КАРОТКАЕ АПІСАННЕ
Стратэгія ахоплівае тры ключавыя аспекты: пашырэнне правоў і магчымасцяў моладзі, максімізацыя ўдзелу моладзі ў прыняцці рашэнняў, развіццё ўзаемасувязяў і кааперацыі паміж моладзевымі НКА, ініцыятывамі і профільнымі дзяржаўнымі органамі.
Прынцыпы моладзевай палітыкі ў еўрапейскіх дэмакратычных грамадствах уключаюць: сацыяльны прагрэс, салідарнасць, актыўную грамадзянскую пазіцыю і экалагічнасць.
Асноўныя аспекты, якія ахоплівае моладзевая палітыка: падвышэнне дабрабыту, пашырэнне магчымасцяў для атрымання якаснай адукацыі і ведаў, інклюзію, развіццё ўзаемасувязяў, удзел у грамадскім жыцці і “дэсаветызацыя”.
ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА
- Фармальны ўдзел моладзі ў прыняцці рашэнняў. Моладзь не мае паўнавартаснага ўдзелу ў палітычным і грамадскім жыцці. Гэта перашкаджае развіццю грамадзянскай адказнасці і ініцыятыўнасці.
- Абмежаваныя магчымасці для самарэалізацыі. Моладзь часта сутыкаецца з недахопам магчымасцяў для развіцця прадпрымальніцтва, валанцёрства, адукацыі і кар’ернага росту.
- Нізкі ўзровень сацыяльнай абароненасці і інклюзіі. Маладыя людзі з уразлівых груп насельніцтва (моладзь з інваліднасцю, з сельскіх рэгіёнаў, сіроты, мігранты, моладзь, якая выйшла з турмаў і г.д.) часта сутыкаюцца з абмежаванымі магчымасцямі для навучання, працы і ўдзелу ў жыцці грамадства.
- Высокі ўзровень алкагалізму, наркаманіі, гульнявой залежнасці, а таксама праблемы псіхічнага здароўя і сацыяльнай самаізаляцыі.
- Дэзінтэграцыя паміж моладдзю і дзяржавай. У цяперашні час моладзь не мае даверу да дзяржаўных структур, існуючыя інстытуты не працуюць эфектыўна для абароны іх інтарэсаў. Таксама падарваны давер да інстытута выбараў, што перашкаджае раэлізацыі асноўнага прынцыпа прадстаўнічай дэмакратыі.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
- Удзел моладзі ў палітычным і грамадскім жыцці. Забеспячэнне магчымасцяў для ўдзелу моладзі ў распрацоўцы і рэалізацыі палітыкі, грамадскіх ініцыятывах і ў грамадскім жыцці.
- Рэалізацыя права на самаарганізацыю, стварэнне моладзевых НКА, студэнцкіх, прафесійных саюзаў і іншых аб’яднанняў.
- Павышэнне якасці жыцця. Стварэнне эфектыўнай сістэмы дзяржаўнай падтрымкі моладзі для паляпшэння якасці жыцця і развіцця яе патэнцыялу.
- Садзейнічанне прадпрымальніцтву і кар’ернаму росту. Стварэнне спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, працаўладкавання і прафесійнага росту моладзі.
- Роўныя магчымасці для адукацыі. Забеспячэнне доступу да фармальнай і нефармальнай адукацыі, дадатковай адукацыі і перападрыхтоўкі, што будзе адпавядаць сучасным прафесійным навыкам на рынку працы.
- Падтрымка моладзевых ініцыятыў. Прасоўванне прадпрымальніцкіх, валанцёрскіх і некамерцыйных ініцыятыў сярод моладзі праз дзяржаўныя і недзяржаўныя грантавыя праграмы.
- Інклюзія і сацыяльная абароненасць. Развіццё праграм, якія забяспечваюць роўны доступ да адукацыі, працы і сацыяльных праграм для ўсіх маладых людзей, незалежна ад сацыяльнага статусу.
- Вяртанне даверу да дзяржаўных інстытутаў. Стварэнне кансультацыйнай рады ў парламенце па пытаннях моладзі, а таксама пры мясцовых Саветах дэпутатаў па вырашэнні актуальных моладзевых праблем.
- Інфармаванасць моладзі. Павышэнне ўзроўню ведаў моладзі аб правах чалавека і магчымасцях іх абароны.
- Прапаганда здаровага ладу жыцця. Праца над зніжэннем алкагольнай, наркатычнай і гульнявой залежнасцяў сярод моладзі.
КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ
Рэформа сістэмы адукацыі
- Абнаўленне школьнай праграмы з акцэнтам на крытычнае мысленне, навыкі рашэння праблем і лічбавую пісьменнасць, беларусацэнтрызм. Неабходна інтэграваць дысцыпліны, якія звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі, прадпрымальніцтвам і экалогіяй.
