Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы:
Аб’яднаная Грамадзянская партыя ў кааперацыі з Цэнтрам “Еўрапейскі Дыялог” экспертамі і прадстаўнікамі дэмакратычных партый Беларусі.
Кароткае апісанне рэформы:
Рэформа прадугледжвае распрацоўку і далейшае прасоўванне праекта Рэгламента парламента ў развіццё праекта Канстытуцыі для Новай Беларусі. Дадзены праект з’яўляецца часткай пакета інстытуцыйных рэформаў, якія забяспечваюць пераход ад аўтарытарнай да дэмакратычнай формы кіравання.
Праблемы, на рашэнне якіх накіраваная рэформа:
У выніку канстытуцыйных рэферэндумаў 1996, 2004 і 2022 гадоў, праведзеных А.Лукашэнкам са шматлікімі парушэннямі, беларускі парламент – Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу – як вышэйшы прадстаўнічы орган практычна цалкам пазбавіўся ўсіх паўнамоцтваў, якімі павінен валодаць парламент.
У выніку нават свабодныя і справядлівыя парламенцкія выбары не змогуць паўплываць на вырашэнне палітычнага крызісу, калі абраныя дэпутаты не змогуць апраўдаць чаканняў сваіх выбаршчыкаў з-за адсутнасці адпаведных паўнамоцтваў. У цяперашняй версіі паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў дэпутаты парламента ніяк не змогуць паўплываць ні на прызначэнні вышэйшых службовых асоб, ні на палітыку, якая праводзіцца імі ў краіне.
Прыняцце новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з парламенцкай формай праўлення і правядзенне свабодных і справядлівых выбараў у парламент з новымі паўнамоцтвамі павінны будуць закласці трывалую аснову вырашэння не толькі палітычнага крызісу, але і яго наступстваў.
У дэмакратычных сілаў будзе вельмі невялікае акно магчымасцяў, каб правесці інстытуцыйныя рэформы і зрабіць адкат да ранейшых аўтарытарных формаў кіравання немагчымым. Любое прамаруджванне будзе павышаць рызыку ўмацавання прыхільнікаў аўтарытарызму і іх здольнасці закансерваваць існуючыя неэфектыўныя інстытуты, выгадаатрымальнікамі якіх яны з’яўляюцца. Для гэтага ўжо зараз трэба падрыхтаваць да прыняцця праекты новай Канстытуцыі і законаў у яе развіццё.
У 2020-2021 гадах Грамадская канстытуцыйная камісія распрацавала праект Канстытуцыі Новай Беларусі, які прапануе перайсці ад прэзідэнцкай да парламенцкай формы праўлення. Праект Канстытуцыі Новай Беларусі прапануе вяртанне да аднапалатнага парламента. Выбары дэпутатаў парламента прапануецца праводзіць на аснове прапарцыйнага прадстаўніцтва замест існуючай сёння мажарытарнай сістэмы.
Змяненне структуры парламента, яго паўнамоцтваў і спосабу фарміравання згодна з распрацаваным праектам Канстытуцыі запатрабаваў распрацоўкі для парламента і новага праекта Рэгламенту, які адпавядае закладзеным у праекце Канстытуцыі паўнамоцтвам.
Апошняя чвэрць стагоддзя ў Беларусі не развівалася культура парламентарызму, у парламенце не была прадстаўлена апазіцыя і, адпаведна, не развіваўся і Рэгламент парламента як сукупнасць правіл, які ўстанаўлівае парадак выканання парламентам сваіх паўнамоцтваў ва ўмовах канкурэнтнага палітычнага асяроддзя. Таму вельмі важна пры распрацоўцы праекта Рэгламенту ўлічыць досвед краін як са шматгадовым досведам парламентарызму, так і якія прайшлі нядаўна этап транзіту ад аўтарытарызму да дэмакратыі.
Асноўныя мэты і задачы рэформы:
Доўгатэрміновая стратэгічная мэта: прыняцце Канстытуцыі новай Беларусі і пакета асноўных інстытуцыйных законаў яе развіцця, сярод якіх праект Рэгламенту парламента Беларусі (Сойма).
Задачы:
- Распрацоўка праекта Рэгламенту парламента Беларусі (Сойма).
- Узгадненне праекта Рэгламента парламента Беларусі (Сойма) з асноўнымі палітычнымі партыямі і новымі палітычнымі структурамі.
Асноўныя захады па рэалізацыі рэформы:
– Правядзенне аналізу заканадаўства замежных краін з парламенцкай формай праўлення і аднапалатным парламентам (напрыклад, Літва, Грузія, Украіна, Арменія і г.д.), які рэгулюе дзейнасць парламента.
– Распрацоўка Канцэпцыі Рэгламенту парламента Беларусі (Сойма).
– Распрацоўка праекта Рэгламенту парламента Беларусі (Сойма).
Абмеркаванне праекта Рэгламенту парламента Беларусі (Сойма) з экспертамі падчас працоўных сустрэч і публічныя абмеркаванні праекта Рэгламенту з шырокім колам зацікаўленых асобаў праз інтэрнэт. Дапрацоўка праекта Рэгламента парламента Беларусі (Сойма) з улікам грамадскіх абмеркаванняў.
– Дазваленне праекта Рэгламенту для разгляду і зацвярджэння ў Каардынацыйную раду як прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Органы, якія прымаюць рашэнне:
– Рабочая група па распрацоўцы праекта Рэгламенту, якая ўключае прадстаўнікоў усіх асноўных палітычных партый;
– Каардынацыйная рада як прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці;
Нарматыўна-прававыя акты:
– Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;
– Рэгламент парламента Беларусі (Сойма).
Праект Рэгламенту.