РэформыПЕНСІЙНАЯ РЭФОРМА

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы:

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

 

Сціслае апісанне рэформы

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) у сваёй стратэгіі і дзейнасці надае вялікае значэнне паляпшэнню сацыяльнага забеспячэння грамадзян, у прыватнасці, пенсіянераў. Так, БСДП лічыць, што выхад на пенсію для абодвух палоў ва ўзросце 60 гадоў з’яўляецца аптымальным. БСДП таксама выказваецца за больш ранні выхад на пенсію жанчын, якія нарадзілі і выхавалі трох і больш дзяцей.

БСДП выступае за пераход да накапляльных пенсійных фондаў, якія павінны фарміравацца за кошт адлічэнняў працадаўцы, за кошт гарантый дзяржавы і за кошт уласных адлічэнняў працаўніка. Прычым, кожны працуючы грамадзянін пасля выхаду на пенсію можа распараджацца сваімі сродкамі, у тым ліку аднаразова здымаць іх з рахунку.

Акрамя таго, БСДП прапаноўвае павысіць памер мінімальнай пенсіі і дапамогі па доглядзе людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

 

Праблемы, на рашэнне якіх накіраваная рэформа

У студзені 2022 г. у Беларусі завяршылася паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту на падставе прэзідэнцкага ўказа ад 11 красавіка 2016 г. № 137 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”. У выніку пенсійны ўзрост цягам пяці гадоў быў павялічаны да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, а жанчынамі – 58 гадоў. Паводле падлікаў эканамістаў, гэта дазволіла аддаліць выхад на пенсію 390 тыс. чалавек.

На пачатак 2022 г. у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 2,4 млн пенсіянераў. З 1 сакавіка 2022 г. быў павышаны памер працоўных пенсій на 7 %, што дазволіла павялічыць сярэдні памер пенсіі для непрацоўных пенсіянераў да 583 руб.  Паводле ацэнак урада, такі памер складае каля 40 % у адносінах да намінальнага сярэдняга заробку па краіне.

Варта ўлічваць, што разам з павелічэннем узроставага парогу ў Беларусі быў павышаны страхавы стаж, гэта значыць, перыяд, цягам якога працаўнік адлічвае ўнёскі для атрымання пенсіі. Калі раней у адпаведнасці з Законам “Аб пенсійным забеспячэнні” 1992 г. для прызначэння працоўнай пенсіі дастаткова было мець страхавы стаж не менш пяці гадоў, то пачынаючы з 2013 г. ён пачаў рэзка павышацца. Гэта праводзілася на падставе прэзідэнцкіх указаў (ад 3 верасня 2013 г. № 389 “Аб некаторых пытаннях пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання”; ад 8 снежня 2014 г. № 570 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”; ад 31 снежня 2015 г. “Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння”; ад 29 чэрвеня 2017 г. № 233 “Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян”).

Так, з 2014 г. перыяд страхавога стажу быў павялічаны да 10 гадоў, з 2015 г. – да 15 гадоў. З 2017 г. патрабавалася не менш 16 гадоў страхавога стажу. Далей перыяд страхавога стажу кожны год павялічваўся на паўгады. На пачатак 2022 г. ён складае 18,5 гадоў. Да 2025 г. ён павінен павялічыцца да 20 гадоў.

Указам ад 29 чэрвеня 2017 г. № 233 было ўсталявана, што працоўная пенсія па ўзросце прызначаецца пры наяўнасці страхавога стажу не менш 10 гадоў пры ўмове, што агульны працоўны стаж складае не менш 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў у жанчын (выключэнні прадугледжваліся ў дачыненні да ваеннаслужачых, асоб кіруючага і шараговага складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і органаў фінансавых расследаванняў).

Згодна з пунктам 1.2 дадзенага ўказа перыяды догляду за інвалідам І групы або дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама за састарэлымі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту і маюць патрэбу паводле заключэння медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі або дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя ў пастаянным доглядзе, могуць залічвацца ў агульны стаж працы да дасягнення асобамі, якія ажыццяўляюць догляд, узросту, што дае права на сацыяльную пенсію (мужчыны – 65 гадоў, жанчыны – 60 гадоў).

Гэта значыць, пазначаныя перыяды не падлягаюць уключэнню ў працоўны стаж, але даюць права на атрыманне сацыяльнай пенсіі пры дасягненні ўсталяванага ўзросту (з 1 траўня 2022 г. памер такой пенсіі складае 148,28 руб.).

У страхавы стаж не залічваюцца таксама перыяды адпачынку па доглядзе за дзіцём да дасягнення ім трохгадовага ўзросту, тэрміновай ваеннай службы, часу навучання на дзённай форме атрымання адукацыі, час атрымання дапамогі па беспрацоўі.

Асноўным законам у сферы пенсійных адносін у Беларусі застаецца Закон “Аб пенсійным забеспячэнні” ад 17 красавіка 1992 г. (са зм. і дап.). У ім замацаваныя парадак і ўмовы прызначэння пенсій па ўзросце, па інваліднасці, па выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай, а таксама сацыяльных пенсій.

Пенсіі па ўзросце выплачваюцца асноўнай масе пенсіянераў з дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (далей – ФСАН). Яго статус вызначаны прэзідэнцкім указам ад 16 студзеня 2009 г. № 40 “Аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны”.

У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам (у прыватнасці, Законам “Аб абавязковых страхавых унёсках у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь” ад 29 лютага 1996 г. са зм. і дап.) памеры абавязковых страхавых унёскаў на выпадак дасягнення пенсійнага ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля (пенсійнае страхаванне) складаюць: дла працадаўцаў – 28 %; для працуючых грамадзян – 1 %. Акрамя таго, памер абавязковых страхавых унёскаў па страхаванні на выпадак часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родаў, нараджэння дзіця, догляду за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў і інш. складае 6 % ад налічанага заробку.

Атрымліваецца, што прадпрыемства (арганізацыя) выплочвае ў ФСАН 34 % ад фонду заработнай платы і 1 % ад заработнай платы працаўніка. Пры гэтым унёскі на пенсійнае страхаванне складаюць 29 %, унёскі на сацыяльнае страхаванне – 6 %.

Відавочна, што гэта – высокі ўзровень адлічэнняў у рахунак будучых пенсій. Пры гэтым улады іх хаваюць пад выглядам адлічэнняў ад фонду заработнай платы працаўнікоў. На паверхні застаецца толькі 1 % утрыманняў з канкрэтнага заробку (акрамя асоб, якія самастойна павінны плаціць страхавыя ўнёскі ў ФСАН). У выніку ў працаўнікоў складваецца скажонае ўяўленне аб парадку фарміравання пенсій.

У апошнія гады назіраецца дэфіцыт бюджэту ФСАН. Так, паводле наяўных дадзеных, у 2020 г. на папаўненне Фонду былі прадугледжаныя субвенцыі ў памеры 1,2 млрд руб. У 2021 г. на гэтыя мэты вылучана 1,6 млрд руб. У першым квартале 2022 г. прыбыткі ФСАН склалі 5 195,2 млн руб., з іх паступіла субвенцый з рэспубліканскага бюджэту ў суме 366 млн руб. (Плюс-мінус 5 мільярдаў: ФСАН даў справаздачу аб прыбытках і выдатках у 1 квартале 2022 года // https://neg.by/novosti/otkrytj/plyus-minus-5-milliardov-fszn-otchitalsya-o-dokhodakh-i-raskhodakh-v-1-kvartale-2022-g-oda).

Такое становішча спраў тлумачыцца перш за ўсё тым, што з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва робяцца выплаты не толькі пенсій па ўзросце, але і выплаты па часовай непрацаздольнасці, адпачынку па доглядзе за дзіцём да дасягнення ім трохгадовага ўзросту, па доглядзе за інвалідамі І групы, асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, дапамога па беспрацоўі. З ФСАН фінансуюцца таксама мерапрыемствы, звязаныя з санаторна-курортным лячэннем, аздараўленнем розных груп насельніцтва.

У той жа час пенсійнае забеспячэнне дзяржаўных служачых, а таксама іншых катэгорый працаўнікоў вылучана з агульнага парадку прававога рэгулявання. Так, у адпаведнасці з Законам “ Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” ад 14 чэрвеня 2003 г. (са зм. і дап.) пенсія за выслугу гадоў дзяржаўным служачым прызначаецца ў памеры 40 % заробку за кожныя пяць гадоў запар з апошніх 15 гадоў працы на дзяржаўных пасадах. За кожны поўны год стажу дзяржаўнай службы звыш 20 гадоў памер пенсіі павялічваецца на 2 % заробку. Пры гэтым агульная сума пенсіі не павінна перавышаць 50 % заробку дзяржаўнага служачага (ч. 2 арт. 54 Закона).