- Вывад са школ, ССНУ і ВНУ структур палітычна, ідэалагічна і рэлігійна арыентаваных дзіцячых і моладзевых аб’яднанняў, ідэолагаў, палітычных партый, супрацоўнікаў КДБ і іншых сілавых структур.
- Скасаванне прымусовага размеркавання.
- Уніфікацыя заканадаўства і інтэграцыя ў Балонскі працэс.
- Заахвочванне стварэння адукацыйных праграм і курсаў па грамадзянскай адукацыі для разумення асноў грамадзянства, сваіх правоў і абавязкаў, функцыянавання дзяржавы, а таксама значэння правоў чалавека і дэмакратыі.
Працаўладкаванне і прадпрымальніцтва
- Праграмы падтрымкі моладзевага прадпрымальніцтва: аблегчыць доступ да стартавага капіталу праз дзяржаўныя гранты і беспрацэнтныя крэдыты. Стварыць бізнес-інкубатары, якія прапануюць моладзі ментарскую падтрымку і кансультаванне.
- Інтэграцыя прадпрымальніцкіх курсаў у сістэму адукацыі. Ужо са школьных гадоў моладзь павінна атрымліваць веды аб бізнесе і асабістых фінансах.
- Стварэнне сістэмы профільных класаў і атрыманне базавай прафесіі яшчэ ў школе. Задача ў тым, каб пасля сканчэння сярэдняй школы моладзь ужо мела прафесію, якая б забяспечвала дастойны даход і давала старт прафесійнай кар’еры.
- Стымуляванне кампаній наймаць маладых спецыялістаў(-ак) праз падатковыя ільготы ці субсідыі. Стварыць дзяржаўныя праграмы стажыровак для выпускнікоў (-іц) навучальных устаноў.
- Падатковыя ільготы для студэнцтва і моладзі ва ўзросце да 26 год.
Грамадзянская актыўнасць і валанцёрства
- Запуск дзяржаўных праграм грантавай падтрымкі з акцэнтам на экалагічныя, сацыяльныя і культурныя ініцыятывы.
- Укараненне моладзевых саветаў або моладзевых прадстаўнікоў для забеспячэння ўдзелу моладзі ў распрацоўцы і рэалізацыі рашэнняў у мясцовых Саветах дэпутатаў, пры парламенце і камісіях пры дзяржаўных органах улады.
- Забеспячэнне празрыстых і адкрытых конкурсаў для грамадскіх ініцыятыў і праектаў, дзе моладзь магла б прапаноўваць ідэі для вырашэння сацыяльных праблем і атрымліваць на гэтае фінансаванне.
- Стварэнне сеткі моладзевых цэнтраў (інкубатараў грамадска-прадпрымальніцкіх ініцыятываў).
- Забеспячэнне доступу моладзі да адкрытых дадзеных, якія тычацца палітычных і эканамічных рашэнняў, каб яны маглі актыўна ўдзельнічаць у працэсах прыняцця рашэнняў і ацэнцы іх эфектыўнасці.
Падтрымка інтэграцыі ў грамадскае і палітычнае жыццё
- Зніжэнне выбарчага права да 16 гадоў на выбарах у мясцовыя органы ўлады.
- Уключэнне моладзі ў працэс абмеркавання і прыняцця рашэнняў: адкрытыя пляцоўкі для дыялогу з уладамі, дні адкрытых дзвярэй у дзяржаўных установах.
- Развіццё праграм для ўцягвання моладзі ў грамадскія і палітычныя рухі, сацыяльныя ініцыятывы, валанцёрскія праекты. Гэта можа ўключаць гранты і падтрымку праектаў, накіраваных на дэмакратызацыю і развіццё грамадзянскай супольнасці.
- Поўнае аднаўленне грамадзянскіх правоў і рэабілітацыя тых, хто падвяргаўся палітычным пераследам і рэпрэсіям.
Сацыяльная падтрымка і інклюзія
- Укараненне праграм субсідуемага жылля для моладзі, каб аблегчыць набыццё ўласнага першага жылля або атрымаць яго ў арэнду. Праграма можа прадугледжваць спецыяльныя ўмовы для маладых сем’яў.
- Стварэнне праграм па падрымцы псіхічнага здароўя для моладзі з магчымасцю атрымання кансультацый і ўдзелу ў групах падтрымкі.
Культура, спорт і вольны час
- Мадэрнізацыя спартыўнай і культурнай інфраструктуры, з простым доступам для моладзі. Гэта могуць быць паркі, спартыўныя пляцоўкі, культурныя цэнтры, якія адкрытыя для правядзення мерапрыемстваў і сустрэч.
- Падтрымка творчых моладзевых праектаў праз сітэму дзяржаўных грантаў і фондаў, якія дапамагаюць маладым мастакам, музыкам, дызайнерам і іншым творчым асобам развівацца і самарэалізоўвацца.
- Дзяржаўныя праграмы папулярызацыі здаровага ладу жыцця, накіраваныя на прыцягненне моладзі да заняткаў спортам праз школы, універсітэты і моладзевыя арганізацыі.
