Кароткае апісанне
Асноўнай праблемай у сферы працоўных адносін з’яўляецца беспрэцэдэнтны ўзровень дзяржаўнага ўмяшальніцта (у прыватнасці Прэзідэнта краіны праз выданне Дэкрэтаў №№ 3, 5, 29 і інш.) у сферу рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін, кантрактная сістэма найму, жорсткасць нормаў працоўнага заканадаўства. Немагчымасць правядзення законнай забастоўкі зніжае здольнасці работнікаў да абароны сваіх правоў і інтарэсаў, пазбаўляе іх магчымасці свабоднага аб’яднання ў прафсаюзы.
Незалежныя прафсаюзы падтрымліваюць сфармуляваную Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) Канцэпцыю годнай працы, дзе годная праца выступае ў якасці стрыжня сацыяльнага, эканамічнага і экалагічнага развіцця, грае галоўную ролю тў справе забеспячэння сацыяльнай справядлівасці, абароненасці работнікаў, недапушчэння іх эксплуатацыі, прызнанне каштоўнасці наёмнай працы і яе непасрэднага выканаўцу – чалавека.
ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА
Рэформа накіраваная на ліквідацыю наступстваў сацыяльна-эканамічнай палітыкі апошніх дзесяцігоддзяў, дзе сталі магчымымі дыскрымінацыйныя заканадаўчыя акты ў сферы працоўных адносін, пазбаўленне працоўных правоў на абарону сваіх інтарэсаў, а таксама празмерны ўплыў дзяржавы на ўзровень заработнай платы і абмежаванне яе росту, злоўжыванне сістэмай кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, дыскрымінацыя на працоўным месцы па пытанні прыналежнасці да прафсаюзаў, пазбаўленне гарантаваных раней дзяржавай сацыяльных выплат і льгот.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Асноўнай мэтай рэформы з’яўляецца вяртанне краіны на шлях выканання міжнародных стандартаў у сферы працы. Правядзенне палітыкі недыскрымінацыі па прыкметах прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай, палітычнай, гендарнай групы.
КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ
- Стварэнне працоўных месцаў.
У мэтах фармавання структурна развітай, канкурэнтаздольнай эканомікі неабходна распрацаваць нацыянальную праграму па стварэнні якасных працоўных месцаў для задавальнення запытаў на працу ўсяго працаздольнага насельніцтва і запатрабаванасці моладзі на рынку працы.
- Вытворчасць працы.
Забяспечыць, паводле рэкамендацый МАП, “сумленны” шлях павышэння прадукцыйнасці працы, пры якім яна расце за кошт паляпшэння ўмоў працы, мадэрнізацыі сродкаў вытворчасці і праграмы прафесійнай падрыхтоўкі работнікаў, паляпшэння вытворчага асяроддзя і поўнага захавання працоўных правоў, выключаючы “несумленны” шлях, які прадугледжвае эксплуатацыю рабочай сілы.
- Гарантыі працоўных правоў работнікаў.
Правядзенне комплекснага ўдасканалення заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы з захаваннем наступных прынцыпаў:
– прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права ў адносінах да нацыянальнага заканадаўства, канстытуцыйнасці і законнасці;
– прынцыпу вяршэнства нормаў Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да супярэчных яму нормаў іншых заканадаўчых актаў у частцы рэгулявання працоўных і звязаных з iмi адносiн;
– абароны правоў і свабод, законных інтарэсаў грамадзян;
– сацыяльнай справядлівасці;
– уліку меркавання сацыяльных партнёраў на стадыях распрацоўкі і абмеркавання праектаў законаў у сацыяльна-працоўнай сферы.
- Гендарная роўнасць.
У мэтах дасягнення гендарнай роўнасці ў сацыяльна-працоўных адносінах абавязаць наймальнікаў (службовыя асобы арганізацыі незалежна ад яе статусу і формы ўласнасці або фізічныя асобы, якія валодаюць правам прыёму на працу):
– забяспечваць роўныя магчымасці, ужываць раўнацэнныя крытэрыі адбору для жанчын і мужчын пры найме на працу і роўны доступ жанчын і мужчын да вакантных працоўных месцаў;
– за раўнацэнную працу выплачваць жанчынам і мужчынам роўную заработную плату, уключаючы ўсе дадатковыя выплаты;
– забяспечваць роўныя магчымасці для павышэння кваліфікацыі, набыцця практычнага працоўнага вопыту, ажыццяўлення перападрыхтоўкі, прасоўвання па службе;
– прадпрымаць меры, якія забяспечваюць неўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё і павагу асабістай годнасці работнікаў абодвух полаў, а таксама якія выключаюць сэксуальныя дамаганні;
– у выпадку масавага звальнення работнікаў улічваць суадносіны колькасці жанчын і мужчын у дадзенай арганізацыі, не дапускаючы дыскрымінацыі аднаго з полаў;
– забяспечваць жанчынам і мужчынам роўныя ўмовы і магчымасці па сумяшчэнні прафесійных і сямейных абавязкаў.
- Годная зарплата – асноўны індыкатар годнай працы.
Прыняць меры для ліквідацыі супярэчнасцяў у сферы заработнай платы, якія выяўляюцца ў рэзкай дыферэнцыяцыі заработнай платы і вельмі недастатковым узроўні сярэдняй заработнай платы, што адказвае паняццю справядлівага размеркавання вынікаў працы.
Забяспечыць паэтапнае ўстанаўленне на прадпрыемствах прамысловасці пагадзіннай формы аплаты працы і выключэнне здзельнай формы аплаты працы.
- Ахова працы.
Аналіз умоў працы і прафесійных захворванняў сведчыць, што практычна ва ўсіх галінах эканомікі адзначаецца неадпаведнасць працоўных месцаў санітарна-гігіенічным патрабаванням і захоўваюцца неспрыяльныя ўмовы працы, што цягне за сабой пагаршэнне стану здароўя працуючых, выяўленне новых выпадкаў прафесійных захворванняў на вытворчасці і страту працаздольнасці. Неабходна правядзенне комплекснай гігіенічнай ацэнкі ўмоў працы на ўсіх прадпрыемствах і прыняцце адпаведных мер па прывядзенні ўмоў працы да гігіенічных нарматываў.
- Сацыяльная абарона беспрацоўных.
У Рэспубліцы Беларусь павінна быць распрацавана перспектыўная сістэма поўнай і прадуктыўнай занятасці, сацыяльнай абароны беспрацоўных на аснове прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права.
У мэтах сацыяльнай абароны беспрацоўных грамадзян, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, неабходна:
– падвысіць мінімальны памер дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту на душу насельніцтва за кошт сродкаў дзяржбюджэту без павелічэння падатковай нагрузкі на работнікаў і арганізацыі;
– максімальны памер дапамогі па беспрацоўі грамадзянам усталёўваць у працэнтных адносінах да сярэдняга заробку, вылічанаму за тры апошнія месяцы па апошнім месцы працы, не ніжэй за 50 адсоткаў страчанага заробку;
– выплачваць дапамогі па беспрацоўі грамадзянам, звольненым па любых падставах;
– выплачваць дапамогі па беспрацоўі часткова беспрацоўным грамадзянам, занятым няпоўны працоўны час;
– грамадзянам, звольненым па заканчэнні тэрмінаў кантрактаў, у сувязі з нязгодай са зменай істотных умоў працы, выплачваць сто адстоткаў дапамогi па беспрацоўі.
- Сацыяльныя гарантыі. Пенсійнае забеспячэнне.
Прыняць меры, накіраваныя на забеспячэнне суадносін індывідуальнай пенсіі па ўзросце і заработнай платы работнікаў да ўзроўню не менш за 50%, але не ніжэй мінімальнага пражытковага бюджэту (МПБ), а для працуючых у шкодных і небяспечных умовах працы – не ніжэй за 60-70%.
Прыняць меры з тым, каб знізіць да 10 гадоў страхавы стаж, які дае права на прызначэнне працоўнай пенсіі.
Аднавіць перыяды, выключаныя са страхавога стажу (перыяд знаходжання ў адпачынку па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў, перыяд догляду інваліда I групы або дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, падчас атрымання прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі, перыяды атрымання дапамогі па беспрацоўі).
Адмяніць нарматыўныя абмежаванні памераў прызначаных пенсій і ўраўняльныя пенсійныя выплаты.
- Сацыяльнае партнёрства.
Правесці згодна рэкамендацыі камісіі па расследаванні МАП усебаковы агляд калектыўных працоўных адносін з мэтай забеспячэння дакладнага размежавання паміж роляй урада і ролямі сацыяльных партнёраў і аказання садзейнічання развіццю цалкам незалежных арганізацый працоўных.
ОРГАНЫ, ЯКIЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ
Прэзідэнт, Парламент, Савет Міністраў.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Змена:
Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26.07.1999 г. № 296-З (рэд. ад 18.07.2019 г.)
Адмена:
Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны”.
Дэкрэт Прэзідэнта № 5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”.
Дэкрэт № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.
Палажэнне аб парадку аднясення тэрыторый да тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, зацв. пастановай Саўміна ад 22.02.2018 г. № 142.
Прагнозныя паказчыкі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва і іх паквартальныя значэнні на 2018 г., зацв. пастановай Саўміна ад 26.02.2018 г. № 154.
Палажэнне аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, фармавання і вядзення базы дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, уключаючы ўзаемадзеянне ў гэтых мэтах дзяржаўных органаў і арганізацый, зацв. пастановай Саўміна ад 31.03.2018 г. № 239.
Прыкладнае палажэнне аб пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, зацв. пастановай Саўміна ад 31.03.2018 г. № 240.
Пералік паслуг, якія прадастаўляюцца працаздольным грамадзянам, незанятым у эканоміцы, па цэнах (тарыфах), што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне, а таксама ўмовы іх прадастаўлення, зацв. пастановай Саўміна ад 24.04.2018 г. № 314.
Змены ў парадак разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі, зацв. пастановай Саўміна ад 24.04.2018 г. № 315.
Пункты 1 і 2 Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.07.2014 г. № 744 “Аб аплаце працы работнікаў”.
Указ № 137 “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння ”.
Закон “Аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні”.
Дэкрэт Прэзідэнта № 2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, грамадскіх арганізацый і прафесійных саюзаў”.
Пастанова Міністэрства юстыцыі № 48 ад 30.08.2005 г.
Ратыфікацыя:
Канвенцыя № 102 МАП “Аб мінімальных нормах сацыяльнага забеспячэння”.
Канвенцыя № 131 МАП “Аб устанаўленні мінімальнай заработнай платы з асаблівым улікам краін, якія развіваюцца”.
Канвенцыя № 158 МАП “Аб спыненні працоўных адносін па ініцыятыве працадаўцы”.
Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.