У яшчэ больш прывілеяваным становішчы знаходзяцца чальцы Урада, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чальцы Савета Рэспублікі, Надзвычайныя і паўнамоцныя паслы, старшыня Цэнтрвыбаркама. Пры дасягненні пенсійнага ўзросту яны атрымліваюць штомесячнае грашовае ўтрыманне на падставе прэзідэнцкага ўказа ад 30 лістапада 2006 г. № 705 “Аб штомесячным грашовым утрыманні асобных катэгорый дзяржаўных служачых”.    Прычым памер такога ўтрымання складае ад 65 да 75 % заробку, што ў разы перавышае сярэдні памер працоўнай пенсіі.

Асаблівы парадак прызначэння пенсій усталяваны таксама для ваеннаслужачых і прыраўненых да іх асоб (напрыклад, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, органаў дзяржаўнай бяспекі, МНС, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз), суддзяў, пракурорскіх працаўнікоў.

Вышэйназваныя катэгорыі працаўнікоў атрымліваюць штомесячнае грашовае ўтрыманне (пенсіі) не з ФСАН, а з рэспубліканскага бюджэту праз адпаведныя міністэрствы і ведамствы. Увядзенне такога парадку выплаты пенсій парушае прынцып роўнасці грамадзян перад законам (арт. 22 Канстытуцыі).

Пенсіі час ад часу павышаюцца, часткова індэксуюцца. Пенсіянерам прадугледжваюцца некаторыя даплаты, у прыватнасці, у сувязі з дасягненнем 75- і 80-гадовага ўзросту. Са студзеня 2020 г. усталяваныя даплаты непрацуючым дактарам навук/прафесарам.

З лютага 2020 г. выраслі мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і даплаты да пенсій інвалідам з дзяцінства, асобам ва ўзросце старэй агульнаўсталяванага пенсійнага ўзросту, калі яны не выпрацавалі неабходны страхавы стаж.

18 траўня 2020 г. быў выдадзены прэзідэнцкі ўказ № 171 “Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян”. Ён накіраваны на паляпшэнне пенсійнага забеспячэння працаўнікоў з няпоўным страхавым стажам (звыш 10 гадоў, але менш патрабаванага). Замест сацыяльнай пенсіі ім будзе прызначацца працоўная пенсія па ўзросце: жанчынам – пры дасягненні 60 гадоў, а мужчынам – 65 гадоў.

Яшчэ адна “льгота” ўсталяваная ў дачыненні жанчын, якія нарадзілі чатырох і больш дзяцей. Пры прызначэнні пенсіі ім залічваецца ў працоўны стаж час знаходжання ў адпачынку па доглядзе за дзіцём працягласцю да 12 гадоў у агульным (цяпер – 9 гадоў). Такім жанчынам прызначаюцца працоўныя пенсіі пры наяўнасці стажу працы не менш 20 гадоў і страхавога стажу не менш 10 гадоў.

Значным недахопам дзейнага заканадаўства аб пенсіях з’яўляецца прымяненне так званага паніжальнага каэфіцыенту для працуючых пенсіянераў. Гэта прыводзіць да таго, што з прызначанай пенсіі ўтрымліваюцца значныя сумы (ад 15 да 40 % у залежнасці ад памеру пенсіі).

Беларускія пенсіянеры не маюць ільгот (у прыватнасці, на праезд у грамадскім транспарце, пры набыцці лекаў па прызначэнні лекара).

Тым самым, можна паказаць на шэраг праблем, якія неабходна вырашыць у сферы пенсійнага забеспячэння грамадзян:

– адносна нізкі ўзровень пенсій большасці беларускіх пенсіянераў;

– залішне высокія патрабаванні да атрымання пенсій па ўзросце, у тым ліку наяўнасць не менш 18,5 гадоў страхавога стажу;

– прымяненне паніжальнага каэфіцыенту для працуючых пенсіянераў, а таксама аплата абавязковых страхавых унёскаў;

– істотная розніца ў памерах пенсій працаўнікоў, якія атрымліваюць пенсіі з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, і дзяржаўных служачых, ваеннаслужачых і прыраўненых да іх асоб, якія атрымліваюць пенсіі (штомесячныя грашовыя выплаты) непасрэдна з дзяржаўнага бюджэту;

– поўная манаполія дзяржавы на прызначэнне і выплату пенсій працаўнікам, адсутнасць накапляльных пенсій як дадатковай крыніцы даходаў пенсіянераў, якой яны могуць распараджацца па сваім меркаванні;

-дэфіцыт бюджэту ФСАН і неабходнасць яго папаўнення за кошт субвенцый;

– нізкі ўзровень індэксацыі пенсій і даплат асобным катэгорыям пенсіянераў.

