Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы:
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Кароткае апісанне рэформы:
Названы закон прызваны стаць складнікам і дадаткам Крымінальна працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у тых выпадках, калі абвінавачаны ў здзяйсненні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства заяўляе хадайніцтва аб разглядзе крымінальнай справы з удзелам прысяжных засядацеляў.
Cуд з удзелам прысяжных засядацеляў неабходны, перш за ўсё, для “аздараўлення” і дэмакратызацыі судовай сістэмы Беларусі.
Праблемы, на рашэнне якіх накіраваная рэформа:
Сусветны досвед сведчыць, што суд з удзелам прысяжных засядацеляў — найбольш справядлівая і дэмакратычная форма ажыццяўлення правасуддзя ў тых выпадках, калі абвінавачаны не пагаджаецца з прад’яўленым абвінавачаннем і яму пагражае суровае пакаранне. Гэты суд гарантуе аб’ектыўнае і справядлівае вырашэнне пытання аб вінаватасці абвінавачаных.
Вынікам увядзення суда прысяжных можа стаць пераўтварэнне не толькі самога суда, але і сістэмы органаў следства, пракуратуры, устаноў юстыцыі. Правядзенне працэсаў з удзелам прысяжных засядацеляў стане стымулам для якаснай падрыхтоўкі матэрыялаў крымінальнай справы.
Відавочна, што мадэль суда з удзелам прысяжных засядацеляў з’яўляецца больш эфектыўнай, чым мадэль суда з удзелам народных засядацеляў.
Па-першае, прысяжныя засядацелі выступаюць у якасці самастойнай калегіі, а народныя засядацелі — гэта толькі прыдаткі да пасады суддзі, якія не маюць сваёй думкі.
Па-другое, прысяжныя засядацелі даюць ацэнку абставінам справы, а народныя засядацелі спадзяюцца ва ўсім на прафесійнага суддзю.
Па-трэцяе, прысяжныя засядацелі самастойна прымаюць рашэнні па галоўных пытаннях крымінальнай справы і нясуць за гэта адказнасць, а народныя засядацелі нічога не вырашаюць і не нясуць адказнасці за прынятае судом рашэнне.
Такім чынам, суд з удзелам прысяжных засядацеляў быў і застаецца ўнікальнай формай народнага прадстаўніцтва пры ажыццяўленні правасуддзя.
Пры арганізацыі суда з удзелам прысяжных засядацеляў неабходна адказаць на наступныя пытанні:
1) Хто будзе мець права на суд з удзелам прысяжных засядацеляў?
2) Які аптымальны склад калегіі прысяжных засядацеляў?
3) Хто будзе выступаць у якасці прысяжных засядацеляў?
4) Хто будзе фармаваць спісы кандыдатаў у прысяжныя засядацелі?
5) Як грамадзяне будуць запрашацца да ўдзелу ў разглядзе справы?
6) Як будзе праходзіць нарада прысяжных засядацеляў і на якія пытанні яны павінны адказаць?
7) Якія гарантыі даюцца прысяжным засядацелям?
З улікам дарагавізны і складанасці арганізацыі такога суда права на суд прысяжных варта надаць толькі тым асобам, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў і не пагаджаюцца з прад’яўленым абвінавачаннем.
У праекце закона колькасны склад калегіі прысяжных засядацеляў дыферэнцыюецца ў залежнасці ад катэгорый крымінальных спраў: па справах аб цяжкіх злачынствах — 7 чалавек, а па справах аб асабліва цяжкіх злачынствах — 9 чалавек. Пры вялікім аб’ёме матэрыялаў крымінальнай справы або вялікай колькасці абвінавачаных у разглядзе справы могуць удзельнічаць некалькі запасных засядацеляў.
За аснову спіса кандыдатаў у прысяжныя ўзятыя спісы выбаршчыкаў паводле адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, на тэрыторыі якіх дзейнічае акруговы суд. З гэтага спіса адбіраецца патрэбная колькасць грамадзян, якія дасягнулі 25 гадоў і не маюць абмежаванняў на ўдзел у ажыццяўленні правасуддзя.
Пасля запрашэння грамадзяніна ў якасці прысяжнага засядацеля ён мае права хадайнічаць перад судом аб вызваленні яго ад удзелу ў дадзеным працэсе. Ён можа таксама прасіць суд “перасунуць” яго чаргу на больш позні тэрмін.
У мэтах недапушчэння адвольных адмоў ад удзелу ў якасці прысяжнага засядацеля можа быць усталяваная адміністрацыйная адказнасць.
