне даверу да дзяржавы.
Неабходна:
Унесці змены ў заканадаўства, вярнуўшы асобны статус “ліквідатара наступстваў аварыі на ЧАЭС” і дакладна размежаваўшы яго ад катэгорыі “пацярпелых”.
Перагледзець і пры неабходнасці пашырыць пералік ільгот, уключаючы забеспячэнне жыллём, медыкаментамі, праездам, медыцынскім абслугоўваннем і пенсійнымі выплатамі – з улікам міжнародных і рэгіянальных стандартаў.
Забяспечыць аўтаматычнае аднаўленне льгот, без неабходнасці паўторнага даказвання ўдзелу і cтрат, асабліва для пажылых і хворых грамадзян.
Прызнаць маральную і гістарычную каштоўнасць укладу ліквідатараў – праз уключэнне адпаведнага матэрыялу ў падручнікі, мемарыяльныя праграмы і інфармацыйную палітыку дзяржавы.
- Адраджэнне навуковых даследаванняў і развіццё радыёэкалагічнай экспертызы
Навуковыя веды – аснова адэкватнай палітыкі. Аднак у Беларусі навуковыя даследаванні наступстваў Чарнобыля былі свядома згорнуты, а многія навукоўцы – маргіналізаваны.
Неабходна:
Аднавіць дзяржаўную падтрымку радыёэкалагічных і медыцынскіх даследаванняў, у тым ліку фінансаванне профільных лабараторый, палявых даследаванняў, навуковых канферэнцый і публікацый.
Стварыць Цэнтр незалежнай навуковай экспертызы Чарнобыльскіх наступстваў з міждысцыплінарным складам (медыцына, экалогія, сацыялогія, эканоміка) на базе адной з профільных вышэйшых устаноў Беларусі.
Прыцягваць міжнародных спецыялістаў і структуры, у тым ліку МАГАТЭ, ААН, ЕС, да ацэнкі сітуацыі і суфінансавання даследаванняў.
Забяспечыць адкрыты доступ да навуковых дадзеных і вынікаў даследаванняў – як у навуковым асяроддзі, так і для грамадства, СМІ, студэнтаў.
- Забеспячэнне экалагічнай і харчовай бяспекі забруджаных тэрыторый
Вяртанне да гаспадарчай эксплуатацыі тэрыторый, забруджаных радыёнуклідамі, без дастатковага кантролю — прамая рызыка для здароўя насельніцтва і падрыў даверу да дзяржаўных інстытутаў.
Неабходна:
Стварыць доўгатэрміновую стратэгію эканамічнага і сацыяльнага аднаўлення пацярпелых рэгіёнаў.
Перагледзець сістэму допуску земляў да сельгасвытворчасці – зыходзячы з абноўленых дадзеных аб забруджванні і міжнародных нормаў бяспекі.
Забараніць вырошчванне харчовай прадукцыі ў зонах з перавышэннем радыёлагічных норм і кантраляваць выкананне гэтай забароны.
Укараніць абавязковую сертыфікацыю прадукцыі па паходжанні з радыёлагічным аналізам і поўнай празрыстасцю для спажыўцоў.
Забяспечыць кантроль над лясной прадукцыяй і дзікаросамі, якія масава збіраюцца і ўжываюцца ў ежу.
Правесці кампанію інфармавання насельніцтва аб правілах бяспечных паводзін у забруджаных раёнах.
- Заахвочванне грамадскага ўдзелу і грамадзянскага кантролю
Пасля ліквідацыі незалежных экалагічных арганізацый, такіх як “Дзеці Чарнобыля”, грамадства аказалася выключаным з рашэнняў, якія тычацца яго ўласнай бяспекі і здароўя.
Неабходна:
Забяспечыць заканадаўчую абарону дзейнасці грамадскіх арганізацый, якія працуюць у сферы экалогіі, аховы здароўя, правоў ліквідатараў і пацярпелых.
Распрацаваць прававыя і інстытуцыйныя механізмы для ўдзелу грамадскасці ў маніторынгу, планаванні і ацэнцы дзяржаўных праграм.
Стварыць пры органах улады кансультацыйныя рады з удзелам прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, ліквідатараў, медыкаў, эколагаў, дзе гэта запатрабавана.