 

Асноўныя мэты і задачы рэформы

Мэтай пенсійнай рэформы з’яўляецца стварэнне больш справядлівай і эфектыўнай пенсійнай сістэмы, якая дазволіць павысіць узровень матэрыяльнага забеспячэння большасці пенсіянераў, закласці асновы для няўхільнага росту пенсій, аднавіць паважлівае стаўленне да асоб сталага веку.

Для дасягнення гэтых мэт мяркуецца вырашыць наступныя задачы:

– прыняць новае пенсійнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь;

– павысіць пенсіі большасці пенсіянераў Беларусі;

– стварыць Нацыянальны пенсійный фонд пры Урадзе Рэспублікі Беларусь у мэтах гарантаванай выплаты пенсій усім катэгорыям працаўнікоў;

– увесці накапляльныя пенсіі як дадатковую крыніцу пенсійнага забеспячэння грамадзян;

– палепшыць медычнае і сацыяльнае забеспячэнне пенсіянераў, пабудаваць добраўпарадкаваныя пасёлкі, медычныя цэнтры, санаторыі для пенсіянераў, развіваць вольны час, адукацыю і культурнае жыццё людзей сталага веку.

Новая пенсійная сістэма Беларусі будзе створаная з улікам досведу замежных краін. Яна будзе спрыяць задавальненню інтарэсаў усіх катэгорый пенсіянераў

 

Асноўныя захады па рэалізацыі рэформы

Пенсійная рэформа будзе ўключаць у сябе пяць асноўных накірункаў:

1) адмена неабгрунтаваных абмежаванняў у дачыненні пенсіянераў;

2) гарантаванне ўсім грамадзянам базавай пенсіі пры дасягненні імі пенсійнага ўзросту на ўзроўні бюджэту пражытковага мінімуму;

3) паэтапнае павышэнне ўзроўню пенсій;

4) стварэнне Нацыянальнага пенсійнага фонду як пазабюджэтнага фонду пры Урадзе Рэспублікі Беларусь;

5) увядзенне накапляльнай песніі як дадатковага спосабу пенсійнага забеспячэння грамадзян.

Кожны з накірункаў мае пэўную праграму дзеянняў.

 

Першы накірунак:

– праверыць на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі прэзідэнцкі ўказ ад 11 красавіка 2016 г. № 137 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”, таму што ён уяўляе сабой незаконнае абмежаванне права працаўнікоў на пенсію пры дасягненні раней усталяванага ўзросту. Разам з гэтым указам падлягаюць праверцы і нормы Закона “”Аб пенсійным забеспячэнні”, у якія пазней былі ўнесеныя змяненні і дапаўненні;

– праверыць на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі прэзідэнцкія ўказы ад 3 верасня 2013 г. № 389 “Аб некаторых пытаннях пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання”; ад 8 снежня 2014 г. № 570 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”; ад 31 снежня 2015 г. “Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння”; ад 29 чэрвеня 2017 г. № 233 “Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян”, якімі павышаўся так званы страхавы стаж;

– праверыць на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі нарматыўныя прававыя акты, якія ўсталявалі вылічэнні з пенсій працуючых пенсіянераў з прымяненнем так званых паніжальных каэфіцыентаў;

– перагледзець і часткова адмяніць ільготныя пенсіі (штомесячныя грашовыя выплаты), усталяваныя для дзяржаўных служачых і іншых катэгорый працаўнікоў.

У выпадку прызнання вышэйназваных актаў неканстытуцыйнымі неабходна ажыццявіць перагляд дзейнага заканадаўства і прыняць захады да кампенсацыі страт, якія былі нанесеныя грамадзянам у выніку незаконных дзеянняў улад. Акрамя таго, варта прызнаць права грамадзян звяртацца ў суд з заявамі аб вяртанні незаконна спагнаных сум.

 

Другі накірунак:

гарантаваць усім грамадзянам прызначэнне базавай пенсіі на ўзроўні бюджэту пражытковага мінімуму (з 01.05.2022 г. – 311,15 руб.);

– паменшыць памер штомесячных адлічэнняў ад заробкаў працаўнікоў для атрымання пенсіі па ўзросце;

– скараціць перыяд страхавога стажу, неабходнага для прызначэння пенсіі;

– вызначыць памер працоўнай пенсіі, зыходзячы з чатырох складнікаў: базавая пенсія + працоўны стаж + страхавы стаж + памер заробку.

