UncategorizedРЭФОРМА МЯСЦОВАГА САМАКІРАВАННЯ

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/00003.png

КАРОТКАЕ АПІСАННЕ

Мясцовыя органы ўлады не прадстаўляюць інтарэсы мясцовага насельніцтва і ніяк ад яго не залежаць. Яны ўваходзяць у сістэму дзяржаўнага кіравання і стаяць на абароне інтарэсаў дзяржавы. Існуючая сістэма мясцовай улады стрымлівае ініцыятыву і развіццё мясцовай супольнасці. Яна прыводзіць да пашырэння валюнтарызму, безініцыятыўнасці, безадказнасці і карупцыі на розных узроўнях.

Базавым суб’ектам мясцовага самакіравання павінна стаць самакіруемая тэрытарыяльная супольнасць грамадзян (Грамада). Кожны мясцовы жыхар, як прадстаўнік Грамады, будзе мець магчымасць уплываць на развіццё і ўладкаванне свайго населенага пункта і рэгіёна як непасрэдна, так і праз дэпутатаў. У выніку рэфармавання існуючай сістэмы можа быць дасягнута да 30% эканоміі дзяржаўнага бюджэту. Гэтыя сродкі могуць быць накіраваны на добраўпарадкаванне, лепшыя дарогі і на іншыя мэты, якія вызначыць мясцовая Грамада.

ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНА РЭФОРМА

1. Мясцовая супольнасць не мае магчымасці непасрэдна або праз сваіх прадстаўнікоў у выбарных органах самастойна вырашаць пытанні мясцовага значэння.

2. Мясцовая супольнасць не мае магчымасці планаваць, уплываць і кантраляваць развіццё сваіх адміністрацыйна — тэрытарыяльных адзінак. Яна не можа кантраляваць і ўплываць на мясцовыя фінансы.

3. Выканаўчыя органы адсутнічаюць у сістэме мясцовага самакіравання, акрамя першаснага ўзроўню. Але і на першасным узроўні яны з’яўляюцца непадкантрольнымі ані мясцовай грамадзе, ані адпаведнаму прадстаўнічаму органу.

4. Непадкантрольнае і непадсправаздачнае мясцовай грамадзе іерархічнае мясцовае дзяржаўнае кіраванне (“вертыкаль”) пранізвае ўсю адміністрацыйна-тэрытарыяльную сістэму Беларусі.

Мясцовыя выканаўчыя органы фармуюцца цэнтралізавана, а іх старшыні прызначаюцца. Урад можа кіраваць дзейнасцю гэтых органаў.

Галоўнае месца ў сістэме тэрытарыяльнага кіравання належыць старшыням выканаўчых камітэтаў. Старшыні выканкамаў абласцей і горада Мінска прызначаюцца на пасаду Прэзідэнтам і зацьвяржаюцца сесіяй адпаведнага Савета дэпутатаў. Старшыні раённых і гарадскіх выканкамаў прызначаюцца старшынямі абласных выканкамаў і таксама зацьвярджаюцца сесіямі адпаведных Саветаў дэпутатаў.

5. Тры ўзроўні мясцовага кіравання і “мясцовага самакіравання” заснаваны на прынцыпах дэмакратычнага цэнтралізму. Гэта вядзе да дублявання прыняцця і выканання рашэнняў і як вынік, затратнага фінансавання і матэрыяльна-тэхнічнага забяспячэння.

6. Мясцовыя Саветы маюць статус дзяржаўных прадстаўнічых органаў, што прыніжае іх самастойнасць і ролю.

Па законе Саветы маюць статус юрыдычнай асобы, але акрамя пячаткі і мінімальнага штата не маюць нават фармальных атрыбутаў улады (рахунку ў банку, Статута альбо Палажэння, якія рэгламентуюць іх дзейнасць). Саветы не маюць аператыўнага ўплыву на рашэнні мясцовых праблемаў, поўнасцю фінансава і адміністрацыйна залежаць ад дзяржаўнай адміністрацыі на мясцовым узроўні.

Прадстаўнічыя органы не маюць сваіх выканаўчых і распарадчых структур, сваіх фінансавых і матэрыяльных сродкаў.

Ні ў адным нарматыўным дакуменце не абазначаная адказнасць і справаздачнасць старшынь выканкамаў перад грамадзянамі.

7. Не ўсе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць свае прадстаўнічыя органы ўлады, што супярэчыць Канстытуцыі.

8. Адсутнічае сістэма падрыхтоўкі кадраў для працы ў галіне мясцовага самакіравання. З праграмаў ВНУ знікла выкладанне такой дысцыпліны як муніцыпальнае права.

АСНОЎНЫЯ МЭТЫ / ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ

Мэтай рэформы з’яўляецца дэмакратызацыя і дэцэнтралізацыя кіравання шляхам перадачы на мясцовы ўзровень самакіравання дастатковых паўнамоцтваў і рэсурсаў, дзеля павышэння якасці паслугаў і набліжэння іх да грамадзян.

Сярод асноўных задач:

Падзел кампетэнцый паміж органамі дзяржаўнага кіравання на месцах і органамі мясцовага самакіравання.

Дакладнае размеркаванне задач паміж рознымі ўзроўнямі мясцовага самакіравання, каб выключыць дубляванне, а таксама павялічыць самастойнасць і адказнасць.

Стварэнне фінансава-эканамічнай асновы мясцовага самакіравання шляхам заканадаўчага замацавання за мясцовымі прадстаўнічымі органамі уласных бюджэтаў, маёмасці, зямлі і пашырэнне правоў у адносінах мясцовых падаткаў і збораў.

У выніку рэформы мы атрымаем збалансаваную і эфектыўную сістэму лакальнага і рэгіянальнага кіравання з дакладным і лагічным пераразмеркаваннем паўнамоцтваў.

ПЕРШАЧАРГОВЫЯ КРОКІ РЭФОРМЫ

1. Замацаванне ў Канстытуцыі правоў грамадзян на ўдзел у прыняцці публічных рашэнняў праз органы мясцовага самакіравання.

Інстытут мясцовага самакіравання дэкларуецца ў якасці адной з асноў канстытуцыйнага ладу нароўні з заканадаўчай, выканаўчай, судовай і прэзідэнцкай галінамі ўлады.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя (V раздзел).

2. Суб’ектам мясцовага самакіравання павінна стаць тэрытарыяльная супольнасць грамадзян (Грамада).

Яна мае права рэалізоўваць свае паўнамоцтвы як непасрэдна, так і праз спецыяльна ўтвараныя мясцовыя органы.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні.

3. Замацаванне самастойнасці органаў мясцовага самакіравання і не ўваходжанне іх у сістэму органаў дзяржаўнай улады. 

Размежаваць кампетэнцыі розных узроўняў мясцовага самакіравання і дзяржавы.

Пытанні мясцовага значэння будуць вырашацца самастойна і пад сваю адказнасць выключна мясцовым самакіраваннем. Агульнадзяржаўныя пытанні, якія тычацца гэтай жа тэрыторыі, будуць вырашацца выключна органамі дзяржаўнай адміністрацыі, спецыяльна створанымі ўрадам краіны для дадзенай тэрыторыі.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя і Закон аб мясцовым самакіраванні.

4. Прызнанне муніцыпальнай (камунальнай) уласнасці самастойнай формай уласнасці.

Прызнанне муніцыпальнай (камунальнай) уласнасці самастойнай формай уласнасці дазволіць закласці эканамічны падмурак дзейнасці мясцовага самакіравання.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя і Закон аб мясцовым самакіраванні, адпаведныя Кодэксы, якія закранаюць пытанні ўласнасці.

5. Аб’яднанне першаснага і базавага ўзроўняў мясцовага самакіравання.

Базавы узровень самакіравання з’яўляецца найбольш набліжаным да грамадзян. На базавым узроўні павінен канцэнтравацца найбольшы аб’ём паўнамоцтваў, а таксама адэкватны ім аб’ём матэрыяльных і фінансавых сродкаў для рэалізацыі гэтых паўнамоцтваў.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні.

6. Размежаванне кампетэнцый розных узроўняў мясцовага самакіравання.

Замацаваць за кожным узроўнем выключныя кампетэнцыі па пэўнаму колу пытанняў мясцовага значэння. Гэта ліквідуе канфліктную мадэль узаемаадносін і іерархічнасць розных узроўняў мясцовага самакіравання.

Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні.

7. Пераход на прапарцыйную або змяшаную сістэму пры выбарах у мясцовыя самакіраванні з магчымасцю прэферэнцый.

Гэты прывядзе да максімальнага ўліку меркаванняў малых груп выбаршчыкаў і магчымасці прадстаўлення іх інтарэсаў у мясцовым органе улады. Акрамя таго, зробіць працу мясцовай ўлады больш эфектыўнай і празрыстай.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс.

8. Фарміраванне прадстаўнічымі органамі мясцовай улады ўласных выканаўчых органаў.

Прадстаўнічыя органы мясцовага самакіравання павінны мець права самастойна фармаваць мясцовыя выканаўчыя органы і кантраляваць іх працу. Мясцовы выканаўчы орган павінен быць падсправаздачны адпаведнаму прадстаўнічаму органу мясцовага самакіравання, а таксама тэрытарыяльнай супольнасьці (Грамадзе).

Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні.

9. Узмацненне фінансавай самастойнасці мясцовага самакіравання.

Замацаванне за мясцовым самакіраваннем уласных крыніц даходаў, пашырэнне іх паўнамоцтваў у сферы мясцовага падаткаабкладання, распараджэння муніцыпальнай уласнасцю і прыроднымі рэсурсамі, немагчымасцю цэнтралізаванай канфіскацыі сродкаў з мясцовых бюджэтаў, а таксама стварэння сістэмы выраўноўвання даходаў мясцовых самакіраванняў.

Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні, Бюджэтны Кодэкс, Падатковы кодэкс, Зямельны Кодэкс, Грамадзянскі Кодэкс.

10. Стварэнне Саюзаў і Асацыяцый мясцовых органаў улады па тэрытарыяльных і функцыянальных прыкметах.

Неабходна даць мясцовым органам улады права ўступаць у міжнародныя саюзы і асацыяцыі. Падобная практыка дазволіць больш эфектыўна вырашаць праблемы, якія стаяць перад кожным мясцовым самакіраваннем, а таксама адстойваць правы мясцовых самакіраванняў перад дзяржаўнымі органамі.

Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні, Закон аб грамадскіх аб’яднаннях.

11. Гарантыі і стварэнне пераемнасці ў дзейнасці мясцовага самакіравання.

Стварэнне і дзяржаўная рэгістрацыя спецыяльных дакументаў – Статутаў (адзінак мясцовага самакіравання). Гэтыя дакументы рэгламентуюць парадак фарміравання і дзейнасць кожнага органа мясцовага самакіравання. Статут павінен замацоўваць правы і абавязкі грамадзян і органаў улады на адпаведнай тэрыторыі і з’яўляцца дакументам, кансалідуючым тэрытарыяльную супольнасць грамадзян.

Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні, Грамадзянскі Кодэкс

12. Вырашэнне спрэчных пытанняў паміж органамі мясцовага самакіравання і дзяржаўнай адміністрацыі выключна праз суды.

Абмежаванне і наступная ліквідацыя адміністрацыйнага, г.зн. пазасудовага парадку вырашэння канфліктаў у сферы мясцовага самакіравання. Адначасова з гэтым неабходна стварэнне адміністрацыйнай юстыцыі (Адміністрацыйны суд) як спецыяльнага судовага інстытута па вырашэнню спрэчных пытанняў і адстойванні правоў грамадзян, юрыдычных асобаў, тэрытарыяльных супольнасцяў грамадзян і мясцовых органаў улады ў выпадку прыняцця мясцовымі і цэнтральнымі органамі ўлады рашэнняў або ажыццяўлення дзеянняў, якія парушаюць іх правы.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні, Кодекс Рэспублікі Беларусь Аб Судаўладкаванні і Статусе Суддзяў

13. Стварэнне муніцыпальнай службы.

Муніцыпальная служба ўяўляе сабой асобы від прафесійнай дзейнасці, існаванне якой абумоўлена спецыфікай мясцовага самакіравання як асобага узроўню (віду) публічнай улады.

Асобы прававы статус органаў і службовых асобаў мясцовага самакіравання, у тым ліку муніцыпальных служачых, вызначаецца канстытуцыйнымі прынцыпамі арганізацыі мясцовага самакіравання.

Мясцовая (муніцыпальная) і рэгіянальная адміністрацыі (службы) выконваюць рашэнні і распараджэнні органаў мясцовага самакіравання па мясцовых пытаннях. Яны звязаныя з задавальненнем патрэбаў грамадзян, але не мае дачынення да выканання дзяржаўных службовых абавязкаў (кампетэнцыяў).

Структура органаў мясцовага самакіравання вызначаецца грамадзянамі Грамады самастойна.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні, Закон аб муніцыпальнай службе.

14. Правядзенне рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу.

Новая мадэль мясцовых органаў улады уяўляе дзвюхузроўневую (базавую і рэгіянальную) структуру публічнай муніцыпальнай улады арганізацыйна і функцыянальна выведзеная са сферы дзейнасці дзяржаўнай улады.

Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні, Закон аб Адміністратыўна-тэрытарыяльным ўладкаванні Рэспублікі Беларусь

Правядзенне рэформы адбываецца ў некалькі этапаў:

  1. На першым (пераходным, 2-4 гады) этапе прымаюцца рашэнні на канстытуцыянальным і заканадаўчым узроўнях.
  • Беларусь далучаецца да Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання.
  • Уносяцца змены ў Канстытуцыю і адпаведныя Законы.
  • Ствараецца адпаведнае Міністэрства па рэгіянальнаму і мясцоваму развіццю, на якое і прыйдзецца асноўны цяжар па каардынацыі і рэалізацыі рэформы.
  • Праводзяцца выбары ў органы мясцовага самакіравання ў адпаведнасці э рэкамендацыямі АБСЕ.
  • Праводзіцца аналіз паспяховасці ходу рэформаў, прапрацоўваюцца варыянты адміністратыўна — тэрытарыяльнага падзелу краіны.
  • Арганізоўваецца шырокае публічнае абмеркаванне далейшай хады Рэформы мясцовага самакіравання, Адміністрацыйна-тэрытарыяльнай пабудовы і варыянтаў выбарчай сістэмы.
  • Адначасова прапрацоўваюцца варыянты Рэформаў сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, адукацыі і іншых сфераў.
  1. На другім этапе праводзіцца адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа з улікам пераходнага перыяду, прымаюцца адпаведныя заканадаўчыя і нарматыўна-прававыя акты. Праводзяцца выбары ў заканадаўчыя органы і прадстаўнічыя органы мясцовага і рэгіянальнага самакіравання на аснове новага Выбарчага Кодэксу.

ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ

Парламент, Прэзідэнт.

НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”

Закон “Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні”

Закон “Аб Савеце Міністраў”

Закон “Аб асновах адміністрацыйных працэдур”

Закон «Аб Камітэце дзяржаўнага кантроля і яго тэрытарыяльных органах”

Бюджэтны кодэкс

Грамадзянскі кодэкс

Выбарчы кодэкс

Падаткавы кодэкс

Прапановы распрацаваны экспертамі: Аляксандр Жучкоў, Андрусь Клікуноў.

editor

One comment

  • Serge Shyn

    9 чэрвеня, 2020 at 9:57 pm

    Базавыя ідэі і прынцыпы па ўсім напрамкам рэформ (эканоміка, знешняя палітыка, мясцовае самакіраванне, …) неабходна напісаць на 10-15 старонках хаця бы ў выглядзе лозунгаў. Звычайныя выбарцы не будуць чытаць доўгія тэксты.

    Reply

Leave a Reply to Serge Shyn Cancel Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

http://zabelarus.com/wp-content/uploads/2020/05/RPR-RB-5a2-w.png
2020 @ Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі
Выкарыстанне матэрыялаў вэб-сайта магчыма без папярэдняй згоды пры ўмове спасылкі на www.zabelarus.com
Папулярныя старонкі