Кароткае апісанне
Масавыя выступленні грамадзян Беларусі супраць дзеючай улады ў перыяд прэзідэнцкай электаральнай кампаніі 2020 г. і ў поствыбарчы перыяд абярнуліся разгортваннем рэпрэсіўнага апарату на барацьбу з іншадумствам. Рэпрэсіі ў дачыненні да асоб, не згодных з палітыкай, якая праводзяцца ў краіне, працягваюцца і сёння. Па дадзеных праваабаронцаў у Рэспубліцы Беларусь за свае перакананні затрымана і асуджана больш за 1500 палітычных апанентаў і прыхільнікаў перамен. Грамадзяне безабаронныя перад свавольствам сілавых структур, пазбаўленыя магчымасці абараняць свае правы ў судах, якія выносяць неабгрунтаваныя рашэнні па сфабрыкаваных справах аб удзеле ў акцыях пратэсту, тэрарызме, дзяржаўнай здрадзе, іншых небяспечных злачынствах. Многім грамадзянам у сувязі з пагрозай крымінальнага пераследу прыйшлося пакінуць краіну…
У такіх умовах паўнацэннае функцыянаванне і развіццё дзяржавы і грамадства немагчыма. Змешчаныя ў месцы пазбаўлення волі па палітычных матывах грамадзяне павінны быць вызвалены і рэабілітаваны. У грамадзян, якія вымушана пакінулі краіну, павінна з’явіцца магчымасць бяспечна вярнуцца, жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей на Радзіме. Грамадзяне Беларусі павінны мець магчымасць адкрыта выказваць сваё меркаванне, у тым ліку аб палітычных працэсах і падзеях.
Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана канцэпцыя
Пераслед грамадзян па палітычных матывах, заключэння іх у месцы пазбаўлення волі па надуманых прычынах – гуманітарная катастрофа і рэальнасць сучаснай Беларусі, якая дазваляе трымаць у страху грамадства і стрымліваць любыя праявы грамадзянскай актыўнасці.
У месцах адбыцця пакарання да палітвязняў з боку адміністрацый устаноў прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні, у сувязі з чым звычайнымі з’яўляюцца рэгулярныя спагнанні за парушэнні ўнутранай дысцыпліны, працяглая адсутнасць магчымасці знешняй камунікацыі, пазбаўленне магчымасці неабходнага медыцынскага абслугоўвання і г.д.
Згодна з арт. 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх”. Гэты прынцып павінен вярнуцца ў жыццядзейнасць беларускага грамадства і стаць асновай для развіцця плюралізму меркаванняў і дэмакратычнага ладу.
Пераслед палітычных апанентаў, арышты і ператрусы “за лайкі ў інтэрнэце” павінны быць спынены. Стабільнай і ўстойлівай можа быць дзяржава, дзе паважаюць меркаванне кожнага члена грамадства.
Асноўныя мэты/задачы канцэпцыі
Канцэпцыі амністыі палітвязняў накіравана на тое, каб:
– актуалізаваць праблему палітвязняў і дамагчыся іх вызвалення;
– спыніць далейшыя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян Беларусі;
– садзейнічаць дасягненню грамадзянскага кансэнсусу.
Задачы:
– арганізаваць грамадскую дыскусію па праблематыцы;
– рэалізаваць права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян і ўнесці ў Парламент Рэспублікі Беларусь праект закона “Аб амністыі” у адносінах да палітзняволеных.
Крокі па рэалізацыі
Канцэпцыя прадугледжвае некалькі стратэгічных этапаў рашэння праблемы:
- Падрыхтоўка праекту закона “Аб амністыі” у дачыненні да палітвязняў.
- Адвакатаванне праекта закона “Аб амністыі”.
- Рэалізацыя права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян.
Праект закона “Аб амністыі” павінен прадугледжваць:
– вызваленне ад пакарання ў выглядзе штрафу, арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі, а таксама ад іншых мер крымінальнай адказнасці ў выглядзе асуджэння з адтэрміноўкай выканання пакарання, асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання, асуджэння без прызначэння пакарання асоб, прызнаных праваабаронцамі палітзняволенымі, асуджаных па арт. 130, 293, 342, 361, 361-1, 361-2, 369, КК РБ;
– спыненне папярэдняга расследавання па крымінальных справах, якія знаходзяцца ў вытворчасці органаў крымінальнага пераследу, і вытворчасцяў па крымінальных справах, не разгледжаных судамі, аб злачынствах, учыненых асобамі, прызнанымі праваабаронцамі палітвязнямі да ўступлення закона “Аб амністыі” ў сілу;
– вызваленне ад крымінальнага пераследу асоб, якія па ўласнай ініцыятыве пакінулі тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у сувязі з пагрозай крымінальнага пераследу і прынялі рашэнне вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь пасля ўступлення ў сілу закона “Аб амністыі”;
– зняцце судзімасці з асоб, вызваленых ад пакарання ці іншых мер крымінальнай адказнасці на падставе закона “Аб амністыі”.
Адвакатаванне мае на ўвазе:
– стварэнне ініцыятыўнай групы грамадзян;
– ініцыяванне шырокай грамадскай дыскусіі з удзелам прадстаўнікоў структур грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў органаў улады, дыпламатычных прадстаўніцтваў, членаў сем’яў палітвязняў;
– камунікацыю з прадстаўнікамі органаў улады.
Рэалізацыя права заканадаўчай ініцыятывы:
Згодна з арт. 99 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “Права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту, Усебеларускаму народнаму сходу, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек і рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў”. Больш дэталёва дадзенае права рэгламентавана Законам “Аб парадку рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь”. Такім чынам, мяркуецца ініцыяваць прыняцце Закона аб амністыі ў дачыненні да палітзняволеных шляхам рэалізацыі прадугледжанага заканадаўствам права грамадзян.
Органы, якія прымаюць рашэнне
– Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь.
– Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Нарматыўныя прававыя акты
– Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;
– Закон “Аб парадку рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь”;
– Праект закона “Аб амністыі”.