Працаўнікі, якія маюць неабходны працоўны стаж, але не дасягнулі пенсійнага ўзросту, маюць права выйсці на пенсію з няпоўным атрыманнем яе памеру.

Перавышэнне працягласці працоўнага стажу павінна быць падставай для перагляду памеру пенсіі.

Прызнаць, што для прызначэння пенсіі па ўзросце дастаткова мець не менш 25 гадоў працоўнага стажу для мужчын і жанчын, з іх – не менш 15 гадоў страхавога стажу. Для асобных працаўнікоў могуць быць усталяваныя іншыя тэрміны працоўнага стажу (службы).

 

Трэці накірунак:

– усталяваць суадносіны прызначанай пенсіі па ўзросце і заробку на ўзроўні міжнародных стандартаў, гэта значыць не менш 50 % ад сярэдняга заробку па краіне;

– прыняць захады да павышэння базавай (мінімальнай) працоўнай пенсіі;

– рабіць пераразлік пенсіі ў выпадку, калі пенсіянер працягвае працаваць;

– індэксаваць пенсіі з улікам узроўню інфляцыі і росту коштаў на тавары першай неабходнасці.

Пазначаныя захады дазволяць у значнай ступені палепшыць узровень пенсійнага забеспячэння грамадзян.

 

Чацвёрты накірунак:

– стварыць Нацыянальны пенсійны фонд Рэспублікі Беларусь (скар. – НПФ) як пазабюджэтны фонд пры Урадзе Рэспублікі Беларусь;

– усталяваць штомесячныя адлічэнні ў НПФ для ўсіх катэгорый працаўнікоў, уключаючы дзяржаўных служачых, суддзяў, працаўнікоў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых, прыраўненых да іх асоб;  індывідуальных прадпрымальнікаў, іншых суб’ектаў-донараў;

– гарантаваць напаўненне Нацыянальнага пенсійнага фонду сродкамі для выплаты пенсій;

– выплочваць пенсіі ўсім катэгорыям грамадзян з дадзенага фонду.

 

Пяты накірунак:

увесці накапляльныя пенсіі як дадатковы спосаб пенсійнага забеспячэння працаўнікоў;

– стварыць перадумовы для развіцця недзяржаўных пенсійных фондаў з мэтай акумулявання накапляльных пенсій, у тым ліку з прыцягненнем замежнага капіталу;

– гарантаваць устойлівасць укладаў па накапляльных пенсіях і іх выплату па дасягненні працаўніком пенсійнага ўзросту (у выпадку смерці працаўніка права на атрыманне сумы, якая назапасілася, павінны мець яго спадчыннікі).

Умовы і парадак фарміравання накапляльных пенсій і распараджэння імі павінны вызначацца ў законе.

 

Этапы рэалізацыі рэформы

Рэформу пенсійнай сістэмы мяркуецца ажыццявіць у тры этапы.

На пераходным этапе неабходна правесці шырокую тлумачальную працу аб рэформе, якая мае быць, яе мэтах і накірунках.

Адпраўной кропкай рэформы стане прыняцце легітымныя парламентам краіны Канцэпцыі пенсійнай рэформы і Закона “Аб пенсійным забеспячэнні ў Рэспубліцы Беларусь”. У заключных артыкулах гэтага Закона будуць пералічаныя захады, якія варта ажыццявіць на пераходным этапе рэформы.

Сярод гэтых захадаў павінны быць, як мінімум, наступныя:

– Ураду і іншым упаўнаважаным суб’ектам унесці ў Канстытуцыйны суд прапановы аб адмене прававых актаў, якія парушаюць правы працаўнікоў (пенсіянераў), а таксама тых, якія ўсталёўваюць незаконныя (неабгрунтаваныя) ільготы (прывілеі) для асобных працаўнікоў (пенсіянераў);

– Ураду сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны стварыць пры Урадзе Нацыянальны пенсійны фонд Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльныя структуры; падрыхтаваць і прыняць Палажэнне аб гэтым фондзе;

– Міністэрству працы і сацыяльнай абароны сумесна з мясцовымі прадстаўнічымі органамі стварыць на ўзроўні раёнаў (гарадоў) камісіі па пераглядзе відаў і памераў пенсій цяперашніх пенсіянераў.

