Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы:
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Кароткае апісанне рэформы
Мэтай рэалізацыі канцэпцыі з’яўляецца дасягенне гендарнай роўнасці. Прыняцце Закона “Аб гендарнай роўнасці” стане фактычным прызнаннем таго, што ў Беларусі існуе дыскрымінацыя па гендарнай прыкмеце. Закон і падзаконныя акты стануць асновай, на якой будуць распрацаваны напрамкі барацьбы з гендарнай дыскрымінацыяй. Закон будзе накіраваны на адсочване хібаў гендарнай палітыкі, будзе спрыяць выдаткоўванню рэсурсаў на гендарную палітыку і рэалізацыю гендарнай роўнасці ў краіне. Гендарная рэформа павінна забяспечыць роўны доступ жанчын да ўлады і працэсу прыняцця рашэнняў на ўсіх узроўнях.
Праблемы, на рашэнне якіх накіравана рэформа
Забеспячэнне роўных магчымасцяў грамадзянак і грамадзян Рэспублікі Беларусь у сферы адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі, на рынку працы і дзяржаўнай службе, у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
Між тым, адсутнічае заканадаўства, якое забараняе гендарную дыскрымінацыю. Адсутнічае заканадаўства, якое бы вызначала, забараняла і супрацьдзейнічала дамаганням на працоўным месцы і здымала цяжар доказаў з ахвяры. У краіне няма канфідэнцыяльнага і бяспечнага механізма падачы скаргі ў сувязі з дыскрымінацыяй і дамаганнямі, а таксама няма эфектыўнага доступа пацярпелым да прававой абароны. Заканадаўства не абараняе ўразлівыя групы: ЛГБТК+ асобы, асобы з асаблівымі патрэбамі. Няма механізма абароны рэпрадукцыйных правоў прадстаўнікоў уразлівых груп людзей і правоў выхоўваць ім сваіх дзяцей.
Адсутнасць спецыяльнага Закона “Аб гендарнай роўнасці” прыводзіць да таго, што застаюцца не вызначанымі асноўныя тэрміны ў галіне гендарнай роўнасці. Не вызначаны асноўныя механізмы абскарджвання і аховы ў выпадках гендарнай дыскрымінацыі.
У Беларусі назіраецца ўстойлівы разрыў у заробках мужчын і жанчын. Па выніку 2020 г. ён склаў 26,7% (Белстат, 2021 г.). Статыстычна большы заробак мужчын звязаны з дыспрапорцыямі занятасці мужчын і жанчын у розных сферах эканомікі. Так, жанчын, па дадзеных статыстычнага агляду Белстата на 8 сакавіка (2023 г.), у сферах аховы здароўя і сацыяльных паслуг – 84%, адукацыі – 83,7%, фінансах і страхавой дзейнасці – 77,3%, горна-здабываючай прамысловасці – 19,8%, будаўніцтве – 14,1%.
У краіне існуе розніца ў прагназуемай працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі. Сярэдні ўзрост беларуса – 74,4 г., аднак узрост жанчыны 79,2 г., а мужчыны – 69,3 г. (статыстычны зборнік жанчыны і мужчыны Рэспублікі Беларусь, Белстат 2018 г.). Натуральная розніца ў працягласці жыцця жанчын і мужчын складае 6 год. Меншую працягласць жыцця мужчын можна патлумачыць (акрамя біялагічных прычын) занятасцю на шкодных вытворчасцях, большым распаўсюдам сярод мужчын шкодных звычак і меншай увагай да свайго здароўя.
Агульны час цягам дня, які затрачваецца на неаплачваемую працу па догляду за дзецьмі, сталымі людзьмі і заняццем хатнімі справамі ў адсотках ад агульнага часу, наступны: жанчыны 19,2, мужчыны 9,5 (Белстат, 2015 г.). Каб выраўняць гэтую прапорцыю, неабходна змяніць культуру падыходу да выканання хатніх спраў, а таксама змяніць існуючыя ў грамадстве стэрэатыпы. Гендарную адукацыю і выхаванне неабходна праводзіць з самага дзяцінства. Яна павінна стаць часткай школьнага навучання і быць замацавана ў новых рэдакцыях падручнікаў, адукацыйных праграм і метадычных дапаможніках.