У выпадку прызначэння крымінальнай справы да разгляду з удзелам прысяжных засядацеляў суддзя, прызначаны старшынёй па справе, арганізуе запрашэнне не менш 15 кандыдатаў у прысяжныя засядацелі. Названым асобам накіроўваюцца позвы аб выкліку ў суд для азнаямленчай гутаркі.
Грамадзяне, якія атрымалі позву, абавязаныя з’явіцца па выкліку. Суддзя тлумачыць гэтым асобам іх ролю ў якасці прысяжных засядацеляў і адказвае на пытанні, у тым ліку звязаныя з прычынамі, якія абцяжарваюць або выключаюць яўку на судовы працэс.
Асобы, запрошаныя да выканання абавязкаў прысяжных засядацеляў і не адведзеныя ў ходзе заяўленых хадайніцтваў, прыводзяцца да прысягі старшынёй судовага пасяджэння.
Пасля слова суддзі прысяжныя засядацелі выдаляюцца ў дарадчы пакой для вынясення вердыкту. Шляхам рэйтынгавага галасавання яны абіраюць старшыню. Прысяжным прапаноўваецца адказаць на наступныя пытанні: 1) ці меў месца ўчынак, у здзяйсненні якога абвінавачваецца пэўная асоба; 2) ці датычны абвінавачаны да ўчынку, які яму інкрымінуецца; 3) ці вінаваты абвінавачаны ў здзяйсненні злачынства.
Кожны з прысяжных выказваецца “за” або “супраць” і засвядчае сваё рашэнне подпісам. Агульнае рашэнне вызначаецца праз большасць галасоў.
Атрыманыя вынікі (вердыкт) абвяшчаюцца старшынёй калегіі прысяжных. Пры апраўдальным вердыкце суддзя абавязаны пастанавіць апраўдальны прысуд. Пры абвінаваўчым вердыкце суддзя выдаляецца ў дарадчы пакой для пастанаўлення прысуду і вызначэння меры пакарання.
На прысяжных засядацеляў распаўсюджваюцца гарантыі незалежнасці і недатыкальнасці суддзяў. Пры наяўнасці спроб якіх-небудзь асоб уздзейнічаць на прысяжнага засядацеля з мэтай схілення яго да пажаданага галасавання ён павінен паведаміць пра гэта старшыні судовага пасяджэння.
У мэтах забеспячэння бяспекі прысяжных засядацеляў ім можа быць дадзена ахова, а таксама знаходжанне па-за рамкамі судовага пасяджэння ў бяспечным месцы. Меры бяспекі могуць захоўвацца і пасля заканчэння судовага працэсу.
Прысяжным засядацелям на перыяд ажыццяўлення абавязкаў гарантуецца захаванне месца працы і сярэдняга заробку. Звальненне працаўніка з прычыны яго адсутнасці на працы не дапускаецца.
За выкананне абавязкаў прысяжнага засядацеля грамадзянін атрымоўвае адпаведныя выплаты з рэспубліканскага бюджэту прапарцыйна колькасці дзён удзелу ў судовым разбіральніцтве.
Увядзенне суда з удзелам прысяжных засядацеляў прывядзе да дадатковых выдаткаў на ажыццяўленне правасуддзя. У сувязі з гэтым давядзецца сфармаваць пазабюджэтны дзяржаўны фонд для выплаты сум прысяжным засядацелям.
Асноўныя мэты і задачы рэформы:
Рэформа судовай сістэмы з увядзеннем практыкі суда прысяжных па крымінальных справах для грамадзян, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні цяжкіх і адмыслова цяжкіх крымінальных злачынстваў і не прызнаюць сваю віну, замена інстытута народных засядацеляў на рэальна працуючы суд прысяжных, уцягненне прадстаўнікоў грамадства да ўдзелу ў рэзанансных, грамадска-значных судовых працэсаў.
Асноўныя захады па рэалізацыі рэформы
- Права на суд з удзелам суда прысяжных
Права на суд прысяжных павінны мець не ўсе абвінавачаныя, а толькі тыя, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Гэта тлумачыцца тым, што судовая памылка па такіх справах можа пацягнуць за сабой вельмі істотныя наступствы для грамадзяніна, якога судзяць. Варта таксама ўлічваць, што Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь павінен быць перагледжаны і санкцыі артыкулаў Асаблівай часткі павінны стаць больш гуманнымі. Значыць, павінны змяніцца і межы катэгорый злачынстваў (арт. 12 КК). У мэтах працэсуальнай эканоміі мэтазгодна разглядаць судом з удзелам прысяжных засядацеляў крымінальныя справы, па якіх праходзіць некалькі абвінавачаных, калі хаця б адзін з іх патрабуе разгляду справы судом прысяжных.