Садзейнічаць развіццю сістэмы грамадскага кантролю за рэалізацыяй чарнобыльскіх праграм і бюджэтаў.
Падтрымліваць адукацыйныя і асветніцкія ініцыятывы, накіраваныя на захаванне памяці, навуковую граматнасць і ўцягванне моладзі ў экалагічны парадак дня.
- Аднаўленне міжнароднага супрацоўніцтва
Беларусь практычна страціла падтрымку і ўдзел у міжнародных ініцыятывах, якія датычацца Чарнобыля, што ізалявала яе ад сусветных ведаў, стандартаў і рэсурсаў.
Неабходна:
Актывізаваць удзел Беларусі ў профільных праграмах ЕС, ААН, СААЗ, МАГАТЭ, а таксама ў праектах транспамежнага супрацоўніцтва.
Заключыць новыя пагадненні аб тэхнічным і гуманітарным супрацоўніцтве па пытаннях медыцынскай дапамогі, навуковых даследаванняў, экалогіі.
Праводзіць штогадовыя міжнародныя канферэнцыі і навуковыя сімпозіумы ў Беларусі, каб актуалізаваць чарнобыльскую праблему.
Адкрыць краіну для незалежных міжнародных маніторынгавых місій.
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ
Для рэалізацыі рэформы ў сферы пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы спатрэбіцца ўдзел шэрага дзяржаўных і экспертных структур. У прыватнасці:
На нацыянальным узроўні:
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь – як орган, які каардынуе распрацоўку і рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў цэлым.
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС) – за радыяцыйную бяспеку і тэхнічную экспертызу.
Міністэрства аховы здароўя – за распрацоўку і ўкараненне медыка-санітарных і рэабілітацыйных праграм для пацярпелага насельніцтва.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – за экалагічны маніторынг, кантроль землекарыстання, і доступ да дадзеных.
Міністэрства адукацыі – за аднаўленне і падтрымку навуковых даследаванняў, а таксама асвета.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны – за аднаўленне сістэмы ільгот і сацпадтрымкі ліквідатараў і пацярпелых.
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання – за кантроль за выкарыстаннем забруджаных зямель і бяспекай прадуктаў.
Парламент – як орган, які прымае неабходныя законы і зацвярджае бюджэтныя праграмы.
Іншыя ключавыя ўдзельнікі:
Абласныя і раённыя выканаўчыя камітэты, асабліва ў рэгіёнах закранутых Чарнобыльскай катастрофай (Гомельская, Магілёўская і Брэсцкая вобласці).
Навуковыя і акадэмічныя ўстановы, у т.л. НАН Беларусі, профільныя ўніверсітэты і НДІ.
Грамадзянскія аб’яднанні, ініцыятывы і грамадскія парады – як платформа для ўкаранення элементаў грамадзянскага ўдзелу і грамадскага кантролю.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Для рэалізацыі новай дзяржаўнай палітыкі па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы спатрэбіцца як прыняцце новых нарматыўных актаў, так і ўнясенне змяненняў у заканадаўства.
- Унясенне змяненняў у дзейнае заканадаўства:
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый”.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыёактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”.
Закон “Аб ахове навакольнага асяроддзя”.
Закон РБ “Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе”.
Закон “Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі”.
Законы “Аб сродках масавай інфармацыі” і “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях”.
- Прыняцце новых законаў:
Закон РБ “Аб дзейнасці недзяржаўных арганізацый”.
Закон РБ “Аб недзяржаўнай (грамадскай) экалагічнай экспертызе і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе”.
- Прыняцце новых нарматыўных актаў і падзаконных дакументаў:
Дзяржаўная праграма “Чарнобыль – 2035: здароўе, бяспека, устойлівасць”. Гэта комплексная міжведамасная праграма з дакладнымі мэтамі, задачамі, індыкатарамі і бюджэтам.
Нацыянальны план радыяцыйнага маніторынгу і экалагічнага аднаўлення забруджаных тэрыторый.
Інструкцыя па сертыфікацыі і маркіроўцы прадукцыі, вырабленай у зонах радыёактыўнага забруджвання.