Беларуская жанчына ў палітыцы гэта выключэнне, чым правіла. Да прыкладу, у Савеце Міністраў сярод намеснікаў Прэм’ер-міністра няма жанчын. У Прэзідыуме Ураду з 24 міністраў прысутнічае толькі адна жанчына (прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны). Жанчыны дагэтуль не прадстаўлены там, дзе прымаюцца рашэнні і дзе ідзе размеркаванне рэсурсаў. Гендарная рэформа павінна забяспечыць роўны доступ жанчын да ўлады на ўсіх узроўнях. З гэтай мэтай могуць быць часова прынятыя квоты на прадстаўніцтва жанчын на дзяржаўных пасадах, а пры выкананні гендарных квот у часе выбарчых кампаній пры вылучэнні палітычнай партыяй прэтэндэнтаў у дэпутаты палітычная партыя павінна атрымліваць дадатковае фінансаванне (гендарны фонд).
У Беларусі дагэтуль існуе і прымяняецца спіс забароненых для жанчын прафесій. Пасля перагляду ў 2022 г. у гэтым спісе засталося 88 пазіцый (было 181!). Жанчына ў Беларусі не можа быць пажарнай, вадалазам, кавалём. Існаванне такога спіса ёсць наўпроставы доказ існавання гендарнай дыскрымінацыі.
У беларускім войску службу праходзілі 4 000 жанчын (сакавік, 2018 г.). З іх у афіцэрскім званні 600 чалавек, больш за тысячу жанчын у званні прапаршчыка. Жанчыны могуць служыць толькі па кантракту і не могуць прахадзіць тэрміновую службу. Ёсць падставы лічыць, што жанчыны ў войску таксама падвяргаюцца дыскрымінацыі, якая выяўляецца ў меншых магчымасцях прасоўвання па кар’ернай лесвіцы.
Няма вызначэння тэрміну аб’ектывацыі (Аб’ектывацыя ў медыя – змест, які распаўсюджвае і нармалізуе стаўленне да жанчыны ці мужчыны як да аб’екта) жанчын і мужчын у рэкламе і сродках масавай інфармацыі, няма механізму забароны такой з’явы і абскарджвання такой дыскрымінацыі.
Асноўныя задачы рэформы
Мэтай рэалізацыі закона з’яўляецца дасягенне гендарнай роўнасці. Рэалізацыя канцэпцыі гендарнай роўнасці патрабуе комплекснага падыходу, які ўлічвае як сістэмныя, так і індывідуальныя фактары.
Першай задачай рэформы павінна быць стварэнне механізма выканання Закону “Аб гендарнай роўнасці”. Для кантролю за яго выкананнем неабходна стварыць Камісію па гендарнай роўнасці пры парламенце, якая будзе сачыць за палітыкай рэалізацыі гендарнай роўнасці і за забеспячэннем правоў у рамках заканадаўчага працэсу.
У спіс абавязкаў камісіі павінна ўваходзіць:
1) Заканадаўчы нагляд: камісія сочыць за ажыццяўленнем дзеючых законаў і палітыкі ў галіне гендарнай роўнасці і правоў жанчын. Камісія мае права прапаноўваць змены ў заканадаўства альбо новыя акты дзеля ліквідацыі прабелаў або недахопаў у прававым рэгуляванні.