- Вызначэнне аптымальнага складу суда прысяжных
У праекце закона колькасны склад калегіі прысяжных засядацеляў дыферэнцыруецца ў залежнасці ад катэгорыі крымінальных спраў: па справах аб цяжкіх злачынствах — 7 чалавек, а па справах аб асабліва цяжкіх злачынствах — 9 чалавек. Пры вялікім аб’ёме матэрыялаў крымінальнай справы або вялікай колькасці абвінавачаных у разглядзе справы могуць удзельнічаць некалькі запасных засядацеляў.
- Фармаванне спісу прысяжных засядацеляў
За аснову спіса кандыдатаў у прысяжныя засяжацелі можна ўзяць спісы выбаршчыкаў па адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках, на тэрыторыі якіх дзейнічае акруговы суд. З гэтага спіса варта адабраць патрэбную колькасць грамадзян, якія дасягнулі 30 гадоў і не маюць абмежаванняў на ўдзел у ажыццяўленні правасуддзя.
Выкананне гэтай працы прапаноўваецца ўскласці на мясцовыя органы ўлады, а таксама на апарат акруговага суда. На першапачатковым этапе са спіса выбаршчыкаў будзе адабраная дастатковая колькасць кандыдатаў. Пры неабходнасці будзе сфармаваны запасны спіс. На другім этапе мае быць сустрэча з адабранымі кандыдатамі ў прысяжныя. Такія сустрэчы будуць праводзіцца ў будынку суда з удзелам суддзяў. У выніку сумоўя можна будзе адмовіцца ад запрашэння многіх грамадзян, як відавочна непадыходзячых кандыдатаў. Пры гэтым варта, па магчымасці, вытрымліваць гендарны баланс сярод кандыдатаў.
На трэцім этапе адабраныя кандыдаты павінны быць зацверджаныя рашэннем мясцовага прадстаўнічага органа. З гэтага моманту ўдзел грамадзян у ажыццяўленні правасуддзя становіцца юрыдычным абавязкам.
- Правы і абавязкі прысяжных засядацеляў
Правы і абавязкі прысяжным тлумачацца старшынёй пасля допуску іх да судовага працэсу і прыняцця Прысягі. Так, прысяжныя будуць мець наступныя правы: прысутнічаць на ўсіх этапах судовага разбіральніцтва; пісьмова фіксаваць ход судовага пасяджэння; прасіць старшыню растлумачыць асобныя нормы закона, адмысловыя тэрміны і інш. У той жа час прысяжныя засядацелі абавязаныя захоўваць парадак у судзе; не разгалошваць атрыманую падчас разбіральніцтва інфармацыю; не праводзіць самастойнага расследавання акалічнасцяў справы.
Варта адзначыць, што на прысяжных засядацеляў будуць распаўсюджвацца правілы, усталяваныя на судовым пасяджэнні. За парушэнне парадку старшыня можа зрабіць прысяжнаму засядацелю заўвагу, а пры грубым ці сістэматычным парушэнні парадку — можа выдаліць яго з залы і нават паставіць пытанне аб прыцягненні прысяжнага засядацеля да адміністрацыйнай адказнасці за непавагу да суда.
- Гарантыі прысяжным засядацелям
Перш за ўсё, на прысяжных засядацеляў распаўсюджваюцца гарантыі незалежнасці і недатыкальнасці суддзяў. Пры наяўнасці спроб якіх-небудзь асоб уздзейнічаць на прысяжнага засядацеля з мэтай схілення яго да пажаданага галасавання ён павінен паведаміць пра гэта старшыні судовага пасяджэння.
У мэтах забеспячэння бяспекі прысяжных засядацеляў ім можа быць дадзена ахова, а таксама знаходжанне па-за рамкамі судовага пасяджэння ў бяспечным месцы. Меры бяспекі могуць захоўвацца і пасля заканчэння судовага працэсу.
Прысяжным засядацелям на перыяд ажыццяўлення абавязкаў гарантуецца захаванне месца працы (пасады) і сярэдняга заробку. Звальненне працаўніка з прычыны яго адсутнасці на працы не дапускаецца.
За выкананне абавязкаў прысяжнага засядацеля грамадзянін атрымлівае ад паведныя выплаты з рэспубліканскага бюджэту прапарцыйна колькасці дзён удзелу ў судовым разбіральніцтве. Пры тым, выплаты робяцца як грамадзянам, якія працуюць, так і беспрацоўным. Пры неабходнасці прысяжным могуць пакрывацца транспартныя выдаткі.
Органы, якія прымаюць рашэнні:
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны суд.
Парламент.
Урад Рэспублікі Беларусь.