Інфармацыйная і лічбавая пісьменнасць.
- Адукацыйныя праграмы па лічбавай бяспецы і этыцы. Важна ўключыць такія курсы ў школьныя праграмы і прапанаваць дадатковыя трэнінгі для студэнтаў(-ак). Навучанне па абароне ад кібербулінгу і іншых інтэрнэт-пагроз для моладзі да 18 гадоў.
- Дзяржаўная праграма па развіццю ІТ-навыкаў. Стымуляванне ўдзелу моладзі ў курсах праграмавання, аналізу дадзеных і іншых запатрабаваных ІТ-кампетэнцыях, стварэнне профільных ІТ-класаў, школ, вывучэнне асноў праграмавання ў школах.
- Стварэнне платформы для бясплатнага анлайн-навучання лічбавым навыкам, дзе моладзь зможа навучацца новым тэхналогіям і прымяняць іх у сваёй прафесійнай дзейнасці.
Экалагічная свядомасць
- Укараненне ў агульнаадукацыйныя прадметы праграм па экалагічнай адукацыі, ўстойліваму развіццю і энергазберажэнню. Гэта можа быць інтэгравана ў школьныя прадметы ці арганізавана ў выглядзе дадатковых курсаў.
- Стварэнне стымулаў для экалагічнага прадпрымальніцтва сярод моладзі, такіх як ільготы на развіццё праектаў, звязаных з аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, перапрацоўкай адыходаў і ўстойлівым развіццём.
- Навучальная праграма па раздзельным зборы смецця, уключаючы навучанне ў дзіцячых садках і школах.
- Стварэнне зялёных рабочых месцаў у праектах па аднаўляльнай энергетыцы і пераапрацоўцы адходаў.
Міжнароднае супрацоўніцтва і абмены
- Развіццё праграм моладзевых абменаў з акцэнтам на міжнародныя стажыроўкі, навучанне і культурныя абмены. Важна ўзмацніць удзел Беларусі ў міжнародных моладзевых праграмах, такіх як Erasmus і іншыя.
- Стварэнне дзяржаўнай праграмы мабільнасці моладзі. Падтрымка ўдзелу беларускай моладзі ў міжнародных канферэнцыях і форумах, дзе можна абменьвацца вопытам, даведвацца аб міжнародных тэндэнцыях і фарміраваць сувязі з маладымі лідэрамі з іншых краін.
Прававая падтрымка і абарона правоў моладзі
- Стварэнне кансультацыйных цэнтраў для моладзі, дзе можна атрымаць юрыдычную дапамогу па пытаннях працоўнага права, абароны ад дыскрымінацыі, заключэння кантрактаў і г.д.
- Увядзенне дзяржаўных праграм інфармавання аб правах моладзі праз школы, універсітэты, інтэрнет-платформы і сацыяльныя сеткі.
- Стварэнне сістэмы моладзевых амбудсменаў(-ак), якія будуць абараняць правы моладзі і прадстаўляць іх інтарэсы ў органах улады.
Садзейнічанне вяртанню беларускай моладзі з-за мяжы
- Гарантыі бяспекі і прававой абароны – амністыя для ўдзельнікаў пратэстаў, адмена крымінальных спраў для абароны тых, хто пацярпеў ад пераследу.
- Падатковыя ільготы і субсідыі для маладых спецыялістаў і прадпрымальнікаў – падатковыя канікулы на 3-5 гадоў, льготныя ўмовы для адкрыцця бізнесу і доступ да дзяржаўных грантаў для стартапаў і інавацыйных праектаў.
- Праграмы паскоранага працаўладкавання і прафесійнай перападрыхтоўкі – стварэнне дзяржаўных праграм для прыцягнення моладзі, якая вяртаецца ў Беларусь.
- Льготныя жыллёвыя праграмы – прадастаўленне льготнай іпатэкі і субсідый на арэнду жылля для маладых людзей, якія вяртаюцца на Радзіму, а таксама стварэнне праграм падтрымкі для маладых сем’яў.
- Маштабная інфармацыйная кампанія – правядзенне камунікацыйнай кампаніі, якая падкрэсліць бяспеку, новыя магчымасці і перспектывы ў Беларусі.
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ
Зацвярджэнне рэформы: Парламент, Прэзідэнт.
Падрыхтоўка і рэалізацыя рэформы: Міністэрства эканомікі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства навакольнага асяроддзя.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі” ад 7.12.2009г.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай падтрымцы моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў у Рэспубліцы Беларусь” ад 9.11.1999г.
Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб зацвярджэнні Канцэпцыі арганізацыі моладзевага валанцёрскага (добраахвотніцкага) руху ў Рэспубліцы Беларусь” ад 16.11.2015г.
Рэзалюцыя Савета Еўропы “Моладзевая стратэгія ЕС на 2019-2027 гг.” ад 18.12.2018 г.