2) Маніторынг і справаздачнасць: камісія рыхтуе рэгулярныя даклады парламенту аб стане гендарнай роўнасці і правах жанчын у краіне, запытвае і аналізуе справаздачу з розных міністэрств аб стане гендарнай роўнасці (колькасць жанчын, іх заробкі ў параўнанні з мужчынамі) у іх канкрэтнай сферы дзейнасці. Гэта дапаможа забяспечыць механізм адказнасці за вынікі рэалізацыі палітыкі гендарнай роўнасці, рэалізаціі рэформы гендарнага заканадаўства і адсочваць прагрэс з цягам часу.
3) Партнёрства і супрацоўніцтва: камісія супрацоўнічае з урадавымі ўстановамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, міжнароднымі партнёрамі і іншымі зацікаўленымі бакамі ў прасоўванні мэтаў гендарнай роўнасці, а таксама прыцягненні рэсурсаў і экспертаў.
4) Кампетэнтнасць: камісія дае кансультацыі і рэкамендацыі па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў розных сферах дзейнасці. Садзеянне ў распрацоўцы механізмаў і працэдур, якія спрыяюць гендарнай роўнасці і забараняюць гендарную дыскрымінацыю. Яны павіны ахопліваць такія сферы, як набор персаналу, найм на працу, прасоўванне па службе, роўная аплата працы і дамаганні на працоўным месцы.
Магчыма ўвядзенне пасад каардынатараў па гендарнай роўнасці, адказных за выкананне гендарнага заканадаўства на розных узроўнях выканаўчай улады.
Другая задача: распрацоўка комплекснай і сістэматычнай гендарнай асветы ва ўсіх сферах жыцця, напрыклад, распрацоўка і ўжыванне комплексных асветніцкіх праграм для адукацыйных устаноў усіх узроўняў, накіраваных на барацьбу з гендарнымі стэрэатыпамі, заахвочванне гендарнай роўнасці і садзейнічанне разуменню шкодных наступстваў дыскрымінацыі і сэксізму, а таксама для развіцця навыкаў барацьбы з дыскрымінацыйнымі адносінамі і паводзінамі. Адукацыйныя праграмы таксама павінны працаваць на ўцягванне хлопчыкаў і мужчын у якасці саюзнікаў у барацьбу за гендарную роўнасць, аспрэчванне традыцыйных гендарных нормаў, стэрэатыпаў і чаканняў.
Трэцяя задача: вырашэнне праблемы адсутнасці парытэту ў працоўных правах і прыняцце неабходных зменаў у заканадаўства дзеля забароны абмеркавання сямейнага ці бацькоўскага статуса пры ўладкаванні на працу.
Чацвёртая задача тычыцца ўключэння неаплатнай працы па дагляду за сваякамі ў статыстыку нацыянальных рахункаў, а таксама залічвання гэтай працы ў стаж пры разліку пенсіі і іншых сацыяльных выплат.
Пятай задачай з’яўляецца забеспячэнне доступа да ўлады на ўсіх ўзроўнях, у тым ліку шляхам замацавання жаночых квотаў пры размеркаванні кандыдатаў на дзяржаўныя пасады, а таксама перадачы дадатковых сродкаў з гендарнага фонда палітычнай партыі пры выкананні ёй гендарных квот пры вылучэнні прэтэндэнтаў у дэпутаты, іншыя часовыя спецыяльныя меры.
Асноўныя крокі рэалізацыі рэформы
Неабходны змены ў працоўнае заканадаўства, накіраваныя на дасягненне роўнага стаўлення да бацькі і маці, якія выхоўваюць дзяцей.
Для вырашэння праблемы гендарнага дысбаланса і пашырэння жаночага прадстаўніцтва ў працэсах прыняцця рашэнняў неабходна распрацаваць сістэму квотаў для жанчын-кандыдатаў на ўсіх ўзроўнях улады.
Каб дапамагчы жанчынам пераадолець перашкоды на шляху да ўдзелу ў палітычным жыцці неабходна забяспечыць дадатковае дзяржаўнае фінансаванне палітычных партый (гендарны фонд), якія выконваюць патрабаванні па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў часе выбарчых кампаній.
Квоты і механізмы фінансавай падтрымкі з’яўляюцца часовымі мерамі для ліквідацыі сістэмных бар’ераў і няроўнасці. Пасля дасягнення гэтых мэтаў яны будуць перагледжаны або паступова адменены па меры паляпшэння становішча ў галіне гендарнай роўнасці.
Важны крок рэалізацыі закона: неабходна стварэнне інфраструктуры падтрымкі, прадстаўленне дапаможных паслуг і рэсурсаў ахвярам гендарнага гвалту і дыскрымінацыі, у тым ліку арганізаваць прытулкі, гарачыя лініі, кансультацыі, юрыдычная дапамога і медыцынскія паслугі.
Яшчэ адзін крок: правядзенне трэнінгаў і семінараў сярод супрацоўнікаў органаў выканаўчай улады, якія працуюць з жанчынамі і мужчынамі пацярпелымі ад хатняга гвалту і дамаганняў на працоўным месцы, накіраваных на беражлівыя адносіны і працэдуры дапамогі з пацярпелымі.
Неабходна распрацаваць і прыняць заканадаўства, якое прадугледжвае аднолькавыя ўмовы дэкрэтнага адпачынку па дагляду за дзіцём ва ўзросце да 3 год. Адпачынак не павінен падлягаць перадачы цалкам аднаму з бацькоў. Павінна вызначацца абавязковая частка дэкрэтнага адпачынку, якую бацька ці маці павінны выкарыстаць пры даглядзе за дзіцём.
Стварыць механізмы для прыцягнення працадаўцаў да адказнасці за дыскрымінацыйную практыку па прыкмеце гендару ці бацькоўскага статусу. Гэта можа ўключаць у сябе штрафы за невыкананне закона і магчымасці для пацярпелых асоб атрымліваць кампенсацыю маральнай шкоды.
Органы, якія прымаюць рашэнні
- У сферы рэалізацыі палітыкі гендарнай роўнасці, супрацьдзеяння гендарнай дыскрымінацыі кампетэнцыю маюць наступныя дзяржаўныя органы і службовыя асобы.
Органамі, установамі і арганізацыямі, надзеленымі паўнамоцтвамі ў сферы забеспячэння гендарнай роўнасці, з’яўляюцца:
Парламент Рэспублікі Беларусь;
Камісія па гендарнай роўнасці пры Парламенце Рэспублікі Беларусь;
Упаўнаважаны Камісіі па гендарнай роўнасці пры Парламенце Рэспублікі Беларусь;
Урад Рэспублікі Беларусь;
органы выканаўчай улады і органы мясцовага самакіравання, вызначаныя ў іх складзе ўпаўнаважаныя асобы (каардынатары) па пытаннях забеспячэння гендарнай роўнасці.
2. Парламент Рэспублікі Беларусь прымае асноўныя праграмныя нарматыўныя прававыя акты (законы) у галіне палітыкі гендарнай роўнасці і супрацьдзеяння гендарнай дыскрымінацыі.
3. Камісія па гендарнай роўнасці пры Парламенце Рэспублікі Беларусь, асноўнай функцыяй якой з’яўляецца кантроль за выкананнем Закона “Аб гендарнай роўнасці”, здзяйсняе маніторынг гендарнай роўнасці ў рамках заканадаўчага працэсу. У спіс абавязкаў камісіі павінен уваходзіць:
- заканадаўчы нагляд: камісія сочыць за ажыццяўленнем дзеючых законаў і палітыкі ў галіне гендарнай роўнасці і правоў жанчын. Камісія мае права прапаноўваць змены ў заканадаўства альбо новыя акты дзеля ліквідацыі прабелаў або недахопаў у прававым рэгуляванні;
- маніторынг і справаздачнасць: камісія рыхтуе рэгулярныя даклады парламенту аб стане гендарнай роўнасці і правах жанчын у краіне, запытвае і аналізуе справаздачы з розных міністэрстваў аб стане гендарнай роўнасці (колькасць жанчын, іх заробкі ў параўнанні з мужчынамі) у іх канкрэтнай сферы дзейнасці;
- партнёрства і супрацоўніцтва: камісія супрацоўнічае з урадавымі ўстановамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, міжнароднымі партнёрамі і іншымі зацікаўленымі бакамі ў прасоўванні мэтаў гендарнай роўнасці і прыцягненні рэсурсаў і экспертных ведаў;
- кампетэнтнасць: камісія дае кансультацыі і рэкамендацыі па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў розных сферах дзейнасці. Садзейнічае ў распрацоўцы механізмаў і працэдур, якія спрыяюць гендарнай роўнасці і забараняюць гендарную дыскрымінацыю.
- Упаўнаважаны Камісіі па гендарнай роўнасці пры Парламенце Рэспублікі Беларусь.
Упаўнаважаны:
- ажыццяўляе кантроль за забеспячэннем гендарнай роўнасці;
- разглядае звароты аб выпадках гендарнай дыскрымінацыі і гендарнага гвалту;
- у штогадовай справаздачы асвятляе стан забеспячэння гендарнай роўнасці і узровень гендарнага гвалту.
Упаўнаважаны Камісіі па гендарнай роўнасці пры Парламенце Рэспублікі Беларусь мае права звяртацца ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь з заявай аб парушэнні роўных правоў, магчымасцяў, а таксама наяўнасці гендарнай дыскрымінацыі.
- Органы выканаўчай улады:
5.1 Урад Рэспублікі Беларусь распрацоўвае і рэалізуе асноўныя прынцыпы палітыкі гендарнай роўнасці, прымае падзаконныя нарматыўныя прававыя акты, накіраваныя на выкананне заканадаўства у галіне гендарнай роўнасці.
5.2 Рэгіянальныя органы выканаўчай улады і органы мясцовага самакіравання, а таксама вызначаныя ў іх складзе ўпаўнаважаныя асобы (каардынатары) па пытаннях забеспячэння гендарнай роўнасці.
Нарматыўна-прававыя акты
Вышэйшаму Заканадаўчаму органу Рэспублікі Беларусь ў развіццё асноўных палажэнняў Закона “Аб гендарнай роўнасці” належыць прыняць шэраг нарматыўных прававых актаў (законаў), якія будуць рэгуляваць асобныя сферы адносінаў у галіне забеспячэння гендарнай роўнасці, а таксама дзейнасць механізмаў па прадухіленні гендарнай дыскрымінацыі і забеспячэнні гендарнай роўнасці.
Необходна прыняць:
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Упаўнаважаным Камісіі па пытаннях гендарнай роўнасці пры Парламенце Рэспублікі Беларусь”;
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”;
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб гендарнай экспертызе нарматыўных прававых актаў”.
- Нарматыўныя акты, што канкрэтызуюць прававое рэгуляванне ў дадзенай сферы адносінаў (падзаконныя акты), могуць прымацца Урадам Рэспублікі Беларусь.
- Камісія па гендарнай роўнасці пры Парламенце Рэспублікі Беларусь распрацоўвае і прымае Рэгламенты дзейнасці Камісіі і Упаўнаважанага Камісіі па пытаннях гендарнай роўнасці пры Парламенце Рэспублікі Беларусь.
- У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб гендарнай роўнасці” неабходна:
– унесці змены і дапаўненні ў:
Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь;
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і;
Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь;
Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь;
Кодэкс Рэспублікі Беларусь ад адміністрацыйных правапарушэннях;
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” і інш.;
– прывесці заканадаўства ў тэхнічную адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб гендарнай роўнасці”;
– правесці рэтраспектыўную гендарную экспертызу нарматыўных прававых актаў, што былі прыняты да рэформы гендарнага заканадаўства.