Асноўны этап рэформы пачнецца пасля ўступлення ў сілу Закона “Аб пенсійным забеспячэнні ў Рэспубліцы Беларусь”.

На гэтым этапе плануецца ажыццявіць наступныя захады:

– усталяваць для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, базавую пенсію на ўзроўні бюджэту пражытковага мінімуму;

– паменшыць памеры адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і Нацыянальны пенсійны фонд Рэспублікі Беларусь;

– увесці новы разлік працоўнай пенсіі, зыходзячы з чатырох складнікаў: базавай пенсіі + працоўнага стажу + страхавога стажу + памеру заробку (акладу); адпаведна перагледзець памеры прызначаных пенсій;

– павысіць памер базавай пенсіі да ўзроўню міжнародных стандартаў (на ўзроўні бюджэту пражытковага мінімуму);

– ажыццяўляць выплату ўсіх пенсій з Нацыянальнага пенсійнага фонду Рэспублікі Беларусь;

– стварыць перадумовы для развіцця недзяржаўных пенсійных фондаў для акумулявання накапляльных пенсій; прыняць закон аб умовах і парадку фарміравання накапляльных пенсій.

Раней прызначаныя пенсіі, у тым ліку дзяржаўным служачым, суддзям, пракурорам, працаўнікам органаў унутраных спраў, спецслужбаў, могуць быць перагледжаныя з улікам новых падыходаў да прызначэння пенсій.

Наступны этап рэформы мае на мэце прыняцце адмысловых законаў у сферы пенсійнага заканадаўства для асобных катэгорый працаўнікоў, у тым ліку дзяржаўных служачых, суддзяў, працаўнікоў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прыраўненых да іх асоб.

На гэтым этапе плануецца ўвесці абавязковыя адлічэнні ад фонду заработнай платы прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, іншых суб’ектаў для фарміравання накапляльных пенсій.

 

Узрост выхаду на пенсію

З юрыдычнага пункту погляду магчымыя два варыянты вырашэння пытання.

Першы варыянт: у выпадку прызнання прэзідэнцкага ўказа ад 11 красавіка 2016 г. № 137 і адпаведных паправак у Закон “Аб пенсійным забеспячэнні” неканстытуцыйнымі пенсійны ўзрост можа быць адноўлены на папярэднім узроўні (60 гадоў для мужчын і 55 гадоў для жанчын). Аднак “адкруціць” пенсійны ўзрост у зыходнае становішча на практыцы будзе цяжка і немэтазгодна. Перш за ўсё гэта будзе звязана з вялікім аб’ёмам паператворчасці і велізарнымі фінансавымі выдаткамі.

Другі варыянт: пакінуць узрост выхаду на пенсію для мужчын 63 гады і паступова падняць пенсійны ўзрост для жанчын да 60 гадоў. Пры гэтым варта ўлічваць, што мужчыны ў Беларусі жывуць у сярэднім на дзесяць гадоў менш, чым жанчыны. У большасці еўрапейскіх краін пенсійны ўзрост перавышае 60 гадоў як для мужчын, так і для жанчын. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя павелічэння працягласці жыцця людзей, значыць, узрост выхаду на пенсію можна павысіць. У такім вырашэнні пытання будзе зацікаўлены і ўрад, які ўвесь час вымушаны адшукваць сродкі на пакрыццё пенсійных выдаткаў.

У якасці асноўнага прапануецца другі варыянт. Пры гэтым у новым заканадаўстве варта прадугледзець магчымасць датэрміновага выхаду на поўную пенсію шэрагу катэгорый працаўнікоў, у тым ліку жанчын, якія нарадзілі і выхавалі двух і больш дзяцей.

 

Органы, якія прымаюць рашэнні

Дэмакратычна абраны Парламент Рэспублікі Беларусь прымае Канцэпцыю пенсійнай рэформы і шэраг законаў у развіццё Канцэпцыі.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь правярае на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі прэзідэнцкія ўказы і іншыя нарматыўныя акты ў сферы пенсійных адносін і прымае па іх адпаведныя рашэнні.

 

Нарматыўныя акты, якія варта прыняць для рэалізацыі рэформы

– Пастановы Парламента: “Аб Канцэпцыі пенсійнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь” і “Аб складзе Міжведамаснай камісіі па рэалізацыі пенсійнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь”;

– Законы: “Аб пенсіях у Рэспубліцы Беларусь”, “Аб стварэнні Нацыянальнага пенсійнага фонду Рэспублікі Беларусь”, “Аб фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.

admin2

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2024 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі