РэформыАБ ЗАХАВАННІ І ПАШЫРЭННІ ДЗЯРЖАЎНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы:
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

 

Кароткае апісанне рэформы

Беларуская мова – аснова культуры беларускага народа.

Беларуская мова з’яўляецца старажытнапісьменнай. Гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за 10 стагоддзяў.

Мова беларускага народа склалася ў XIV-XVI стагоддзях, калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У ВКЛ з 1566 г. афіцыйнай мовай была зацверджана старабеларуская мова.

У 1696 г. афіцыйнай мовай Рэчы Паспалітай была прызнана польская мова.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай афіцыйнай дзяржаўнай мовай на беларускіх землях была руская.

Але беларуская мова жыла ў народзе. У другой палове XIX ст. і пачатку ХХ ст. пачаўся росквіт беларускай літаратурнай мовы.

Значны штуршок у гэтым накірунку зрабіў першы і адзіны перапіс насельніцтва ў Расійскай імперыі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, якая і стала афармляцца ў будучую дзяржаву ў выніку гэтага перапісу.

Перапіс праводзіў Цэнтральны статыстычны камітэт Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі ў 1897 г. Перапісваліся асобна мужчынскае і жаночае насельніцтва, вызначалася колькасць пісьменных і непісьменных. Упершыню ўводзіўся такі тэрмін, як “свой родной язык”. Першымі ў моўным спіску былі “языкі” – “Великорусский”, “Малорусский”  і “Белорусский”. Таксама запытвалі і “вероисповедание” кожнага чалавека.

У якасці прыклада разгледзім Віленскую губерню, дзе жылі людзі самых розных этнасаў і рэлігій, тым больш што частка губерні разам з Вільняй былі перададзены Сталіным у 1939–1940 гг. Літве. Гэта Віленскі, Свянцянскі і Троцкі паветы. У 1897 г. на тэрыторыі губерні жыло 1 591 207 чалавек. З іх назвалі сваёй роднай мовай беларускую 891 903 асобы, што складае 56,05 % ад усяго насельніцтва губерні. Праваслаўнымі былі 41,2 %, а католікамі – 58,4%. Вядома, што частка праваслаўных беларусаў маглі запісацца ў вялікарусы, а католікі – у палякі.

Такім чынам, ужо ў канцы ХІХ ст. галоўнай прыкметай існавання беларускай нацыі стала не рэлігія, а мова.

У 1918 г. беларуская мова была аб’яўлена дзяржаўнай ў Беларускай Народнай Рэспубліцы.

Пасля таго, як у 1921 г. частка тэрыторый з пераважным рассяленнем беларусаў канчаткова трапіла ў БССР і СССР, дзе ішло змаганне з рэлігіяй, фактар мовы становіцца галоўным да сённяшняга дня.

Змена курсу нацыянальнай палітыкі ў СССР і ў БССР у канцы 1920-х стала прычынаю гвалтоўнага згортвання палітыкі пашырэння беларускай мовы і павароту да новага курсу на павялічэнне ролі рускай мовы як “інтэрнацыянальнага сродку зносін”. Публічнае карыстанне беларускай мовай стала пад пагрозай абвінавачання ў “нацдэмстве”.

Пасля таго, як СССР пасля 1944–1950-х гг. канчаткова вызначыўся з межамі БССР, перадаўшы пры гэтым ПНР частку этнічнай беларускай тэрыторыі (дзе адразу ж пачалася паланізацыя беларусаў), на тэрыторыі БССР праводзілася татальная русіфікацыя, асабліва пасля 1959 г. і да 1990 года.

Нягледзячы на татальную русіфікацыю Вярхоўны Савет БССР у 1990 г.  абвесціў на сваёй тэрыторыі дзяржаўнай мовай беларускую, што было замацавана спачатку адпаведным законам, а потым унесена ў першую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятай 15 сакавіка 1994 г.

Аднак, на рэферэндуме ў 1995 г., у Канстытуцыю была ўнесена папраўка і руская мова стала другой дзяржаўнай мовай. Гэта дало штуршок новай хвалі русіфікацыі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці дзяржавы. Асабліва балюча назіраць за тым, як школьнае навучанне стала фактычна цалкам рускамоўным. Таму зараз востра паўстала пытанне аб захаванні і пашырэнні беларускай мовы.

На сённяшні дзень у Беларусі 56% насельніцтва лічыць сваёй роднай мовай беларускую.

Беларуская літаратурная мова налічвае ад 250 да 500 тысяч слоў.

Беларуская мова з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю беларускай нацыі, якая разам са звычаямі і традыцыямі з’яўляецца падмуркам беларускай нацыянальнай дзяржавы.

 

Праблемы, на рашэнне якіх накіравана рэформа

Сутнасць моўнай рэформы – захаванне беларускай мовы як галоўнай прыкметы існавання ў Еўропе і свеце сучаснай (мадэрновай) беларускай нацыі.

Самая галоўная праблема сённешняга дня – гэта поўная асіміляцыя беларусаў, а таксама спыненне прасоўвання на нашай тэрыторыі ідэалогіі т.зв. «русского мира», ідэалогіі кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, якое ставіць на мэту аднаўленне (і тэрытарыяльнае, і ідэалагічнае) Расійскай імперыі ў межах 1904 г.  Галоўная задача расійскіх ідэолагаў – гэта поўная асіміляцыя беларусаў і ўкраінцаў і стварэнне “триединого”, “великорусского” народа, як гэта было ў ХІХ ст.

Беларуская мова, як адзіная дзяржаўная мова, на працягу некалькіх гадоў павінна стаць мовай дзяржаўнага апарату, судоў, пракуратуры, войска, спецслужбаў, адукацыі, устаноў культуры і СМІ.

Фармаванне нацыянальнай эліты павінна грунтавацца на беларускім патрыятызме, заснаваным на грунтоўным веданні не толькі беларускай мовы, але і гісторыі, культуры, народных традыцый.

Ажыццяўленне моўнай рэформы мусіць быць разлічана на 5-12 гадоў і ахопліваць усіх грамадзян Беларусі без выключэння.

 

Асноўныя мэты і задачы рэформы

1) Вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы;

2) Распрацоўка графіку вяртання беларускай мовы ва ўсе сферы грамадскага жыцця краіны (у дзяржаўныя ўстановы, адукацыю і г.д.);

3) Складанне картатэкі беларускамоўных спецыялістаў у Беларусі і за яе межамі;

4) Стварэнне абавязковых курсаў па вывучэнні беларускай мовы для

розных катэгорый дзяржаўных службоўцаў і спецыялістаў;

5) Стварэнне з самага пачатку курсаў для будучых выхавацеляў, выкладчыкаў і іншых спецыялістаў ў сферы дашкольнай, школьнай і вышэйшай адукацыі, якія павінны пачаць дзейнічаць адначасова з пачаткам рэформы;

6) Стварэнне аўтарскіх калектываў для напісання вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў з мэтай дасканаласці іх напісання з умовай больш шырокай распрацоўкі і вывучэння прафесійнай беларускай лексікі.

7) Рэформа СМІ з мэтай выпрацоўкі ў грамадзян краіны гонару і жадання захаваць праз беларускую мову і гісторыю, культуру і традыцыі беларусаў, а таксама нацыянальных мяньшыняў, што здаўна жывуць на Беларусі;

8) Стварэнне шэрагу дзяржаўных выдавецтваў з мэтай перакладу на беларускую мову шэдэўраў сусветнай літаратуры, а таксама перакладу твораў беларускіх пісьменнікаў на самыя значныя і найбольш пашыраныя мовы свету.

 

Крокі па рэалізацыі рэформы

Падрыхтоўчы перыяд

Напрацягу першага году пасля абвяшчэння беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне ўсё справаводства пераводзіцца на дзяржаўную беларускую мову, ствараюцца і праводзяцца курсы па вывучэнні беларускай мовы, СМІ пераходзяць на беларускую мову.

Асноўны перыяд

Згодна з асноўнымі пастулатамі педагогікі ўсе дзяржаўныя дашкольныя ўстановы краіны з новага навучальнага году (з першага верасня) пераходзяць на беларускую мову.

Школы, дзіцячыя садочкі і дзяржаўныя сярэднія спецыяльныя ўстановы, ВНУ пераходзяць на беларускую мову не пазней другога і трэцяга году рэформы.

Усе спецыялісты, якія перайшлі на беларускую мову навучання ў гэтых установах, атрымліваюць даплату ў памеры да 30 % ад памеру іх акладу.

Грамадзяне, якія не паспелі авалодаць дзяржаўнай мовай (на працягу трох гадоў) маюць права карыстацца ў стасунках з дзяржаўнымі ўстановамі рускай мовай у выпадку звароту імі ў пэўныя інстанцыі. Але ўсе адказы яны павінны атрымліваць толькі на дзяржаўнай мове.

Перыяд пашырэння беларускай мовы

На працягу пяці гадоў рэформы. На беларускую мову пераводзіцца справаводства дзяржаўных прадпрыемстваў, гандаль.

Перыяд шырокага ўжытку 

На працягу 10-12 гадоў ужыванне беларускай мовы пашыраецца на ўсе сферы жыцця краіны.

Выдаткі на развіццё нацыянальнай культуры ў краіне кожны год складаюць не менш за 2,5 % ад аб’ёму гадавога бюджэту.

Органы, якія прымаюць рашэнні
1) Парламент, які ўносіць адпаведныя змены ў Канстытуцыю і дзеючыя законы.
2) Урад краіны, які прымае падзаконныя акты і пастановы.
3) Органы мясцовага самакіравання.
4) Судовыя ўстановы розных узроўняў.
5) Кіруючыя органы грамадскіх арганізацый, якія працуюць з мэтай пашырэння і вывучэння беларускай мовы ў краіне і за яе межамі.

Нарматыўныя прававыя акты

1) Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;

2) Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.

 

 

admin2

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2024 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі