РэформыРЭФАРМАВАННЕ ЖЫЛЛЁВА-КАМУНАЛЬНАЙ ГАСПАДАРКІ

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/00009.png

Кароткае апісанне

Сярод недахопаў існуючай сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) асноўнымі з’яўляюцца: пастаяннае павелічэнне выдаткаў на ўтрыманне гэтай галіны, рост тарыфаў на жыллёвыя і камунальныя паслугі, стратнасць або непрыбытковасць прадпрыемстваў ЖКГ, іх нізкая эфектыўнасць і страта рэсурсаў, высокая ступень зносу асноўных вытворчых фондаў.

У якасці мер па паляпшэнні стану сектару ЖКГ незалежныя эксперты прапануюць змены па трох напрамках: інвестыцыі ў эканомнае расходаванне рэсурсаў, забеспячэнне працы прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі на канкурэнтнай аснове і ўвядзенне сістэмы сацыяльных рахункаў, якія забяспечваюць адрасную падтрымку.

ЖКГ

ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА

Ні рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, ні павелічэнне аб’ёмаў бюджэтнага субсідавання на іх пакрыццё, ні намаганні адпаведных органаў улады практычна не ўплываюць на паляпшэнне якасці паслуг і цяжкага фінансавага і эканамічнага стану прадпрыемстваў ЖКГ.

1. Неэфектыўнасць кіравання галіной і ўпраўленчай сістэмы.

У незалежнай Беларусі з часоў СССР захавалася практыка, пры якой мэты і задачы праграмных дакументаў разыходзіліся з рэальнасцю і не выконваліся. Так, Нацыянальная жыллёвая праграма была прызнана састарэлай у 2003 г., а яе вынікі не былі здавальняючыя. Яе замяніла Канцэпцыя развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) да 2015 г., якая таксама не прынесла плёну і была скасавана ў 2013 г., нягледзячы на засваенне значных сродкаў падчас спроб яе рэалізацыі. З 2014 г. па 2017 г. у краіне адсутнічала канцэпцыя развіцця і рэфармавання ЖКГ.

Новая Канцэпцыя ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 г. не прадугледжвае вырашэнне асноўных задач па ліквідацыі манапалізму, забеспячэнні канкурэнцыі, а таксама эфектыўнай эксплуатацыі жылфонду і інфраструктуры ЖКГ; па павышэнні якасці і зніжэнні сабекошту жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП).

Грувасткасць кіравання галіной выклікана вялікай колькасцю ўпраўленчых звенняў на ўзроўні абласцей, раёнаў і гарадоў. Яны часта дублююць упраўленчыя функцыі вышэйшага ўзроўню, што стварае раздзьмуты адміністрацыйны апарат. Празмерная зарэгуляванасць сферы праяўляецца ў падвойным падначаленні арганізацый. У частцы нарматворчасці яны падпарадкоўваюцца Мінжылкамгасу, а па выкананні сваёй дзейнасці – мясцовым уладам: гарадскiм, раённым і абласным выканкамам.

2. Манаполія дзяржавы на аказанне жыллёва-камунальных паслуг і адсутнасць канкурэнтных адносін.

Сумяшчэнне дзяржавай функцый уласніка жылога фонду і гаспадарчай дзейнасці прыводзіць да адсутнасці стымулаў для павышэння эфектыўнасці кіравання жылым фондам, яго эксплуатацыі і рамонта. Да гэтай пары каля 80% жыллёвага фонду знаходзіцца на абслугоўванні дзяржаўных камунальных прадпрыемстваў. Толькі каля 1% рынку займаюць прадстаўнікі прыватнага бізнесу ў гэтай сферы, яшчэ частка таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў самастойна ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне жылля. Пры гэтым на 2018 г. з агульнага жылфонду (256 млн м2) у прыватнай уласнасці знаходзілася каля 95% (241,4 млн м2).

Структура фінансавання жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі па-ранейшаму арыентаваная на дзяржаўны сектар. Роля прыватных інвестыцый і рынкавага фінансавання жыллёвага будаўніцтва застаецца нязначнай. Дзяржаўныя кампаніі і банкі пераважаюць як у жыллёвым будаўніцтве, тэхнічным абслугоўванні жылля, рэканструкцыі і кіраванні, так і ў сістэме фінансавання будаўніцтва жылля. Уся інфраструктура ЖКГ краіны знаходзіцца ва ўласнасці мясцовых улад.

Пастаянна адбываецца рост тарыфаў на ЖКП, а пакрыццё насельніцтвам выдаткаў ЖКГ захоўваецца на ўзроўні каля 50%. Ужо ў 2000-2005 гг. рост тарыфаў для насельніцтва на ЖКП апярэджваў агульны паказчык інфляцыі. Пры росце спажывецкіх коштаў за 2000-2005 гг. у 6,1 разы тарыфы на ЖКП павялічыліся ў 50,7 разоў. У выніку ўзровень пакрыцця плацяжамі насельніцтва выдаткаў на ЖКП, акрамя электра- і газазабеспячэння, для стандартнай двухпакаёўкі ўзрос з 12% у 2000 г. да 42,4% у 2005 г. Разам з тым доля жыллёва-камунальных паслуг у спажывецкіх расходах насельніцтва ўзрасла з 3% да 9,1%.

3. Вялікія страты энергарэсурсаў і высокае энергаспажыванне жыллёвага фонду.

На патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння выдаткоўваецца каля траціны ўсяго вырабленага ў краіне цяпла. Пры гэтым амаль 95% жылых дамоў мае ўзровень энергаспажывання звыш 160 кВт∙г на м2 у год. Гэта значна вышэй, чым у развітых еўрапейскіх краінах з аналагічнымі кліматычнымі ўмовамі.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Асноўнай мэтай рэфармавання ЖКГ з’яўляецца зніжэнне сабекошту пры захаванні прымальнай якасці жыллёва-камунальных паслуг і бясстратнае функцыянаванне сістэмы без бюджэтных выдаткаў.

Задачы:

  • развіццё канкурэнтнага асяродку ў сферы ЖКГ праз дэманапалізацыю і развіццё прыватных прадпрыемстваў;

  • удасканаленне сістэмы кіравання жыллёва-камунальнай гаспадаркай на ўсіх узроўнях;

  • развіццё ў сістэме ЖКГ энерга- і рэсурсазберагаючых тэхналогій;

  • удасканаленне сістэмы льгот, дыферэнцыяцыя аплаты за ЖКП у залежнасці ад якасці жылых памяшканняў і іх месцазнаходжання;

  • пазбаўленне прадпрыемстваў ЖКГ няпрофільных аб’ектаў, эксплуатацыя, утрыманне, ахова якіх прыносіць велізарныя страты суб’ектам гаспадарання.

КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ

Рэалізацыю рэформаў плануецца здзейсніць у два этапы.

На першым этапе (на працягу двух гадоў) неабходна правесці наступныя пераўтварэнні:

Крок 1. Стварыць неабходныя нарматыўна-прававыя ўмовы для прыватызацыі і дзейнасці прыватных арганізацый, што дазволіць забяспечыць канкурэнцыю па аказанні паслуг.

Крок 2. Пазбавіць ЖКГ ад няпрофільных актываў.

Для гэтага неабходна перадаць прыватнаму бізнесу такія паслугі, як гасцінічная гаспадарка, лазні, перапрацоўка бытавых адкідаў і ўтрыманне вуліц і двароў, рытуальна-пахавальныя паслугі.

Крок 3. Сфармаваць умовы для пашырэння недзяржаўных арганізацыйных формаў эксплуатацыі жыллёвага фонду – таварыствы ўласнікаў, сумесныя домаўладанні і іншыя формы.

Стварыць агульнанацыянальны саюз прыватных домаўладанняў, што палегчыць працэс рэфармавання, а таксама зменшыць магчымую напружанасць і дазволіць больш шырока ўлічыць меркаванне грамадзян. Жыллёвыя саюзы/асацыяцыі могуць забяспечыць істотную падтрымку ў прававым і нарматыўна-метадычным забеспячэнні жыллёвых прадпрыемстваў.

Крок 4. Падзяліць функцыі і дамоўныя адносіны паміж уласнікамі жылога фонду, ЖКГ і падраднымі арганізацыямі. Гэта дазволіць стварыць канкурэнтны асяродак шляхам дастатковага і своечасовага фінансавання на ўтрыманне і рамонт жыллёвага фонду, а таксама паралельным паніжэннем затратнасці функцыянавання прадпрыемстваў ЖКГ.

Крок 5. Перайсці да конкурснай асновы выканання ўсіх падрадных работ па рамонце канструктыўных элементаў жылых дамоў і капітальным рамонце жылога фонду ў г. Мінску і абласных цэнтрах краіны, а праз тры гады – ва ўсіх астатніх населеных пунктах.

Крок 6. Прыняць комплекс мер па змяншэнні спажывання энергіі жыллёвым фондам.

Прывесці ўсе аб’екты інфраструктуры ў належны тэхнічны стан, распачаць усталяванне менш энергаёмкага абсталявання, выкарыстання прагрэсіўных тэхналогій, завяршыць забеспячэнне крыніц і спажыўцоў прыборамі ўліку вады, уліку і рэгулявання цяпла. Прывесці да належнага стану цеплаізаляцыю цеплавых камер і цепласетак, часткова здзейсніць пераход да дэцэнтралізацыі цеплазабеспячэння, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці.

Крок 7. Вылучыць абслугоўванне сельскіх населеных пунктаў у асобную цэласную эканамічна самастойную сферу са сваім кіраваннем і фінансаваннем.

Крок 8. Стварыць у раёнах і гарадах арганізацыі вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі з правам юрыдычнай асобы.

Гэта дазволіць больш эфектыўна мадэрнізаваць дзеючыя сістэмы водазабеспячэння і гарадской каналізацыі, удасканаліць упраўленне вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркай, знізіць неўліковыя расходы і страты вады.

Крок 9. Сфармаваць паўнавартасную сістэму прафесійнай падрыхтоўкі кадраў для ЖКГ з улікам пашырэння і развіцця недзяржаўных арганізацыйных формаў эксплуатацыі жыллёвага фонду.

На другім этапе (цягам трох гадоў) прыняць наступныя захады:

Крок 10. Правесці аптымізацыю ўпраўленчага апарату з ліквідацыяй разнастайных аддзелаў ЖКГ пры абл-, гар-, райвыканкамах.

Сэканомленыя ад удасканалення структуры кіравання сродкі можна выдаткаваць на ўзмацненне сацыяльнай падтрымкі найбольш уразлівых груп насельніцтва. Разам са скарачэннем бюджэтнага субсідавання тэхнічнае рэгуляванне пытанняў ЖКГ перадаць Мінбудархітэктуры разам з ліквідацыяй Мінжылкамгаса.

Крок 11. Давесці долю жыллёвага фонду, які абслугоўваецца на конкурснай аснове, да 80% за кошт стварэння і развіцця прыватных прадпрыемстваў.

Крок 12. Ахапіць рэгулярным зборам камунальных адкідаў і палігонамі для іх размяшчэння не толькі гарадскія і сельскія населеныя пункты, а таксама ўсе садовыя таварыствы. Забяспечыць збор, вываз, перапрацоўку і захоўванне камунальных адкідаў ва ўсіх населеных пунктах краіны толькі на конкурснай аснове прадпрыемствамі розных формаў уласнасці.

Крок 13. Прыняць меры па будаўніцтве з прыцягненнем інвестыцый заводаў па перапрацоўцы камунальных адкідаў з выхадам да 50% перапрацоўкі камунальных адкідаў ад іх агульнага збору да 2025 г.

Крок 14. Забяспечыць развіццё гарадскога электрычнага транспарту.

Стварыць сеткі электрычнага траспарту ў гарадах з насельніцтвам больш за 100 тыс. чалавек да 2025 г.

Крок 15. Завяршыць цеплавую мадэрнізацыю жылфонду, пабудаванага ў 1960-1990 гг. Гэта дазволіць зменшыць удзельны расход цеплавой энергіі ў панэльных дамах на 30-40% і, адпаведна, тарыфы на ЖКП.

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2015 г.”.

Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Партыя БНФ.

editor

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020-2024 © Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі