Кароткае апісанне
Мясцовыя органы ўлады не прадстаўляюць інтарэсы мясцовага насельніцтва і ніяк ад яго не залежаць. Яны ўваходзяць у сістэму дзяржаўнага кіравання і стаяць на абароне інтарэсаў дзяржавы. Існуючая сістэма мясцовай улады стрымлівае ініцыятыву і развіццё мясцовых супольнасцяў. Яна прыводзіць да пашырэння валюнтарызму, безыніцыятыўнасці, безадказнасці і карупцыі на розных узроўнях.
Базавым суб’ектам мясцовага самакіравання павінна стаць самакіруемая тэрытарыяльная супольнасць грамадзян (Грамада). Кожны мясцовы жыхар, як прадстаўнік Грамады, будзе мець магчымасць уплываць на развіццё і ўладкаванне свайго населенага пункта і рэгіёна як непасрэдна, так і праз дэпутатаў. У выніку рэфармавання існуючай сістэмы можа быць дасягнута да 30% эканоміі дзяржаўнага бюджэту. Гэтыя сродкі могуць быць накіраваныя на добраўпарадкаванне, лепшыя дарогі і на іншыя мэты, якія вызначыць мясцовая Грамада.
ПРАБЛЕМЫ, НА ВЫРАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНАЯ РЭФОРМА
1. Мясцовая супольнасць не мае магчымасці непасрэдна або праз сваіх прадстаўнікоў у выбарных органах самастойна вырашаць пытанні мясцовага значэння.
2. Мясцовая супольнасць не мае магчымасці планаваць, уплываць і кантраляваць развіццё сваіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Яна не можа кантраляваць і ўплываць на мясцовыя фінансы.
3. Выканаўчыя органы адсутнічаюць у сістэме мясцовага самакіравання, акрамя першаснага ўзроўню. Але і на першасным узроўні яны з’яўляюцца непадкантрольнымі ні мясцовай Грамадзе, ані адпаведнаму прадстаўнічаму органу.
4. Непадкантрольнае і непадсправаздачнае мясцовай Грамадзе гіерархічнае мясцовае дзяржаўнае кіраванне (“вертыкаль”) пранізвае ўсю адміністрацыйна-тэрытарыяльную сістэму Беларусі.
Мясцовыя выканаўчыя органы фармуюцца цэнтралізавана, а іх старшыні прызначаюцца. Урад можа кіраваць дзейнасцю гэтых органаў.
Галоўнае месца ў сістэме тэрытарыяльнага кіравання належыць старшыням выканаўчых камітэтаў. Старшыні выканкамаў абласцей і г. Мінска прызначаюцца на пасаду Прэзідэнтам і зацьвяржаюцца сесіяй адпаведнага Савета дэпутатаў. Старшыні раённых і гарадскіх выканкамаў прызначаюцца старшынямі абласных выканкамаў і таксама зацвярджаюцца сесіямі адпаведных Саветаў дэпутатаў.
5. Тры ўзроўні мясцовага кіравання і “мясцовага самакіравання” заснаваны на прынцыпах дэмакратычнага цэнтралізму. Гэта вядзе да дублявання прыняцця і выканання рашэнняў і, як вынік, затратнага фінансавання і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.
6. Мясцовыя Саветы маюць статус дзяржаўных прадстаўнічых органаў, што прыніжае іх самастойнасць і ролю.
Па законе Саветы маюць статус юрыдычнай асобы, але акрамя пячаткі і мінімальнага штату не маюць нават фармальных атрыбутаў улады (рахунку ў банку, Статута альбо Палажэння, якія рэгламентуюць іх дзейнасць). Саветы не маюць аператыўнага ўплыву на рашэнні мясцовых праблем, фінансава і адміністрацыйна цалкам залежаць ад дзяржаўнай адміністрацыі на мясцовым узроўні.
Прадстаўнічыя органы не маюць сваіх выканаўчых і распарадчых структур, сваіх фінансавых і матэрыяльных сродкаў.
Ні ў адным нарматыўным дакуменце не абазначана адказнасць і справаздачнасць старшынь выканкамаў перад грамадзянамі.
7. Не ўсе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць свае прадстаўнічыя органы ўлады, што супярэчыць Канстытуцыі.
8. Адсутнічае сістэма падрыхтоўкі кадраў для працы ў галіне мясцовага самакіравання. З праграм ВНУ знікла выкладанне такой дысцыпліны, як муніцыпальнае права.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ/ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Мэтай рэформы з’яўляецца дэмакратызацыя і дэцэнтралізацыя кіравання шляхам перадачы на мясцовы ўзровень самакіравання дастатковых паўнамоцтваў і рэсурсаў для павышэння якасці паслуг і набліжэння іх да грамадзян.
Сярод асноўных задач:
– Падзел кампетэнцый паміж органамі дзяржаўнага кіравання на месцах і органамі мясцовага самакіравання.
– Дакладнае размеркаванне задач паміж рознымі ўзроўнямі мясцовага самакіравання, каб выключыць дубляванне, а таксама павялічыць самастойнасць і адказнасць.
– Стварэнне фінансава-эканамічнай асновы мясцовага самакіравання шляхам заканадаўчага замацавання за мясцовымі прадстаўнічымі органамі ўласных бюджэтаў, маёмасці, зямлі і пашырэнне правоў у адносінах мясцовых падаткаў і збораў.
У выніку рэформы мы атрымаем збалансаваную і эфектыўную сістэму лакальнага і рэгіянальнага кіравання з дакладным і лагічным пераразмеркаваннем паўнамоцтваў.
КРОКІ ПА РЭАЛІЗАЦЫІ РЭФОРМЫ
1. Замацаванне ў Канстытуцыі правоў грамадзян на ўдзел у прыняцці публічных рашэнняў праз органы мясцовага самакіравання.
Інстытут мясцовага самакіравання дэкларуецца ў якасці адной з асноў канстытуцыйнага ладу нароўні з заканадаўчай, выканаўчай, судовай і прэзідэнцкай галінамі ўлады.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя (V раздзел).
2. Суб’ектам мясцовага самакіравання павінна стаць тэрытарыяльная супольнасць грамадзян (Грамада).
Яна мае права рэалізоўваць свае паўнамоцтвы як непасрэдна, так і праз спецыяльна ўтвораныя мясцовыя органы.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні.
3. Замацаванне самастойнасці органаў мясцовага самакіравання і неўваходжанне іх у сістэму органаў дзяржаўнай улады.
Размежаваць кампетэнцыі розных узроўняў мясцовага самакіравання і дзяржавы.
Пытанні мясцовага значэння будуць вырашацца самастойна і пад сваю адказнасць выключна мясцовым самакіраваннем. Агульнадзяржаўныя пытанні, якія тычацца гэтай жа тэрыторыі, будуць вырашацца выключна органамі дзяржаўнай адміністрацыі, спецыяльна створанымі ўрадам краіны для дадзенай тэрыторыі.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя і Закон аб мясцовым самакіраванні.
4. Прызнанне муніцыпальнай (камунальнай) уласнасці самастойнай формай уласнасці.
Прызнанне муніцыпальнай (камунальнай) уласнасці самастойнай формай уласнасці дазволіць закласці эканамічны падмурак дзейнасці мясцовага самакіравання.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя і Закон аб мясцовым самакіраванні, адпаведныя Кодэксы, якія закранаюць пытанні ўласнасці.
5. Аб’яднанне першаснага і базавага ўзроўняў мясцовага самакіравання.
Базавы ўзровень самакіравання з’яўляецца найбольш набліжаным да грамадзян. На базавым узроўні павінен канцэнтравацца найбольшы аб’ём паўнамоцтваў, а таксама адэкватны ім аб’ём матэрыяльных і фінансавых сродкаў для рэалізацыі гэтых паўнамоцтваў.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні.
6. Размежаванне кампетэнцый розных узроўняў мясцовага самакіравання.
Замацаваць за кожным узроўнем выключныя кампетэнцыі па пэўным коле пытанняў мясцовага значэння. Гэта ліквідуе канфліктную мадэль узаемаадносін і гіерархічнасць розных узроўняў мясцовага самакіравання.
Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні.
7. Пераход на прапарцыйную або змяшаную сістэму пры выбарах у мясцовыя самакіраванні з магчымасцю прэферэнцый.
Гэта прывядзе да максімальнага ўліку меркаванняў малых груп выбаршчыкаў і магчымасці прадстаўлення іх інтарэсаў у мясцовым органе ўлады. Акрамя таго, зробіць працу мясцовай улады больш эфектыўнай і празрыстай.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс.
8. Фармаванне прадстаўнічымі органамі мясцовай улады ўласных выканаўчых органаў.
Прадстаўнічыя органы мясцовага самакіравання павінны мець права самастойна фармаваць мясцовыя выканаўчыя органы і кантраляваць іх працу. Мясцовы выканаўчы орган павінен быць падсправаздачны адпаведнаму прадстаўнічаму органу мясцовага самакіравання, а таксама тэрытарыяльнай супольнасці (Грамадзе).
Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні.
9. Узмацненне фінансавай самастойнасці мясцовага самакіравання.
Замацаванне за мясцовым самакіраваннем уласных крыніц даходаў, пашырэнне іх паўнамоцтваў у сферы мясцовага падаткаабкладання, распараджэння муніцыпальнай уласнасцю і прыроднымі рэсурсамі, немагчымасцю цэнтралізаванай канфіскацыі сродкаў з мясцовых бюджэтаў, а таксама стварэння сістэмы выраўноўвання даходаў мясцовых самакіраванняў.
Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні, Бюджэтны Кодэкс, Падатковы Кодэкс, Зямельны Кодэкс, Грамадзянскі Кодэкс.
10. Стварэнне Саюзаў і Асацыяцый мясцовых органаў улады па тэрытарыяльных і функцыянальных прыкметах.
Неабходна даць мясцовым органам улады права ўступаць у міжнародныя саюзы і асацыяцыі. Падобная практыка дазволіць больш эфектыўна вырашаць праблемы, якія стаяць перад кожным мясцовым самакіраваннем, а таксама адстойваць правы мясцовых самакіраванняў перад дзяржаўнымі органамі.
Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні, Закон аб грамадскіх аб’яднаннях.
11. Гарантыі і стварэнне пераемнасці ў дзейнасці мясцовага самакіравання.
Стварэнне і дзяржаўная рэгістрацыя спецыяльных дакументаў – Статутаў (адзінак мясцовага самакіравання). Гэтыя дакументы рэгламентуюць парадак фармавання і дзейнасць кожнага органа мясцовага самакіравання. Статут павінен замацоўваць правы і абавязкі грамадзян і органаў улады на адпаведнай тэрыторыі і з’яўляцца дакументам, кансалідуючым тэрытарыяльную супольнасць грамадзян.
Нарматыўны акт: Закон аб мясцовым самакіраванні, Грамадзянскі Кодэкс.
12. Вырашэнне спрэчных пытанняў паміж органамі мясцовага самакіравання і дзяржаўнай адміністрацыі выключна праз суды.
Абмежаванне і наступная ліквідацыя адміністрацыйнага, г. зн. пазасудовага парадку вырашэння канфліктаў у сферы мясцовага самакіравання. Адначасова з гэтым неабходна стварэнне адміністрацыйнай юстыцыі (Адміністрацыйны суд) як спецыяльнага судовага інстытута па вырашэнні спрэчных пытанняў і адстойванні правоў грамадзян, юрыдычных асоб, тэрытарыяльных супольнасцяў грамадзян і мясцовых органаў улады ў выпадку прыняцця мясцовымі і цэнтральнымі органамі ўлады рашэнняў або ажыццяўлення дзеянняў, якія парушаюць іх правы.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні, Кодэкс Рэспублікі Беларусь Аб Судаўладкаванні і Статусе Суддзяў.
13. Стварэнне муніцыпальнай службы.
Муніцыпальная служба ўяўляе сабой асобы від прафесійнай дзейнасці, існаванне якой абумоўлена спецыфікай мясцовага самакіравання як асобага ўзроўню (віду) публічнай улады.
Адмысловы прававы статус органаў і службовых асоб мясцовага самакіравання, у тым ліку муніцыпальных служачых, вызначаецца канстытуцыйнымі прынцыпамі арганізацыі мясцовага самакіравання.
Мясцовая (муніцыпальная) і рэгіянальная адміністрацыі (службы) выконваюць рашэнні і распараджэнні органаў мясцовага самакіравання па мясцовых пытаннях. Яны звязаныя з задавальненнем патрэб грамадзян, але не маюць дачынення да выканання дзяржаўных службовых абавязкаў (кампетэнцый).
Структура органаў мясцовага самакіравання вызначаецца грамадзянамі Грамады самастойна.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні, Закон аб муніцыпальнай службе.
14. Правядзенне рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу.
Новая мадэль мясцовых органаў улады ўяўляе двухузроўневую (базавую і рэгіянальную) структуру публічнай муніцыпальнай улады арганізацыйна і функцыянальна выведзенай са сферы дзейнасці дзяржаўнай улады.
Нарматыўны акт: Канстытуцыя, Закон аб мясцовым самакіраванні, Закон аб Адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Рэспублікі Беларусь.
Дарожная карта рэформы:
Першы (пераходным этап) 2-4 гады.
-
Прымаюцца рашэнні на канстытуцыянальным і заканадаўчым узроўнях.
-
Беларусь далучаецца да Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання.
-
Уносяцца змены ў Канстытуцыю і адпаведныя Законы.
-
Ствараецца адпаведнае Міністэрства па рэгіянальным і мясцовым развіцці, на якое і прыйдзецца асноўны цяжар па каардынацыі і рэалізацыі рэформы.
-
Праводзяцца выбары ў органы мясцовага самакіравання ў адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ.
-
Праводзіцца аналіз паспяховасці ходу рэформаў, прапрацоўваюцца варыянты адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу краіны.
-
Арганізоўваецца шырокае публічнае абмеркаванне далейшай хады Рэформы мясцовага самакіравання, Адміністрацыйна-тэрытарыяльнай пабудовы і варыянтаў выбарчай сістэмы.
-
Адначасова прапрацоўваюцца варыянты Рэформаў сацыяльнага забеспячэння , аховы здароўя, адукацыі і іншых сфер.
Другі этап.
На другім этапе праводзіцца адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа з улікам пераходнага перыяду, прымаюцца адпаведныя заканадаўчыя і нарматыўна-прававыя акты. Праводзяцца выбары ў заканадаўчыя органы і прадстаўнічыя органы мясцовага і рэгіянальнага самакіравання на аснове новага Выбарчага Кодэкса.
ОРГАНЫ, ЯКІЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННІ
Прэзідэнт, Парламент.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Бюджэтны кодэкс.
Выбарчы кодэкс.
Грамадзянскі кодэкс.
Падаткавы кодэкс.
Закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.
Закон “Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні”.
Закон “Аб Савеце Міністраў”.
Закон “Аб асновах адміністрацыйных працэдур”.
Закон “Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю і яго тэрытарыяльных органах”.
Арганізацыя, адказная за распрацоўку праекта рэформы: Партия БНФ, Рух “За Свабоду”.